Уладар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка

«Уладар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка» (англ.: The Lord of the Rings: The Fellowship of the Ring) — эпічны прыгодніцкі фэнтэзі-фільм 2001 года рэжысёра Пітэра Джэксана[23]. Фільм з’яўляецца экранізацыяй рамана Дж. Р. Р. Толкіна «Брацтва пярсцёнка» (1954) — першага тома трылогіі «Уладар пярсцёнкаў». Прадзюсарамі фільма сталі Бары Осбарн[en], Пітэр Джэксан, Фрэн Уолш[en] і Цім Сандэрс[en]. Сцэнарый фільма напісалі Фрэн Уолш[en], Філіпа Боенс і Пітэр Джэксан. У акцёрскі ансамбль фільма ўвайшлі Элайджа Вуд, Іэн Мак-Келен, Ліў Тайлер, Віга Мортэнсен, Шон Эсцін, Кейт Бланшэт, Джон Рыс-Дэвіс, Білі Бойд[en], Домінік Монаган[en], Арланда Блум, Крыстафер Лі, Х’юга Уівінг, Шон Бін, Іэн Холм, Эндзі Сэркіс[en]. Фільм стаў першай часткай кінатрылогіі «Уладар пярсцёнкаў». У 2002 годзе на экраны выйшла другая частка — «Дзве вежы», у 2003 годзе трэцяя частка — «Вяртанне караля».

Уладар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнкаM:
англ.: The Lord of the Rings: The Fellowship of the Ring
Постар фільма
Жанр фэнтэзійны фільм[1][6][…], прыгодніцкі фільм[1][2][…], драматычны фільм, баявік і экранізацыя рамана[d]
Рэжысёр
Прадзюсар
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія WingNut Films[d] і New Line Cinema
Працягласць 178 хв.[18], 208 хв.[19] і 228 хв.[20]
Бюджэт 93 000 000 $
Зборы 888 159 923 $[21] і 319 372 078 $[22]
Краіна
Мова англійская
Год 19 снежня 2001[1][2][…], 19 снежня 2001[3], 10 студзеня 2002[4], 2001 і 18 студзеня 2002[5]
Наступны фільм Уладар пярсцёнкаў: Дзве вежы
IMDb ID 0120737
Афіцыйны сайт (англ.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Падзеі кінастужкі адбываюцца ў выдуманым свеце Серадзем’я. Гісторыя апавядае пра Цёмнага Лорда Саўрана, які некалі згубіў Адзіны Пярсцёнак, у якім утрымлівалася частка ягонай душы і ягонага магуцця. Цяпер ён шукае яго, каб вярнуць сабе ўладу над светам. Тым часам даўно страчаны Пярсцёнак знаходзіцца і трапляе да хобіта Фрода Торбінса. Цяпер лёс Серадзем’я вісіць на валаску. Фрода і восем яго сутаварышаў распачынаюць небяспечнае падарожжа да Вогненнай гары[en] — адзінага месца, дзе Пярсцёнак можа быць знішчаны.

«Брацтва пярсцёнка» фінансавалася і распаўсюджвалася амерыканскай студыяй «New Line Cinema», але цалкам здымалася і манціравалася на радзіме рэжысёра ў Новай Зеландыі. Прэм’ера фільма адбылася 10 снежня 2001 года ў кінатэатры «Адэон Лестэр-сквер[en]» у Лондане, а сусветны пракат пачаўся 19 снежня 2001 года. Фільм атрымаў прызнанне як сярод крытыкаў, так і сярод большасці аматараў Толкіна. Фільм лічыцца важнай вяхай у кінавытворчасці і значнай падзеяй у развіцці жанра фэнтэзі ў кіно. Карціна атрымала пахвалы за візуальныя эфекты, акцёрскую ігру, рэжысуру, сцэнарый і вернасць зыходнаму матэрыялу. У першапачатковым пракаце фільм сабраў 880 мільёнаў долараў па ўсім свеце, што зрабіла яго другім самым касавым фільмам 2001 года і пятым самым касавым фільмам усіх часоў на момант яго выхаду. Пасля наступных перавыданняў па стане на 2021 год ён сабраў больш за 897 мільёнаў долараў.

«Брацтва пярсцёнка», як і наступныя часткі трылогіі, лічыцца адным з найвялікшых і самых уплывовых фільмаў, сярод калі-небудзь створаных. Фільм атрымаў мноства узнагарод. На 74-й цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар» ён быў намініраваны на трынаццаць узнагарод, у тым ліку за найлепшы фільм, найлепшую рэжысуру, найлепшы адаптаваны сцэнарый, найлепшую мужчынскую ролю другога плана, найлепшую працу мастака-пастаноўшчыка, найлепшы дызайн касцюмаў, найлепшы мантаж, найлепшую арыгінальную песню і найлепшы гук. Але атрымаў толькі чатыры ўзнагароды: Найлепшая аператарская праца, Найлепшы грым, Найлепшы арыгінальны саўндтрэк і Найлепшыя візуальныя эфекты.

У 2021 годзе фільм быў абраны Бібліятэкай Кангрэса для захавання ў Нацыянальным рэестры фільмаў ЗША як «культурна, гістарычна або эстэтычна значны».

У старадаўнія часы былі створаны Пярсцёнкі Улады: тры з іх былі аддадзены каралям эльфаў, сем — уладарам гномаў, дзевяць — людзям. Аднак патаемна быў створаны яшчэ адзін пярсцёнак. У краіне Мордар, у агні вулкана Арадруін Цёмны Уладар Саўран стварыў Пярсцёнак Усеўладдзя, каб кіраваць усімі іншымі ўладарамі Серадзем’я. Адна за адной свабодныя землі траплялі пад уладу Пярсцёнка, аднак былі і тыя, хто не пабаяўся паўстаць супраць зла, — войска Апошняга Саюза эльфаў і людзей уступіла ў бой з полчышчамі оркаў на схілах вогненнай гары Арадруін. Саюзнікі ўжо пачыналі перамагаць, як раптам у бітву ўступіў сам Саўран. Ён знішчыў большую частку воінаў Апошняга Саюза і забіў караля Арнара Эленьдзіля, але яго сыну Ісільдуру ўдалося адсекчы Цёмнаму Уладару палец разам з Пярсцёнкам Усеўладдзя — і Саўран разувасобіўся. Ісільдур забраў Пярсцёнак сабе, але праз некалькі гадоў загінуў, трапіўшы ў засаду оркаў. Пярсцёнак апынуўся на дне вялікай ракі Андуін, дзе праз дзве з паловай тысячы гадоў яго знайшоў хобіт Смеагол. Пярсцёнак падпарадкаваў сабе волю новага гаспадара, і той стаў злачынцам, ён пасяліўся глыбока ў пячорах Імглістых гор і там з часам пераўтварыўся ў жахлівую істоту па імені Голум. Яшчэ праз пяцьсот гадоў Пярсцёнак пакінуў Голума, і ім выпадкова завалодаў хобіт Більба Торбінс.

Мінула 60 гадоў. Чараўнік Гандальф Шэры прыязджае ў краіну хобітаў Шыр, дзе яго радасна сустракае хобіт Фрода Торбінс. Яго дзядзька, Більба, плануе з размахам адзначыць сваё 111-годдзе і 33-годдзе свайго пляменніка. Більба скардзіцца чараўніку на стомленасць і дзеліцца марай знайсці ціхае ўтульнае месца, каб скончыць кнігу. У разгар свята Більба выступае з прамовай перад гасцямі і заяўляе, што сыходзіць. На ўсеагульнае здзіўленне ён літаральна знікае ва ўсіх на вачах. На самай справе, ён апрануў Пярсцёнак, які між іншага мае ўласцівасць рабіць нябачным. Більба вяртаецца дадому, дзе застае Гандальфа, які просіць яго перадаць Пярсцёнак Фрода. Да здзіўлення Гандальфа Більба прыходзіць у шаленства з-за таго, што ў яго жадаюць адабраць «яго каштоўнасць», аднак неўзабаве ён супакойваецца і прымае параду чараўніка. Пакінуўшы Пярсцёнак Фрода, ён знікае з Шыра.

Гандальф адчувае няладнае і адпраўляецца ў Мінас-Цірыт, дзе знаходзіць паперы Ісільдура, у якіх той апісвае Пярсцёнак Усеўладдзя. Між іншага ў запісах Ісільдура апісаны надпіс на Пярсцёнку і сказана, што яго можна выявіць пры дапамозе агню. Тым часам Голум пад катаваннямі ў цытадэлі Саўрана — Барад-дуры — прызнаецца, што Пярсцёнак знаходзіцца ў Шыры і ім валодае нейкі Торбінс. З крэпасці Мінас-Моргул на паляванне за Пярсцёнкам адразу ж выпраўляюцца Чорныя Вершнікі — назгулы.

Гандальф у спешцы вяртаецца ў Шыр і загадвае Фрода кінуць Пярсцёнак у агонь. Убачыўшы, што на Пярсцёнку праяўляюцца надпісы на Чорнай мове, Гандальф канчаткова пераконваецца, што за Пярсцёнак перад ім. Ён апавядае Фрода гісторыю Пярсцёнка, і што вораг ужо знайшоў Голума і выведаў пра цяперашняе месцазнаходжанне «каштоўнасці». Фрода адразу ж пагаджаецца адправіцца ў Раздол, каб Пярсцёнак быў схаваны ў бяспецы. Садоўнік Сэмуайз Гэмджы[en] падслухоўвае іх размову, і Гандальф у «наказанне» адпраўляе яго суправаджаць Фрода. Дарогай Фрода і Сэм сустракаюць хобітаў Піпіна і Мэры[en], якія крадуць гародніну на полі фермера Мэгата. Уцякаючы ад фермера, яны ледзь не трапляюцца Чорным Вершнікам, але ўсё ж паспяваюць уцякаць з Шыра.

Гандальф прыбывае ў крэпасць Ізенгард да кіраўніка ордэна чараўнікоў — Сарумана Белага, які, як апынаецца, даўно разабраўся ў сітуацыі і перайшоў на бок Мордара. Гандальф адмаўляецца далучыцца да яго і пасля бойкі з чараўніком-здраднікам трапляе да яго ў палон. Саруман ператварае свой квітнеючы край у падабенства Мордора і прыступае да стварэння войска ў дапамогу Саўрану.

Фрода з таварышамі спыняюцца ў карчме ў мястэчку Бры, дзе іх заўважае загадкавы Следапыт Поўначы. У зале карчмы Фрода выпадкова апранае Пярсцёнак, і назгулы адразу ж вызначаюць яго месцазнаходжанне. Следапыт Арагорн адводзіць хобітаў у свой пакой і выклікаецца правесці іх да Раздола. Уначы назгулы пранікаюць у Бры і ўрываюцца ў пустыя пакоі хобітаў, пасля чаго пакідаюць мястэчка. Арагорн вядзе хобітаў праз лясы і балоты, але назгулы не адстаюць ні на крок.

Хобіты разбіваюць лагер на Наветранай строме, на вяршыні якой знаходзяцца руіны вартаўнічай вежы Аман Сул. Арагорн выдае хобітам зброю і сыходзіць на разведку. Мэры і Піпін па дурасці разводзяць вогнішча, якое прыцягвае ўвагу назгулаў. Яны адразу ж атакуюць хобітаў, якія беспаспяхова спрабуюць аказаць ім супраціўленне. Раптоўна вяртаецца Арагорн і адбіваецца ад Вершнікаў, але іх верхавод Кароль-чараўнік паспявае цяжка параніць Фродо моргульскім клінком. Іх знаходзіць эльфійка Арвен, каханая Арагорна, яна бярэ Фрода да сябе ў сядло і галопам імчыць у Раздол. Назгулы заўважаюць гэта і пачынаюць пераслед. Арвен ледзьве паспявае ўцячы ад пераследнікаў і, дабраўшыся да ракі на мяжы Раздола, абрыньвае на Вершнікаў моц рачной стыхіі. Уладыка Элранд вылечвае Фрода і ён аказваецца ў Раздоле, дзе сустракае Гандальфа, які здолеў уцячы з палону, а затым і Більба. Гандальф назірае, як Фродо апраўляецца ад ранення, нанесенага верхаводам назгулаў (хоць ведае, што рана не загоіцца цалкам і будзе турбаваць яго да канца жыцця), і паведамляе Элранду пра планы Сарумана. Уладыка Раздола кажа, што небяспечна пакідаць Пярсцёнак у яго ўладаннях, і прыгадвае, як пасля бітвы ля Барад-Дура ўгаворваў Ісільдура кінуць Пярсцёнак у жарало Вогненнай гары, але той у апошні момант перадумаў.

У Раздол прыбываюць прадстаўнікі людзей, эльфаў і гномаў, каб вырашыць, як адказаць на пагрозу з боку Мордара. Збіраецца Рада, дзе прысутным дэманструюць Пярсцёнак Усеўладдзя і ў якасці выйсця прапануюць знішчыць Пярсцёнак, што можна зрабіць толькі кінуўшы яго ў полымя Вогненнай гары ў сэрцы Мордара. Шакіраваны сын намесніка Гондара Борамір заяўляе, што гэта немагчыма: Мордар — бясплодная выпаленая атручаная пустыня, а яго Чорныя Брамы пільнуюць не толькі оркі, там тоіцца моцнае зло, і Усёбачнае Вока Саўрана з вяршыні Барад-Дура бачыць усё. Распачынаецца спрэчка, хто возмецца за гэтую справу і ці магчыма яе выканаць увогуле. Тады Фрода ўстае і сам выклікаецца аднесці Пярсцёнак у Мордар. Гэта прымірае сабраўшыхся, хобіта бяруцца суправаджаць яго сябры Сэм, Мэры і Піпін, а таксама чараўнік Гандальф, эльф Легалас з Цемналесся, гном Гімлі з каралеўства Эрэбор, а з людзей — Борамір і Арагорн. Элранд называе гэты атрад Брацтвам Пярсцёнка і выпраўляе яго ўдзельнікаў у паход.

На падыходзе да Брамаў Рохана Брацтва заўважаюць вароны-шпіёны Сарумана, і героям прыходзіцца абраць больш складаны шлях праз снежны перавал Карадрас. Тут вядзьмарства Сарумана выклікае снежную буру, і героям зноў даводзіцца адступіць. На нарадзе Фрода абірае шлях праз старажытнае падземнае каралеўства гномаў Марыю. Саруман і Гандальф ведаюць, што гномы Кхазад-Дума капалі занадта прагна і глыбока, што прывяло да абуджэння страшнага зла, якое ўвасабляе цемру і агонь. Разгадаўшы загадку, якая адкрывае брамы Морыі, героі заходзяць у падзямелле, ледзь не стаўшы ахвярамі падводнай спрутападобнай пачвары. Брама Морыі апынаюцца заваленымі, а шлях назад адрэзаным. Гімлі прагне пабачыць веліч Морыі і паспытаць гасціннасць яе гаспадароў, аднак каралеўства аказваецца спустошаным, а яго жыхары перабітымі. Піпін выпадкова кранае шкілет, той звальваецца ў студню, і на шум з’яўляецца атрад оркаў з пячорным тролем. Героі ўступаюць у адчайны бой, троль наносіць страшны ўдар дзідай у грудзі Фрода, але яго ратуе міфрылавая кальчуга. Героі спяшаюцца да выхаду з Морыі, але іх акружаюць полчышчы оркаў, якія адразу ж у страху разбягаюцца, адчуўшы набліжэнне нечага куды больш страшнага. Героі дабіраюцца да мосту Кхазад-Дума, перакінутага праз бездань, дзе іх насцігае вогненны дэман старажытнага свету — Балраг. Гандальф уступае з ім у бой і абвальвае мост з дэманам у прорву, але той, абвіўшы нагу чараўніка сваім бізуном, сцягвае яго з абломкаў маста за сабой. Арагорн становіцца на чале атрада і выводзіць паплечнікаў вонкі, Брацтва аплаквае Гандальфа.

Атрад прыходзіць у лясы Латлорыена, дзе іх затрымлівае патруль лясных эльфаў. Арагорн просіць камандзіра патруля Халдзіра адвесці іх да ўладаркі Галадрыель. Тая ведае пра іх паход і мэту. Яна дае падарожнікам прытулак. Адной ноччу Галадрыель паказвае Фрода сваё чароўнае люстэрка, у якім хобіт бачыць лёс Серадзем’я, калі Пярсцёнак вернецца да свайго Уладара, потым відзенне засланяе Усёбачнае Вока Саўрана. Фрода прапануе Пярсцёнак Галадрыель, бо гэтая ноша не па яго малых сілах, але эльфійская каралева адмаўляецца, кажучы, што апыніся ў яе руках такая ўлада, яна стала б Чорнай Уладаркай. На развітанне эльфы забяспечваюць падарожнікаў усім неабходным і адпраўляюць іх у лодках па рацэ Андуін. Саруман высылае на іх пошукі атрад оркаў урук-хай, новастворанага племя, здольнага перасоўвацца пры святле сонца, на чале з Лурцам.

Героі спускаюцца на лодках па Андуіне і, мінуўшы Арганат, высаджваюцца на бераг. На стаянцы Борамір патрабуе ад Фрода аддаць яму Пярсцёнак, ён думае, што зброю Ворага можна выкарыстаць супраць яго самога і такім чынам уратаваць яго народ. Фрода адмаўляецца, тады Борамір спрабуе адабраць Пярсцёнак сілай, але хобіт, надзеўшы Пярсцёнак і стаўшы нябачным, уцякае ад яго. Арагорн знаходзіць Фрода, і хобіту ўжо здаецца, што і ён паспрабуе адняць Пярсцёнак, але Арагорн не паддаецца спакусе і выказвае падтрымку Фрода. Раптам з’яўляецца буйны атрад оркаў. Арагорн уступае з імі ў бой, адцягваючы ворага на сябе, а Фрода карыстаецца момантам, каб збегчы. Гімлі і Легалас прыходзяць на дапамогу Арагорну. Тым часам спыніць Фрода спрабуюць Мэры і Піпін, але бачачы, што прывабілі ўвагу оркаў, яны ў сваю чаргу адцягваюць іх ад Фрода. Ім на дапамогу прыходзіць Борамір. На вачах хобітаў адважны гондарац нішчыць мноства оркаў, але падаспелы Лурц усаджвае ў яго стралу за стралой. Урук-хай захопліваюць Піпіна і Мэры, пасля чаго адступаюць. Лурц застаецца дабіць Бораміра, і той ужо гатовы з гонарам прыняць смерць, але ў самы апошні момант прыбягае Арагорн і забівае Лурца ў цяжкім паядынку. Паміраючы Борамір расказвае Арагорну аб сваёй спробе забраць Пярсцёнак у Фрода і раскайваецца ў сваім учынку. Усклаўшы памерлага Бораміра на эльфійскую ладдзю і адправіўшы яе па плыні ракі Андуін, Арагорн, Гімлі і Легалас вырашаюць пераследваць оркаў і выручыць Піпіна і Мэры. Фрода і Сэм, які дагнаў свайго гаспадара, пераплываюць Андуін і працягваюць свой шлях у Мордар.

Акцёрскі склад

правіць
   Элайджа Вуд   –   Фрода Торбінс
   Іэн Мак-Келен   –   Гандальф
   Ліў Тайлер   –   Арвен
   Віга Мортэнсен   –   Арагорн
   Шон Эсцін   –   Сэмуайз Гэмджы[en]
   Кейт Бланшэт   –   Галадрыель
   Джон Рыс-Дэвіс   –   Гімлі
   Білі Бойд[en]   –   Перэгрын Тук
   Домінік Монаган[en]   –   Мэрыядок Брэндзібак[en]
   Арланда Блум   –   Легалас
   Крыстафер Лі   –   Саруман
   Х’юга Уівінг   –   Элранд
   Шон Бін   –   Борамір
   Іэн Холм   –   Більба Торбінс
   Эндзі Сэркіс[en]   –   Голум[en]

Саўндтрэк

правіць

Музычнае суправаджэнне да фільма «Уладар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка» напісаў кампазітар Говард Шор.

Узнагароды

правіць

Паводле рэсурса «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 121 кінаўзнагародай і яшчэ 126 намінацыямі[24]. Сярод найбольш значных узнагарод:

Крыніцы

правіць
  1. а б в г http://www.imdb.com/title/tt0120737/ Праверана 9 красавіка 2016.
  2. а б в г http://www.metacritic.com/movie/the-lord-of-the-rings-the-fellowship-of-the-ring Праверана 9 красавіка 2016.
  3. Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 14 красавіка 2017.
  4. Pán prstenů a Harry Potter před dvaceti lety změnili způsob, jak Češi chodili do kinaČeská televize, 2022. Праверана 6 лютага 2022.
  5. https://www.comingsoon.it/film/il-signore-degli-anelli-la-compagnia-dell-anello/1029/scheda/ Праверана 6 лютага 2024.
  6. http://www.filmstarts.de/kritiken/35538-Der-Herr-der-Ringe-Die-Gef%C3%A4hrten.html Праверана 9 красавіка 2016.
  7. а б http://www.sinemalar.com/film/592/yuzuklerin-efendisi-yuzuk-kardesligi Праверана 9 красавіка 2016.
  8. https://web.archive.org/web/20160417094610/http://www.sinemalar.com/film/592/yuzuklerin-efendisi-yuzuk-kardesligi Праверана 9 красавіка 2016.
  9. а б в https://www.siamzone.com/movie/m/448 Праверана 9 красавіка 2016.
  10. http://www.commeaucinema.com/film/le-seigneur-des-anneaux-la-communaute-de-l-anneau,3981 Праверана 9 красавіка 2016.
  11. а б в г д е ё ж з і к л м н о http://www.cinematografo.it/cinedatabase/film/il-signore-degli-anelli---la-compagnia-dell-anello/40426/ Праверана 9 красавіка 2016.
  12. а б в г д е ё ж з і к л м н http://www.bbfc.co.uk/releases/lord-rings-fellowship-ring-2002 Праверана 9 красавіка 2016.
  13. а б в г д е ё http://www.imdb.com/title/tt0120737/fullcredits?ref_=tt_ov_wr Праверана 9 красавіка 2016.
  14. http://www.ofdb.de/film/5462,Der-Herr-der-Ringe-Die-Gef%C3%A4hrten Праверана 9 красавіка 2016.
  15. а б в г д е ё Česko-Slovenská filmová databáze — 2001.
  16. Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 28 чэрвеня 2023.
  17. Česko-Slovenská filmová databáze — 2001. Праверана 28 чэрвеня 2023.
  18. https://catalog.afi.com/Catalog/MovieDetails/53926 Праверана 8 лютага 2024.
  19. https://www.blu-ray.com/dvd/The-Lord-of-the-Rings-The-Fellowship-of-the-Ring-DVD/2903/ Праверана 8 лютага 2024.
  20. https://www.blu-ray.com/movies/The-Lord-of-the-Rings-The-Fellowship-of-the-Ring-Blu-ray/60205/ Праверана 8 лютага 2024.
  21. https://www.boxofficemojo.com/title/tt0120737/ Праверана 28 лістапада 2024.
  22. https://www.boxofficemojo.com/title/tt0120737/ Праверана 26 чэрвеня 2024.
  23. The Lord of the Rings: The Fellowship of the Ring (2001) — IMDb (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 17 сакавіка 2022.
  24. The Lord of the Rings: The Fellowship of the Ring — Awards (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 17 сакавіка 2022.

Спасылкі

правіць