BMW 328
BMW 328 — спартыўны родстар маркі BMW.
Адзін з найбольш паспяховых спартыўных аўтамабіляў свайго часу — пераможца мноства спаборніцтваў — кальцавых гонак і ралі. Усяго да пачатку Другой сусветнай вайны аўтамабіль прыняў удзел у 172 міжнародных і нацыянальных чэмпіянатах, заваяваўшы 141 перамогу[1], у тым ліку перамогу ў 1000-кіламетровай гонцы Mille Miglia ў 1938 і 1940 гады, брытанскім ралі RAC у 1939 годзе і першае месца ў 24-гадзіннай гонцы ў Ле-Мане .
Да пачатку вайны вырабілі 464 аўтамабілі BMW 328, большасць з якіх мелі адкрытыя спартыўныя кузавы, але былі і спецыяльныя варыянты, якія вырабляліся па заказах[2].
Гісторыя Правіць
Працы па стварэнні спартыўнага родстара пачаліся ў 1935 годзе. Навінка павінна была замяніць мадэль BMW 319/1. Дызайн гэтага аўто распрацоўваўся пад кіраўніцтвам Пятра Шыманоўскага. Тэхнічную частку ўзяў на сябе Фрыц Фідлер. Ён увёў у гэтую распрацоўку мноства новых ідэй, якія дазволілі BMW 328 не раз перамагаць у аўтагонках.
Аўтамабіль быў упершыню прадстаўлены на Міжнароднай гонцы Эйфеля на трасе Нюрбургрынг 14 чэрвеня 1936 года. У 1936 годзе было пабудавана ўсяго тры BMW 328. Гэта былі гоначныя аўтамабілі, яны мелі палегчаны, пазбаўлены дзвярных праёмаў кузаў і суцэльнае ветравое шкло.
У продаж BMW 328 паступіў у лютым 1937 года. Кошт двухмесцавай машыны — 7400 RM, шасі — 5900 RM.
Акрамя спартыўных варыянтаў, на базе BMW 328 існавалі і спецыяльныя варыянты дарожных аўтамабіляў. Фірмамі Wendler, Ludwig Weinberger і Gläser выпускаліся кабрыялеты са скураным верхам. У 1937—1938 гады створаны кабрыялет BMW 328, дапрацаваны атэлье Vereinigte Werkstatten, — са стацыянарнай рамкай лэбавага шкла і іншым тэнтам. Кампаніяй Vereinigte Werkstatten у якасці опцыі прапаноўваўся здымны цвёрды верх[1].
У 1937 годзе для вядомага нямецкага прамыслоўцы Ганса Клепера фірмай Wendler было пабудавана купэ па праекце дызайнера Райнгарда Кеніг-Фашэнфельда, вучня прафесара Вунібальда Кама. Існавалі BMW 328 з кузавам купэ працы атэлье Muller/Freiburg.
Пачатак вайны прыводзіць да прыпынення выпуску аўтамабіляў. З красавіка 1936 па верасень 1939 года вырабілі ўсяго 464 аўтамабілі BMW 328, уключаючы шасі, перададзеныя розным кузаўным фірмам. 403 — мелі стандартны кузаў родстар[3]. Да 1939 года па ліцэнзіі з германскіх дэталяў аўтамабіль таксама збіраў брытанскі завод Frazer-Nash. Невялікая колькасць машын была сабрана з захаваных дэталяў ужо ў пасляваенныя гады.
1936 | 1937 | 1938 | 1939 |
---|---|---|---|
3 | 171 | 164 | 126 |
Выдаткі на распрацоўку і вытворчасць BMW 328 склалі ў агульнай колькасці 445 000 марак[1][5]. З пабудаваных асобнікаў — каля 200 захаваліся да нашага часу, з якіх каля 120 знаходзяцца ў Германіі[6].
Канструкцыя Правіць
Тэхнічную частку аўтамабіля праектаваў таленавіты інжынер Фрыц Фідлер. Распрацоўку дызайну кузава часта прыпісваюць Пятру Шыманоўскаму[7][8].
За аснову было ўзята шасі родстара BMW 319/1 узору 1935 года са сталёвай A-падобнай рамай з труб авальнага перасеку пераменнага дыяметра (дыяметр змяншаецца ад цэнтра да краю, максімальны дыяметр трубы рамы — 90 мм). Рама была вырабленай са сплаву магнію і алюмінія. Дзве стальныя трубы сыходзіліся да носа і злучаліся папярочкамі прамавугольнага перасеку. На раму ўсталёўваліся элегантныя металічныя кузаўныя панэлі, якія мацуюцца да драўлянага каркасу[1].
Лёгкі кузаў дазволіў давесці масу аўтамабіля да 830 кілаграмаў, што спрыяльна адбілася на хуткасных характарыстыках машыны — максімальная хуткасць стандартнага родстара BMW 328 складала 150 км/г. Складны тэнт, здымныя бакавыя вокны і багаж размяшчаліся ў задняй частцы кузава. Крышка багажніка адсутнічала і доступ да яго можна было атрымаць адкінуўшы наперад спінкі сядзенняў.
Рухавік — радны, шасціцыліндравы, 2-літровы. Вядомы па мадэлях 321 і 326, але для BMW 328 магутнасць падвысілі з 50 да 80 к.с. Была спраектаваная новая алюмініевая галоўка цыліндраў з паўсферычнымі камерамі згарання са значна пашыранымі ўпускнымі і выпускнымі каналамі і V-падобнай устаноўкай верхніх клапанаў (замест звычайнай паралельнай). Дзякуючы прымяненню трох карбюратараў і паўсферычнай камеры згарання пры ступені сціску 7,5:1 рухавік развіваў круцільны момант 126 Н·м.
Першапачаткова на аўтамабілі была ўжытая чатырохступеньчатая трансмісія ZF ад BMW 319/1, аднак на пазнейшых мадэлях выкарыстоўвалася каробка перадач Hurth.
Падвеска пярэдніх колаў складалася з ніжніх папярочных рычагоў і верхняй рысоры, а задні наразрэзны мост з гіпоіднай перадачай падвешваўся на паўэліптычных рысорах. На аўтамабілі стаялі тармазы барабаннага тыпу з гідрапрывадам. Працоўная тармазная сістэма дзейнічала на ўсе чатыры колы. Ручны тормаз быў механічным, на заднія колы — з тросавым прывадам.
Рухавік | ||
---|---|---|
Тып | шасціцыліндравы, радны | |
Дыяметр × Ход поршня | 66 × 96 мм | |
Аб’ём | 1971 см³ | |
Магутнасць | 80 к.с. пры 5000 аб/хв | |
Ступень сціску | 7,5 | |
Карбюратар | тры карбюратары Solex 30 JF | |
Акумулятар | 6 В, 75 А·г | |
Генератар | 90 або 30 Вт | |
Трансмісія | ||
Прывад | на заднія колы | |
Счапленне | адзінарнае, сухое | |
Каробка перадач | 4-ступеньчатая, Hurth, сінхранізаваныя III—IV перадачы |
4-ступеньчатая, ZF, сінхранізаваныя III—IV перадачы |
Перадатачныя лікі | I — 3,63; II — 2,07; III — 1,50; IV — 1,00; задні ход — 3,88 |
I — 3,07; II — 1,82; III — 1,25; IV — 1,00; задні ход — 3,70 |
Шасі | ||
Шасі | трубчасты каркас, каробчатая папярочка | |
Пярэдняя падвеска | папярочны рычаг знізу і адна папярочная рысора зверху | |
Задняя падвеска | на паўэліптычных рысорах | |
Рулявое кіраванне | зубчастая рэйка | |
Нажны тормаз | гідраўлічны, калодачны, на 4 колы | |
Ручны тормаз | з тросавым прывадам, на заднія колы | |
Агульныя звесткі | ||
Памеры | 3900 × 1550 × 1400 мм | |
Колавая база | 2400 мм | |
Каляіна спераду/ззаду | 1153/1220 мм | |
Дыскі | з пяцю адтулінамі (па жаданні — з цэнтральным мацаваннем) 3,25 або 3,50 D × 16 | |
Шыны | 5,25 або 5,50-16 | |
Радыус павароту | 10 м | |
Маса шасі | 500 кг | |
Маса аўтамабіля | 830 кг | |
Дазволеная агульная вага | 1220 кг | |
Макс. хуткасць | 150 км/г | |
Расход паліва на 100 км | 14,5 л | |
Паліўны бак | 50 л (па жаданні — 100 л) |
Спецыяльныя варыянты Правіць
Большасць з пабудаваных аўтамабіляў мела адкрытыя спартыўныя кузавы, але існавалі і спецыяльныя варыянты, якія вырабляліся па заказах. На шасі BMW 328 быў пабудаваны шэраг спецыяльных гоначных машын.
«Bügelfalten» Правіць
У 1939 годзе для гонкі Mille Miglia быў пабудаваны BMW 328 Bügelfalten (нумар шасі 85032)[10]. Ад іншых BMW 328 пабудаваных да Mille Miglia ён адрозніваўся акцэнтаванымі рэбрамі ўздоўж пярэдніх і задніх крылаў, за што і атрымаў імя Bügelfalten (ням.: «стрэлкі на штанах»).
На Mille Miglia 1940 года экіпаж Ханса Венхера і Рудольфа Шольца пад нумарам 71 фінішаваў шостым.
Падчас Другой сусветнай вайны родстар знаходзіўся ў валоданні Альберта Шпеера. Пасля вайны аўтамабіль трапіў у СССР у якасці трафея. З 1972 па 2001 год быў ва ўладанні калекцыянера з Рыгі. У маі 2010 года прададзены на аўкцыёне «Sporting Classics of Monaco»[11].
«Mille Miglia» Правіць
У 1940 годзе для гонкі Mille Miglia былі пабудаваныя пяць аўтамабіляў, названыя BMW 328MM[7]. Тры з іх мелі адкрытыя абцякальныя алюмініевыя кузавы на трубчастым каркасе. Дзве іншыя BMW 328 — закрытыя аэрадынамічныя купэ. Адно з іх было пабудавана пад наглядам Фідлера ў Мюнхене, іншае — кузаўным атэлье Touring у Мілане. Кузавы яшчэ двух родстараў былі створаны ў атэлье Carrozzeria Touring.
«Kamm Coupe» Правіць
Для ўдзелу ў гонцы Берлін-Рым, прызначанай на канец 1938 года, у Мюнхене быў запушчаны праект AM 1007 — купэ на базе BMW 328. Кузаў быў цалкам алюмініевым і мантаваўся на сталёвым трубчастым падрамніку, машына павінна была разганяцца да 230 км / г, але тэсты выявілі дрэнную кіравальнасць на высокай хуткасці і катастрафічную адчувальнасць да бакавога ветра. Праект закрылі, а сама гонка была адкладзеная.
Пасля праекту AM 1007 былі пачата распрацоўка новага аўтамабіля (AM 1008), названага ў гонар нямецкага піянера аэрадынамікі Вунібальда Камма — BMW 328 Kamm Coupe. У аснову было пакладзена ранейшае шасі, але з расцягнутай на 20 см колавай базай. Новы кузаў быў створаны пад кіраўніцтвам шэф-дызайнера BMW Вільгельма Меергубера. На шашы паміж Мюнхенам і Зальцбургам Kamm Coupe ўпершыню прадэманстраваў свае магчымасці — на тэстах аўтамабіль разганяўся да 230 км/г, але ў гонцы Mille Miglia 1940 BMW 328 Kamm Coupe сышоў з-за тэхнічных праблем.
Пасля вайны BMW 328 Kamm Coupe застаўся ў Германіі, былы дырэктар BMW па гонках Эрнст Леф набыў машыну для асабістага карыстання, але праз некалькі гадоў прадаў яе з-за цяжкага фінансавага становішча. У 1953 годзе аўтамабіль быў згублены ў выніку аварыі з удзелам яго новага ўладальніка. У 2010 годзе, да сямідзесяцігоддзя перамогі ў Mille Miglia, была зроблена дакладная копія аўтамабіля[12].
«Berlin-Rom Touring Roadster» Правіць
Для прабегу Берлін-Рым былі пабудаваныя спецыяльныя родстары — BMW 328 Berlin-Rom Touring Roadster. Працу над імі таксама вяло атэлье Carrozzeria Touring — у 1940 годзе шасі адправіліся ў Мілан. Працу скончылі толькі ў сакавіку 1941 года, але з-за вайны аўтамабіль не прымаў удзел у гонках.
Былі пабудаваны тры аўтамабілі. Пасля ўсе тры машыны лічыліся страчанымі. Адзін нібыта ў 50-х гадах апынуўся ў Злучаных Штатах, другі знік, трэці быў адноўлены.
У спорце Правіць
BMW 328 дасягнуў выдатных спартыўных поспехаў у 1939-40 гадах. Ён выйграў гонкі «Mille Miglia», «24 гадзіны Ле-Ман», «Гран-Пры-Брэст», «24 гадзіны Франкошамп».
У 1936 годзе лёгкі двухмясцовы родстар упершыню выйшаў на трасу. 14 чэрвеня ў Нюрбургрынгу сусветны рэкардсмен-матацыкліст Эрнст Хенэ вывеў аўтамабіль на трасу. Нягледзячы на дажджлівы дзень, прататып усталяваў новы рэкорд трасы і прыйшоў да фінішу першым.
На рахунку гоначных версій BMW 328 мноства гонак, у тым ліку перамога ў 1000-кіламетровай гонцы Mille Miglia у 1938 і 1940 гадах, брытанскім ралі RAC у 1939 і пяты вынік у агульным заліку (першы ў сваім класе) на 24-гадзіннай гонцы ў Ле-Мане.
Абсалютным трыумфам BMW 328 варта прызнаць гонкі «Mille Miglia» 1940 года, калі нямецкая каманда выступіла ў складзе чатырох экіпажаў: Ханштайна і Боймера , Брудэса і Розэ , Брыма і Рыхтэра, Венхера і Шольца, якія занялі адпаведна першае, трэцяе, пятае і шостае месцы. Перамогу на закрытай машыне атрымаў экіпаж Ханштайн/Боймер. Трэцімі былі Брудэс/Розэ на адкрытай версіі. Машына са стартавым нумарам 71 прыйшла да фінішу той гонкі шостай, яшчэ адзін родстар заняў пятае месца. Экіпаж Хашке фон Ханштайна і Вальтэра Боймера ўстанавіў рэкорд максімальнай сярэдняй хуткасці на трасе Mille Miglia, развіўшы 103 мілі ў гадзіну (пыкладна 166 км/г).
Ажно да 1950-х гадоў BMW 328 паспяхова ўдзульнічала ў міжнародных гонках. Пасля вайны BMW 328 Touring Coupe прымала ўдзел у гонках па ўздыме на груд у Ругештайнэ ў 1946 годзе[1]. Таксама, вядомы гоншчык Артур Розэнхаммер стварыў у прыгарадзе Берліна, невялікую фірму па адзінкавым вырабе на базе BMW 328 спартыўных і гоначных аўтамабіляў для гоншчыкаў ГДР[13].
У 1947 годзе Карл Клінг на BMW 328 Kamm Coupe змог дамагчыся перамогі на кальцавых гонках у Хакенхайме .
Уплыў Правіць
Канструкцыя BMW 328 была вельмі паспяховай. Для свайго часу гэты аўтамабіль быў прарывам у аўтамабілебудаванні. Напрыклад, у гэтым аўтамабілі ўпершыню была ўжытая трубчастая рама і паўсферычныя камеры згарання рухавіка[14]. Дызайн BMW 328 азначыў шлях да цалкам абцякальнай формы кузава.
Пасля вайны, адзін з 328 Mille Miglia і тэхнічныя планы аўтамабіля былі выкарыстаны кампаніямі Bristol Aeroplane і Frazer Nash пры стварэнні сваіх аўтамабіляў. Угаварылі прыехаць таксама і інжынера BMW — Фрыца Фідлера , які спраектуе ўдалую мадэль Bristol 400 па матывах перадваенных аўтамабіляў BMW. Мадэрнізаваны рухавік BMW 328 выкарыстоўваўся на англійскіх аўтамабілях «Брысталь» (Bristol) і «Фрэзер-Нэш» (Frazer Nash). Як мяркуюць аўтамабільныя гісторыкі, BMW 328 стаў стылістычным правобразам Jaguar XK120[7].
У 1999 годзе BMW 328 быў названы журналістамі ў ліку першых 25-ці ў конкурсе «Аўтамабіль стагоддзя».
BMW Mille Miglia Правіць
У красавіку 2006 гады BMW прадставіў канцэпт-кар BMW Mille Miglia, натхнёны BMW 328 Mille Miglia Touring Coupe 1940 года. За аснову прататыпа была ўзятая серыйная мадэль Z4 M Coupe. Рухавік — радны 6-цыліндравы 3,2 л. магутнасцю 343 к.с., запазычаны ад M3 (E46). Кузаў у рэтра-стылі быў зроблены з арміраванага вуглявалакном пластыка (даўжыня — 4344 мм, шырыня — 1921 мм, вышыня — 1247 мм). Дзверы адсутнічаюць. Замест іх — адкідны каўпак, які аб’ядноўваў дах з лабавой і бакавымі шыбамі[15].
BMW 328 Hommage Правіць
Да 75-годдзя родстара была пабудавана сучасная інтэрпрэтацыя — BMW 328 Hommage. Паказаны ў 2011 годзе конкурсе элегантнасці ў Віла д'Эстэ[16].
Зноскі
- ↑ а б в г д Классик // Авторевю : часопіс. — 2008. — № 24.(недаступная спасылка) (руск.)
- ↑ W. Oswald, 1979, с. 64—65
- ↑ BMW 328 Roadster: Der Ursprung aller M-Modelle (ням.). FOCUS-Online // focus.de (17 ліпеня 2014). Праверана 30 красавіка 2023.
- ↑ W. Oswald, 1979, с. 52
- ↑ http://www.7-forum.com/news/75-Jahre-BMW-328-3953.html 75 год BMW 328 (ням.)
- ↑ http://www.cartype.com/pages/5514/bmw_328__1936 Архівавана 2 кастрычніка 2017. (англ.)
- ↑ а б в Хроника: BMW-328 // За рулём (руск.)
- ↑ http://www.avtomonitor.ru/autoworld/cars_old/27787/ Архівавана 5 сакавіка 2016. (руск.)
- ↑ W. Oswald, 1979, с. 63
- ↑ "Bügelfalte" wird versteigert (ням.). Autobild Klassik // autobild.de (25 сакавіка 2010). Праверана 30 красавіка 2023.
- ↑ Sporting Classics of Monaco 2010 – Lot 297. 1937 BMW 328 Mille Miglia "Bügelfalte" // RM Sotheby's (англ.)
- ↑ Wiedergeburt eines Mille Miglia-Klassikers (ням.). Autobild Klassik // autobild.de (23 красавіка 2010). Праверана 30 красавіка 2023.
- ↑ http://www.nauka-avto.ru/vb/showthread.php?t=139 (руск.)
- ↑ http://www.online-bmw.ru/bmw3/328
- ↑ Vergessene Studien: BMW Concept Coupé Mille Miglia (2006) (ням.). de.motor1.com (22 сакавіка 2019). Праверана 29 красавіка 2023.
- ↑ Vergessene Studien: BMW 328 Hommage (2011) (ням.). de.motor1.com (21 лютага 2022). Праверана 29 красавіка 2023.
Літаратура Правіць
- Simons, Rainer (2004). BMW 328: From roadster to legend. Bentley Publications. ISBN 0-8376-1231-4.
- Werner Oswald. Deutsche Autos 1920—1945. Alle deutschen Personenwagen der damaligen Zeit. — 3. Auflage. — Stuttgart: Motorbuch Verlag, 1979. — 542 с. — ISBN 3-87943-519-7. (ням.)
- Norbye, Jan P. (1984). BMW - Bavaria's Driving Machines. Skokie, IL: Publications International. ISBN 0-517-42464-9. https://archive.org/details/bmwbavariasdrivi00norb.
- Классик // Авторевю : часопіс. — 2008. — № 24.(недаступная спасылка) (руск.)
Спасылкі Правіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме BMW 328
- «За рулём» — Хроніка: BMW 328
- Вехі — BMW 328
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |