Беларуская іканапісная школа (XVI — XVIII стагоддзі)
Беларуская іканапісная школа — самабытная нацыянальная іканапісная школа XVI — пачатку XIX стагоддзяў. Склалася пад уплывам ідэй Адраджэння на аснове традыцый візантыйскага і старажытнарускага мастацтва[1][2].
На Беларусі іканапіс узнік з прыняццем хрысціянства. Да XVI ст. развіваўся на аснове візантыйскіх традыцый, паступова засвойваў рэалістычныя рысы заходнееўрапейскага сакральнага мастацтва[3]. Працэс станаўлення і росквіту беларускага іканапісу расцягваецца на некалькі стагоддзяў[4]. Традыцыі мастацтва Візантыі і Старажытнай Русі, якія былі асіміляваныя беларускай культурай (IX—XIV стагоддзі), аб’ядноўваліся са стылістычнымі асаблівасцямі заходнееўрапейскага мастацтва — рэнесанс (XIV—XVI стагоддзі), барока (канец XVI—XVIII стагоддзяў), класіцызм (другая палова XVIII стагоддзя)[5]. Творы беларускага іканапісу вызначаюцца вернасцю канону, умоўнасцю і сімвалізмам выяўленчай мовы, характэрнасцю тыпажу, шырокім выкарыстаннем этнаграфічных элементаў, імкненнем адлюстраваць навакольную рэчаіснасць[1].
Гісторыя
правіцьНа думку даследчыкаў, першыя абразы на тэрыторыю Беларусі трапілі ў вялікія гарады — Полацк і Тураў. Яны, імаверна, былі візантыйскага паходжання (паводле падання, Еўфрасіння Полацкая атрымала абраз Маці Божай ад імператара Візантыі Мануіла Камніна[6]). Традыцыя мясцовага кананічнага пісьма можа пачынацца з часоў прыняцця хрысціянства мясцовым насельніцтвам, прыкладна з IX стагоддзя[7]. Падмуркам для фарміравання беларускай школы абразапісання, як галіны традыцыйнага мастацтва паслужыў, як і ў шмат іншых хрысціянскіх краінах, добра распаўсюджаны на той час візантыйскі стыль[8]. У XI—XV стагоддзях працягваўся візантыйска-балканскі ўплыў[9].
Фарміраванне ўласнай мясцовай школы іканапісу прыпадае на XV—XVI стагоддзі. Да гэтага часу мясцовыя мастакі назапасілі досвед візантыйскіх традыцый і тэхналогій афарбоўкі, набылі індывідуальную манеру, тыпы, характары, сваё бачанне колераў і пачалі ствараць уласныя іканаграфічныя варыянты[5]. Беларускі іканапіс развіваўся на пачатку часоў значнага ўплыву польскай культуры[10]. Таксама дзейнічалі такія цэнтры асветы, як праваслаўныя манастыры і царкоўныя брацтвы, пры іх былі іканапісныя школы, друкарні, майстэрні шыцця аблачэння, апрацоўкі металу, аздаблення кніг[10].
Вытокі
правіцьЗвесткі з архіўных крыніц і высокі ўзровень адзінкавых помнікаў, што захаваліся, сведчаць пра росквіт на Беларусі ў XIV—XV стагоддзях сярэдневковага выўленчага мастацтва. Ствараліся абразы ў тэхніцы тэмпернага жывапісу, ці ў рэльефнай пластыцы і жывапісныя мініяцюры ў богаслужэбных кнігах[11].
Найбольш раннія з захаваных твораў іканапісу належаць да палеска-валынскага рэгіёна. Выдатным узорам служыць абраз мяжы XIV—XV стагоддзяў «Маці Божая Замілаванне» з Маларыты[12]. Ён спалучае асноўныя рысы сярэдневяковага мастацтва з элементамі рэнесансу: светлы каларыт, арнаментыка, якая дапамагае выявіць аб’ём, лірычнасць вобразнага ладу[1].
Позневізантыйская мастацкая традыцыя XV стагоддзя прадстаўленая грэчаскай візантыйскай або італа-крыцкай школай была добра вядомая на беларускіх землях і аказала ўплыў на фарміраванне мясцовай школы іканапісу[13]. У адрозненне ад славянскіх іканапісных традыцый беларускія майстры пачалі карыстацца светлаценямі для выяўлення формы[5]; яны вучацца мадэляваць аб’ём, рабіць глыбіню і перспектыву. Пры стварэнні абразоў выкарыстоўваліся дэкаратыўна-пластычныя сродкі (разьба і лепка), размалёўка фону, наяўнасць розных накладных элементаў, пакрыццё маляўнічай паверхні ахоўным лакам з яечнага бялку або смалы.
Выяўленчы матэрыял, звязаны з Турава-Пінскімі землямі, паказвае, што ў канцы XV — пачатку XVI стагоддзя тут развіваецца мясцовая іканапісная традыцыя. У яе ўлонні створаны такі яркі ўзор як драўляны разьбяны абразок з сюжэтам «Сафія Мудрасць Божая ствара сабе Дом».
Вывезены з Мінска ў 1914—1917 гадах абраз «Блакітнае Успенне» XV стагоддзя напісаны яечнай тэмперай на ліпавай дошцы з каўчэгам і павалакай. Унізе кампазіцыі на ложы, засланым полагам і пакрывалам, ляжыць Багамаці ў хітоне і мафорыі. За ложам стаіць Хрыстус, які трымае перад сабою спавітую белым фігурку — сімвал душы Марыі. Назва іконы ад сіняга фона фігур Хрыста і Марыі на нябёсах (астатні фон залаты), які звычайна выкарыстоўваўся ў візантыйскай іканаграфіі, але быў унікальны ў іканаграфіі рускай[14]. Асаблівасці іканаграфіі, стылю і тэхнікі «Блакітнага Успення» не дазваляюць адназначна аднесці яго да пэўнага мастацкага цэнтра ці школы. Падабенства рэлігійнай сцэны да жанравай кампазіцыі, светлы мяккі каларыт, супакоена-добразычлівыя твары апосталаў — усё гэта характэрна для палеалогаўскага мастацтва Візантыі. Менавіта гэтая крыніца, агульная для жывапісу ўсходнеславянскага свету, надала «Блакітнаму Успенню» рысы, характэрныя для многіх рэгіянальных школ (у тым ліку для Цверы, Масквы, Валыні). Аднак, як паказвае А. А. Ярашэвіч, паходжанне абраза і гістарычна-культурная сітуацыя XV ст. даюць падставу сцвярджаць, што пераасэнсаванне ў ім палеалогаўскага стылю адбылося на поўдні Беларусі і заказчыкам «Успення» хутчэй за ўсё быў хтосьці з турава-пінскіх епіскапаў[15].
XVI стагоддзе
правіцьДля ранніх твораў XVI стагоддзя было характэрна спалучэнне адметных рыс сярэднявечнага мастацтва з элементамі Рэнесансу: светлы каларыт, лірычнасць вобразнага ладу («Маці Божая Ерусалімская» з Берасцейшчыны)[2]. Тэндэнцыя мадэляваць аб’ём і перспектыву, распачатая ў XV стагоддзі, працягнулася і атрымала развіццё і ў стагоддзі XVI, што добра ілюструецца такімі творамі, як «Парскева» і «Хрыстос Уседзяржыцель»[5].
Іканаграфічная схема «Параскевы» са Случчыны ўзыходзіць да гравюры «Петка» з кнігі «Мікея выбраная», выдадзенай калоніяй сербаў у Венецыі ў 1538 годзе. Беларускі мастак захаваў прапорцыі і абрыс фігуры, але значна пераасэнсаваў гэтую гравюру. У гэтым помніку сярэдзіны — другой палавіны XVI ст. упершыню з’явіўся разны раслінны фон, малюнак якога бярэ пачатак у рэнесансных італьянскіх тканінах. Важныя зрухі адбыліся ў разуменні мастаком глыбіні, аб’ёму. На змену былой графічнасці прыходзіць мяккая мадэліроўка складак адзення, якія падкрэсліваюць аб’ёмнасць фігуры. У аснову адлюстравання твора пакладзены натуральны малюнак. Абраз «Параскева» мае вялікае значэнне для характарыстыкі станковага жывапісу сярэдзіны — другой палавіны XVI ст. Ён — яркі прыклад творчых пошукаў майстроў Беларусі XVI ст., якія працавалі над стварэннем свайго мастацкага стылю, сваёй манеры пісьма, адпаведных духу часу[16].
З XVI стагоддзя фарміруецца беларуская іканапісная школа са сваёй вобразна-пластычнай мовай і стылістыкай[17], абразы ствараюцца ў Брэсце, Гродне, Пінску, Магілёве, Віцебску, Полацку, Мінску, Вільні і інш. Абразы малявалі на дошках (часцей ліпавых), па клеямелавым грунце яечнай тэмперай з алейнымі фарбамі. Яркасць, адметнасць беларускага іканапісу — алтарныя абразы, якія спалучаюць рысы готыкі, рэнесансу, барока[9].
У гэты перыяд у беларускім іканапісе пашыраюцца стрыманыя пластычныя трактоўкі. Майстры часта звяртаюцца да сілуэтнай трактоўкі вобразаў, абмяжоўваюць лепку форм, мадэлююць асяроддзе, адзенне персанажаў лакальнымі плямамі, пакрываюць фон разьбяным арнаментам. У каляровай пабудове дамінуюць чырвона-карычневыя, вохрыстыя і кантрасныя ім сінія, зеленаватыя фарбы, спалучэнне якіх надае ім падкрэслена-дэкаратыўны характар[17]. Уплыў Рэнесансу выражаецца ў тым, што кананічнае адлюстраванне жывапісных вобразаў разбаўляецца больш рэалістычнымі жыццёвымі сцэнкамі, людзі выглядаюць больш адпаведнымі і канкрэтызаванымі[17]. Паступовасць гэтага працэсу сцвярджаецца тым, што на некаторых узорах суіснуюць кананічныя прыёмы з новым пластычным рашэннем[17]. Яшчэ адну асаблівасць беларускаму іканапісу дало суіснаванне каталіцкай і праваслаўнай плыняў хрысціянства. Не гледзячы на рэлігійныя адрозненні, у мастацкім асяроддзі знаходзілася многія кропкі перасячэнняў, узаемаўплыў павялічыўся з увядзеннем уніяцтва[17].
Паводле крыніц XIV—XVI стагоддзяў, на Беларусі тых часоў ва ўжытку было шмат рэлігійных і свецкіх мастацкіх твораў, прыведзеных з замежжа ці зробленых паводле іх узору. Гэта таксама не магло не адбіцца на творчай манеры беларускіх іканапісцаў[17].
У гэты час фарміруецца самабытная школа беларускага іканапісу, блізкая да барочнага стылю. На беларускіх землях адчуваўся ўплыў заходнееўрапейскага мастацтва, ішоў пошук новых выразных сродкаў для больш жыццёвай трактоўкі вобразаў святых. Невыпадкова беларускія іконы маюць рысы позняга Рэнесансу і ранняга барока. Аднак сакральнай сутнасці вобразаў гэта не закранала, а тычылася толькі эстэтычнага боку іконы[10].
XVII стагоддзе
правіцьНа мяжы XVI—XVII стагоддзяў фарміравалася беларуская іканапісная школа, праявілася імкненне да перадачы прасторы, натуральных прапорцый, асобныя персанажы сталі адлюстроўвацца ў свецкай вопратцы. Для абразоў «Святая Параскева» з-пад Мастоў, «Замілаванне», «Пакроў», «Успенне» з Брэстчыны быў характэрны аптымізм, светлы настрой, вера ў вышэйшую справядлівасць[18]. Іканапіс у XVII стагоддзі заставаўся самым распаўсюджаным відам жывапісу[2][17]. Менавіта ў XVII стагоддзі пачынае расквітаць Заходнепалеская іканапісная школа са сваімі характэрнымі рысамі[17].
Шэдэўрам лічыцца абраз Пятра Яўсеевіча з Галынца «Нараджэнне Марыі», створаная ў 1649 годзе. Гэта адзіная ікона, аўтар якой вядомы, таму што пакінуў на ёй сваё прозвішча. Захаваліся іконы «Троіца старазапаветная» (Брэстчына), «Сашэсце ў пекла» з Чачэрска[18]. З XVII стагоддзя пачалі маляваць на палатне[9]. Ікона Божай Маці «Бялыніцкай» пры агульным захаванні кананічнасці формаў не абмяжоўвае мастацкую мову аўтара[17].
Пра развіццё сюжэту «Троіца» у іканапісу Беларусі можна судзіць па захаваных помніках, найбольш ранні з якіх датуецца апошняй чвэрцю XVII стагоддзя[4]. У іконе з Крычава лёгка счытваюцца тыя асноўныя геаметрычныя формы, якія надаюць твору яснасць, устойлівасць, завершанасць. Фігуры анёлаў упісваюцца ў круг, што паказвае іх адзінства і непадзельнасць. Гэтая фігура паўтараецца і ў форме стала, дзе здзяйсняецца таемства Боскай трапезы — правобраза Эўхарыстыі. У цэнтры круга адгадваецца роўнабаковы трыкутнік, што з раннехрысціянскіх часоў з’яўляецца сімвалам трыадзінства Бога[4].
Ікона апошняй чвэрці XVII ст. «Сашэсце ў пекла», што паходзіць з Дзісны, вылучаецца разгорнутай кампазіцыяй і багаццем персанажаў. У ёй заключана ўся евангельская гісторыя. Гэта дзіўны перанос у прастору беларускай іконы заходнееўрапейскай алтарнай карціны эпохі Рэнесансу.
XVIII стагоддзе
правіцьУ XVIII стагоддзі беларускі станковы жывапіс быў адметны ўзмацненнем праяў народнай творчасці і рэалістычнасці. Майстры іканапісу прытрымліваліся традыцый як старажытнарускага, так і мясцовага жывапісу[19].
У гэтым стагоддзі іканапіс розных рэгіёнаў Беларусі звязваюць праяўленні стылю барока, імкненне раскрыць псіхалогію і характар персанажаў, іх эмацыйны стан. Пашыраныя ў той час жанравы жывапіс, пейзаж, нацюрморт у рознай ступені прысутнічаюць у сакральных сюжэтах мясцовых майстроў[10].
У пачатку XVIII стагоддзя ў беларускім іканапісе (як і ў станкавым жывапісе ў цэлым) назіраецца адыход ад прынятых у рэлігійным жывапісе прынцыпаў і канонаў. Беларускія майстры іканапісу ў гэта перыяд прытрымліваліся традыцый як старажытнарускага, так і мясцовага жывапісу, што не адпавядала пазіцыі афіцыйнай праваслаўнай царквы. Своеасаблівасцю іканапісу Беларусі XVIII стагоддзя з’яўляюцца эмацыянальная выразнасць, каларыстычная дэкаратыўнасць, багацце арнаментыкі, непасрэднасць раскрыцця сюжэта, фальклорнасць адлюстравання дзеяння, імкненне да рэальнай перадачы рэчаіснасці[19].
Адным з найбольш вядомых беларускіх іканапісцаў XVIII стагоддзя быў майстар Рыгор Мядзведзкі. Ён распісваў цэрквы, пісаў абразы («Спас Уседзяржыцель» і інш.) для іканастаса царквы ў Паповай Гары. У 1783 годзе ён стварыў іканастас Ільінскай царквы ў Журавічах (Рагачоўскі раён; знішчаны ў 1841 годзе)[20].
Шырока вядомая ікона XVIII стагоддзя — абраз Маці Божай Жыровіцкай[20]. Гэта мастацкая копія рымскай іконы-фрэскі, якая напісана на палатне. У 1730 годзе адбылася яе каранацыя папскімі каронамі. Сяння абраз ушаноўваецца ў слонімскім касцёле Святога Андрэя[21].
Заўважную ролю ў напісанні абразоў адыгралі гравюры старадрукароў — мясцовыя мастакі выкарыстоўвалі кампазіцыі кніжных мініяцюр. Гэта рабіла абраз больш зразумелым і даступным да асэнсавання сярод простага народу, але пры гэтым парушала традыцыйныя рэлігійныя каноны, бо не адпавядала структуралагічным кампазіцыйным іканаграфічным схемам. Адным з такіх прыкладаў зпазычвання з кніжных гравюр з’яўляецца абраз «Тройца» з Вялікага Малешава Брэсцкай вобласці, выява якога атрымалася быццам у люстэркавым адлюстраванні: анёлы на іконе левай рукой благаслаўляюць, а ў правай трымаюць посахі[19].
К канцу XVIII стагоддзя іканапіс набывае больш ужо дэкаратыўны, а не жывапісны характар. На абразах мастакі пішуць толькі рукі і лікі святых, а фон і ўся кампазіцыйная прастора запаўняецца металічным, срэбным ці з пазалотай абкладам з разьбой па ляўкасе. Такія прыклады можна бачыць на іконах «Цуд Юр’я аб змею» (1729), «Раство Хрыстова» (1746), у трохстворкавым складзені «Наталля. Маці Боская Адзігітрыя» (1760) з Турава. Аднак адыход ад стандартных канонаў іканаграфічных сюжэтаў непакоіў служыцеляў царквы, якія бачылі ў народнай іконе падрыў веры ў хрысціянства. Вынікам было тое, што афіцыйная царква спрабавала супрацьстаяць народнаму іканапісанню. З боку царквы праводзілася кампанія па забароне распаўсюджвання абразоў, якія не адпавядалі кананічным стандартам іканапіснага мастацтва[19].
XIX стагоддзе
правіцьУ XIX стагоддзі відавочны некаторы заняпад, характэрны для большасці іканапісных школ. Актыўнае развіццё друкаванай графікі ў пэўным сэнсе спрыяла гэтаму[4].
У канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя беларускі іканапіс паступова страціў сваю самабытнасць і перастаў існаваць як асобная мастацкая школа[2]. Уласна беларускі абраз знік пасля 1839 года, калі была ліквідавана царкоўная унія[13].
Даследаванні
правіцьУ раннія гады хрысціянства ў славянскіх землях сітуацыя складвалася такім чынам, што іканапісцы вольна ці прымусова падарожнічалі паміж рознымі гарадамі на даволі вялікія адлегласці. Вольга Бажэнава піша, што пасля турэцкіх заваяванняў Грэцыі, Балканаў і падзення Візантыі, вучоныя-манахі вымушана беглі ў краіны ўсходняга праваслаўя. І на сваім шляху, напачатку ў беларускі землях, а пазней і ў рускіх, яны стваралі школы іканапісу. У аснове фарміравання рэгіянальных школ іканапісу быў поздневізантыйскі і поствізантыйскі жывапіс XV стагоддзя[22].
Даследаванню самабытнай беларускай іканапіснай школы прысвечана нямала навуковых прац, пачынаючы з Альберта Іпеля і Мікалая Шчакаціхіна і заканчваючы публікацыямі сучасных спецыялістаў[4], як, напрыклад, Галіны Флікоп-Світы і Алы Мельнічэнка.
Аўтарам цыкла прац, прысвечаных мастацтву Беларусі гэтага перыяду, з’яўляецца Надзея Высоцкая. Яна займаецца пытаннямі рэстаўрацыі і кансервацыі, атрыбуцыі, экспертызы і ацэнкі помнікаў.
Асаблівасці
правіцьТэхніка напісання вобразаў беларускімі майстрамі мае свае адметныя рысы, якія фармаваліся паступова. У якасці асновы выкарыстоўваліся дошкі, часта хваёвыя, ліпавыя або дубовыя таўшчынёй ад 2 да 3 см. Для забеспячэння іх надзейнага злучэння паміж сабой, засцярогі ад дэфармавання, часам змены тэмпературы і вільготнасці, выкарыстоўваліся шпонкі — невялікія драўляныя ўстаўкі, якія ўрэзаліся са зваротнага боку абраза папярок дошак[17]. Ад старажытнарускіх часоў ідзе традыцыя аздабляць абразы багата ўпрыгожанымі акладамі, асаблівага росквіту яна дасягнула ў XV—XVIII стагоддзях[17]. Зробленыя з палатна, металу, дрэва, аклады часта з’яўляліся самастойнымі творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва[17].
Адметнай асаблівасцю беларускіх вобразаў XIV—XVI стагоддзяў з’яўляецца шырокае ўжыванне ва ўпрыгожванні дэкаратыўна-пластычных сродкаў і прыёмаў разьбы і нават лепкі па ляўкаснаму грунту, размалёўванне фону, пакрыццё жывапіснай паверхні ахоўным лакам з яечнага бялку або смалы[17][23], выкарыстанне накладных элементаў, разьбяных ліштваў, кіётаў, фератронаў (невялікі разьбяныя алтырыкі), чаканеных шат — усё гэта сведчыць пра пранікненне ў беларускі іканапіс тэхнічных прыёмаў і густаў народнага бытавога мастацтва[24].
Беларускія іконы адрозніваюцца своеасаблівым пераасэнсаваннем візантыйскай іконаграфічнай стылістыкі, старажытнарускіх і балканскіх, рэнесансных і барочных ідэй. Для іх характэрна адлюстраванне натуральных чалавечых настрояў (плач, радасць, смутак), жыццёвых сітуацый (нараджэнне дзіцяці, пахаванне), мясцовых пейзажаў, архітэктуры, інтэр’еру, адзення, тыпажоў сялян, шляхты, князёў. Па іконах можна вывучаць этнаграфічныя прыкметы вясковага і гарадскога ўкладу жыцця[25].
Апроч стылістычных асаблівасцей іканапісу Беларусь дадала ў хрысціянскую традыцыю і ўласныя іканапісныя выявы: Маці Божай Барунскай, Берасцейскай, Будслаўскай, Вастрабрамскай, Жыровіцкай, Наваградскай і іншыя[20].
Асобныя школы
правіцьЗ сярэдзіны XVII стагоддзя ў беларускім іканапісе акрэсліваюцца некалькі жывапісных школ, якія маюць уласныя характэрныя рысы, сярод іх:
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ а б в Вецер Э.І. Беларуская іканапісная школа // Беларуская энцыклапедыя ў 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш... — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 2. — С. 411—412. — 480 с. — 10 000 экз. экз. — ISBN ISBN 985-11-0061-7.
- ↑ а б в г Беларуская іканапісная школа . Slounik.org. Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2023. Праверана 16 снежня 2023.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- ↑ а б в г д Яницкая П.А.. Продолжение народных традиций белорусской иконописи в живописи XX века. (На примере произведений М. З. Шагала) (руск.). Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 14 снежня 2023. Праверана 16 снежня 2023.
- ↑ а б в г Belarusian School of Icon Painting (англ.). Virtual Guide to Belarus. Архівавана з першакрыніцы 16 снежня 2023. Праверана 16 снежня 2023.
- ↑ Бутрамееў У.П. Еўфрасіння Полацкая // Гаворым па-беларуску. Вучэбны дапаможнік па беларускай мове для замежных навучэнцаў / Пад рэдакцыяй Л.І.Сямешкі. — Мн.: БДУ. Кафедра сучаснай беларускай мовы, 1999. — С. 48. — 247 с. — ISBN 985-445-219-0.
- ↑ Довнар В.Л.. Современная белорусская икона. История, традиции, современность (руск.). Иконописная творческая группа "IKONIQUE" (12 сакавіка 2004). Архівавана з першакрыніцы 4 мая 2009. Праверана 16 снежня 2023.
- ↑ Глушакова Т.І. Культурна-гістарычныя аспекты фарміравання беларускай школы абразапісання (XI – XVI стст.) // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта: Гісторыя, філасофія, паліталогія, сацыялогія, эканоміка, права : чаопіс. — Мн.: БДУ, 1993. — № 3. — С. 26. — ISSN 0321-0359. Архівавана з першакрыніцы 21 студзеня 2024.
- ↑ а б в Герасіменя В.. АБРАЗ, ікона . Малая краязнаўчая энцыклапедыя // Ганцавіцкі раённы краязнаўча-інфармацыйны партал. Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2024. Праверана 19 студзеня 2024.
- ↑ а б в г Карпенка А.У. Свет праваслаўнай іконы // Мастацтва : часопіс. — Мн.: Мінкульт Беларусі, 2008. — В. 311. — № 11. — С. 12―13. Архівавана з першакрыніцы 16 снежня 2023.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 2. — 760 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0310-1. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 2)..
- ↑ Бабчонак М.А. Тэма 4. Мастацкая культура Сярэднявякоўя і Адраджэння (XIV – XVI стагоддзі). Жывапіс // Вучэбна-метадычны комплекс па дысцыпліне “Мастацкая культура Беларусі”. — Мн.: БДПУ імя Максіма Танка, 2013. — С. 19. — 321 с.
- ↑ а б Баженова О.Д. Византийская традиция в белорусской иконописи XV столетия // Обретение образа: Православная Белорусская культура в славянском мире. — Мн.: Белорусский Экзархат, 2009. — С. 69—98. — 416 с. — ISBN 978-985-511-138-3.
- ↑ Mironowicz A.: Biskupstwo turowsko-pińskie w XI—XVI wieku. Trans Humana, 2011, s. 179—180. ISBN 978-83-61209-55-3.
- ↑ Аляксандр ЯРАШЭВІЧ. Унебаўзятая
- ↑ Высоцкая 1995, с. 8.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м Мельниченко А.М.. Традиционная белорусская иконопись 14 – 18 веков (руск.) (2 снежня 2013). Архівавана з першакрыніцы 4 ліпеня 2013. Праверана 16 снежня 2023.
- ↑ а б Изобразительное искусство Архівавана 22 жніўня 2011. (руск.)
- ↑ а б в г Шаура Р.Ф. Народныя асновы ў іканапісе і манументальна-рэлігійных формах жывапісу Беларусі мінулых часоў // Тэрмапілы : Літаратурна-мастацкі і беларусазнаўчы часопіс. — Беласток: Беларускае літаратурнае аб’яднанне «Белавежа», 2004. — № 8. — С. 243—253. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016.
- ↑ а б в Культура Беларусі на фоне сусветнай у XVII — XXI стагоддзях // Наша слова : газета. — Ліда: ТБМ, 2020-10-07. — В. 1503. — № 40. — С. 5. Архівавана з першакрыніцы 20 снежня 2023.
- ↑ Урачыстасць у гонар Маці Божай Жыровіцкай адзначылі ў Слоніме . Каталіцкі веснік (7 мая 2023). Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2024. Праверана 20 студзеня 2024.
- ↑ Баженова 2009, с. 69—70.
- ↑ Демидов Д.. Рельефный орнамент по золоту (руск.). Иконописная мастерская Храмдекор (31 мая 2003). Архівавана з першакрыніцы 11 красавіка 2014. Праверана 11 красавіка 2014.
- ↑ Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : іл.
- ↑ Царёва Л.П.. История культуры Беларуси (руск.). Информационный центр сельского туризма и отдыха «ИНФО-СТиО» (27 красавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 6 мая 2012. Праверана 6 мая 2012.
- ↑ В. Ф. Шматаў [і інш.] Іканапіс Заходняга Палесся XVI—XIX стст. / навук. рэд. В. Ф. Шматаў. — 2-е выд.. — Мн.: Бел. навука, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ім. К. Крапівы НАН Беларусі, 2002. — 349 с. — ISBN 985-08-0205-7.
- ↑ Будько Ю.Г. Традиции иконописи на территории Беларуси: исторический контекст // Культура Беларусі: рэаліі сучаснасці. Нацыянальная культура ў зменлівым свеце (матэрыялы IV Міжнароднай завочнай навукова-практычнай канферэнцыі) / рэдкалегія: І. Б. Лапцёнак (галоўны рэдактар) і інш.. — Мн.: Інстытут культуры Беларусі, 2015-12-24. — С. 94. — 295 с. — ISBN 978-985-7045-29-7. Архівавана 20 снежня 2023.
Літаратура
правіць- Піскун Ю.А. Аб змесце і аўтарстве маладзечненскіх абразоў «Пакровы» і «Мікола» // Помнікі мастацкай культуры Беларусі: новыя даследаванні: зборнік артыкулаў / Рэд. С. В. Марцэлеў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1989. — С. 34—40. — 203 с. — ISBN 5-343-00290-0.
- Высоцкая Н.Ф. Іканапіс Беларусі XV-XVIII стагоддзяў. — Мн.: Беларусь, 1995. — С. 231. — ISBN 5-338-01183-2.
- Ярашэвіч А.А. Гістарычныя ўмовы развіцця заходнепалескага іканапісу // Іканапіс Заходняга Палесся XVI―XIX стст.. — Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 64—66. — 348 с. — ISBN 985-08-0205-7.
- В. Ф. Шматаў, Э. І. Вецер, М. П. Мельнікаў і інш. Іканапіс Заходняга Палесся XVI—XIX стст. / навук. рэд. В. Ф. Шматаў. — Мн.: Бел. навука, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ім. К. Крапівы НАН Беларусі, 2002. — 348 с. — ISBN 985-08-0205-7.
- Яницкая П.А. Симбиоз догматического и народного восприятия Бога в иконописи Беларуси XVII века. Троица // Актуальные проблемы мировой художественной культуры: Материалы международной научной конференции 25 — 26 марта 2004 г. В 2 ч. Ч. 2 — Гродно / Отв. редактор У. Д. Розенфельд. — Гродно: ГрГУ, 2004. — Т. 2. — С. 112—115.
- Баженова О.Д. Византийская традиция в белорусской иконописи XV столетия // Обретение образа. Православная белорусская культура в славянском мире. — Мн.: Белорусская Православная Церковь, 2009. — С. 69—98. — 416 с. — ISBN 978-985-511-138-3.
- Флікоп-Світа Г.А. Беларускі іканапіс XVI — першай паловы XX ст. [Выяўленчы матэрыял] : альбом / навуковы рэдактар Б. А. Лазука ; фота М. П. Мельнікава. — Мн.: Беларуская навука, 2019. — 365 с. — ISBN 978-985-08-2437-0.
- Флікоп-Світа Г.А. Іканастасы і алтары грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі XVII — першай трэці XIX ст.: з электронным дадаткам. — Мн.: Беларуская навука, 2021. — 343 с. — ISBN 978-985-08-2781-4.
- Пуцко В. Г. Белорусская иконопись XVI—XVIII вв. на путях европеизации и фольклоризации // Белорусский сборник, № 3. Минская духовная семинария Архівавана 3 лютага 2024.
Спасылкі
правіцьБеларуская іканапісная школа (XVI — XVIII стагоддзі) на Вікісховішчы |
- Беларусь, Sputnik. Маці Божая ў намітцы (руск.). Sputnik Беларусь (6 студзеня 2017). Праверана 18 снежня 2023.
- Мастацтва - На шляху з Візантыі(недаступная спасылка). www.kimpress.by. Культура. Архівавана з першакрыніцы 12 красавіка 2016. Праверана 18 снежня 2023.
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |