Паўстанне Спартака

Паўста́нне Спарта́ка (лац.: Bellum Spartacium або Tertium Bellum Servile -- Трэцяя вайна з рабамі) — найбуйнейшае ў старажытнасці[1] і трэцяе паводле ліку (пасля першага і другога Сіцылійскіх паўстанняў) паўстанне рабоў. Апошняе паўстанне рабоў ў Рымскай рэспубліцы датуецца звычайна 74 (або 73) — 71 гадамі да н.э.[2] Паўстанне Спартака было адзіным паўстаннем рабоў, якое наўпрост пагражала цэнтральнай Італіі. Канечна задушана ў асноўным дзякуючы намаганням палкаводца Марка Ліцынія Краса. У наступныя гады яно працягвала ўскоснае ўплываць на палітыку Рыма.

Вызваленне рабоў людзьмі Спартака

Паміж 73 і 71 гадамі да н.э. група збеглых рабоў — спачатку невялікая, з 78 збеглых гладыятараў — перарасла ў супольнасць з больш за 120 000[3] мужчын, жанчын і дзяцей, якія адносна бесперашкодна перамяшчаліся па Італіі пад кіраўніцтвам некалькіх лідараў, у тым ліку вядомага гладыятара Спартака. Баяздольныя дарослыя мужчыны з гэтай групы складалі вельмі эфектыўны атрад, які неаднаразова паказваў, што можа супрацьстаяць рымскай ваеннай моцы, як мясцовым патрулям і міліцыі, так і падрыхтаваным рымскім легіёнам пад консульскім камандаваннем. Плутарх апісваў дзеянні рабоў як спробу збегчы ад сваіх гаспадароў і сысці праз Галію, а Апіян і Флор паказвалі паўстанне як грамадзянскую вайну, дзе рабы вялі кампанію захопу Рыма.

Першая перамога правіць

Уцекачы сталі лагерам на вулкане Везувій, робячы адтуль напады на вакольныя сядзібы арыстакратыі. Туды ж прыйшлі дзве рымскія кагорты на чале з трыбунам Цітам Сервіліянам, яны ўзышлі на Везувій да лагера паўстанцаў. Частка ўцекачоў прыняла бой, на нядаўна зробленым насыпе, а частка стала кідаць камяні зверху. Рымляне не вытрымалі і пачалі адступаць, паўсталыя праследавалі іх. Пад Везувіем Сервіліян не здолеў сабраць салдат, яны не слухаліся яго і ўцякалі, сам ён быў забіты.[4]

Аблога Везувія правіць

Весткі пра набегі паўстанцаў на сядзібы багатых рымлян дайшлі да сената, які паслаў супраць іх войскі Гая Клаўдзія Глабра. Той сабраў армію ў 3 000 чалавек, яна складалася «не з грамадзян, а з розных выпадковых людзей, набраных спехам».[5] З гэтай арміяй ён прыйшоў да Везувія, аблажыў мяцежнікаў, перакрыўшы адзіны спуск з гары, і стаў чакаць калі іх змучыць голад.[6] Паўстанцы, паводле Флора, сплялі вяроўкі з вінаградных лоз і ноччу спусціліся па іх у полае жарало Везувія, а потым выйшлі вонкі праз скразную пячору, абышлі падножжа Везувія і выйшлі рымлянам у тыл.[7] Напаўшы з тылу, Спартак лёгка разбіў войска Клаўдзія, бо той быў не гатовы да атакі. У тыле рымлян не было нават вартавых, таму салдатам даводзілася рыхтавацца да бою тады, калі ён ужо пачаўся. Многія з іх вымушаныя былі біцца без даспехаў і доўга не вытрымалі націску, неўзабаве пабеглі. У гэтым баі загінуў адзін з радцаў Спартака — Энамай.

Пасля перамогі Спартак перамясціў лагер пад Везувій. Затым ён распаўсюдзіў чутку пра сваё паўстанне і да яго сталі прыходзіць рабы, каб прыняць удзел у барацьбе супраць Рыма.

Баі з Публіям Варыніям правіць

Баі з Фурыям і Касініям правіць

Далей сенат паслаў супраць паўстанцаў войскі на чале з прэтарам Публіям Варыніям. Ён адправіў супраць Спартака атрады Фурыя і Касінія.

Гней Фурый дайшоў да горада Тіферна. У гэты час Спартак падышоў да горада Літэрна. Даведаўшыся пра гэта, Фурый пачаў адступленне да Капуі. Аднак Спартак перахапіў яго ў Казіліна. Там адбылася бітва. Фурый, які меў на той момант 3 000 салдат, размясціў меншую частку на пагорках, а астатніх пад імі. Аднак Спартак адзінай атакай захапіў пагоркі, затым іх захапіў Фурый, потым паўсталыя зноў вярнулі іх сабе, а пасля атакавалі рымлян і тыя, не вытрымаўшы націску, пабеглі.[8]

Затым Спартак знянацку напаў на Луцыя Касінія і ледзь не ўзяў яго ў палон, а ў пагоні за ім захапіў лагер у кровапралітным баі, у якім Касіній быў забіты.[9]

Баі з Публіям Варыніям правіць

Чутка пра дзве паразы выклікала масавае дэзерцірства ў лагеры Публія Варынія. Аднак ён разам з квэстарам Гаем Тараніям блакіраваў лагер Спартака. Тады Спартак пакінуў у лагеры трубача, які падаваў звычайныя сігналы, і прывязаныя да слупоў перад варотамі трупы, на адлегласці якія здаваліся вартавымі. Тым часам паўстанцы пакінулі лагер і надоўга адарваліся ад пераследу, раніцай Варыній выявіў, што ў лагеры Спартака нікога няма. Затым ён рушыў у Кумы, там набраў у сваё войска добраахвотнікаў. Пасля гэтага зноў напаў на лагер мяцежнікаў і быў разбіты, затым той жа лёс напаткаў і Гай Тараній.[6]

Захоп тэрыторый мяцежнікамі правіць

Пасля перамогі Спартак прыступіў да захопу тэрыторый. Ён узяў штурмам Нолу, якая была разрабавана за моцны супраціў.[8] Таксама былі захопленыя горада: Нуцэрыя, Фурыі, Канцэпцыя і Метапонт. Большая частка Паўднёвай Італіі была захоплена паўсталымі. Армія Спартака вырасла да 70 000 чалавек.[5] Пасля паўстанцы захопліваюць рымскую правінцыю Луканію. Там пачынаюцца масавыя рабаванні, якія лідар паўстання быў не ў сілах стрымаць.

Баі з Геліям і Лентулам правіць

Паражэнне Крыкса правіць

Далей Спартак павёў сваё войска на поўнач - у Цызальпійскую Галію.Паводле Плутарха, ён хацеў выйсці за межы Рымскай рэспублікі і распусціць сваіх людзей па дамах. Сенат паслаў супраць яго войскі консулаў Луцыя Гелія Публіколу і Гнея Карнелія Лентула Кладзіяна. Кожны з іх меў прыкладна 30 тысяч салдат. У гэты час ад Спартака пайшло 10 тысяч германцаў на чале з Крыксам, які лічыў, што трэба ісці на Рым. Ён стаў лагерам на схілах гары Гарган. Войскі Гелія напалі на яго. Па загадзе Гелія цэнтр рымскіх войскаў троху адышоў. Затым паўстанцы пачалі яго адцясняць, але флангі рымлян расцягнулі свой фронт, не рвучы злучэння з цэнтрам. Гэта дазволіла акружыць мяцежнікаў і знішчыць іх войска. Сам Крыкс, паводле Лівія, быў забіты прэтарам Квінтам Арыем.[8][10]

Баі з консуламі правіць

Паводле Апіяна, пасля перамогі каля гары Гарган, Гелій стаў праследаваць Спартака, а Лентул вырашыў перагарадзіць яму дарогу. Гэта дазволіла б акружыць мяцежнікаў. Аднак Гелій не паспяваў за Спартаком. Гэта дазволіла паўстанцам разбіць Лентула да прыходу Гелія, а затым Спартак даў бой Гелію і разбіў яго. Пабітыя арміі консулаў адступілі, перагрупаваліся і далі новы бой мяцежнікам ў раёне Піцэна. Там яны былі канечна разгромленыя паўстанцамі.[5]

Паводле Плутарха, пакуль Гелій біўся з Крыксам Спартак разбіў Лентула, пасля гэтага сенат адазваў консулаў.[9]

Паражэнне Гая Касія Лонгіна правіць

Паводле Плутарха, Спартак рухаўся на поўнач. Каля сучаснага горада Мадэна яго паспрабаваў спыніць намеснік ў Цызальпійскай Галіі праконсул Гай Касій Лонгін. Яго 10-тысячная армія заняла пазіцыі на пагорках. Аднак Спартак павёў на штурм пагоркаў усе свае войскі. Супраціў рымлян быў зламаны, яны пабеглі. Правадыр рымскіх войскаў цудам выратаваўся з поля бою.[8]

Пасля перамогі мяцежнікі падышлі да межаў Рымскай рэспублікі. Аднак па невядомых прычынах павярнулі на поўдзень. Ёсць думка, што частка паслядоўнікаў Спартака, якая не брала ўдзелу ў баях (каля 10 000), усё ж перайшла Альпы і вярнуліся дамоў. Калі Спартак ішоў назад у Рыме пачалася паніка, пакуль там не даведаліся, што ён не ідзе на Рым. У гэты час войска мяцежнікаў складала ад 60 да 120 тысяч чалавек.[11]

Далей правіць

Смерць Спартака

Занепакоенасць рымскага сената поспехамі арміі Спартака, а таксама рабаванні ў рымскіх гарадах і сельскай мясцовасці ўрэшце прымусілі рэспубліку накіраваць войска з васьмі легіёнаў пад жорсткім і эфектыўным кіраўніцтвам Марка Ліцынія Краса.

Пасля адпачынку армія Спартака рушыла на поўдзень і разбіла два легіёны Марка Ліцынія Краса (пад камандаваннем легата Мумія), найбагацейшага ў той час рымляніна. Арміі сышліся ў цясніне. Аднак з рымлянамі білася толькі частка паўстанцаў, а другая частка скінула на рымлян валуны зверху. Гэта стала прычынай паразы рымскіх салдат. Крас ужыў дэцымацыю, каб вярнуць войску баявы дух.[8]

Далей паўстанцы здзейснілі шэраг удалых рэйдаў супраць рымлян. Пазней ад Спартака сышло 10 тысяч чалавек, якія хацелі ісці на Рым. Крас разбіў іх, а затым і асноўнае войска Спартака, які быў вымушаны адступаць пасля паразы.

У канцы 72 да н.э. Спартак дабраўся да Рэгіума (суч. Рэджа-дзі-Калабрыя) на Месінскім праліве. Ён дамовіўся з кілікійскімі піратамі даставіць яго з людзьмі на Сіцылію, а тым часам 8 легіёнаў Краса перакрылі яму выхад з Калабрыі, вырылі роў і пабудавалі ўмацаванні ад мора да мора. Сенат адклікаў у Італію Гнея Пампея з Іспаніі і Марка Лукула з Фракіі.

Піраты ашукалі Спартака. Ён прарваў умацаванні Краса і рушыў да Брундызія (суч. Брындзізі), аднак Крас нагнаў яго на мяжы Апуліі і Луканіі. Там ад Спартака аддзяліўся атрад пад камандаваннем Гая Каніцыя (Ганіка) і Каста, які стаў лагерам каля Луканская возера. Крас напаў на іх, пачаўся бой. У разгар бою на рымлян напаў Спартак і прымусіў іх адступіць. Затым мяцежнікі адступілі да ракі Казуент. Рымляне праследавалі іх. На беразе ракі паўстанцаў развярнуліся, атакавалі праследавацеляў і перамаглі іх.

Затым Спартак стаў каля ракі Сілар (Сяле), там адбыўся апошні бой. Крас ўвёў у бой легіён ветэранаў і паўстанцы сталі адступаць. Засадныя часткі паўстанцаў былі перахопленыя рымлянамі і знішчаны. Затым войска Спартака было акружана. Спартак мужна змагаўся і загінуў у баі. Пяць тысяч паўстанцаў прарвалася і сышло, шэсць тысяч было ўзята ў палон, астатнія забіты. Прарваўшыхся паўстанцаў разбіў Пампей Вялікі.[8]

Прыкладна 6000 захопленых рабоў былі раскрыжаваны абапал Апіевай дарогі ад Капуі да Рыма. Крас так і не аддаў загаду зняць целы з крыжоў, яны віселі на іх гадамі, а, магчыма, дзесяцігоддзямі (Крас быў забіты парфянамі каля крэпасці Сенака праз 18 гадоў пасля разгрому Спартака).

Трэцяе паўстанне рабоў мае важнае значэнне для наступнай гісторыі Старажытнага Рыма, у асноўным сваім уплывам на кар'еру Пампея і Краса. Абодва военачальнікі выкарысталі свае поспехі ў падаўленні паўстання для палітычнай кар'еры, карастаючыся грамадскім прызнаннем і пагрозай сваіх легіёнаў для ўплыву на консульскія выбары 70 года да н.э. Іх дзеянні ў значнай меры спрыялі падрыву рымскіх палітычных інстытутаў і ўрэшце ператварэнню Рымскай рэспублікі у Рымскую імперыю[2].


Зноскі правіць

  1. Исторический словарь. Восстание Спартака
  2. а б Утченко С. Л. Древний Рим. События. Люди. Идеи. — М.: Наука, 1969.
  3. А. Белявский, Л. Лазаревич, А. Монгайт. Всемирная история. Энциклопедия: в 10-ти т. — М.: Государственное издательство политической литературы, 1956. — Т. 2.
  4. Гончаровский,2011
  5. а б в Аппиан. Гражданские войны. 1. 116
  6. а б Плутарх. Красс. 9
  7. Флор. III. 20. 4
  8. а б в г д е Рафаэлло Джованьоли. Спартак
  9. а б Плутарх. Красс. 9
  10. Ковалев С. И. История Рима. Новое издание, исправленное и дополненное / Под ред. проф. Э. Д. Фролова — СПб.: ООО «Издательство «Полигон», 2002. — С. 478. — 864 с.
  11. Орозий. V. 24. 5