Тэадор Момзен, Хрысціян Маціяс Тэадор Момзен (Mommsen; 30 лістапада 1817, в. Гардынг герцагства Шлезвіг Данія, цяпер Германія — 1 лістапада 1903, Шарлотэнбург пад Берлінам) — нямецкі гісторык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1902).

Тэадор Момзен
ням.: Theodor Mommsen
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні ням.: Christian Matthias Theodor Mommsen
Дата нараджэння 30 лістапада 1817(1817-11-30)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 1 лістапада 1903(1903-11-01)[1][2][…] (85 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Jens Mommsen[d]
Жонка Maria Auguste Mommsen[d]
Дзеці Карл Момзен[d], Marie Mommsen[d], Konrad Mommsen[d], Ernst Mommsen[d], Hans Georg Mommsen[d], Wolfgang Mommsen[d] і Lisbet Mommsen[d]
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік
Мова твораў нямецкая
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Прэміі
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

У 1821 сям’я 4-гадовага Тэадора перасялілася ў Олдэслоэ, у герцагства Гольштэйн (тымчасова ў Даніі). Бацька Тэадора, Енс Момзен, пратэстанцкі святар сціплага дастатку, прыдаў сыну захапленне літаратурай, пазнаёміў з нямецкай паэзіяй, дапамагаў перакладаць Гюго, Байрана і Шэкспіра на нямецкую мову, на якой размаўляла сям’і ў доме. Адукацыю ў галіне класічных моў, філасофіі, рыторыкі і нямецкай літаратуры Тэадор атрымаў у Хрысціянскай гімназіі ў Альтоне. У 1838 паступіў у Кільскі ўніверсітэт, дзе вырашыў вывучаць юрыспрудэнцыю, курс, прысвечаны галоўным чынам рымскаму праву. У Кілі малады прафесар Ота Ян пазнаёміў Момзена з навыкамі вывучэння і тлумачэння антычных надпісаў.

Падчас навучання ва ўніверсітэце Момзен выявіў таксама цікавасць да літаратуры і апублікаваў «Спеўнік трох сяброў» (Liederbuch dreier Freunde) — зборнік вершаў, напісаных ім самім, яго братам Тэха і іх сябрам Тэадорам Штормам. На апошнім курсе Кільскага ўніверсітэта Момзен напісаў трактат «Пра калегіі і карпарацыі ў рымлян» (лац.: De Collegiis Et Sodaliciis Romanorum). На падставе гэтай працы, а таксама з прычыны выдатнай вучобы Момзена, прафесура ўніверсітэта дамаглася ад дацкага ўрада ўзнагароджання адоранага студэнта стыпендыяй, на якую Момзен мог бы паехаць на 3 гады ў Італію. У Італіі Момзен піша шматлікія артыкулы і пачынае збіраць матэрыял для сваёй галоўнай працы «Збор лацінскіх надпісаў» (лац.: Corpus Inscriptionum Latinarum), вельмі аб’ёмнага збору лацінскіх надпісаў, апублікаваных у 16-ці тамах у 1863—1936 гадах. Першы том выйшаў з прысвячэннем графу Барталамеа Баргезі, італьянскаму палітычнаму дзеячу і навукоўцу, які напачатку аказваў Момзену падтрымку.

Вярнуўшыся ў 1847 у Шлезвіг, Момзен удзельнічае ў дэмакратычным руху, мэта якога ў вызваленні ад дацкага панавання нямецкамоўных герцагстваў, размешчаных на поўначы ад Эльбы. Падчас рэвалюцыі 1848 г. гісторык выпускае ліберальную газету «Шлезвіг-Гольштэйнішэ цайтунг» («Schleswig-Holsteinische Zeitung»), аднак у канцы года з газеты сыходзіць на пасаду прафесара грамадзянскага права ў Лейпцыгскім універсітэце. У 1848 годзе Момзен бярэ ўдзел у Саксонскім паўстанні, за гэта пазбаўляецца кафедры, і ў 1852 г. адпраўляецца ў Цюрых, дзе пачынае фундаментальную працу па гісторыі Рыма, якая, нягледзячы на свой строга навуковы характар, была разлічана на шырокае кола чытачоў.

Першы том «Рымскай гісторыі» (Romische Geschichte) выйшаў у 1854, калі Момзен вяртаецца ў Германію на пасаду прафесара ўніверсітэта ў Брэслау, у Прусіі. У тым жа годзе гісторык узяў шлюб з Марыяй Рэймер, дачкой гандляра кнігамі, ад шлюбу з ёй было 16 дзяцей. Першыя 3 тамы «Рымскай гісторыі» (2-і і 3-ці выйшлі ў 1855 і 1856) ахопліваюць гісторыю Рыма ад яго заснавання да 46 да н.э., калі Юлій Цэзар нанёс паражэнне войскам сената ў Паўночнай Афрыцы. Гэтая праца, якая вылучаецца вывастранай мовай і энцыклапедычнымі ведамі ў гісторыі і культуры Старажытнага Рыма, прынесла Момзену сусветную славу. Для таго каб надаць сваёй працы жвавасць, выпукласць, Момзен часта параўноўвае рымскіх палітыкаў з палітыкамі XIX ст. Хоць некаторыя адкрыцці вучонага ў святле нядаўніх даследаванняў састарэлі, «Рымская гісторыя» дагэтуль лічыцца значным унёскам у гісторыю і літаратуру.

Момзен планаваў напісаць і 4-ы том, прысвечаны гісторыі рымскіх імператараў, аднак гэты план так і не быў увасоблены ў жыццё — гісторык разумеў, што чацвёрты том будзе саступаць па ўзроўні першым тром. Даследаванне Момзена «Рымскія правінцыі. Ад Цэзара да Дыяклетыяна» (Die Provinzen, von Caesar bis Diocletian), якое ахоплівае тры першых стагоддзі гісторыі Рыма, было апублікавана ў 1885 у якасці пятага тому «Рымскай гісторыі».

У 1858 Момзен атрымаў кафедру рымскай гісторыі Берлінскага ўніверсітэта і жыве ў Берліне да канца жыцця. Навуковец абіраецца членам Прускай акадэміі навук, падтрымка якой дазволіла яму працягнуць працу над «Corpus Inscriptionum». Усе гэтыя гады Момзен працягвае актыўна займацца палітычнай дзейнасцю. У 1863—1866 і 1873—1879 ён прадстаўляе ў прускім парламенце Прагрэсіўную партыю, а пасля, як Бісмарк аб’яднаў незалежныя германскія дзяржавы ў адзіную Германскую імперыю, становіцца членам рэйхстага, дзе выступае супраць унутранай палітыкі Бісмарка, а таксама супраць антысемітызму, шырока распаўсюджанаму ва ўніверсітэцкім асяроддзі.

У 1871—1888 Момзен выпускае 3-тамовае даследаванне «Рымскае канстытуцыйнае права» (Romisches Staatsrecht), дзе кадыфікуе юрыдычную сістэму, якая ляжыць у аснове Рымскай канстытуцыі, і аналізуе яе ў кантэксце гісторыі Рыма. Услед за «Канстытуцыйным правам» у 1899 выйшла «Рымскае крымінальнае права» (Romisches Strafrecht).

Як сведчаць сучаснікі, Момзен быў выдатным лектарам, у даследчай працы яму дапамагалі студэнты, якім ён у сваю чаргу таксама аказваў падтрымку.

У 1902 адным з найбольш відавочных кандыдатаў на атрыманне Нобелеўскай прэміі па літаратуры быў Леў Талстой, аднак яго погляды былі непрымальныя для Нобелеўскага камітэта, у сувязі з чым было вырашана пашырыць умовы конкурсу і разглядаць не толькі літаратурныя, але і гістарычныя творы. У выніку прэмія была прысуджана Момзену, "аднаму з найвялікшых гістарычных пісьменнікаў, пяру якога належыць такая манументальная праца, як «Рымская гісторыя». У сваёй віншавальнай прамове С. Д. Вірсен, член Шведскай акадэміі, аддаў належнае не толькі шырокім ведам Момзена, але і яго бліскучаму стылю. Гісторык, якому было ўжо 85 гадоў, Нобелеўскай лекцыі не чытаў.

Зноскі

  1. а б Theodor Mommsen // Nationalencyklopedin — 1999. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б Th. Mommsen // KNAW Past Members Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Моммзен Теодор // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. а б в www.accademiadellescienze.it Праверана 1 снежня 2020.
  5. http://penelope.uchicago.edu/Thayer/E/Gazetteer/People/Theodor_Mommsen/Britannica_1911*.html
  6. Моммзен Теодор // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 26 лютага 2017.
  7. а б https://aibl.fr/academiciens-depuis-1663/ Праверана 3 красавіка 2023.

Літаратура

правіць