Касцёл Святога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканцаў (Мінск)

Колішні Рымска-Каталіцкі кляштарны комплекс у Мінску

Касцё́л Свято́га Тамаша́ Акві́нскага і кляшта́р дамініка́нцаў — колішні рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Мінску. Дзейнічаў з пачатку XVII стагоддзя да 1832 года. Знаходзіўся на Высокім Рынку, займаў плошчу каля 2 га, абмежаваны вуліцамі Дамініканскай, Валоцкай і Юр’еўскай (частка квартала сучаснага Палаца Рэспублікі).

Сакральнае збудаванне
Касцёл Святога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканцаў
Касцёл Святога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканцаў
Касцёл Св. Тамаша Аквінскага
Касцёл Св. Тамаша Аквінскага
53°54′13″ пн. ш. 27°33′32″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Канфесія каталіцтва
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d]
Дата заснавання XVII ст.
Дата скасавання 1950
Статус Ахоўная зона
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

У склад комплексу ўваходзілі мураваныя будынкі касцёла і кляштарнага корпуса, а таксама драўляныя гаспадарчыя пабудовы: 2 флігелі, стайня, свіран, студня і іншыя, у паўночна-заходняй частцы пляцу знаходзіўся сад; увесь комплекс абкружаў высокі мур з вялікай уязной брамай[1]. Кляштарныя збудаванні ўшчэнт зруйнавалі ў 1950 годзе. Да нашага часу захаваліся падмуркі і скляпенні, што патрабуюць дэталёвага археалагічнага даследавання[2].

Гісторыя

правіць

У 1605 годзе ўдава ваяводы вендэнскага Крыштафа Слушкі Соф’я (з Завішаў) фундавала ў Мінску драўляны касцёл, які ў 1605 годзе перайшоў да манахаў-дамініканцаў[3][4]. Паводле сведчання Уладзіслава Сыракомлі, першы мінскі каталіцкі кляштар падтрымала шляхта, якая вярталася праз горад з выправы на Маскву. Яна зладзіла збор у фонд кляштара, што атрымаў назву «капытковага»[5]. Гэта была плата за правядзенне кожнага каня праз гарадскую заставу. Пазней у інтэр’еры дамініканскага касцёла змясцілі восем гербаў ініцыятараў гэтага збору. Неўзабаве аднак здарыўся пажар, па якім у 1615 годзе ваявода менскі Пётр Тышкевіч падараваў манахам пляц для ўзвядзення мураваных будынкаў касцёла і кляштара. Станам на 1623 год касцёл згадваецца як «нядаўна закладзены»[6]. Мяркуецца, што яго збудавалі ў 16201640[7] гадах і асвяцілі ў гонар святога Тамаша Аквінскага, найбольш славутага прадстаўніка дамініканскага ордэна, філосафа і прапаведніка.

Дамініканскі касцёл і кляштар знаходзіліся непадалёку ад паўднёвай лініі гарадскіх умацаванняў — землянога вала з ровам і бастыёнамі. У другой палове XVII ст. кляштарны комплекс з’яўляўся адным з абарончых фарпостаў горада. У маскоўскіх дакументах часоў Трынаццацігадовай вайны (16541667) згадваецца, што з касцёла можна было весці «полковой и подошвенный и мушкетный бой»[8] Падарожнікі, якія праязджалі праз Мінск, адзначалі пышнасць і багацце дамініканскага касцёла, а стольнік Пятра I П. Талстой, які спыняўся тут у 1697 годзе, захапляўся яго арганам. Вядома, што ў 16921696 гадах арганістам у касцёле служыў К. Мурашкевіч, а з 1698 — К. Ластоўскі[4][9]. Сёння дакладна не вядома, колькі законнікаў-дамініканцаў было ў Мінску ў першай палове XVII ст. Захаваліся толькі дакладныя звесткі пра канец XVIII ст. — станам на 1796 год у кляштары знаходзіліся чатыры законнікі[10][11].

У 1703 годзе завяршылася ўзвядзенне новага кляштарнага комплексу, а ў 1709 годзе распачалася «рэстаўрацыя касцёла, асабліва другой паловы нефа, якую належала выраўняць разам з капліцамі астатняй часткі касцёла». У XVIII ст. адбылася яшчэ адна рэканструкцыя касцёла, для чаго ігумен праваслаўнага манастыра Святых Пятра і Паўла М. Данілеўскі аддаў дамініканам у арэнду цагельню ва ўрочышчы Нядзвежын. У 1781 годзе мінскі бургамістр і старшыня цэха муляроў М. Макарэвіч склаў кантракт з пробашчам Б. Рыбчынскім на будаўнічыя працы[4]. У выніку рэканструкцыяў XVIII ст. кляштарны комплекс атрымаў незвычайную «ансамблевую» кампазіцыю — стварэнне двух планаў-кулісаў, разгорнутых у прасторы[12].

 
Валоцкая вуліца, удалечыні на рагу з Дамініканскай — касцёл Святога Тамаша Аквінскага, здымак 1860-х гадоў

З утварэннем Мінскай дыяцэзіі ў 1798 годзе частку корпусу дамініканскага кляштара перадалі пад рэзідэнцыю біскупа. Па здушэнні вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў расійскія ўлады зачынілі кляштар (19 ліпеня 1832), касцёл пачаў дзейнічаць як парафіяльны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы[4]. У 1840-я гады кляштарныя будынкі перабудавалі пад каталіцкую семінарыю[13], але па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў, з 1869 года комплекс выкарыстоўваўся пад ваенныя кашары. Дзесьці на працягу XIX ст. касцёл страціў свае бакавыя вежы[14]. У 1880-я гады з’явіўся праект прыстасавання былой дамініканскай бажніцы пад гарадскі тэатр, аднак яго не ажыццявілі[2]. У пач. XX ст. касцёл выкарыстоўваўся мінскім пажарным дэпо[15]. Каля 1907 года верх франтона касцёла разабралі, а на яго месцы з’явілася драўляная назіральная пажарная вышка.

5 ліпеня 1926 года комплекс касцёла і кляштара дамініканцаў узялі пад ахову дзяржавы[16]. Падчас заняцця Мінска савецкімі войскамі ў 1944 годзе кляштарны комплекс быў пашкоджаны[17]. На рэспубліканскай нарадзе па пытанні аднаўлення гарадоў і гарадской гаспадаркі Беларусі, якая праходзіла 25—26 мая 1945 года, у абарону касцёла выступіў гісторык архітэктуры Іван Хозераў[18]:

  Варта пашкадаваць гэты помнік XVII ст. Ён у манументальным выразе ўяўляе цікавае рашэнне, некалькі незвычайнае для гэтага тыпу касцёлаў. Яго пажадана захаваць …можна было б пакінуць яго ў выглядзе такога астраўка і азеляніць, усёткі помнікаў у нас у Мінску не так шмат.

 

У 1945 годзе БССР атрымала ад Германіі кантрыбуцыю на аднаўленне будынкаў[17], а ў канцы 1940-х выканалі першасную кансервацыю касцёла[2]. Аднак у 1950 годзе кіраўніцтва БССР канчаткова зацвердзіла новы генеральны план Цэнтральнай плошчы, паводле якога пасярод яе ўзводзіўся манумент Сталіну, а на месцы колішняга кляштара разбіваўся сквер[17].

Пад покрывам ночы, у 1950 годзе савецкія ўлады ўзарвалі выбітны помнік архітэктуры. Яго камені выкарысталі для падмуркаў новых будынкаў Мінска[17]. У 1985 годзе на Кастрычніцкай плошчы пачалі будаваць Палац Рэспублікі, а ў 1986 годзе археолагі адкапалі падмуркі дамініканскага касцёла Святога Тамаша Аквінскага. Яго сцены месцамі дасягалі 3-метровай таўшчыні, на фасадах выявілі байніцы ніжняга бою, прыстасаваныя для страляніны з мушкетаў. Зянон Пазняк, які браў удзел у раскопках, у адным з артыкулаў прыгадваў, што калі археолагі дабраліся да пласта XVII ст., то выявілі некалькі дзясяткаў шкілетаў з праламанымі альбо прастрэленымі чарапамі[17].

Галерэя

правіць

Архітэктура

правіць
 
Рэканструкцыя кляштарнага комплексу. Малюнак В. Сташчанюка

Архітэктурны ансамбль дамініканскага кляштара меў выразную прасторава-разгорнутую кампазіцыю, першы план якой стварала ўваходная брама, на другім — ішоў беспасярэдне галоўны фасад касцёла, а ў якасці своеасаблівага фону выступалі муры кляштарнага корпуса.

Кляштарныя пабудовы разам з садам займалі пляц 9949,5 м², апроч таго меліся ўладанні ў іншых частках Мінска, якія агулам складалі 5445 м² і здаваліся ў арэнду гараджанам[19].

Касцёл

правіць

Элементам-дамінантай кляштарнага комплексу з’яўляўся касцёл Святога Тамаша Аквінскага, які займаў вуглавое становішча ў яго планавальнай структуры.

  Вонкавыя выявы
  Раскопкі падмуркаў касцёла ў 2-й пал. 1980-х гадоў.

Касцёл — помнік архітэктуры барока, збудаваны паводле канона 3-нефнай 6-слуповай бязвежавай базілікі з 2 капліцамі ў паўднёва-заходніх частках бакавых нефаў[13]. Высокі карабель храма на галоўным фасадзе завяршаў шмат’ярусны фігурны шчыт, моцна раскрапаваны карнізнымі пасамі, руставанымі пілястрамі, пластычнымі ліштвамі лучковых і аркавых аконных праёмаў, бакавымі валютамі, дэкаратыўнымі вазамі і інш. Маляўнічасць фасаду значна ўзбагачвалі купальныя 8-гранныя ратонды-капліцы над бакавымі нізкімі нефамі. З паўночна-заходняга фасада да апсіды далучалася прамавугольная ў плане сакрысція[15].

 
Дамініканская вуліца, справа касцёл. Здымак 2-й пал. XIX ст.

Цэнтральны неф перакрыўся цыліндрычнымі скляпеннямі, бакавыя — крыжовымі[13]. Інтэр’ер упрыгожвалі фрэскавы роспіс і барочна-ракайльныя стукавыя алтары — галоўны і 12 кулісных каля 6 міжнефавых слупоў[20]. Вялікі алтар з абразом Святога Тамаша быў на «сцяне ў оптыцы маляваны», злева ад яго знаходзіліся алтары Дзевы Марыі Ружанцовай[ru], Святога Тадэвуша, Святой Барбары, Святога Вінцэнта, Святой Кацярыны і Святога Міхаіла; справа — алтары Укрыжавання, Святога Дамініка, Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі[ru], Святога Яцэка і Святога Яна Непамука. Яшчэ 2 алтары былі ў капліцах; у левай, фундацыі Глябовічаў, — пад тытулам Святой Марыі Магдалены, у правай, распісанай фрэскамі Мукі Пана, фундацыі Завішаў, — пад тытулам Маці Божай Балеснай. Таксама на карнізах мелася 8 ляпных гербаў фундатараў і апекуноў кляштара[15].

На хорах над нартэксам стаяў найбольшы і напрыгажэйшы ў Мінску арган — на 24 галасы. У 1830-х гадах паслухаць арган у дамініканскі касцёл прыходзіў будучы кампазітар Станіслаў Манюшка, які жыў у будынку насупраць[17].

Уваходная брама

правіць
 
Кляштарная брама

На адлегласці перад галоўным фасадам касцёла стаяла незвычайная ўваходная брама, якая складалася з дзвюх сіметрычных 3-ярусных вежаў-званіцаў з арыгінальным завяршэннем у выглядзе чатырох дыяганальна размешчаных магутных валютаў, увенчаных барочнымі сігнатуркамі. Вежы злучаў уваходны порцік, вырашаны накшталт трыумфальнай аркі[21].

Кляштар

правіць

Кляштарны корпус — прамавугольны ў плане выцягнуты 2-павярховы будынак калідорнай планіроўкі з высокім вальмавым дахам — далучаўся пад прамым вуглом да прэзбітэрыя і канца бакавога нефа касцёла і зліваўся з ім у адзіны манументальны і строгі масіў. Цэнтральная частка фасада вылучалася рызалітам[2]. Памяшканні кляштара перакрываліся крыжовымі скляпеннямі[13].

Апроч мураванага кляштарнага корпуса, меліся драўляныя гаспадарчыя пабудовы: 1-павярховы дом з калідорам, падзелены на кухню з пякарняй і жытло для прыслугі (1825); пуня са стайняй на 4 кані і хлеў (1833); амбар, звязаны з лядоўняй (1823); студня з павеццю на чатырох слупах (1833)[22].

Сучаснасць

правіць
  Вонкавыя выявы
  Эскізная прапанова аднаўлення касцёла Святога Тамаша Аквінскага.

Існуе праект аднаўлення касцёла Святога Тамаша Аквінскага на захаваных да нашага часу падмурках. Спецыялісты архітэктурнай секцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Андрэй Лары і Антон Вантух на падставе навукова-даследчых матэрыялаў распрацавалі эскізную прапанову аднаўлення помніка.

У 2011 годзе Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры падрыхтавала зварот да ўладаў Мінска з абгрунтаваннем дадзенай прапановы[23].

Зноскі

  1. Памяць. Мінск 2001, с. 322—323.
  2. а б в г Памяць. Мінск 2001, с. 323.
  3. У. Дзянісаў. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены. — Мінск, 1996. — С. 6.
  4. а б в г Кулагін 2008, с. 438.
  5. Уладзіслаў Сыракомля. Мінск. — Мн.: «Голас Радзімы», 1992. С. 77.
  6. Беларускі архіў. — Т. 3. — С. 123.
  7. Габрусь 2001, с. 141.
  8. Беларускі архіў. — Т. 3. — С. 204.
  9. Тамара Ліхач Ордэн дамініканцаў і развіццё музычнай культуры Беларусі // Наша Вера. — 2000. — № 2 (12).
  10. Уладзімір Дзянісаў Касцёлы г. Мінска ў XVI — пачатку XX стст. (паводле дакументаў НГАБ). Архівавана з першакрыніцы 9 лістапада 2011.
  11. НГАБ, ф. 1781, воп. 27, спр. 256, арк. 34 — 40 адв.
  12. Габрусь 2001, с. 141—142.
  13. а б в г ЭнцВКЛ 2005.
  14. Пазняк 1985, с. 66.
  15. а б в Кулагін 2008, с. 439.
  16. Шыбека 1994, с. 301.
  17. а б в г д е Касцёл Святога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканцаў, Мінск. Radzima.org (3 сакавіка 2011).
  18. Вячеслав Чернатов. Имена
  19. Монастыри восточной и западной традиций 2002, с. 293.
  20. Кулагін 2001, с. 188.
  21. Габрусь 2001, с. 142.
  22. Монастыри восточной и западной традиций 2002, с. 292—293.
  23. Астапович предложил Мингорисполкому восстановить костел Святого Томаша Аквинского (руск.). Naviny.by (3 сакавіка 2011).

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць