The Hobbit (гульня, 2003)

камп’ютарная гульня 2003 года

«Хо́біт: Перадгісто́рыя Уладара́ пярсцё́нкаў» (англ.: The Hobbit: The Prelude to The Lord of the Rings) або «Хобіт» (англ.: The Hobbit) — камп’ютарная гульня 2003 года, распрацаваная кампаніяй «Inevitable Entertainment[en]» для платформаў GameCube, PlayStation 2 і Xbox і кампаніяй «Saffire[en]» для платформы Game Boy Advance. Гульня была выпушчана кампаніяй «Vivendi Universal Games[en]» і яе даччынай кампаніяй «Sierra Entertainment[en]».

The Hobbit
Распрацоўшчык Inevitable Entertainment[en]
Выдаўцы Vivendi Universal Games[en]
Sierra Entertainment[en]
Дата выпуску
Game Boy Advance
Еўрапейскі Саюз 24 кастрычніка 2003[1]
Злучаныя Штаты Амерыкі 11 лістапада 2003[2]
GameCube, Microsoft Windows, PlayStation 2, Xbox
Злучаныя Штаты Амерыкі 11 лістапада 2003[3]
Еўрапейскі Саюз 28 лістапада 2003[1]
Жанры платформер[d], прыгодніцкі баявік і квэст
Стваральнікі
Прадзюсар Джэймі Грыўз
Геймдызайнер Чак Люфер
Сцэнарыст Брэндан Пол Салінас
Праграміст Эндзі Тысен
Мастак Майкл Фонг
Кампазітары Род Эбернэці[en], Дэйв Адамс, Джэйсан Грэйвс[en]
Тэхнічныя даныя
Платформы Game Boy Advance, Xbox, PlayStation 2, Windows і Nintendo GameCube
Рэжым гульні аднакарыстальніцкая гульня
Носьбіт CD-ROM[d]
Кіраванне камп’ютарная клавіятура

Гульня адносіцца да жанру платформер[en], а таксама ўключае ў сябе разнастайныя галаваломкі. Паводле сістэмы бою мае падабенства з гульнямі серыі «The Legend of Zelda[en]».

Гульня з’яўляецца ліцэнзіраваннай адаптацыяй рамана «Хобіт, або Туды і назад» Дж. Р. Р. Толкіна і не мае ніякай сувязі з кінатрылогіяй «Уладар пярсцёнкаў» Пітэра Джэксана. На той момант «Vivendi» сумесна з «Tolkien Enterprises» валодала правамі на стварэнне гульнявых адаптацый па легендарыуме Толкіна, а «Electronic Arts» мела правы на гульнявыя адаптацыі па фільмах «New Line Cinema». Гульня трымаецца вельмі блізка да сюжэту рамана, хаця ў ёй і прысутнічаюць другапланавыя персанажы, якіх няма ў арыгінале.

«The Hobbit» атрымаў змяшаныя водгукі крытыкаў, якія хвалілі гульню за вернасць зыходнаму матэрыялу, але адзначалі, што геймплэй неарыгінальны і занадта лёгкі.

Апісанне гульні правіць

Сюжэт правіць

Чараўнік Гэндальф прыбывае ў Шыр і прапануе хобіту Більба Бэгінсу адправіцца з ім у падарожжа. Більба адмаўляецца, але запрашае чараўніка на гарбату. Назаўтра, Гэндальф прыходзіць у кампаніі трынаццаці гномаў на чале з каралём у выгнанні Торынам Дубашчытам. Чараўнік прадстаўляе Більба, як вопытнага злодзея, які адправіцца з імі да Адзінокай гары і дапаможа вярнуць скарбы гномаў у цмока Смаўга. Да свайго ж здзіўлення, Більба згаджаецца. Перад адпраўкай, Гэндальф і гномы даручаюць Більба сабраць прыпасы ў дарогу.

Прыгоды падарожнікаў пачынаюцца аднойчы ноччу, калі, прамоклыя пад дажджом, яны пасылаюць Більба разведаць, што за зарыва віднеецца непадалёк. Хобіт выясняе, што гэта вогнішча троляў, але спачатку сам, а пазней і яго таварышы гномы — трапляюць у палон. На выручку сябрам прыходзіць Гэндальф. Ён пускае ў ход хітрасць, каб тролі перасварыліся і не заўважылі світання. Пры першых промнях сонца яны ператвараюцца ў камень. У пошуках пячоры троляў, Більба сустракае параненую эльфійку Ліяну і дапамагае ёй. У самой пячоры хобіт знаходзіць кароткі меч, якому дае імя Джала.

Падарожнікі прыбываюць у Рывендэл. Гаспадар гэтага месца Эльранд дапамагае гномам разабрацца ў карце Адзінокай гары, дзе між іншага абазначаны патаемны ўваход у падгорнае каралеўства. Адпачыўшы ў гасцінных эльфаў, падарожнікі адпраўляюцца далей, праз Туманныя горы[fr]. Там Більба даводзіцца сутыкнуцца з каменнымі веліканамі, ваўкамі і гоблінамі. У сутычцы з апошнімі хобіт траціць прытомнасць і застаецца адзін. Ачуняўшы, ён блукае ў пошуках сваіх таварышаў і стараецца не папасціся гоблінам. У глыбокіх падгорных пячорах ён знаходзіць Пярсцёнак і сустракае агідную істоту Голума[en], з якім гуляе ў загадкі, ставячы на кон сваё жыццё супраць вызвалення. Голум праігрывае, але не спяшаецца стрымаць слова, і Більба ратуецца, выпадкова дазнаўшыся пра чароўныя ўласцівасці Пярсцёнка.

Выбраўшыся на паверхню, хобіт знаходзіць гномаў і Гэндальфа, але неўзабаве падарожнікаў наспявае пагоня: гобліны і варгі з Туманных гор. У адчайны момант сяброў ратуюць арлы, яны выносяць падарожнікаў да мяжы Цёмналесся[en]. На ўзлеску Гэндальф пакідае кампанію, і калі ў глушы Цёмналесся гномы трапляюць у палон спачатку да жахлівых павукоў, а потым да караля лясных эльфаў Трандуіла, Більба прыходзіцца ратаваць таварышаў аднаму. У палацы Трандуіла Більба сустракае Ліяну, і яна дапамагае хобіту вызваліць гномаў. Яны ўцякаюць у Азёрны горад[en], паселішча непадалёк ад Адзінокай гары. Падчас гасцявання ў горадзе Більба выкрывае змову некаторых мясцовых жыхароў з гоблінамі. Ён знаходзіць легендарную Чорную стралу[es] і аддае яе капітану гарадской варты Барду.

Мінуўшы Пусткі Смаўга, Більба і гномы апынаюцца ля Адзінокай гары і знаходзяць патаемны ўваход у падгорнае каралеўства. Верхавод гномаў Торын урачыста даручае хобіту выканаць сваю частку дамовы. Спачатку яму трэба разведаць становішча спраў і выкрасці з-пад носа цмока Залатую Чашу Трора[ru], затым хобіту даручаюць знайсці слабае месца Смаўга, каб можна было яго забіць. Раз’юшаны прапажай Чашы, Смаўг спрабуе знішчыць Більба, а потым адпраўляецца спаліць Азёрны горад. Дрозд, прысутны на гары, калі Більба апавядаў пра слабае месца ў брані цмока, ляціць у горад і папярэджвае Барда. Калі Смаўг нападае на горад, Бард выпускае ў цмока Чорную стралу і забівае яго. Тым часам Більба і гномы даследуюць падгорнае каралеўства, аднаўляюць працу кузні і іншых механізмаў. Торын даручае хобіту адшукаць Аркенстан[ru], найвялікшую каштоўнасць гномаў Адзінокай гары.

Празнаўшы пра гібель Смаўга, да Адзінокай гары сцякаюцца войскі людзей, эльфаў і гномаў — кожны народ хоча атрымаць частку скарбаў. Але Торына апаноўвае прагнасць, і ён не хоча дзяліцца. Каб прадухіліць бітву, Більба ўпотай пакідае гару з Аркенстанам і аддае яго Барду, які прапануе вярнуць яго Торыну ў абмен на частку багаццяў гары. Торын адмаўляецца, аб’яўляючы Більба здраднікам. У момант найвялікшага накалу з’яўляецца Гэндальф. Ён прыносіць кепскія навіны: сюды рухаюцца легіёны гоблінаў і варгаў. Людзі, эльфы і гномы яднаюцца перад агульным ворагам і пачынаецца Бітвы Пяці Войскаў[fr]. Падчас бітвы Більба даручаюць прабрацца праз стан ворагаў і перадаць важнае пасланне Гэндальфа Барду. Па дарозе Більба здзяйсняе шмат гераічных учынкаў, у тым ліку ратуе пярэваратня Беорна[en], які пазней забівае караля гоблінаў[es]. Бітва заканчваецца паразай гоблінаў, а людзі, эльфы і гномы заключаюць мір. Смяротна паранены Торын просіць прабачэння ў Більба. Азёрны горад пачынае аднаўляцца, а хобіт разам з Гэндальфам вяртаюцца ў Шыр.

Спіс узроўняў правіць

  • 0. Свет мрояў (англ.: Dreamworld)
  • 1. Нечаканая вечарынка (англ.: An Unexpected Party)
  • 2. Смажаная бараніна (англ.: Roast Mutton)
  • 3. Тролева пячора (англ.: Troll-hole)
  • 4. Праз гару і пад гарой (англ.: Over Hill and Under Hill)
  • 5. Загадкі ў цемры (англ.: Riddles in the Dark)
  • 6. Павукі ды мухі (англ.: Flies and Spiders)
  • 7. У бочках — на волю (англ.: Barrels Out of Bond)
  • 8. Цёплая сустрэча (англ.: A Warm Welcome)
  • 9. Звесткі знутры (англ.: Inside Information)
  • 10. Хмары збіраюцца (англ.: The Gathering of the Clouds)
  • 11. Бура ўзнялася (англ.: The Clouds Burst)

Геймплэй правіць

«The Hobbit» — гэта ў першую чаргу платформер[en], які таксама спалучае ў сабе элементы hack and slash[en] бою і галаваломкі[en]. Гульня вядзецца ад трэцяй асобы (версія для Game Boy Advance вядзецца з ізаметрычным поглядам зверху ўніз на тры чвэрці)[4]. Ігрок кіруе Більба Бэгінсам, большасць магчымасцяў якога арыентавана на базавы платформінг: Більба можа скакаць, забірацца па вяроўках і лесвіцах, вісець на выступах, разгойдвацца на ліянах і г. д. Праходжанне гульні грунтуецца на выкананні квэстаў[en]. Кожны ўзровень змяшчае некалькі квэстаў, якія неабходна выканаць, каб перайсці на наступны ўзровень. Многія з узроўняў таксама маюць дадатковыя пабочныя квэсты, якія выконваць не абавязкова, але якія могуць прынесці істотныя ўзнагароды[5].

Падчас бою ў Більба ёсць тры віды зброі. Ён пачынае гульню са сваім кіем, які можна выкарыстоўваць у рукапашным баі, і камянямі, якія ён можа кідаць. Пазней у гульні ён здабывае кароткі меч, якому дае імя Джала. Усе тры зброі можна ўзмацніць[en], знайшоўшы магічныя скруткі, раскіданыя па ўсёй гульні. Гэтыя скруткі даюць такія здольнасці, як павелічэнне наносімай шкоды, атакі ў скачку, падвойныя і патройныя камбінаваныя атакі[en] і зараджаныя атакі[6]. У гульні таксама выкарыстоўваецца Адзіны Пярсцёнак, які можа часова зрабіць Більба нябачным, дазваляючы яму пазбягаць некаторых ворагаў[7][8].

Сістэма здароўя[en] Більба заснавана на «ачках мужнасці». На пачатку гульні ў яго тры ачкі здароўя. За кожную набраную 1 000 ачкоў мужнасці ён атрымлівае дадатковае ачко здароўя. Ачкі мужнасці маюць выгляд крышталяў розных колераў. Колер абазначае каштоўнасць крышталя: сіні (а таксама бірузовы) крышталь роўны 1 ачку мужнасці, чырвоны — 5, зялёны — 10, ліловы — 25, белы — 50. Прагрэс Більба ў атрыманні новага ачка здароўя адлюстроўваецца ў яго лічыльніку мужнасці, які ўвесь час на экране[9]. Па большай частцы ачкі мужнасці раскіданы па ўзроўнях, а таксама налічваюцца за выкананне квэстаў. Некаторыя з крышталяў вялікай каштоўнасці схаваны за межамі асноўнага шляху ўзроўня, у той час як крышталі самага нізкага ўзроўня (сінія) часта выкарыстоўваюцца, каб паказаць гульцу, куды ён мусіць кіравацца[10].

У канцы кожнай главы гулец трапляе да прадаўца, дзе ён можа патраціць унутрыгульнёвую валюту, сярэбраныя пені. Сярод прадметаў, даступных для пакупкі — камяні, лячэбныя зеллі, проціяддзі, ключы-адмычкі, зеллі часовай няўразлівасці, дадатковыя ачкі здароўя і магчымасць павялічыць максімальную колькасць камянёў і зелляў, якія можа насіць з сабой Більба[11].

Пені, зеллі здароўя, проціяддзі і, часта, прадметы квэстаў і мадэрнізацыі зброі можна знайсці ў куфарах па ўсёй гульні. Часта куфары проста адчыняюцца, калі Більба дакранаецца да іх, але часам куфары замкнёныя, і Більба павінен узламаць замок. Гэта ўяўляе сабой міні-гульню[en] на час, у якой гулец павінен спыніць рух стрэлкі ў зялёнай зоне або выбраць сярод хутка міргаючых элементаў — элемент зялёнага колеру. У некаторых куфарах будзе толькі адна міні-гульня, але ў куфарах з больш важнымі прадметамі іх будзе некалькі, у межах васьмі. Калі Більба прамахваецца, таймер пераскоквае наперад; калі ж ён трапляе стрэлкай у чырвоную зону або выбірае элемент чырвонага колеру, міні-гульня адразу заканчваецца. Штрафы за неадкрыццё куфара ўключаюць страту ачкоў здароўя або атручванне. Калі ў гульца ёсць ключ-адмычка, ён можа абыйсці міні-гульню і адразу адкрыць куфар[12].

Акцёры агучкі правіць

Гісторыя стварэння правіць

Распрацоўка правіць

«Хобіт» з’яўляецца адным з найвыдатнейшых фэнтэзійных твораў усіх часоў і ідэальна падыходзіць для таго, каб паслужыць натхненнем для выдатнай гульні. Кніга змяшчае неверагодную колькасць багатага матэрыялу, на аснове якога мы спадзяемся стварыць фэнтэзійную гульню, якая б апраўдала надзвычай высокія чаканні фанатаў Толкіна ва ўсім свеце[13].
—Майк Райдэр; прэзідэнт «Sierra Entertainment[en]»

Першапачаткова кампанія «Vivendi Universal Games[en]» прапанавала сваёй даччынай кампаніі «Sierra Entertainment[en]» выдаць гульню, заснаваную на першай кнізе з трылогіі Толкіна «Уладар Пярсцёнкаў» — «Брацтва Пярсцёнка». Паколькі «Vivendi» валодала правамі на адаптацыю літаратурных твораў Толкіна ў выглядзе відэагульняў, а «Electronic Arts» — на адаптацыю серыі фільмаў «New Line Cinema», гульня не мела б ніякага дачынення да фільма Пітэра Джэксана «Уладар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка». Тым не менш, у выніку «Vivendi» выпусціла гульню «The Fellowship of the Ring[en]» з іншай сваёй даччынай кампаніяй — «Black Label Games». Замест гэтага «Sierra» пачала працу над адаптацыяй больш ранняга рамана Толкіна «Хобіт»[14].

Распрацоўка пачалася ў першай палове 2001 года[15]. 18 лютага 2002 года «Sierra Entertainment» абвясціла, што кампанія «Inevitable Entertainment[en]» займаецца распрацоўкай гульнявой адатацыі «Хобіта» для платформы GameCube[13]. Хаця выпуск планаваўся не раней за канец 2003 года, негульнявая дэма-версія была прадстаўлена на выстаўцы «Electronic Entertainment Expo» у маі 2002 года[16]. Пасля выстаўкі «Sierra» патлумачылі, што з-за невялікага памеру рамана некаторыя часткі гісторыі ў гульні будуць пашыраны. Таксама ў гісторыю будзе дададзена значна больш боек. Тым не менш распрацоўшчыкі атрымалі строгі загад не адхіляцца ад асноўнага сюжэту рамана. «Sierra» падтрымлівалі пастаянную сувязь з «Tolkien Enterprises[en]», а таксама нанялі некалькі знаўцаў Толкіна для працы з распрацоўшчыкамі гульні. «Tolkien Enterprises» мела права вета на любыя аспекты гульні, якія, на іх думку, занадта адыходзілі ад тону рамана Толкіна і агулам ад яго легендарыума[en][17]. На ранніх стадыях распрацоўкі былі планы, каб гульцы маглі кіраваць Гэндальфам падчас Бітвы Пяці Войскаў[fr], але ад гэтай ідэі ў канчатковым выніку адмовіліся[17].

Паколькі кніга была крыху больш лёгкай, чым Толкінаў «Уладар пярсцёнкаў», каманда распрацоўшчыкаў хацела выкарыстоўваць стыль, які перадаў бы крыху вычварнасці. Вось як мы прыйшлі да вельмі маляўнічага, стылізаванага свету ў «Хобіце». У кнізе ёсць шмат вельмі цікавых лакацый, і мы хацелі аддаць ім належнае. Адкрыўшы каляровую палітру і трымаючыся як далей ад цьмяных карычневых і шэрых колераў, мы змаглі стварыць вельмі характэрны набор узроўняў. Няма двух аднолькавых на від узроўняў, і ўсе яны выглядаюць цудоўна. Як толькі людзі ўбачаць, колькі візуальнай разнастайнасці ў гэтай гульні, яны палюбяць яе[15].
—Трой Скінер; прадзюсар «Vivendi Universal Games[en]»

19 ліпеня 2002 года «Sierra» абвясцілі, што гульня будзе выпушчана таксама і для Game Boy Advance, а распрацоўкай гэтай версіі займаецца кампанія «Saffire[en]»[10]. «Sierra» таксама адзначылі, што версія GBA будзе вылучацца большым ухілам у жанр стэлс[en] і меншай колькасцю баёў, апрача таго гэтая версія будзе бліжэй прытрымлівацца сюжэту кнігі[4]. 24 лютага 2003 года было абвешчана, што гульня выйдзе таксама ў версіях для PlayStation 2, Xbox і Windows, прычым першымі дзвюма зоймецца кампанія «Inevitable Entertainment[en]», а версіяй для Windows — кампанія «The Fizz Factor[en]»[10]. Кен Эмберы, выканаўчы прадзюсар гульні ад «Sierra», заявіў, што з самага пачатку планавалася зрабіць гульню мультыплатформеннай. «Мы пачыналі з GameCube у якасці асноўнай платформы і проста не хацелі раскрываць усе свае карты раней часу. PS2, вядома, самая праблематычная платформа для распрацоўшчыкаў, і мы хацелі пераканацца, што ў нас ёсць надзейныя прататыпы і рабочыя апрабаваныя версіі, перш чым абнародаваць гэта»[18]. Эмберы патлумачыў, што на мастацкі стыль гульні паўплывалі гульні «Super Mario[en]» і «The Legend of Zelda[en]», і ў гэтым сэнсе яна была разлічана на крыху маладзейшую аўдыторыю, чым фільмы «Уладар пярсцёнкаў»[18]. Трой Скінер з «Vivendi Universal Games» адзначыў: «Хобіт быў напісаны для малодшай аўдыторыі, таму было разумна стварыць гульню, якая спадабалася б дзецям малодшага ўзросту, гэтаксама як і дарослым. Мы разглядалі розныя тыпы гульняў, якія можа было зрабіць, і прыгодніцкі баявік[en] з моцным акцэнтам на экшане здаўся найлепшым шляхам. Мы не хацелі рабіць гульню недаступнай, перагружаючы гульцоў складаным RPG[en]-геймплэем»[15].

На «Game Developers Conference[en]» у сакавіку 2003 года была прадстаўлена гульнявая дэма-версія для GameCube, PlayStation 2 і Xbox. Дэманстраваліся ўзроўні «Хобітан» і «Туманныя горы»[19][20]. У чэрвені «Inevitable[en]» паведамілі, што ўсе тры кансольныя версіі будуць працаваць на ўласным шматплатформенным гульнявым рухавіку[8]. У версіі GBA выкарыстоўваўся ўласны рухавік, распрацаваны «Saffire», але гульнявы працэс і сюжэт былі пазычаны са зборкі «Inevitable»[21]. На выстаўцы «Electronic Entertainment Expo» у чэрвені 2003 года была даступна трохузроўневая дэма-версія для ўсіх сістэм. Яна ўключала першы ўзровень, узровень з павукамі ў Цёмналессі і ўзровень, дзе Більба прабіраецца ў логава Смаўга. Было таксама абвешчана, што дата выпуску гульні пераносіцца з верасня на лістапад, каб можна было ўнесці некаторыя апошнія змены[10].

Музычнае суправаджэнне правіць

 
Род Эбернэці[en], кампазітар.

Музычнае суправаджэнне да гульні было створана Родам Эбернэці[en], Дэйвам Адамсам і Джэйсанам Грэйвсам[en] і запісана ўжывую з аркестрам «Northwest Sinfonia[en]» у Сіэтле. Акустычная музыка[en] была запісана з асобнымі кельцкімі музыкантамі[en] з Ролі, Паўночная Караліна[15].

Па словах вядучага праграміста[en] Эндзі Тысена, у гульні ёсць даволі складаная музычная логіка, якая аб’ядноўвае тэмы ўзроўняў. «У нас ёсць некалькі вельмі розных лакацый, кожная са сваёй мелодыяй і тэмай, і мы змешваем іх пры набліжэнні да пэўных персанажаў, пры пачатку і завяршэнні бою або ў небяспечных сітуацыях. Такі ціск на эмоцыі гульца сапраўды многае дадае гульні»[18].

Па меркаванні кампазітара Эбернэці, для прыгод Більба ў Міжзем’і патрэбна музыка, якая была б «простай, меладычнай і арганічнай», а для баявых сцэн — смелай і драматычнай. Ён патлумачыў, што літаратура Толкіна выклікае асацыяцыі з гукамі народных скрыпак[en], драўляных флейт, валынак[en], гітары, мандаліны, баўрона[en]; і падчас баёў альбо бітваў — з «нізкім строкатам струнных, драматычнасцю ударных і то працяглым, то адрывістым рухам медных духавых[en]»[22].

Камандзе быў выдзелены бюджэт на стварэнне сямідзесяці пяці хвілін арыгінальнай музыкі, якая павінна была быць падзелена на дзве катэгорыі: «акустычная інструментальная музыка для Більбава абследавання мясцовасці і жывая аркестравая музыка для экшанавых/баявых сцэн»[22].

Гульня падзелена на раздзелы і сцэны, пры тым кожная сцэна мае ўласныя музычныя патрабаванні, уключаючы тэмы для розных персанажаў і мясцовасцяў. Эбернэці тлумачыць: «Большасць музычных рэплік[en] у сцэне звычайна доўжацца ад 20 да 30 секунд і ранжыруюцца па ступені інтэнсіўнасці. Пакуль сцэна гуляецца, гэтыя рэплікі мусяць спалучацца адна з адной у любым парадку, але пры гэтым — гучаць цэласна. Каб завяршыць сцэну, ёсць „Win-Stinger“ і „Lose-Stinger“, якія адпавядаюць кожнаму ўзроўню інтэнсіўнасці, у залежнасці ад таго, дзе гулец спыняе гульню падчас сцэны. Гэты працэс вытворчасці музыкі быў прыменены для стварэння больш чым 210 музычных рэплік, якія ахопліваюць шэсць раздзелаў і 40 сцэн»[22].

Каманда кансультавалася з Чансам Томасам, дырэктарам па музыцы ў «Tolkien Enterprises». Яны запісвалі дэманстрацыі для кожнай сцэны ў гульні і адпраўлялі Томасу, які даваў свае парады[22].

Афіцыйны саўндтрэк складаецца з 23 кампазіцый і доўжыцца 36 хвілін[23][24].

Назва Працягласць
1. «Prelude» 1:03
2. «Flight of the Dragon» 1:03
3. «A Hobbit’s Tale Reprise» 0:35
4. «Combat in the Lone-lands» 2:18
5. «A Walk in the Shire» 1:01
6. «Lianna’s Theme» 0:47
7. «Traveling to Rivendell» 0:59
8. «Dwarves at Work» 0:39
9. «Lost in the Caves» 0:42
10. «Crossing the Bridge» 1:51
11. «Battle of Lake-town» 2:26
12. «Sneaking Through Elvish Halls» 2:55
13. «Working in the Mill» 2:00
14. «The Desolation of Smaug» 1:29
15. «The Battle of Five Armies» 2:32
16. «Combat in Mirkwood» 1:30
17. «Lurking Among the Wood-elves» 0:33
18. «Inside the Misty Mountains» 2:06
19. «The Spider Gauntlet» 1:23
20. «The Trolls» 2:17
21. «Beorn Crushes Bolg» 2:02
22. «Smaug Awakens» 1:42
23. «A Hobbit’s Tale» 2:09
36:02

Рэліз правіць

Гульня «The Hobbit» была ўпершыню выпушчана 24 кастрычніка 2003 года ў Еўропе для платформы Game Boy Advance[1][25]. Амерыканскі рэліз на ўсіх пяці платформах адбыўся 11 лістапада 2003 года[2][3][25]. Еўрапейскі рэліз гульні для платформ GameCube, Microsoft Windows, PlayStation 2, Xbox адбыўся 28 лістапада 2003[1][25].

Крытыка правіць

«The Hobbit» атрымаў змяшаныя водгукі на ўсіх платформах. На агрэгатары аглядаў[en] «Game Rankings» адзнака вагаецца між 62% і 66%. Агрэгатар аглядаў «Metacritic» дае падобны разбег адзнак — ад 59% да 67%[31].

IGN назвалі версію для Game Boy Advance добрай экшн-гульнёй з уражлівай графікай, але палічылі, што ёй не хапае пачуцця велічы, а ўсе квэсты і бітвы здаюцца трывіяльнымі і няважнымі[38]. Аглядаючы іншыя версіі, яны таксама пахвалілі экшн і візуал, але адзначылі, што гульнявы працэс падобны да «The Legend of Zelda», але зроблены не настолькі добра; у першую чаргу гульню рэкамендавалі «зацятым фанатам Толкіна» і маладым гульцам[39][40][41][42].

«GameSpot[en]» і «GameSpy[en]» пагадзіліся, што гульня можа патрафіць фанатам Толкіна, ухваліўшы вернасць гульні кнізе; тым не менш, яны адзначылі, што геймплэй неарыгінальны і недастатковы, каб адпавядаць гэтай гісторыі[33][34][35][36]. «GameSpy» таксама адзначылі ў сваім аглядзе версіі для ПК, што яна можа расчараваць усіх, бо выглядае «занадта дзіцяцкай» для дарослых, занадта складанай для дзяцей і непрывабнай для фанатаў Толкіна з-за адаптацыі кнігі ў «легкавесны, мульцяшны платформер»[37]. «Eurogamer» раскрытыкавалі версію для Xbox, назваўшы яе «да болю сярэдняй», з месцамі жахлівай графікай, паўтаральнымі ўзроўнямі і занадта вялікай колькасцю сцэнарыяў тыпу «знайдзі ключ»[32].

Асобнай пахвалы ад крытыкаў удастоілася музыка. Так, аглядальнік з IGN заявіў наступнае: «Саўндтрэк гульні фантастычны. Ён аркестраваны, цалкам атмасферны і разнастайны. Музычнае суправаджэнне дае сумесь мяккага, далікатнага фону, які ўзбагачае настрой мясцовасці, і гучнай, грукочучай музыкі, якая выдатна падкрэслівае дасягненні. Калі б больш распрацоўшчыкаў удзяляла час на падобнае ўкараненне саўндтрэкаў, свет быў бы лепшым»[41].

Узнагароды правіць

25 сакавіка 2004 года на цырымоніі ўручэння Прэміі Гільдыі гульнявой аўдыясеткі[en] (англ.: Game Audio Network Guild Awards) гульня «The Hobbit» перамагла ў намінацыі «Найлепшы альбом з арыгінальным саўндтрэкам»[50].

Крыніцы правіць

  1. а б в г The Hobbit (англ.). Eurogamer. Архівавана з першакрыніцы 24 верасня 2015. Праверана 12 верасня 2023.
  2. а б The Hobbit (GBA) (англ.)(недаступная спасылка). GameSpy[en]. Архівавана з першакрыніцы 15 студзеня 2012. Праверана 25 студзеня 2016.
  3. а б The Hobbit (PlayStation 2) (англ.). GameSpy[en]. Архівавана з першакрыніцы 24 кастрычніка 2014. Праверана 12 верасня 2023.
  4. а б The Hobbit Q&A (англ.). GameSpot[en] (19 ліпеня 2002). Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2021. Праверана 12 верасня 2023.
  5. The Hobbit: PlayStation 2 Manual 2003, pp. 21–22.
  6. The Hobbit: PlayStation 2 Manual 2003, p. 14.
  7. The Hobbit: PlayStation 2 Manual 2003, p. 29.
  8. а б Ivan Sulic. Hands on a Hobbit (англ.). IGN (3 чэрвеня 2003). Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2021. Праверана 12 верасня 2023.
  9. The Hobbit: PlayStation 2 Manual 2003, p. 15.
  10. а б в г Ricardo Torres. The Hobbit Impressions (англ.). GameSpot[en] (5 чэрвеня 2003). Архівавана з першакрыніцы 24 лістапада 2018. Праверана 12 верасня 2023.
  11. The Hobbit: PlayStation 2 Manual 2003, pp. 16–17.
  12. The Hobbit: PlayStation 2 Manual 2003, pp. 13–14.
  13. а б The Hobbit Announced for GameCube (англ.). IGN (18 лютага 2002). Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2021. Праверана 12 верасня 2023.
  14. Lord of the Games (англ.). IGN (2 снежня 2002). Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2021. Праверана 12 верасня 2023.
  15. а б в г The Hobbit Q&A (англ.). GameSpot[en] (12 мая 2002). Архівавана з першакрыніцы 25 сакавіка 2018. Праверана 9 верасня 2023.
  16. E3 2002: First Look: The Hobbit (англ.). IGN (22 мая 2002). Архівавана з першакрыніцы 9 лютага 2023. Праверана 12 верасня 2023.
  17. а б Shane Satterfield. The Hobbit Preview (англ.). GameSpot[en] (15 ліпеня 2002). Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2021. Праверана 12 верасня 2023.
  18. а б в Matt Casamassina. The Hobbit Interview (англ.). IGN (24 лютага 2003). Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2021. Праверана 12 верасня 2023.
  19. Hilary Goldstein. GDC 2003: Eyes on The Hobbit (англ.). IGN (5 сакавіка 2003). Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2021. Праверана 12 верасня 2023.
  20. Bob Colayco. GDC 2003: The Hobbit Impressions (англ.). GameSpot[en] (7 сакавіка 2003). Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2021. Праверана 12 верасня 2023.
  21. Craig Harris. The Hobbit (англ.). IGN (5 чэрвеня 2003). Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2021. Праверана 12 верасня 2023.
  22. а б в г Rod Abernathy. Live Orchestra for The Hobbit (англ.). Mixonline.com (1 кастрычніка 2003). Архівавана з першакрыніцы 16 чэрвеня 2015. Праверана 12 верасня 2023.
  23. The Hobbit — The Complete Original Soundtrack (англ.). Rate Your Music. Праверана 12 верасня 2023.
  24. Hobbit, The (2003) (англ.). Soundtrack Collector. Архівавана з першакрыніцы 26 верасня 2015. Праверана 12 верасня 2023.
  25. а б в The Hobbit™ (англ.). Altar of Gaming. Архівавана з першакрыніцы 8 лістапада 2023. Праверана 8 лістапада 2023.
  26. The Hobbit for GameBoy Advance (англ.)(недаступная спасылка). Game Rankings. Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2017. Праверана 16 кастрычніка 2014.
  27. The Hobbit for GameCube (англ.)(недаступная спасылка). Game Rankings. Архівавана з першакрыніцы 9 снежня 2019. Праверана 16 кастрычніка 2014.
  28. The Hobbit for PC (англ.)(недаступная спасылка). Game Rankings. Архівавана з першакрыніцы 9 снежня 2019. Праверана 16 кастрычніка 2014.
  29. The Hobbit for PlayStation 2 (англ.)(недаступная спасылка). Game Rankings. Архівавана з першакрыніцы 9 снежня 2019. Праверана 16 кастрычніка 2014.
  30. The Hobbit for Xbox (англ.)(недаступная спасылка). Game Rankings. Архівавана з першакрыніцы 9 снежня 2019. Праверана 16 кастрычніка 2014.
  31. а б в г д The Hobbit: The Prelude to the Lord of the Rings (англ.). Metacritic. Архівавана з першакрыніцы 29 кастрычніка 2023. Праверана 29 кастрычніка 2023.
  32. а б Tom Bramwell. The Hobbit: Vivendi takes us there and back again. (англ.). Eurogamer (23 студзеня 2004). Архівавана з першакрыніцы 13 чэрвеня 2014. Праверана 12 верасня 2023.
  33. а б Ryan Davis. The Hobbit Review (PC) (англ.). GameSpot[en] (20 лістапада 2003). Архівавана з першакрыніцы 2 снежня 2017. Праверана 12 верасня 2023.
  34. а б Ryan Davis. The Hobbit Review (PS2) (англ.). GameSpot[en] (18 лістапада 2003). Архівавана з першакрыніцы 2 снежня 2017. Праверана 12 верасня 2023.
  35. а б Ryan Davis. The Hobbit Review (англ.). GameSpot[en] (18 лістапада 2003). Архівавана з першакрыніцы 31 кастрычніка 2014. Праверана 12 верасня 2023.
  36. а б Matthew Freeman. The Hobbit Review (GameCube) (англ.)(недаступная спасылка). GameSpy[en] (5 лістапада 2003). Архівавана з першакрыніцы 15 студзеня 2012. Праверана 16 кастрычніка 2014.
  37. а б Dan Bennett. The Hobbit Review (PC) (англ.). GameSpy[en] (13 снежня 2003). Архівавана з першакрыніцы 24 кастрычніка 2014. Праверана 12 верасня 2023.
  38. а б Adam Tierney. The Hobbit (англ.). IGN (2 снежня 2003). Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2021. Праверана 12 верасня 2023.
  39. а б Matt Casamassina. The Hobbit (англ.). IGN (12 лістапада 2003). Архівавана з першакрыніцы 27 кастрычніка 2023. Праверана 12 верасня 2023.
  40. а б Matt Casamassina. The Hobbit Review (англ.). IGN (13 лістапада 2003). Архівавана з першакрыніцы 27 кастрычніка 2023. Праверана 12 верасня 2023.
  41. а б в Matt Casamassina. The Hobbit (англ.). IGN (12 лістапада 2003). Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2021. Праверана 12 верасня 2023.
  42. а б Matt Casamassina. The Hobbit (англ.). IGN (12 лістапада 2003). Архівавана з першакрыніцы 27 кастрычніка 2023. Праверана 12 верасня 2023.
  43. The Hobbit im Gamezone-Test (ням.). Gamezone.de[de] (12 снежня 2003). Архівавана з першакрыніцы 27 жніўня 2023. Праверана 31 кастрычніка 2023.
  44. The Hobbit im Gamezone-Test (ням.). Gamezone.de[de] (16 снежня 2003). Архівавана з першакрыніцы 31 кастрычніка 2023. Праверана 31 кастрычніка 2023.
  45. "The Hobbit Review (GBA)". Nintendo Power. December 2003. p. 150.
  46. "The Hobbit Review (GameCube)". Nintendo Power. December 2003. p. 152.
  47. "The Hobbit Review (PS2)". Official U.S. PlayStation Magazine. January 2004. p. 120.
  48. "The Hobbit Review (Xbox)". Official Xbox Magazine. January 2004. p. 63.
  49. "The Hobbit Review (PC)". PC Gamer: 76. February 2004.
  50. 2nd Annual GANG Awards – 2003 Released Games (англ.). Game Audio Network Guild[fr]. Архівавана з першакрыніцы 5 ліпеня 2015. Праверана 12 верасня 2023.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць