Сашэсце ў пекла (Дзісна)

абраз з Дзісны. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Сашэсце ў пекла — ікона апошняй чвэрці XVII ст., шэдэўр беларускага іканапісу, ні ў адной іконе гэтага сюжэту няма такой разгорнутай кампазіцыі і такога багацця персанажаў. У ёй заключана ўся евангельская гісторыя. Гэта дзіўны перанос у прастору беларускай іконы XVII ст. заходнееўрапейскай алтарнай карціны эпохі Рэнесансу. Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Сашэсце ў пекла. XVII ст.
Матэрыял дошка для жывапісу[d] і яечная тэмпера
Памеры 143 × 95 см
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
(інв. ДБЖ-352)

Апісанне правіць

Абраз цікавы ў тэхналагічным плане. У ім выява поўнасцю выканана на палатне. Таму пры рэстаўрацыі палатно аддзялілі, дошкі падчысцілі і нанава злучылі ў шчыт[1].

Сюжэт правіць

Сюжэт іконы заснаваны на апакрыфічным паданні, што ў момант Уваскрэсення Хрыстос спусціўся ў пекла  (руск.) і вывеў у Царства нябеснае прабацькоў чалавецтва Адама і Еву, якія зграшылі перад Богам. У самым нізе ледзь прыкметныя языкі пякельнага полымя, якія абпальваюць трох засмучаных мілавідных дам, якія амаральна вялі сябе ў зямным жыцці.

Кампазіцыя развіваецца знізу ўверх. У цэнтры, на паваленых варотах пекла, вельмі рэальных, скаванымі завесамі, стаіць Хрыстос у пунсовым хітоне з залатой аблямоўкай і вохрыстым (залатым) гіматыі. Мандорла вакол Хрыста адсутнічае. Правай рукой ён прытрымлівае харугву, а левай благаслаўляе, што сведчыць аб люстраным выкарыстанні гравюры[1].

Злева ля ног Хрыста намаляваны ў профіль Адам — старац з пышнымі валасамі, доўгай сівой барадой, у светлым хітоне і зялёным гіматыі. Справа — Ева ў чырвонай сукенцы з залатым поясам, блакітным гіматыі і белым плаце (колеры адзенняў Дзевы Марыі — «другой Евы»). Хрыста атачае вялікая колькасць старазапаветных праведнікаў: тры каралі ў залатых каронах — усходнія вешчуны, якія першымі прыйшлі пакланіцца немаўлю Ісусу: малады — у ружовым хітоне і зялёным гіматыі, двое старэйшых — у адзеннях сіняга і чырвонага колеру (колеры Хрыста і Багародзіцы); Іаан Прадцеча з прапарам; верагодна, бацькі Іаана — першасвятар Захарый і Лізавета; цар Давід (прабацька Хрыста) з Псалтыром, Саламон у кароне, прарок у чалме (Ісая?) і сівы Ерамія(?). Сярод іх таксама манарх (хутчэй за ўсё, рымскі імператар Канстанцін) і патрыярх.

Незвычайным з’яўляецца ўвядзенне на заднім плане ў пейзажы дадатковых сюжэтаў[1]. На блакітным нябесным фоне намаляваны, як мініяцюрныя сюжэтныя сцэны, «Уваскрэсенне» і «Не кранайся Мяне». Вышэй Нябесныя вароты ў выглядзе аркі, па баках аблокі, як клубы дыму, падымаюцца ўгару, да неба — залатога фону з мініяцюрнай выявай новазапаветнай Троіцы.

Паходжанне правіць

Паходзіць, відавочна, з іканастаса Дзісненскай Васкрасенскай царквы[2]. Абраз выяўлены 27-й і 68-й экспедыцыямі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР у 1974, 1983 гадах у царкве Маці Божай Адзігітрыі ў Дзісне Міёрскага раёна Віцебскай вобласці[1].

Ікона раскрыта рэстаўратарамі вытворчага аб’яднання «Белрэстаўрацыя» П. Р. Журбеем і А. С. Шпунтам у 1984—1985 гадах (Мінск)[1].

Зноскі

  1. а б в г д Жывапіс барока Беларусі / Аўт.-склад. Н. Ф. Высоцкая. — Мн.: БелЭН; МФКД.2003. — 304 с.:іл. С. 41-42.
  2. Балыкина Е. Н. ШЕДЕВРЫ ИКОНОПИСИ БЕЛАРУСИ XII—XVIII ВВ. Архівавана 28 лютага 2021. (руск.)

Літаратура правіць

  • Ярошевич А. А. Древности Дисненского Воскресенского монастыря
  • Высоцкая Н. Ф. Станковая живопись Белоруссии второй половины XVI—XVIII веков : автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата искусствоведения : специальность 17.00.04 Изобразительное искусство