«Requiem for my friend» або «Requiem dla mojego przyjaciela» (па-беларуску: Рэквіем па маім сябры) — альбом Збігнева Прайснера, першая буйнамаштабная праца кампазітара, створаная адмыслова для студыйнага запісу і публічнага выканання. Паводле першапачатковай задумы твор мусіў быць тэатралізаваным канцэртам на музыку Прайснера, сцэнарый да якога напіша Кшыштаф Пясевіч, а зрэжысіруе Кшыштаф Кеслёўскі. Аднак пасля заўчаснай смерці апошняга ў 1996 годзе, задуманы твор пераўтварыўся ў рэквіем, прысвечаны памяці рэжысёра.
Прэм’ера «Рэквіема» адбылася 1 кастрычніка 1998 года ў Вялікім тэатры Варшавы. 19 сакавіка 1999 года ў Лондане прайшла вялікая брытанская прэм’ера твора (далей…).
|
Японцы (яп.: 日本人) — народ ва Усходняй Азіі, асноўнае насельніцтва Японіі. Жывуць таксама ў іншых краінах Азіі, Заходняй Еўропы, Паўночнай і Лацінскай Амерыкі. Агульная колькасць — 122 мільёны чалавек (2022).
Продкі японцаў апынуліся на Японскіх астравах у выніку трох буйных міграцый. Асноўнай стала апошняя, якая адбылася паміж III і VI стагоддзямі з Усходняй Азіі. Народная матэрыяльная культура японцаў шмат у чым адаптавана да спецыфічных умоў архіпелага, дзе большасць тэрыторый пакрыты гарамі, часцяком здараюцца землетрасенні, існуюць істотныя кліматычныя адрозненні паміж поўднем і поўначчу. Нягледзячы на шматвекавую ізаляванасць, духоўная спадчына японцаў фарміравалася дзякуючы вонкавым уплывам. Гэта адносіцца і да японскай мовы, што фактычна з’яўляецца ізалятам (далей…).
|
Першы фестываль біт-ансамбляў Мінска (руск.: Первый фестиваль бит-ансамблей Минска) — беларускі рок-фестываль[en], які адбыўся 12—14 красавіка 1968 года ў актавай зале Мінскага радыётэхнічнага інстытута. Афіцыйнай мэтай фестывалю з’яўлялася папулярызацыя сучаснай эстраднай музыкі, лепшых яе выканаўцаў і эстэтычнае выхаванне моладзі. Паводле меркавання музычнага журналіста Віктара Сямашкі, мерапрыемства з’яўлялася першым рок-фестывалем у СССР. Музычны крытык Сяргей Будкін лічыць 12 красавіка 1968 года днём нараджэння рок-н-рола ў Беларусі (далей…).
|
Іван (Ян Герман) Луцкевіч (1881 — 1919) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, археолаг, краязнавец, збіральнік старажытнасцей. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады і газеты «Наша ніва». Актыўны дзеяч нацыянальнага адраджэння пачатку XX стагоддзя, зрабіў уплыў на многіх удзельнікаў тагачаснага беларускага руху.
Распрацоўваючы ідэю беларускага самавызначэння ад ідэй краёвасці і Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага паступова прыйшоў да ідэі поўнай незалежнасці Беларусі. Сябра Віленскай беларускай рады і Рады БНР. Удзельнік пасяджэння Рады БНР 24—25 сакавіка 1918 года, на якім абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Арганізатар беларускага культурнага жыцця ў Вільні (далей…).
|