Апіева дарога

Самая значная з антычных грамадскіх дарог Рыма

А́піева даро́га (лац.: Via Appia) — самая значная з антычных грамадскіх дарог Рыма. Дарога, пракладзеная ў 312 годзе да н.э. пры цэнзары Апіі Клаўдзіі Цэку, праходзіла з Рыма ў Капую, пазней была праведзена да Брундызія. Праз яе было наладжана злучэнне Рыма з Грэцыяй, Егіптам і Малой Азіяй.

Від на Апіеву дарогу

Уздоўж Апіевай дарогі размешчана мноства помнікаў: грабніцы і вілы рэспубліканскага і імперскага перыяду, хрысціянскія і іўдзейскія катакомбы, сярэднявечныя вежы і ўмацаванні, часцяком пабудаваныя на руінах рымскіх помнікаў, рэнесансныя і барочныя пабудовы.

Гісторыя правіць

Апіева дарога была пабудавана па загаду цэнзара Апія Цэка ў 312 годзе да н.э. у дадатак да пабудаванай у 334 годзе да н.э. Лацінскай дарогі, якая злучала Рым з калоніяй Кальві (лац.: Calvi) каля Капуі.

Рымскі гісторык Ціт Лівій у IX кнізе «Гісторыі ад заснавання горада» (лац.: «Ab urbe condita») так піша пра гэту падзею:

На гэты год прыпадае і знакамітае цэнзарства Апія Клаўдзія і Гая Плаўція, але Апіеву імені ў памяці нашчадкаў дастаўся шчаслівейшы лёс, таму што ён праклаў дарогу і правёў у горад ваду; здзейсніў ён усё гэта адзін, бо таварыш яго, засаромеўшыся бессаромнай нядобрасумленнасці, з якой былі складзены сенатарскія спісы, склаў з сябе пасаду[1][2].

Дыядор піша, што Апій выбрукаваў масіўнымі камянямі вялікую частку (больш за 1000 стадый, гэта значыць, больш за палову агульнай працягласці) названай яго імем дарогі ад Рыма да Капуі, адлегласць паміж якімі складае больш за 1600 стадый, пры гэтым растраціўшы на будаўніцтва амаль усю дзяржаўную казну[3]. Дыядор паказвае на тое, што ўзвышаныя месцы былі скапаны, яры і ўпадзіны зраўнаваны насыпамі[4]. Апіева дарога была пабудавана ў тры асноўныя фазы:

  • IV стагоддзе да н.э.: Першы ўчастак дарогі ў 195 км быў пабудаваны з Рыма да Капуі для ваенных мэт, у дапамогу рымлянам супраць самнітаў. У «De aquaeductibus urbis Romae» («Аб акведуках горада Рыма») рымскі дзяржаўны дзеяч Секст Юлій Францін пісаў, што пасля 30 гадоў вайны з самнітамі цэнзар Апій Клаўдзій Крас, які атрымаў пазней мянушку Цэк (лац.: Caecus, «Сляпы»), даручыў пабудаваць дарогу ад Капенскай брамы да горада Капуі[5]. Аднак, магчыма, дарога існавала і раней, да Апія Цэка, а заслуга цэнзара складалася ў тым, што ён даў ёй патрэбны кірунак і выбрукаваў яе[4][6].
  • III стагоддзе да н.э.: Другі невялікі ўчастак быў пракладзены ад Капуі да Беневента (лац.: Beneventum). Паралельна да Беневента ішла Лацінская дарога, якая, магчыма, была пабудавана яшчэ да Апіевай[5]. Рым, такім чынам, умацаваў свае пазіцыі ў Кампаніі.
  • Другая палова II стагоддзя да н.э.: Да 122 гады да н.э.[5] дарога з Беневента была працягнута праз Венузію і Тарэнт да Брундызія. Тым самым Апіева дарога злучыла Рым з Эгнаціевай дарогай на Балканскім паўвостраве і стала найважнейшай дарогай для гандлю таварамі і рабынямі з Усходу.

У 71 годзе да н.э., пасля прыгнечання паўстання Спартака, уздоўж Апіевай дарогі ад Капуі да Рыма былі раскрыжаваны больш за 6 тысяч палонных рабоў.

Значэнне дарогі правіць

 
Апіева дарога, фантастычна змененая ўяўленнем Піранезі

Апіева дарога мела важнае ваеннае, культурнае і гандлёвае значэнне. Тэадор Момзен адзначаў яе значэнне ў якасці ваеннай магістралі[4]. Так, першы ўчастак дарогі быў спланаваны і пабудаваны ў 312 годзе да н.э., гэта значыць, падчас другой самніцкай вайны 326 па 304 гадоў да н.э. У вайне супраць Піра і падчас Македонскіх войн (206—168 да н.э.) Апіева дарога таксама служыла для падтрымкі рымлян[7]. Асабліва важным было тое, што падчас будаўніцтва дарогі Апій правёў канал праз Пантыйскія балоты, які асушыў зямлю і спрасціў адпраўленне караблёў з Лацыя ў Тарацыну. З антычнасці дарога мела найважнейшае значэнне, злучаючы Рым з такімі багатымі рэгіёнамі, як Кампанія, Апулія і пазней для развіцця гандлю з Усходам.

Ужо ў старажытнасці Апіева дарога звалася — «царыца дарог» (лац.: regina viarum): пра гэта піша, напрыклад, рымскі паэт Публій Папіній Стацый (лац.: Publius Papinius Statius) у творы «SILVAE» («Лясы»), кніга II: «Appia longarum teritur regina viarum»[8].

Неўзабаве рымляне сталі будаваць уздоўж дарогі манументальныя грабніцы і пышныя помнікі, убранне якіх стала справай прэстыжу. Так, ужо праз 20 гадоў пасля адкрыцця руху па Апіевай дарозе прадстаўнікі рымскага роду Сцыпіёнаў пабудавалі скляпы для пахавання членаў сям’і[9].

Роля дарогі захоўвалася таксама ў візантыйскі перыяд, як злучэнне Рыма з Новым Рымам, Канстанцінопалем. Пры імператарах Дыяклетыяне, Максенцыі, Канстанціне, Валентыніяне некаторыя ўчасткі Апіевай дарогі былі адноўлены і абноўлены[3].

Яны так шчыльна былі прыладжаны адзін да аднаго і як бы зліты, што для тых, хто глядзяць на іх, здаваліся не прыкладзенымі адзін да аднаго, але зрослымі паміж сабою. І нягледзячы на тое, што на працягу гэтак доўгага часу па ёй штодня праязджала шмат калёс і праходзіла ўсякага роду жывёл, іх парадак і ўзгодненасць не былі парушаны, ніводны з камянёў не быў папсаваны і не стаў меншым, тым больш не страціў нічога са свайго бляску[10].

Яшчэ ў 536 годзе візантыйскі гістарыёграф Пракоп, захоплены яе структурай і старажытнасцю, з захапленнем апісваў дарогу[3][11]. Кароль остготаў Тэадорых Вялікі ў пачатку VI стагоддзя загадаў правесці рамонтныя працы на дарозе[3] і затым выкарыстоўваў яе для наступу войскаў на Рым у 536 годзе.

У Сярэднявеччы значэнне дарогі ў якасці гандлёвага і транспартнага маршруту пачало змяншацца, яна выкарыстоўвалася паломнікамі, якія вандравалі да катакомбаў, базілікі святога Себасцьяна, падарожнічаючы далей да порта Брундызій, каб затым адправіцца да Святой зямлі. У катакомбах на Апіевай дарозе былі пахаваны шматлікія хрысціянскія святыя і мучанікі, напрыклад, святы Себасцьян, Папа Рымскі Калікст. Захаваліся даведнікі (лац.: Epitome de locis sanctorum, 638—642 года) для паломнікаў, у якіх азначаны шлях да святынь на Апіевай дарозе[12].

У IX—X стагоддзях Ватыкану належалі буйныя зямельныя ўгоддзі ўздоўж дарогі, аднак, помнікі паступова падупадалі пад уздзеяннем пагодных умоў і рук чалавека: на дарозе праходзіў збор будаўнічага матэрыялу — каменных блокаў, першым чынам траверціну — для будаўніцтва новых будынкаў. У XI стагоддзі царква пачала перадаваць уладанні ў рукі сем’яў рымскіх баронаў і графаў[13]. Так, графы Тускуланскія ператварылі грабніцу Цэцыліі Метэлы ў частку крэпасці. У 1300 годзе Баніфацый VIII Каэтані аддаў гэту крэпасць сваёй сям’і, прадстаўнікі якой увялі высокія дарожныя падаткі на тавары і падарожнікаў, так што стаў выкарыстоўвацца іншы маршрут у Рым: праз Новую Апіеву дарогу (італ.: Appia Nuova) і браму Сан-Джавані[14].

У канцы XVI стагоддзя Рыгор XIII загадаў пакласці пакрыццё на Appia Nuova, тым самым выцесніўшы старую Апіеву дарогу, якая стала звычайнай прыгараднай дарогай. У канцы XVII стагоддзя Інакенцій XII пабудаваў дарогу, якая злучала дзве Апіевы дарогі: Appia Pignatelli. Астатнія помнікі працягвалі падвяргацца далейшаму дэмантажу. Да канца XVIII стагоддзя Апіева дарога заставалася недаступнай для праезду. Цікавасць да раскопак на дарозе прыйшла з «модай» паляваць на рэшткі святых і мучанікаў і пастаўляць артэфакты ў музеі і калекцыі па ўсёй Еўропе. На частцы Апіевай дарогі ў XIX стагоддзі, калі яе расчышчалі па загадзе Папы Пія VI, археолагамі праводзіліся раскопкі.

Маршрут дарогі правіць

Via Appia пачыналася ля Капенскай брамы (лац.: Porta Capena) Сервіевай сцяны, менавіта з гэтага месца пачынаўся адлік мільных камянёў. Пасля будаўніцтва Аўрэліянавай сцяны частка Апіевай дарогі апынулася ў межах горада. Далей дарога праходзіла да рымскай брамы святога Себасцьяна (лац.: Porta San Sebastiano, раней Porta Appia) Аўрэліянавай сцены, 90 км прамой дарогі да Тарацыны, агінаючы з поўдня гару Альбана, перасякала Пантыйскія балоты. Апошнія 28 кіламетраў ішлі паралельна дрэнажным каналам, што дазваляла працягваць альтэрнатыўны маршрут на лодцы, возе ці на каню[5].

Маршрут дарогі праходзіў праз наступныя гарады: Арыцыя (лац.: Aricia), Апіеў форум (лац.: Forum Appii), Тарацына (лац.: Tarracina), затым праз Фундзі (лац.: Fundi), Формія (лац.: Formiae), Мінтурна (лац.: Minturnae), Сінуэса (лац.: Sinuessa), Казілін (лац.: Casilinum, (сучасная Капуя), (старажытная) Капуя (лац.: Capua, сёння Санта Марыя Капуа Ветэрэ, італ.: Santa Maria Capua Vetere). Другі ўчастак, пракладзены пазней, ішоў ад Капуі праз Беневент (лац.: Beneventum), Венузію (лац.: Venusia), якая стала рымскай калоніяй, з канчатковай паразай Тарэнта (лац.: Tarentum), і Тарэнт, з паразай месапаў, Урыя (лац.: Uria) і да Брундызія (лац.: Brundisium) у Апуліі.

Імператар Траян загадаў пракласці карацейшую дарогу (Траянава дарога, Via Appia Traiana) ад Беневента да Брундызія праз Барыум, якая скараціла час у дарозе да 13-14 дзён (вандраванне па Апіевай дарозе доўжылася да 15 дзён)[15].

Апіева дарога мела адгалінаванні, якія злучалі яе з іншымі вялікімі дарогамі, такімі, як via Domitiana (перасякаліся ў горада Сінуэса, далей ішла на поўдзень да Неапаля), via Setina, яка злучала Апіеву дарогу і горад Сетыя (лац.: Setia); Кампанская дарога з Капуі ў Кума (лац.: Cumae); via Aquillia, яка пачыналася ў Капуі ў Салерна (лац.: Salernum); via Minucia аб’ядноўвала Via Valeria і via Aquillia і перасякала Апіеву дарогу і Лацінскую дарогу.

У рысе горада Рыма дарога сёння завецца Старой Апіевай дарогай (італ.: Via Appia Antica), для адрознення ад Новай Апіевай дарогі (італ.: Via Appia Nuova), пабудаванай у 1780-х гадах паміж Рымам і возерам Альбана, і Віа Апія Піньятэлі лац.: Via Appia Pignatelli, пабудаванай каля 1700 года пры Папе Інакенціі XII для злучэння старой і новай Апіевых дарог.

Будова дарогі правіць

Выдаткі на будаўніцтва і ўтрыманне дарог складалі велізарныя сумы. Так, надпіс на таблічцы, выяўленай на Апіевай дарозе, сведчыць пра правядзенне прац пры імператары Адрыяне: частку выдаткаў аплаціў імператар, іншую частку — жыхары прылеглых паселішчаў. Па падліках вучоных, выдаткі на мілю склалі ў сярэднім каля 109 тысяч сестэрцыяў[5] (для параўнання: хлеб у 75 годзе да н.э. каштаваў ад дзвюх да трох сестэрцыяў, а ў I стагоддзі н.э. 600 сестэрцыяў за рабыню лічыліся таннай платай)[16].

Падмурак дарогі быў выбрукаваны часанымі камянямі (з шэрага вулканічнага базальту — італ.: selce, лац.: silex), якія ўкладвалі на пласт галькі і цэменту. Шырыня (да 4 метраў) дазваляла раз’ехацца двум конным экіпажам, па баках дарогі ішлі падобныя да тратуараў узвышэнні і глыбокія канавы для сцёку дажджавой вады.

 
Адна з калон, якія пазначалі канец дарогі ў Брындзізі

Аднак у адным з лістоў брату Цыцэрон паведамляе пра тое, што падчас паводак дарогу блізка ад храма Марса залівала вадой, а ў іншым папярэджвае аб небяспецы замерзнуць «у нізінах Апіевай дарогі»[4].

На вызначанай адлегласці адзін ад аднаго знаходзіліся дарожныя станцыі, якія служылі месцам адпачынку для падарожнікаў. Адну з іх — «Тры харчэўні» (лац.: Tres Tabernae), размешчаную ў 45 кіламетрах ад Рыма, неаднаразова згадвае Цыцэрон у лістах і ў іншых сваіх творах[4]. Гэта ж станцыя, названая ў сінадальным перакладзе «Тры гасцініцы», згадваецца ў Дзеяннях святых апосталаў (Дзеян. 28:15).

Праз кожную рымскую мілю (1478 метраў) стаяў мільны слуп (лац.: colonna miliaria), які пазначаў адлегласць і з указаннем імя імператара, які кіраваў на той момант. Слуп першай мілі Апіевай дарогі цяпер заменены на копію, астатнія слупы не захаваліся. Кожныя 10 міль былі абсталяваны месцамі для адпачынку. Дзве мармуровыя калоны ў Брундызіі, збудаваныя ў II стагоддзі, пазначалі канец дарогі. Цяпер у порце горада знаходзіцца толькі адна з іх (19 метраў у вышыню), упрыгожаная выявамі Юпітэра, Нептуна, Марса і васьмі трытонаў, другая была перанесена ў 1666 годзе ў горад Лечэ і выкарыстоўвалася як чумны слуп.

Помнікі ўздоўж дарогі правіць

Агульная характарыстыка правіць

«Hominem mortuum in urbe ne sepelito neve urito» — «Няхай мерцвяка не хаваюць і не спальваюць у горадзе».

Табліца X, 450 да н.э.

Рымскі закон забараняў пахаванні ў межах горада, таму для пахаванняў рымляне выкарыстоўвалі буйныя дарогі, які вядуць з Рыма. Большасць помнікаў на Апіевай дарозе была збудавана ў II стагоддзі пасля таго, як замест рымскай традыцыі спальвання целаў памерлых (перш на Апіевай дарозе з’яўляліся калумбарыі з урнамі), заможныя грамадзяне пачалі хаваць целы ў зямлі[14]. Так, некалькі кіламетраў Апіевай дарогі выкарыстоўваліся для пабудовы грабніц і помнікаў (асабліва на адрэзку Рым — Беневент), што давала магчымасць жыхарам Рыма паказаць сваё багацце і становішча ў грамадстве. Кошт участкаў зямлі ля пачатку грамадскіх дарог (лац.: viae publicae), якія злучалі паміж сабой найбольш буйныя гарады, быў высокі, некаторыя наогул не прызначаліся для продажу, таму чым бліжэй пахаванне знаходзілася да гарадской брамы, тым больш паважаны быў гаспадар участка[18]. Сенат спрабаваў спыніць залішняе ўпрыгожванне пахаванняў, аднак закон не змог супрацьстаяць традыцыям рымлян[18]. Да грабніц адносіліся нішы для урнаў з прахам (з II стагоддзя часцей саркафагі[18]), каменныя лавы і крэслы, сцены былі абтынкованы і распісаны.

Сярод відаў пахаванняў, якія сустракаюцца на Апіевай дарозе, вылучаюцца наступныя:

  • Калумбарыі: на Апіевай дарозе былі выбудаваны калумбарыі рымскіх сямействаў Валузіяў, Цэціліяў, Карвіліяў, Юніяў Сіланаў; знадворку, над галоўным уваходам размяшчалася мармуровая дошка з імем таго, каму належаў калумбарый[16];
  • Падземныя збудаванні — гіпагеі і катакомбы, падземныя пахаванні з нішамі для пахавання. Першыя грабніцы на Апіевай дарозе ўяўлялі сабою падземныя камеры, высечаныя ў туфе, напрыклад, грабніца Сцыпіёнаў. Пазней з’явіліся шырокія падземныя пахаванні, такія як катакомбы Св. Себасцьяна і катакомбы Св. Каліста;
  • Невялікія і сярэдняга памеру грабніцы, якія часам нагадваюць па форме дом ці храм;
  • Манументальныя грабніцы — маўзалеі, пабудаваныя па прынцыпе этрускіх тумулусаў: найбольш вядомая грабніца Цэцыліі Метэлы.

На Апіевай дарозе таксама ўзводзіліся загарадныя вілы рымскай арыстакратыі, напрыклад, віла Квінціліяў, віла імператара Максенцыя, філосафа Сенекі, праціўніка Цыцэрона Клодзія Пульхра і іншых знатных жыхароў.

Пабудовы I—VI мілі правіць

Участак дарогі, размешчаны за Сервіевай сцяной, пачынаўся ля Капенскай брамы і да будаўніцтва Аўрэліянавай сцяны ў III стагоддзі знаходзіўся па-за межамі горада[14].

  • Капенская брама (лац.: Porta Capena) — некалі гарадская брама Рыма, якая ўваходзіла ў Сервіеву сцяну. Ад гэтай брамы пачыналася Апіева дарога і Лацінская дарога. Да нашых дзён не захаваліся.
  • Грабніца Сцыпіёнаў (лац.: Scipioni) — невялікія катакомбы знатнай сям’і Сцыпіёнаў, датаваныя II стагоддзем да н.э.; у галоўным памяшканні грабніцы размяшчаліся каменныя саркафагі членаў сям’і, у больш сціплай зале з нішамі для пахавальных урнаў — прыслугі і вольнаадпушчанікаў;
  • Калумбарый Пампонія Хіла (лац.: Pomponius Hylas) — добра захаваная камера-грабніца I стагоддзя н.э., знойдзеная ў 1831 годзе. Пампоній і яго жонка Пампонія Віталіна, мяркуючы па багатым убранні грабніцы, былі разбагацелымі імператарскімі вольнаадпушчанікамі. Пазней грабніца была пашырана нішамі для урнаў нашчадкаў і сваякоў пары;
  • Порта Апія (пазней «Брама Святога Себасцьяна») — з’яўляецца часткай сцяны Аўрэліяна, ад яе пачыналася Апіева дарога.

I міля правіць

 
 
 
 
Порта Апія Рэканструяваны мільны слуп, які пазначаў першую мілю ад Капенскай брамы Грабніца Прысцылы Царква Домінэ-Кво-Вадзіс
  • Першая мільная калона (італ.: Prima colonna miliaria) — фрагмент калоны ў гарадской сцяне ў ста метрах ад Порта Апія. Калона пазначала першую мілю ад Капенскай брамы (1478 метраў). Арыгінальная калона, знойдзеная ў 1584 годзе, з’яўляецца цяпер часткай балюстрады на лесвіцы Капіталійскага ўзгорка.
  • Грабніца Геты (лац.: Geta) — грабніца, першапачаткова ўпрыгожаная мармурам. На гэты момант няма доказаў, што тут знаходзілася пахаванне Геты, сына імператара Септымія Севера;
  • Грабніца Прысцылы (лац.: Priscilla) — грабніцу пабудаваў для сваёй жонкі Прысцылы Ціт Флавій Абаскант, вольнаадпушчанік часоў імператара Даміцыяна. Падмурак грабніцы чатырохкутны, раней быў пакрыта траверцінам. У ёй жа знаходзілася памяшканне ў форме грэчаскага крыжа, у якім знаходзіліся саркафагі і 13 ніш. Уваход у грабніцу знаходзіўся ў процілеглым боку і быў з XII стагоддзя да апошняга часу закрыты фермерскім домам. У Сярэднявеччы над грабніцай была надбудавана назіральная вежа са скарыстанай цэглы і мармуровых фрагментаў;
  • Царква Домінэ-Кво-Вадзіс (лац.: Domine quo vadis?, Санта-Марыя-ін-Пальміс) — невялікая царква на дарозе. Пра ўцёкі апостала Пятра з Мамерцінскай турмы нагадваюць два месцы на Апіевай дарозе: Пётр павязаў раны павязкай, але згубіў яе на дарозе, на гэтым месцы была пабудавана капэла Ad Fascoliam, якую пазней перабудавалі ў царкву Святых Нерэя і Ахілея (італ.: Santi Nereo et Achileo). За брамай святога Себасцьяна апостал прыйшоў да таго месца, дзе ад Апіевай дарогі адгаліноўваецца Via Ardeatina: ён мог адправіцца ў порт Остыя і затым адплысці ў Галію ці ісці далей па Апіевай дарозе да Брындзізі і затым адправіцца на Усход. Аднак, у гэты момант яму з’явіўся Хрыстос, да якога Пётр звярнуўся пытаннем: «Куды ідзеш, Госпадзі» (лац.: Domine quo vadis?), на што атрымаў адказ: «Іду туды, дзе мяне зноў раскрыжуюць» (лац.: Eo Romam iterum crucifigi). Пётр вярнуўся ў Рым і прыняў мучаніцкую смерць[19].
  • Калумбарыі вольнаадпушчанікаў Лівіі — адзін з самых вялікіх рымскіх калумбарыяў, у якім магло змясціцца каля 3000 урнаў. Калумбарый быў выяўлены ў 1726 годзе ў практычна разбураным стане, аднак захаваліся замалёўкі і план збудавання, выкананы Піранезі. Будынак уяўляў сабой прамавугольнік, у якім меліся чатыры паўкруглых паглыбленні і чатыры квадратных[16].

II міля правіць

 
 
 
 
Калона Пія IX Грабніца Ромула і Цырк Макцэнцыя Грабніца Цэцыліі Метэлы і крэпасць Каэтані Сант-Нікола-а-Капа-дзі-Бовэ
  • На тэрыторыі вілы Казалі (італ.: Villa Casali) XVII стагоддзя размешчана падземнае паганскае пахаванне гіпагей Вібіі, якое ўключае ў сябе 8 асобных гіпагеяў на некалькіх узроўнях. Катакомбы з пышнымі роспісамі датуюцца III і пачаткам V стагоддзя. Самы вядомы гіпагей, які даў імя катакомбам, належыць Вікенцію (лац.: Vicentius), святару культу фракійскага бога Сабація, і яго жонцы Вібіі (лац.: Vibia). Гіпагей упрыгожаны роспісамі з IV стагоддзя, якія адлюстроўваюць крадзеж Празерпіны Плутонам, Юпітэра Сабація, Гермеса Псіхапомпа (Суправаджальніка душ);
  • Грабніца вольнаадпушчанікаў роду Валусія (лац.: Volusia);
  • Катакомбы Святога Каліста — адны з найбуйнейшых хрысціянскіх катакомбаў Рыма, што выкарыстоўваліся для пахаванняў на працягу II—IV стагоддзяў;
  • Катакомбы Вінья Ранданіні (італ.: Vigna Randanini) — іўдзейскія катакомбы, пахаванні жыхароў іўдзейскай абшчыны Рыма, якія жылі першым чынам у раёне Трастэверэ і каля Капенскай брамы[14];
  • Грабніца Валумнія (лац.: Volumnius);
  • Калона Пія IX, прысвечана Папе, які даручыў правядзенне рэстаўрацыйных прац на Апіевай дарозе ў 1852 годзе. Працамі кіраваў архітэктар Луіджы Каніна (італ.: Luigi Canina), які разглядаў дарогу і прылеглыя тэрыторыі як свайго роду археалагічны парк[13];
  • Катакомбы Святога Себасцьяна — гэты ўчастак дарогі з-за паглыбленні на дарозе зваўся ad catacumbas, што пазней дала назву ўсім падземным пахаванням. З XI стагоддзя катакомбы сталі звацца імем святога Себасцьяна, бо размешчаны пад базілікай Св. Себасцьяна (у гонар раннехрысціянскага мучаніка Святога Себасцьяна; першапачаткова — базіліка Апосталаў — Memoria Apostolorum). Базіліка набыла сучасны выгляд пасля рэстаўрацыйных прац, праведзеных пры кардынале Шыпіёнэ Баргезэ на пачатку XVII стагоддзя;
  • Грабніца Ромула (лац.: Romulus), сына імператара Максенцыя, якая з’яўлялася часткай манументальнага комплексу імператарскага палаца і цырка[13]. Імператар пабудаваў грабніцу для сябе і сваёй сям’і на пачатку IV стагоддзя, аднак у ёй быў пахаваны, магчыма, толькі яго сын Валерый Ромул, які памёр у 309 годзе ва ўзросце пятнаццаці-шаснаццаці гадоў;
  • За грабніцай Ромула на Віа Апія Піньятэлі знаходзіцца цырк Максенцыя, пабудаваны ў 309 годзе;
  • Грабніца Цэцыліі Метэлы (лац.: Caecilia Metella) — манументальны маўзалей Цэцыліі Метэлы, дачкі консула Квінта Цэлія Метэлы Крэціка, каля 50 гады да н.э. Грабніца ў XI стагоддзі выкарыстоўвалася ў абарончых мэтах графамі Тускулумскімі і ў 1299 годзе рымскім дваранскім сямействам Каэтані пераўтворана ў вежу крэпасці;
  • Невялікая гатычная царква Сант-Нікола-а-Капа-дзі-Бовэ (італ.: Sant Nicola a Capo di Bove).

III міля правіць

  • Разваліны колішняй крэпасці сям’і Каэтані (лац.: castrum Caetani);
  • Вежа Капа дзі Бовэ (італ.: Torre Capo di Bove) — руіны бетоннай грабніцы, якая па форме нагадвае вежу. Мармуровая дошка ўмацаваная на мануменце, нагадвае пра трыганаметрычныя вымярэнні астранома бацькі Анджэла Секі (італ.: Angelo Secchi) у 1855 годзе, якія ў 1871 годзе паслужылі для праверкі геадэзічнай сеткі ў Італіі;
  • Гераічны рэльеф — пахавальная стэла з мармуровым рэльефам, арыгінал якога захоўваецца ў Нацыянальным рымскім музеі, з’яўлялася часткай незахаванага манумента рэспубліканскага перыяду. На рэльефе адлюстраваны аголены малады чалавек у гераічнай паставе ў накідцы на плячах і зброяй эпохі элінізму ля ног;
  • Грабніца Марка Сервілія (лац.: Marcus Servilius) з рэльефнымі фрагментамі ў сцяне. Манумент стаў першым помнікам на Апіевай дарозе, адноўленым у 1808 годзе[13], пры гэтым Антоніа Канова спрабаваў «закансерваваць» рэльефы на месцы іх знаходкі, а не пераносіць з грабніцы ў музеі.

IV міля правіць

 
 
 
Грабніца сыноў Секста Пампея Грабніца Іларыя Фуска Грабніца Рабірыяў
  • «Грабніца Сенекі» ў выглядзе слупа простага цаглянага мура, цалкам пазбаўленага дэкаратыўных фрагментаў. Манумент, вядомы як грабніца Сенекі, у памяць аб філосафе і выхавальніку Нерона, уладальніку вілы на IV мілі Апіевай дарогі[14];
  • Чатырохвугольны падмурак круглага маўзалея часоў ранняй рэспублікі з фрагментамі фрыза ў сцяне; у пахавальнай камеры знаходзяцца два саркафагі;
  • Грабніца сыноў Секста Пампея (лац.: Sextus Pompeus Iustus), упрыгожаная вершамі — цагляны будынак з трохвугольным тымпанам, пабудаваным Антоніа Кановай. Тымпан упрыгожаны вершам, напісаным гекзаметрам, у якім Секст Пампей успамінае аб заўчаснай смерці сваіх дзяцей. У сцены грабніцы былі інкруставаны шматлікія дэкаратыўныя фрагменты. Захаваўся толькі адзін фрагмент саркафага, які адлюстроўвае шлюбную пару;
  • Грабніца Святога Урбана, біскупа Рыма, пераемніка Святога Каліста. Манумент, пабудаваны з цэглы на высокім пастаменце, датуецца IV стагоддзем. У Сярэднявеччы над падмуркам грабніцы размяшчалася вежа Барджыяні. У канцы XIX стагоддзя побач з грабніцай былі знойдзены руіны вілы Марменіі (лац.: villa Marmenia) — рымскай знатнай жанчыны, якая прыняла хрысціянства. Фрагменты вілы датуюцца рэспубліканскім перыядам, часткова IV—V стагоддзямі[18];
  • Грабніца «з дарычным фрызам» з туфу ў выглядзе алтара, упрыгожаная фрызам з выявамі шлема, ваз і разетак. Грабніца, датаваная рэспубліканскім перыядам, была перабудавана Канінай і нядаўна была адноўлена ўпраўленнем па археалогіі Рыма;
  • Грабніца Іларыя Фуска (лац.: Hilarius Fuscus) — трохвугольны франтон, пабудаваны Канінай, — адбітак пахавальнай стэлы, якая захоўваецца ў Нацыянальным рымскім музеі. На франтоне намаляваны пяць партрэтаў: у цэнтральнай нішы — выявы шлюбнай пары, магчыма, з іх дачкой; дзве мужчынскія фігуры прадстаўлены ў дзвюх бакавых нішах. Па выяве ўпрыгожванняў для валасоў атрымалася ўстанавіць дату пабудовы грабніцы — каля 30 года да н.э.[13];
  • Цагляны калумбарый прамавугольнай формы датуецца сярэдзінай II стагоддзя, нішы для урнаў размешчаны на розных узроўнях;
  • Цагляны калумбарый — яшчэ адзін калумбарый прамавугольнай формы;
  • Грабніца вольнаадпушчанікаў Клаўдзія — пахаванне сям’і вызваленых пры імператары Клаўдзіі: главы сям’і Клаўдзія Секундзіна (лац.: Claudius Secundinus), перапісчыка, ганца, і яго жонкі Флавіі Ірыны (лац.: Flavia Irene) і іх двух дзяцей;
  • Грабніца, якая нагадвае па форме храм, выканана з цэглы і багата ўпрыгожана рэльефнымі фрызамі;
  • Грабніца Рабірыяў (лац.: Rabirii) — грабніца, якая нагадвае па форме алтар, перабудавана Канінай, які сабраў мармуровыя фрагменты, знойдзеныя блізка ад пахавання. На рэльефе адлюстраваны Гай Рабірый Гермадор (лац.: C. Rabirius Hermodorus), яго жонка Rabiria Demaris, магчыма, вольнаадпушчаныя Рабірыя Пастума (лац.: C. Rabirius Postumus), гандляра і банкіра.

V міля правіць

 
 
 
 
Грабніца ў выглядзе піраміды Грабніца Курыяцыяў Віла Квінтыліяў Casal Rotondo
  • Грабніца — тумулус Курыяцыяў (лац.: Curiacii);
  • Грабніца — піраміда;
  • 2 тумулуса — грабніцы Гарацыяў (лац.: Horatii);
  • Віла Квінтыліяў (лац.: Villa Quintilii) — руіны, у народзе празваныя «Стары Рым» (італ.: Roma vecchia)[14]. Браты Максім і Кандзін (лац.: Maximus, Condinus) Квінтыліі падвергліся ганенням пры імператары Камодзе і былі забіты. Іх віла была канфіскавана і да IV стагоддзя ўвесь час пашыралася і перабудоўвалася. Да Апіевай дарогі выходзяць німфеум вілы (німфеум — храм, у форме грота з фантанам, прысвечаны німфам), іпадром і рэзервуар для вады. Німфеум у V стагоддзі быў перабудаваны ў крапасное збудаванне. Статуі з вілы Квінтыліяў захоўваюцца ў музеях Ватыкана;
  • Разваліны грабніцы Супсіфаніяў (італ.: Supsifanii). Надпісы сведчаць пра тое, што грабніца была пабудавана за 27 тысяч сестэрцыяў;
  • Грабніца Септыміі Галы (лац.: Septimia Galla);
  • Камень Публія Сергія Дэметрыя (лац.: Publius Sergius Demtrius)— вінароба з Велабра;
  • Casal Rotondo — грабніца цыліндрычнай формы часоў Рэспублікі. Пазней была пашырана і адрэстаўравана. Цяпер на яе падмурку размешчаны сялянскі дом з садам і аліўкавымі дрэвамі.

VI міля правіць

На гэтым адрэзку дарогі мноства асобных фрагментаў ляжаць у траве.

  • Базальтавая вежа (італ.: Torre Selce) — пахаванне ў выглядзе піраміды, пабудаванае ў XII стагоддзі з базальтавых абломкаў;
  • Чырвоная вежа (італ.: Torra Rossa) з чырванаватага туфу;
  • Надмагілле Марка Пампея (лац.: Marcus Pompeius);
  • Дарычныя калоны, калоны Геркулеса — магчыма, руіны храма Геркулеса імператара Даміцыяна;
  • Грабніца Квінта Касія (лац.: Quintus Cassius), гандляра мармурам;
  • Цагляная грабніца Квінта Веранія (лац.: Quintus Verannius), легата Нерона ў Брытаніі;
  • Torraccio di Palombaro — падобны на вежу будынак з чатырма апсідамі, які ў X стагоддзі быў перабудаваны ў царкву Санта-Марыя-Мадрэ-дзі-Дыа, і таму добра захаваўся.

Ад VI мілі да Брындзізі правіць

У каля 16,5 км ад Капенскай брамы, у канцы дзявятай мілі, размяшчалася першая паштовая станцыя, на якой змянялі коней лац.: Mutatio ad nonum. У 300 метрах ад гэтага месца сканчаецца тэрыторыя горада Рыма. За чыгуначным пераездам Рым-Тэрачына старая Апіева дарога злучаецца з новай у мястэчка Фраток’ё (італ.: Frattocchie). У сучаснай Тэрачыне знаходзяцца руіны храма Юпітэра Анксура (лац.: Jupiter Anxur, Anxur — так звалі вольскі гэта паселішча), які датуецца I стагоддзем да н.э. Тут жа імператар Траян загадаў знесці частку скалы, каб скараціць час у шляху. У Форміі размешчана грабніца Цыцэрона.

Сучасны стан правіць

Археалагічны парк правіць

Ідэя буйнога археалагічнага парку ў раёне паміж калонай Траяна і Castelli Romani узнікла падчас Напалеонаўскіх войн. Аднаўленчыя працы на дарозе распачаў Папа Пій VII у канцы XVIII стагоддзя, а завяршыў Папа Пій IX у 1852 годзе, у іх бралі ўдзел вядучыя археолагі, вучоныя, інжынеры, мастакі. Напрыклад, пахаванні на IV мілі былі перабудаваны Антоніа Кановай, а ад IV мілі да мястэчка Фраток’е — Луіджы Канінай (лац.: Luigi Canina). У 1931 годзе via Appia Antica была ўключана ў гарадскі план як «буйны парк».

Пасля Другой сусветнай вайны ўзнікаюць планы па забудове дарогі жылымі дамамі, а таксама праект раскошнага жылога раёна на месцы вілы Квінтыліяў[13].

Рымская кальцавая аўтадарога (італ.: Grande Raccordo Anulare) перасекла старую Апіеву дарогу на сёмай мілі, нанесеная пры гэтым шкода была ліквідаваны толькі нядаўна.

У 1955 годзе Папа Пій XII асвяціў першы камень Алімпійскага стадыёна, які павінен быў быць пабудаваны над катакомбамі Св. Каліста, але праект быў спынены дзякуючы грамадскаму рэзанансу. Нароўні з буйнымі праектамі на дарозе ўвесь час ішла рэалізацыя прыватных несанкцыянаваных праектаў, будаваліся дамы, адбываўся захоп зямлі і будынкаў для стварэння некантралюемай прамысловай дзейнасці. Невялікая група архітэктараў, горадабудаўнікоў і журналістаў выступіла супраць дзейнасці ўлад па забудове Апіевай дарогі. У канцы 1960 года дзяржава абмежавала паркавую зону на некалькі метраў у кожны бок ад дарогі. У 1979 годзе мэр Арган разгледзіў прапанову стварыць шырокі археалагічны парк у цэнтры Рыма, і толькі ў 1988 годзе было ўхвалена заснаванне рэгіянальнага парку via Appia Antica.

Музеі ўздоўж дарогі правіць

Рух па Апіевай дарозе правіць

Уся тэрыторыя рэгіянальнага парку Апіева дарога зачынена для руху па выхадных днях і святам з сакавіка 1997 года[13]. Сёння Апіева дарога — гэта дзяржаўная дарога — італ.: Strada Statale 7 Via Appia, часткова асфальтавана, аднак захаваліся буйныя ўчасткі дарогі з антычным пакрыццём, месцамі з глыбокімі каляінамі, выбітымі коламі вазоў і калясніц.

Спартыўнае значэнне правіць

У XX і XXI стагоддзях Апіева дарога стала папулярным месцам правядзення розных спартыўных спаборніцтваў. Падчас Алімпійскіх гульняў 1960 года ў Рыме тут праходзілі спаборніцтвы лёгкаатлетаў-марафонцаў[20][21].

У культуры правіць

 
Партрэт Гётэ працы Тышбейн, 1787
 
Джон Лінтан Чэпмен. Апіева дарога. 1867 год.
У жывапісе
У літаратуры
  • Гарацый у «Сатырах» апісвае сваё падарожжа з Рыма ў Брудзізій па Апіевай дарозе.
  • Байран «Чайльд-Гаральд», верш IV прысвечаны Рыму і яго славутасцям, напрыклад, герой Байрана разважае ля маўзалея Цэцыліі Метэлы, кім магла быць гэта рымлянка.
  • У «Падарожжы ў Італію» (ням.: Italienische Reise) Гётэ апісвае наведванне разбураных грабніц Апіевай дарогі, у тым ліку маўзалея Цэцыліі Метэлы. Пісьменнік адзначыў, што «пры відзе яе толькі і пачынаеш разумець, што значыць трывалы каменны мур. Гэтыя людзі працавалі для вечнасці, усё было імі ўлічана, акрамя безразважнага, дзікага варварства, ад якога няма выратавання»[25].
  • Чарлз Дыкенс у «Карцінах Італіі» (англ.: Pictures from Italy) апісаў падарожжа па Апіевай дарозе.

Зноскі правіць

  1. Titus Livius. Ab Urbe Condita, Liber IX (лац.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 жніўня 2011. Праверана 19 января 2000. (лац.)
  2. Тит Ливий. История Рима от основания города (книга IX)(нявызн.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 лістапада 2013. Праверана 19 студзеня 2000.
  3. а б в г Potter, Timothy W. Das römische Italien. — Stuttgart: Reclam, 1992. — ISBN 3-15-010375-4.
  4. а б в г д Л. П. Кучеренко. VIA ET AQUA APPIA (к оценке строительной деятельности Аппия Клавдия Цека)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 23 декабря 2008.
  5. а б в г д Heinz, Werner der Antike. Unterwegs im Römischen Reich. — Stuttgart: Theiss, 2003. — ISBN 3-8062-1670-3
  6. W. Siebert. Über Appius Claudius Caecus, mit besonderer Berücksichtigung seiner Censur und der des Fabius und Decius. Kassel, 1863.
  7. Heinrich Speich. Via Appia Regina Viarum. Die Via Appia als Königin der Strassen. (ням.). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 20 декабря 2008.
  8. PVBLIVS PAPINIVS STATIVS. SILVAE II (лац.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 кастрычніка 2011. Праверана 19 января 2000.
  9. Municipio Roma IX, Caffarella, Appia Antica e Tangenziale Est (італ.)(недаступная спасылка). Славутасці Апіевай дарогі. Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2001. Праверана 18 студзеня 2009.
  10. Пракоп Кесарыйскі. Вайна з готамі 5, 14. Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 21 студзеня 2000.
  11. Пракоп Кесарыйскі. Вайна з готамі 5, 14.
  12. Matilda Webb. The Churches and Catacombs of Early Christian Rome (англ.). Праверана 22 января 2009.(недаступная спасылка)
  13. а б в г д е ё Сайт парку «Апіева дарога» (італ.). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 13 студзеня 2009.
  14. а б в г д е Henze, Anton Kunstführer Rom. — Stuttgart: Reclam, 1994. — ISBN 3-15-010402-5
  15. Via Appia "Regina Viarum"(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 кастрычніка 2011. Праверана 19 студзеня 2009.
  16. а б в Сергеенко, М. Е.. Жизнь Древнего Рима. Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 20 снежня 2008.
  17. под ред. проф. С.Л. Утченко. ЗАКОНЫ XII ТАБЛИЦ(недаступная спасылка). "Хрестоматии по истории древнего Рима". Архівавана з першакрыніцы 7 кастрычніка 2011. Праверана 23 декабря 2008.
  18. а б в г Poeschel, Sabine Rom. Kunst und Geschichte von der Antike bis zur Gegenwart. — Munchen: Artemis, 1990. — ISBN 3-7608-0789-5
  19. Pleticha, Heinrich. Wanderer, kommst du nach Rom. — Freiburg: Herder, 1986. — ISBN 3-451-20615-3.
  20. «Усе дарогі вядуць у Рым» olympic.ru(недаступная спасылка) спасылка праверана 25 студзеня 2009
  21. Enciclopaedia Britannica. 1960 Summer Olympic Games спасылка праверана 25 студзеня 2009
  22. Goethe in Campagna (ням.). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 20 декабря 2008.
  23. Прагляд карціны Іванова. Праверана 20 снежня 2008.
  24. John Linton Chapman. The Brooklyn Museum, Collections: American Art. The Appian Way. Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 20 снежня 2008.
  25. Гёте, И.В.. «Путешествие в Италию». Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 20 снежня 2008.

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць

Літаратура правіць

  • Heinz, Werner. Reisewege der Antike. Unterwegs im Römischen Reich. — Stuttgart: Theiss, 2003. — ISBN 3-8062-1670-3.
  • Henze, Anton. Kunstführer Rom. — Stuttgart: Reclam, 1994. — ISBN 3-15-010402-5.
  • Poeschel, Sabine. Rom. Kunst und Geschichte von der Antike bis zur Gegenwart. — München: Artemis, 1990. — 274-284 с. — ISBN 3-7608-0789-5.