Палац Рэспублікі (Мінск)
Палац Рэспублікі — будынак у Мінску, размешчаны на Кастрычніцкай плошчы.
Славутасць | |
Палац Рэспублікі | |
---|---|
53°54′12″ пн. ш. 27°33′37″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Архітэктар | М. Пірагоў, Л. Зданевіч, А. Шабалін |
Дата заснавання | 31 снежня 2001 |
Будаўніцтва | 1990-я — 2000 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьУ 1982 г. праведзены конкурс на праектаванне Палаца Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы. У пачатку 1984 года сфарміраваны аўтарскі калектыў архітэктараў па праектаванні комплексу аб'ектаў Кастрычніцкай плошчы, у які ўвайшлі М. Пірагоў, В. Данілаў, Л. Зданевіч, Л. Маскалевіч, В. Новікаў, М. Турлюк, В. Усімаў, А. Шабалін, з удзелам I. Бізюка, К. Філіповіча. Будаўніцтва пачалося ў 1985 г. Пры ўзвядзенні комплексу выкарыстоўвалі розныя тэхналагічныя навінкі, якія да гэтага ў рэспубліцы не выкарыстоўваліся[1]. У прыватнасці, упершыню зроблена бесперапыннае бетанаванне, аздабленне будынка натуральным каменем, выкарыстаны ўнікальныя будаўнічыя канструкцыі. Аднак распад СССР і пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, прывялі да фактычнага замарожвання будаўніцтва ў 1990-х гадах. Замарожанае будаўніцтва спарадзіла мянушкі "труна" і "саркафаг" у адрас Палаца[2]. Завершаны ў 2000 годзе[3]. Адкрыццё Палаца Рэспублікі адбылося 31 снежня 2001.
Архітэктура
правіцьБудынак Палаца Рэспублікі пабудаваны па праекце архітэктараў М. Пірагова, Л. Зданевіча, А. Шабаліна. Палац завяршыў фарміраванне Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, ён развівае неакласічны варыянт рацыяналістычнай архітэктуры, які бярэ пачатак ад маскоўскага Палаца з’ездаў (арх. М. Пасохін і інш., 1961 г.) і распаўсюджаны ў будаўніцтве буйных культурна-відовішчных збудаванняў у 1970-1980-я гг. Аб’ём Палаца ўяўляе сабой буйнамаштабны паралелепіпед, фасады якога вырашаны строгім рытмам пілонаў, над ім ўзвышаецца сцэнічная каробка. Паводле стылістычных характарыстык і прынцыпаў уваходжання ў кантэкст асяроддзя будынак належыць да папярэдняга перыяду — яго маштаб, які падаўляе асяроддзе, трансфармаваў характар вобразных сувязей ансамбля праспекта Незалежнасці[3].
Інтэр’ер
правіцьУ склад будынка ўваходзяць некалькі груп памяшканняў: глядзельнага комплекса вялікай залы на 2700 месцаў, комплекса малых зал, урадавага блока, сцэнічных, дапаможных і тэхнічных памяшканняў. Фае, размешчанае вакол глядзельнай залы, разам з тэрасаванымі ўзроўнямі кулуараў успрымаецца адзінай прасторай, адкрытай у навакольнае асяроддзе. Мастацкая канцэпцыя інтэр’ераў палаца пабудавана на спалучэнні бела-залацістай каларыстычнай гамы і сістэмы дэкаратыўна-асвятляльных элементаў, якія развіваюць фальклорную тэму (маст. У. Стальмашонак — прымаў удзел у першыя гады, В. Даўгала, Ю. Івахнішын, В. Чайка). Ідэя аўтараў складаецца ў адзінстве дэкаратыўнай, фукнцыянальнай і сімвалічнай ролі свяцільняў, для якіх былі выкарыстаны правобразы традыцыйных народных вырабаў з саломкі — «павукоў», а таксама рушнікоў з характэрным беларускім арнаментам. Універсальнасць модульнага элемента — аб’ёмнага шклянога ромба — дазволіла стварыць вялікую колькасць разнастайных кампазіцый свяцільняў у фае і залах. Лірычную тэму ўносіць у інтэр’еры палаца серыя габеленаў, прысвечаных нацыянальнай культуры і прыродзе. Гэта заслона ў вялікай зале — габелен «Беларусь» (маст. В. Грыдзіна, В. Крывашэева), заслона ў малой зале — габелен «Вясёлка» (маст. Г. Крываблоцкая), два габелены ў зале блока прэзідыума — «Мелодыя горада» і «Мелодыя края» (маст. Л. Бартлаў, В. Маркавец-Бартлава), два габелены ў зале ўрадавага блока — «Зоў зямлі» і «Абуджэнне» (маст. Н. Пілюзіна)[3].
Зноскі
- ↑ Дворец Республики – тайны становления комплекса. 11 июля 2015 Архівавана 27 чэрвеня 2019.
- ↑ Городской фольклор Минска: «бигуди», «гарлем», «помойка» и другое Архівавана 18 верасня 2021. // Інтэрфакс
- ↑ а б в Шамрук, А. С. Архитектура Беларуси ХХ — начала ХХІ в.: эволюция стилей и художественных концепций. — Минск: Белорусская наука, 2007. — 335 с.: илл. ISBN 978-985-08-0868-4
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Палац Рэспублікі (Мінск)
- Афіцыйны сайт Архівавана 8 снежня 2020.
- Палац Рэспублікі на сайце Мінск стары і новы Архівавана 25 кастрычніка 2008.
- Архитектор Дворца Республики: не стыдно за проект, и это не саркофаг