Блакітнае Успенне

Блакітнае Успенне[1] — абраз пятнаццатага стагоддзя, які захоўваюцца ў калекцыях Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі і паходзіць, верагодна, з Турава. Ікона з'яўляецца яркім прыкладам візантыйскай традыцыі ў беларускім іканапісе[2].

невядома
Успенне Божай Маці. XV ст.
Матэрыял тэмпера на дошцы
Памеры 113 см × 88 см см
Дзяржаўная Траццякоўская галерэя, Масква

Апісанне іконы правіць

«Блакітнае Успенне» напісана яечнай тэмперай на ліпавай дошцы  (руск.) з каўчэгам  (руск.) і павалокай[3]. У цэнры абраза размешчана сцэна Успення Божай Маці ў адпаведнасці з канонамі візантыйскага жывапісу[1]. Унізе на пярэднім плане на шырокім ложы, які засланы цёмна-зялёным полагам і пурпурным пакрывалам, ляжыць Багамаці ў хітоне сіняга колеру і карычневай мафорыі[3]. За ложам паказаны Ісус Хрыстос, які трымае на руках ​​дзіця, сімвалізуючае душу яго маці[3].

Вакол Хрыста расходзіцца шырокая разбелена-блакітная слава, якая ахінае ложа двухсферным купалам, у знешняй сферы сінімі контурамі пазначаны празрыстыя фігуры анёлаў і серафімаў[3]. Справа і злева да ложа схіліліся захутаныя ў плашчы вохрыстых, блакітных, зялёных і малінавых колераў апосталы ў смутку[3]. Над імі ўзвышаюцца свяціцелі Дзіянісій Арэапагіт  (руск.) і Цімафей Эфескі, далей стаяць засмучаныя жанчыны[3].

Упоравень са славай па краях намаляваны высокія гмахі з блакітнымі чарапічнымі дахамі. Залаты фон абраза запоўнены светлымі воблачкамі з абрысамі птушак, у якіх размешчаны паясныя выявы апосталаў. Анёлы накіроўваюць воблачкі ўніз, да ложа з Маці Божай. На нябёсах, намаляваных у верхняй частцы іконы, анёлы і прарокі радасна чакаюць Марыю[3].

У самым версе абраза два анёлы падтрымліваюць мнагаслойную сіне-блакітную сферу, з якой Марыя падае залаты пояс апосталу Фаме. У кампазіцыі абраза адчуваецца дакладны геаметрычны разлік, імкненне да раўнавагі і сіметрыі[3]. Аб’ёмнасць і прасторавая глыбіня спалучаюцца з падкрэсленай графікай плаўных контураў. Падоўжаныя фігуры апосталаў паказаны ў складаных ракурсах, твары тонка выпісаны разбеленай вохрай. Каларыт захапляе гарманічнасцю і багаццем змешаных мяккіх колераў[3].

Назва іконы ставіцца да сіняга фона фігур Хрыста і Марыі на нябёсах (астатні фон залаты), які звычайна выкарыстоўваўся ў візантыйскай іканаграфіі, але быў унікальны ў іканаграфіі рускай[1].

Аўтарства і паходжанне іконы правіць

Асаблівасці іканаграфіі, стылю і тэхнікі «Блакітнага Успення» не дазваляюць адназначна аднесці яго да пэўнага мастацкага цэнтра ці школы[3].

Гэты выдатны помнік сярэднявечнага мастацтва ніколі не адносілі ні да гісторыі беларускага іканапісу, ні да італа-крыцкай школы. Некаторы час лічылася, што абраз пісаў Андрэас Рыцас  (руск.), грэчаскі іканапісец, звязаны з італагрэчаскай школай, які правёў шмат гадоў у Венецыі, а потым працаваў у Расіі[1]. Н. Мнёва  (руск.) таксама датавала «Успенне» першай паловай ХV стагоддзя і на падставе стылістычных аналогій аднесла яго да цвярской школы жывапісу, у той час яшчэ мала акрэсленай[4]. Гэты пункт гледжання быў успрыняты і пацверджаны аўтарамі «Гісторыі рускага мастацтва». З асаблівым захапленнем М. Варонін і В. Лазараў казалі пра каларыт абраза, што ён «нагадвае тэхніку гуашы». «Сярод гэтых выдатных фарбаў незабыўнае ўражанне пакідае вадзяніста-блакітны тон, які здзіўляе сілай свайго колеравага гучання»[5].

Пасля такой аўтарытэтнай атрыбуцыі «Успенне» з Мінска зацвердзілася сярод твораў цвярскога іканапісу, у тым ліку ў альбоме «Жывапіс Беларусі ХІІ-ХVІІІ стагоддзяў». Праўда, Р. Логвін  (укр.), В. Свянціцкая  (укр.) і Л. Міляева  (руск.) аднеслі абраз да ўкраінскага жывапісу ХV стагоддзя, чамусьці прыпісаўшы яму паходжанне з Мінска-Мазавецкага[6].

 
«Успенне са св. Францыскам і св. Дамінікам»

Апошнім часам Г. Папоў, дэтальна прааналізаваўшы стыль і тэхналагічныя асаблівасці «Успення», уключыў яго ў манаграфію аб цвярскім мастацтве, але адзначыў, што хоць яно мае паралелі і ва ўласных цвярскіх творах, тым не менш такая атрыбуцыя застаецца да пэўнай ступені гіпатэтычнай[3]. Даследчык вылучыў абраз з шэрагу бясспрэчна цвярскіх твораў і аднёс да так званай «візантыйскай спадчыны ў мясцовым жывапісе», а таксама прапанаваў больш познюю дату стварэння (2-я палова ці нават канец ХV стагоддзя). Адсутнасць сцэны пакарання Аўфонія, на думку Г. Папова, набліжае абраз з Мінска да серыі італа-грэцкіх «Успенняў» канца ХV-ХVІ стагоддзяў. Для такой арыентацыі даюць падставу і тэхналагічныя асаблівасці: «у большасці мясцовых абразоў крохкасць і тонкі слой грунта даюць больш дробнае кракеліраванне, чым гэта бачна на „Успенні“, а шчыльны фарбавы слой апошняга далёкі ад лесіроўкі маскоўскіх абразоў»[7]. Зыходнай крыніцай мінскага абраза Г. Папоў лічыць творы позневізантыйскага ці нават поствізантыйскага жывапісу, а сярод бліжэйшых аналогій разглядае «Успенне са св. Францыскам і св. Дамінікам»[8] — твор часоў Фларэнційскай уніі[9].

Беларускі вучоны А. А. Ярашэвіч даказаў прыналежнасць «Блакітнага Успення» да беларускай культуры[2].

Гісторыя іконы правіць

Ікона першапачаткова захоўвалася ў Тураўскім Саборы Успення Божай Маці  (польск.). У пачатку шаснаццатага стагоддзя, калі цэнтрам Тураўска-Пінскай епархіі  (польск.) стаў Пінск, абраз быў перанесены ў Ляшчынскі манастыр, у царкву Успення Маці Божай. Размяшчэнне іконы ў пінскім манастыры паклала пачатак асаблівага культу святога Успення Найсвяцейшай Багародзіцы ў Пінску. У 1914 годзе абраз быў перанесены ў Кафедральны сабор ў Мінск. Помнік у 1914—1917 гадах быў вывезены з Мінска ў Маскву ў калекцыю вядомага збіральніка старажытнарускай жывапісу І. С. Астравухава  (руск.).

Пасля рэарганізацыі прыватных збораў Масквы, абраз стаў здабыткам Траццякоўскай галерэі[1][2]. Абраз апублікаваны як помнік беларускага жывапісу Н. Ф. Высоцкай у кнізе «Живопись Белоруссии 12—18 веков». Минск, 1980. Илл. 14,15,16.</ref>.

Значэнне іконы правіць

У навуковай літаратуры абраз «Блакітнае Успенне» ўвайшоў ва ўсе манаграфіі аб старажытнарускім мастацтве, ад класічных даследаванняў А. Някрасава  (руск.) і В. Лазарава да папулярнага томіка «Малой гісторыі мастацтваў»[3]. Абраз шмат разоў паказваўся на самых значных выставах у былым СССР і за яго межамі[10].

Знаўца і калекцыянер рускага іканапісу, І. Астравухаў па сведчанні В. Антонавай «у халодным лазуравым каларыце „Успення“ бачыў захапляльны водбліск генія Андрэя Рублёва»[11]. А. Някрасаў параўноўваў абраз з люблінскімі фрэскамі 1418 г. загадкавага майстра Андрэя і адзначаў у ім пластыку, блізкую да паўднёваславянскага жывапісу; «квяцістасць каларыту з аднаго боку набліжаецца да мініяцюр галіцка-валынскага евангелля ХІІ-ХІІІ стст. і з другога боку да ўкраінскіх абразоў і мініяцюр больш позняга часу»[11].

Зноскі правіць

  1. а б в г д Mironowicz A.: Biskupstwo turowsko-pińskie w XI—XVI wieku. Trans Humana, 2011, s. 179—180. ISBN 978-83-61209-55-3.
  2. а б в О. Д. Баженова. Византийская традиция в белорусском искусстве 15 века (руск.)
  3. а б в г д е ё ж з і к л Аляксандр ЯРАШЭВІЧ. Унебаўзятая
  4. Антонова В. И.  (руск.), Мнёва Н. Е. С. 235—236.
  5. История русского искусства. Т. 3 М., 1955. С. 31-32.
  6. Логвин Г.  (укр.), Миляева Л.  (руск.), Свенцицкая В.  (укр.). Украинская средневековая живопись. Киев, 1976. Ил. 22-23.
  7. Попов Г. В., Рындина А. И. Живопись и прикладное искусство Твери ХІV -ХVІ веков. М., 1979.
  8. Успенне са св. Францыскам і св. Дамінікам(недаступная спасылка) (руск.)
  9. Искусство Византии в собраниях СССР. Каталог выставки. Т. 3. М.,1977. С. 138.
  10. Жывапіс Беларусі ХІІ-ХVІІІ стагоддзяў. Фрэска, абраз, партрэт. Мн., 1980. С.14-16.
  11. а б Некрасов А. И. Древнерусское изобразительное искусство. М., 1937. С.186.