Тамара Віктараўна Габрусь
Тамара Віктараўна Га́брусь (нар. 2 кастрычніка 1945, Мінск) — беларускі гісторык архітэктуры і мастацтвазнавец. Кандыдат архітэктуры (1979), доктар мастацтвазнаўства (2002). Член-карэспандэнт Беларускай акадэміі архітэктуры.
Тамара Віктараўна Габрусь | |
---|---|
Дата нараджэння | 2 кастрычніка 1945 (79 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | архітэктарка, гісторык архітэктуры, мастацтвазнаўца, гісторык |
Навуковая сфера | гісторыя архітэктуры[d][1], мастацтвазнаўства[1] і архітэктура[1] |
Месца працы |
|
Навуковая ступень | доктар мастацтвазнаўства (2002) і кандыдат архітэктуры (1979) |
Альма-матар | |
Член у | |
Узнагароды |
Член Саюза архітэктараў СССР з 1974 года, Саюза мастакоў Беларусі з 1999 года, Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 года[2].
Біяграфія
правіцьУ 1968 годзе скончыла з адзнакай архітэктурнае аддзяленне будаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута (выкладчыкі У. М. Вараксін, В. М. Волчак, Н. М. Макляцова, І. І. Боўт)[2].
У 1968—1970 гадах архітэктар, старшы архітэктар інстытута «Белпрампраект». У 1969—1973 гадах у аспірантуры ІМЭФ АН БССР. У 1973—1974 гадах старшы архітэктар-рэстаўратар Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў Міністэрства культуры БССР[2].
У 1974—1980 гадах — навуковы рэдактар па архітэктуры выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». У 1979—1980 гадах в. а. загадчыцы рэдакцыі культуры і мастацтва; з 1980 года старшы навуковы супрацоўнік, з 2003 года вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАНБ[2].
Член рэдкалегій часопісаў «Спадчына» і «Роднае слова». У 2003—2008 гадах член Рэспубліканскай мастацка-экспертнай рады па манументальным мастацтве пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь[2].
Творчасць
правіцьАсноўныя працы: праекты інжынерных карпусоў шэрагу прамысловых прадпрыемстваў у Мінску[2], будынак ЛЭРМ Мінскага аэрапорта (1972)[3], Навагрудку, Брэсце (1968—1970, у аўтарскім калектыве); праекты кансервацыі палаца ў Ружанах і рэстаўрацыі музея-запаведніка «Радзіма Якуба Коласа» ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці (1973—1974, у аўтарскім калектыве)[2].
Навуковая дзейнасць
правіцьДаследуе мастацтвазнаўчыя праблемы беларускага дойлідства эпохі феадалізму, мураваную архітэктуру і манументальнае мастацтва беларускага барока. Разам з Г. Галенчанкам увяла ў навуковы ўжытак і атрыбутавала першыя на тэрыторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы архітэктурна-праектныя чарцяжы XVI ст. з Нясвіжа. Аўтар навуковых прац, сцэнарыяў да відэафільмаў, зборнікаў вершаў[4].
Аўтар 3-х манаграфій і больш за 300 артыкулаў і раздзелаў па гісторыі беларускага дойлідства ў айчынных і замежных навуковых зборніках і часопісах. Аўтарскія манаграфіі: «Страчаная спадчына», «Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока», «Ураджай», «Саборы помняць усё: готыка і рэнесанс у беларускім сакральным дойлідстве». Сааўтар калектыўных навуковых выданняў: «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі»[2][3] (1984—1987); «Гісторыя беларускага мастацтва» (1987—1988); «Скарына і яго эпоха» (1990); «Барока ў беларускай культуры і мастацтве» (1998); «Архітэктура Беларусі: Нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце» (2005—2006)[2]. Аўтар цыкла публікацый па гісторыі беларускай архітэктуры ў БелСЭ, зборніках «Помнікі старажытнарускай культуры. Новыя адкрыцці» (Мінск, 1984) і «Помнікі культуры. Новыя адкрыцці» (Мінск, 1985)[3]. Аўтар і навуковы кансультант па архітэктуры энцыклапедычных выданняў[2].
Публікавалася ў Польшчы, Італіі, Германіі, Расіі, Украіне[2].
Узнагароды
правіцьУзнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Беларусі (2005), Міністэрства інфармацыі Беларусі (2005), Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2015), Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (1989, 1995, 2005)[2]. Узнагароджана медалём Францыска Скарыны (2020) за распрацоўку навуковай канцэпцыі гісторыі развіцця і сучаснага стану манументальнай архітэктуры Беларусі.
Бібліяграфія
правіць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Т. 1—7, 1979—1987 (у сааўтарстве)
- Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—7, 1987—1994 (у сааўтарстве)
- Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. 1993 (у сааўтарстве)
- Скарына і яго эпоха. 1990
- Барока ў беларускай культуры і мастацтве. 1998, 2000 (у сааўтарстве)
- Мастацтва бачыць свет. Падручнік для сярэдняй школы. 2000
- Страчаная спадчына. 1997, 2003 (у сааўтарстве, аўтар-укладальнік)
- Саборы помняць усё: Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі. — Мн.: Беларусь, 2007. — 167 с.: іл. ISBN 978-985-01-0714-5
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 413. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
- Габрусь Тамара Віктараўна // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Габрусь Тамара Викторовна // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Архитекторы Беларуси. / Редакционный совет: И. В. Чекалов (пред.) и др. — Минск: Энциклопедикс, 2014. — 140 с. — ISBN 978-985-7090-29-7. (руск.)
- Габрусь Тамара Викторовна // Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)
- ГАБРУСЬ Тамара Віктараўна // Сучасныя беларускія даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага : біябібліяграфічны даведнік / С. П. Марозаў. — Гродна-Каўнас: ЮрСаПрынт, 2022. — 290 с. — ISBN 978-985-7257-57-7, 978-609-96340-1-2.