Новая зямля (паэма)

ліра-эпічная паэма Якуба Коласа

«Но́вая зямля́» — лірыка-эпічная паэма, напісаная Якубам Коласам у 1911—1923 гадах, першы беларускі буйны эпічны твор. Першыя главы кнігі друкаваліся ў газеце «Наша ніва» ў 1912 годзе, асобным кніжным выданнем паэма выйшла ў 1923 годзе.

Новая зямля
Выданне
Вокладка першага выдання, 1923 год. Аўтар вокладкі — Павел Гуткоўскі.
Жанр паэма
Аўтар Якуб Колас
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1911—1923
Дата першай публікацыі 1923
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Падзеі адбываюцца на Беларусі ў 1890—1900-х гадах, а першаасновай твора стала жыццё бацькоў Якуба Коласа і астатніх членаў сям’і, сваякоў і знаёмых[⇨]. У паэме дакладна і маляўніча адлюстраваны тагачасны традыцыйны лад жыцця беларускага сялянства[⇨][1][2].

Гісторыя напісання

правіць
 
Аўтограф «Новай зямлі»

У 1947 годзе Якуб Колас успамінаў, што ў час знаходжання ў астрозе перад яго вачыма паўставалі малюнкі маленства, прыроды, з жадання іх запісаць пачалася «Новая зямля»[1].

На працягу сакавіка-мая 1911 года, седзячы ў мінскай турме (Пішчалаўскім замку), Якуб Колас напісаў гумарыстычнае вершаванае апавяданне «Як дзядзька ездзіў у Вільню і што ён там бачыў»[3]. Гэта быў самастойны твор пра паездку дзядзькі Антося ў зямельны банк, яго прыгоды ў незнаёмым вялікім горадзе. Пазней на аснове апавядання былі створаны раздзелы «Па дарозе ў Вільню», «Дзядзька ў Вільні», «На Замкавай гары» (XXVII—XXIX)[1].

У турме ж, на працягу чэрвеня-верасня 1911 года, былі напісаны раздзелы «Леснікова пасада», «Раніца ў нядзельку», «За сталом», «На першай гаспадарцы», «Пярэбары», «Каля зямлянкі», «Дзядзька-кухар», «Смерць ляснічага» (I—VIII)[3]. Часткова быў напісаны «Дарэктар» (XIV)[1]. Дзевяць раздзелаў былі напісаны ў 1921 годзе, сярод іх — «Падгляд пчол», «Панская пацеха», «Вялікдзень»[3]. Першыя главы паэмы друкавала газета «Наша ніва»[4]. У 1918 годзе, за часамі Беларускай Народнай Рэспублікі, у менскай газеце «Вольная Беларусь» былі надрукаваны раздзелы «Па дарозе ў Вільню», «Дзядзька ў Вільні», «На Замкавай гары» і «Смерць ляснічага»[5]. У 1921—1922 гадах асобныя раздзелы друкаваліся ў часопісах «Вольны сцяг» і «Адраджэнне»[5].

 
Якуб Колас у 1921 г.

Былі перыяды, калі твор зусім не пісаўся, а часам праца ішла даволі інтэнсіўна, напрыклад, многа працы было над паэмай падчас знаходжання ў эвакуацыі на Куршчыне, а завершана яна была ў Менску[1]. Паэма была скончана 5 студзеня 1923 года[3] і ўпершыню апублікавана асобным выданнем у тым жа годзе менскім выдавецтвам «Беларускае кааперацыйнае таварыства „Савецкая Беларусь“»[1].

У 1927 годзе ў менскім Беларускім дзяржаўным выдавецтве выйшла другое выданне «Новай зямлі». У 1927—1928 гадах «Новая зямля» таксама друкавалася ў віленскай газеце «Народ», у 1928 і 1931 гадах у Вільні паэма выходзіла асобнымі выданнямі. У 1934 годзе ў Менску было надрукавана чарговае перавыданне.

Аўтабіяграфічнасць

правіць
 
Ласток — колішняя леснічоўка, цяпер — мемарыяльная сядзіба Якуба Коласа

Як і ў рамане «На ростанях», многія героі паказаны пад сапраўднымі прозвішчамі сваіх прататыпаў, а тапанімія твора захавала назвы сапраўдных месцаў: мястэчак, гарадоў, рэк і г. д. Аднак назву Лесніковай пасады паэт змяніў — у паэме яна названа Парэчча, а насамрэч звалася Ласток[1].

Гісторыя з купляй зямлі, якая ёсць галоўнай сюжэтнай лініяй у паэме, адбылася з бацькам і дзядзькам паэта, але ў жыцці яна мела некаторыя адрозненні, так, зямля ўсё ж такі была куплена, хоць і давялося за яе заплаціць двойчы, бо першая вусная дамоўленасць была аднабакова скасавана прадаўцом[1].

Прататыпамі галоўных герояў ёсць бацькі Якуба Коласа (Канстанціна Міцкевіча): Міхаіл Казіміравіч і Ганна Юр’еўна і яго дзядзька Антось. Сам аўтар уклаў свае рысы ў вобраз Костуся, аднаго з сыноў Міхала.

 
Зборнік «Нашай Нівы» № 2 (1912) лацінкай, раздзел «Леснікова пасада» (лац. Leśnikowa pasada)

Паэма апавядае пра побыт сям’і працоўнага беларуса Міхала, пра яго вольналюбівыя мары і імкненні. Паэма складаецца з 30 частак.

Пасля ўсхваляванага лірычнага запеву ў частцы I паэт абмалёўвае святочную летнюю раніцу ў хаце лесніка Міхала. Галоўны герой апавядае пра тое, што ў нейкім далёкім невядомым Заблонні прадаецца ўрадлівая зямля, якая магла б прынесці выратаванне ад цяжкай долі, ад паднявольнай лесніковай службы. Было прынята рашэнне «сваім вокам» паглядзець тое Заблонне…

Тут аўтар робіць экскурс у мінулае героя (раздзелы IV—XXV). Гэтыя раздзелы можна раздзяліць на дзве «галіны». Першая апісвае цяжкі лёс Міхала, яго перажыванні, пагардлівыя адносіны паноў да яго. Вядзецца пра тое, як Міхал надумаў «купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут». Другая апісвае побыт сям’і Міхала ва ўсёй разнастайнасці яго праяў. Аповед пра мінулае герояў займае асноўнае месца ў паэме. Толькі раздзел «Агляд зямлі» (XXVI) вяртае чытача да гутаркі за сталом. Пасля гэтага адбылося Антосева падарожжа ў Вільню.

Калі ўжо адбыліся першыя захады, браты паглядзелі зямлю, дзядзька Антось настойліва ўзяўся за афармленне неабходных спраў у зямельным банку, Міхал цяжка захварэў. Здарылася гэта зусім неспадзявана. Праз некаторы час Міхал памёр, так і не здзейсніўшы сваю мару.

 
Бацька Якуба Коласа — прататып Міхала

Міхал — галоўны герой паэмы. Працуючы лесніком у вялікіх уладаннях князя Радзівіла, ён вымушаны падпарадкоўвацца панам, рабіць усё, што загадаюць. Міхал быў старанным выканаўцам панскай волі. Аднак на кожным кроку ён чуў знявагі, бачыў пагардлівыя адносіны да сябе. Усё гэта выклікала ў яго душы гарачы пратэст. На працягу часу абурэнне Міхала расло, перажыванні ўсё паглыбляліся. Невялікі спадчынны надзел зямлі не дазваляў пракарміць сям’ю, і таму жаданне купіць зямлю стала для яго самай вялікай марай[1]. Міхал — яскравы наватарскі вобраз-тып беларуса, які нясе ў сабе найлепшыя рысы нацыянальнага характару — працавітасць, прагу свабоды і справядлівасці, высакародства, высокую духоўнасць, цярплівасць, дабрыню і пачуццё чалавечай годнасці, жаданне жыць у згодзе з суседзямі, дапамагаць бліжняму[6].

Больш за ўсё Міхал хацеў сам быць гаспадаром свайго лёсу. У яго дастаткова рашучасці, каб змагацца за дасягненне пастаўленай мэты. Жаданая зямля прыдавала Міхалу сілы пераносіць усе нягоды. Але ён так і не дачакаўся жаданай волі[1].

Ганна — жонка Міхала, тыповы прыклад гаспадарлівай беларускай сялянкі, цяглівай працаўніцы, клапатлівай маці. Хоць яна і не пярэчыла мужу, але і не надта верыла, што ён сапраўды здолее такім шляхам атрымаць незалежнасць ад панскай улады. У яе словах выяўляюцца такія рысы, як назіральнасць, разважлівасць, дальнабачнасць, уменне зразумець абставіны і даць ім цвярозую ацэнку.

Антось

правіць

Дзядзька Антось — брат Міхала і верны яго памочнік ва ўсіх справах. Ён дзяліў з сям’ёй лесніка ўсе радасці і нягоды, якіх так многа выпадала на іх долю.

Характар Антося і яго найлепшыя чалавечыя якасці найбольш поўна раскрываюцца ў працы. У адносінах да ўсяго, за што б ён ні браўся, выяўляюцца такія рысы, як дбайнасць і акуратнасць, майстэрства і настойлівасць, працавітасць і цярплівасць. Усюды ў яго ўзорны лад і парадак.

Чытачу паказаны і знешні выгляд дзядзькі: яго невысокі рост, каржакаватая фігура, зухаўскія вусы, кароткі і таўсматы нос. Паказаны дабрата, спагадлівасць Антося, яго клапатлівыя адносіны да дзяцей Міхала і Ганны, уменне ладзіць з імі, быць ім дарадцам, суддзёю, выхавальнікам, сябрам, апекуном. Дзядзька, як ніхто, умеў прыносіць ім радасць.

Праблематыка паэмы

правіць

Галоўнай мэтай аўтара было паказаць адносіны «чалавек-зямля», ён апісвае гэту тэму на розных узроўнях: гаспадарчыя адносіны селяніна да зямлі, зямля як гарант годнасці чалавека, як доказ яго самастойнасці, свабоды, упэўненасці ў будучыні. Як і ў іншых сваіх творах, напрыклад, у рамане «На ростанях», Якуб Колас ідзе ад прыватнага да агульнага, паказваючы праз адносіны адной сям’і да ўласнага кавалка зямлі адносіны ўсяго народа да сваёй краіны, да Бацькаўшчыны[1][2].

Важнай тэмай таксама ёсць адлюстраванне сямейных зносін у вялікай тагачаснай беларускай традыцыйнай сям’і. Аўтар паказвае нам яе склад такімі радкамі:

Чатыры хлопцы, тры дзяўчаці
Ды бацька з дзядзькам, трэцця маці

Чытач можа пабачыць адносіны паміж мужам і жонкай, братэрскія зносіны двух мужчын, можна ўбачыць, як кожнае важнае пытанне вырашаецца не дэспатычна, воляй гаспадара, а калегіяльна, сямейнай радай. Гэта тычыцца пытання продажу зямельнага надзелу, выхавання і адукацыі дзяцей і г. д. Добра паказаны ў паэме моманты размеркавання адказнасці і абавязкаў паміж жанчынай / мужчынамі, дзецьмі / дарослымі. Паказваючы рэдкія канфлікты ў сям’і Міхала, аўтар не толькі дае карціну міжасабовых адносін членаў сям’і, але і дапамагае чытачу адчуць усе грані побыту герояў, робіць іх свет аб’ёмным і поўным[1].

Між іншымі пытаннямі Якуб Колас закранае тэму сялянскага п’янства, расказвае пра беларускія народныя звычаі, апісвае свецкія і рэлігійныя святы, сельскагаспадарчыя «тэхналогіі» і многае іншае. Падрабязнасць і ўвага да кожнай этнаграфічнай дэталі робіць герояў жывымі, дае чытачу поўны агляд сялянскага жыцця тых часоў[1].

Народны побыт у паэме

правіць

У «Новай зямлі» паказваецца жыццё беларускага сялянства канца ХІХ стагоддзя. Сям’я, апісаная ў творы, — Міхал, яго брат Антось, жонка Міхала Ганна, дзеці — самая звычайная сялянская. Усе яны выключна працалюбівыя, і хоць знешнія абставіны іх жыцця часта неспрыяльныя (пярэбары з месца на месца па загадзе начальства, неўрадлівая зямля, пажар), але праца заўсёды давала плён, і гэта ўнушала надзею, упэўненасць у сабе[7].

Укладзеная праца («Само не зваліцца нам з неба») зрабіла ўрэшце гаспадарку даволі заможнай. І ўсё ж яна не належала сям’і, а была ў яе часовым уладаранні. Між тым перад вачыма Міхала — гордага, свабодалюбівага чалавека — былі прыклады жыцця сціплага, але вольнага дзякуючы ўласнай зямлі. Пры гэтым сядзіба шляхціца, а тым больш пана, служыла прыкладам у акуратнасці, знешнім афармленні, вядзенні гаспадаркі. Паэма прысвечана апісанню не панскай культуры, а сялянскай. Якуб Колас паэтычна апісвае не толькі працу, але і хатні побыт сям’і.

Сюжэт паэмы разгортваецца з улікам гадавога кола дзён. Асаблівасцю каляндарных свят была іх знітаванасць і са святамі сямейнымі.[7] Так, Мядовы Спас, акрамя рэлігійнага, меў важнае сямейнае значэнне: на новы мёд, што выкачвалі з вуллёў прама пры гасцях, запрашалі кумоў — хросных бацькоў і матак сваіх дзяцей. Кумы мелі магчымасць пабачыць хрэснікаў, прыносілі ім падарункі, а самі атрымлівалі мёд і плады новага ўраджаю. Як і да любога свята, да гэтага старанна рыхтаваліся — мыліся, прыбіраліся, упрыгожвалі дом. Ушаноўвалі і святых, а разам з імі — простых людзей, родзічаў. Знешне свята — не толькі смачная ежа, пітво, песні, танцы, весялосць (усё апісвае Якуб Колас падрабязна), але і магчымасць выявіць свае мастацкія здольнасці: прыбраць — у кожную пару года па-рознаму — хату і сядзібу. Асабліва ж важным святам быў Вялікдзень.

Паказчыкам культуры чалавека, сям’і, народа ёсць і кухня. Разнастайнасць вызначала святочны і паўсядзённы стол. У паэме падрабязна расказваецца пра гэту частку сялянскага побыту: як сядзелі, як трымаліся за сталом. Елі ў звычайны дзень мачанку, грэцкія аладкі, верашчаку, «тварог, запраўлены смятанай». Ежа давала энергію для працы, больш багатая яна была ў святы. На Масленіцу абавязкова пякліся пераважна аладкі, бліны — сімвалы веснавога сонца; як адзін з самых прыемных успамінаў маленства Якуб Колас апісвае гэты працэс.

Жывучы на ўлонні прыроды, дзеці маглі назіраць шматлікіх звяроў з іх адметнымі павадкамі, напрыклад, лася, якога лічылі ў лесе галоўным, ваўкоў, зайцоў, куніц «і многа ўсякае драбніцы». З замілаванасцю апісвае аўтар заняткі дзяцей: рыбалка з дзедам ці з дзядзькам Антосем, паходы ў грыбы, ягады; лоўля куніц, тхароў, а зімою — лыжы, санкі, коўзанне па замерзлай рацэ, паляванне.

Значны час займала інтэлектуальная праца: дзяцей лесніка спачатку вучыў «дарэктар» — такі ж хлопчык, які скончыў школу, а таксама Міхал. Апісваюцца падручнікі таго часу, напрыклад, «начаткі», якія знаёмілі дзяцей з асноўнымі гісторыямі з Бібліі, а значыць, з асновамі чалавечай культуры. Важнае значэнне ў згуртаванні сям’і, у выхаванні дзяцей, іх інтэлектуальным развіцці мелі сумесныя гутаркі вечарамі, пасля заканчэння цяжкага працоўнага дня[7].

Выявы прыроды

правіць

Прырода ў паэме — гэта і фон дзеяння, і аб’ект захаплення герояў і аўтара. Прыроду Якуб Колас успрымаў як таямніцу, вечную загадку, якую пастаянна імкнуцца разгадаць героі твора. У той жа час прырода непасрэдна ўплецена ў чалавечае існаванне, ёсць арэнай дзейнасці людзей. Прырода ў творы — і гэта найважнейшая яго асаблівасць — набывае як бы характар роднага дома, робіцца ўтульнай і абжытай[7].

Падрабязна і паэтычна Якуб Колас апісвае лес. Ён выкарыстоўвае параўнанні для характарыстыкі лясных дрэў: елкі падобныя да крыжоў, а дубы — як вежы ці вартаўнікі, вербы — старэнькія кабеткі, маладая грушка — з тонкім станам дзяўчына. Лес, крыніца, луг, поле — выяўляюцца нібы ў малюнках. Але знешняя прыгажосць — як бы адзін бок іх паэтычнасці. Ёсць і другі, дзе яны чаруюць і даюць пачатак казкам, прывідам, страхам[7].

Аўтар не адступае ад сваёй любові да маляўнічых пейзажных замалёвак, паганскіх поглядаў на прыродныя з’явы. Навальніцу і мароз ён надзяляе душой, сонца выводзіць у вобразе багіні, якая «стрэлы-косы раскідае». Прырода ў Якуба Коласа — гэта частка Радзімы. Праз захапленне роднымі краявідамі чалавек выяўляе свае патрыятычныя пачуцці[1]. Аўтар выступае за гарманічнае суіснаванне чалавека і прыроды, без вызначэння між імі галоўнага[1].

Структура твора

правіць
І. Леснікова пасада
II. Раніца ў нядзельку
III. За сталом
ІV. На першай гаспадарцы
V. Пярэбары
VІ. Каля зямлянкі
VII. Дзядзька-кухар
VIII. Смерць ляснічага
IX. Новы ляснічы
Х. На панскай службе
XІ. Дзедаў човен
XII. Сесія
XII. Падгляд пчол
XІV. Дарэктар
ХV. «Начаткі»
ХVІ. Вечарамі
ХVII. Воўк
ХVIII. Зіма ў Парэччы
XІX. На рэчцы
XX. Каляды
XXІ. Таемныя гукі
XXII. На глушцовых токах
XXIII. Панская пацеха
XXІV. Вялікдзень
XXV. Летнім часам
XXVІ. Агляд зямлі
XXVII. Па дарозе ў Вільню
XXVIII. Дзядзька ў Вільні
XXІX. На замкавай гары
XXX. Смерць Міхала

Ацэнкі

правіць

Ужо ў 1923 годзе ў часопісе «Полымя» выйшаў артыкул Міколы Байкова «Новая беларуская поэма (Я. Колас ― Новая зямля)», у якім ён кажа што твор «можна з поўным правам палічыць класічным творам беларускага прыгожага пісьменства», пры гэтым адзначае тэхнічную недасканаласць паэмы[8]. У 1924 годзе прафесар Іван Замоцін апублікаваў у «Полымі» артыкул «Пуціны беларускай літаратуры» з глыбокім аналізам твора, у якім ацаніў паэму як «запраўдны арыгінальны твор» і «беларускую літаратуру моманту».

Міхась Мушынскі назваў паэму эпахальнай з’явай не толькі ў гісторыі нацыянальнага ліра-эпасу, але і ў гісторыі духоўнай культуры беларускага народа[6]. Аб’ёмнае літаратуразнаўчае даследаванне паэмы Кузьмом Чорным згарэла ў першыя дні Другой сусветнай вайны.

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч лічыць, што Якуб Колас змог тое, што раней беларускім пісьменнікам не надта ўдавалася, — гаворачы выключна пра сваё, выказаць агульначалавечае[9]. Паказваючы побыт, штодзённыя справы, ён здолеў напоўніць гэтыя імгненні рэчаіснасці творчай паэтыкай і маляўнічасцю. У 1948 годзе ў лісце да галоўнага рэдактара выдавецтва «Советский писатель» Пятра Чагіна Колас пісаў[6]: «Лічу, што славянскімі народамі будзе з цікавасцю прачытана гэта паэма. Яна — асноўная паэма ва ўсёй маёй паэтычнай творчасці». Раіса Баравікова назвала твор «паэмай на ўсе стагоддзі»[10]. Міхаіл Ісакоўскі, адзін з перакладчыкаў паэмы на рускую мову, называў яе самым любімым творам, яго захаплялі «першародная чароўнасць і зямная плоць верша Коласа і яго тонкая паэтычнасць»[6].

Пераклады

правіць

У 1934 годзе паэму на рускую пераклаў Сяргей Гарадзецкі[11][12][13]. Таксама перакладзена на польскую[13][14] і ўкраінскую мовы[15][16]. У 1952 годзе беларуская дыяспара Германіі перавыдала «Новую зямлю» ў Мюнхене тарашкевіцай (першае выданне ў БССР таксама было тарашкевіцай, адзіным тагачасным правапісам)[17]. У перакладзе Уладзіміра Шатона паэма выйшла на лацінскай мове.

Уплыў на культуру

правіць

У 1980 годзе Юрый Семяняка напісаў аднайменную оперу на лібрэта Алеся Петрашкевіча[18]. Яна была пастаўлена ў Беларускім тэатры оперы і балета ў 1982 годзе[19][20].

У 1982 годзе паводле паэмы Якуба Коласа мінскай студыяй «Тэлефільм» пры Дзяржтэлерадыё БССР зняты тэлевізійны фільм «Новая зямля», ролі ў якім выканалі Таццяна Мархель, Яўген Шыпіла і Анатоль Жук[21].

Выданні паэмы афармлялі многія вядомыя мастакі. Сярод іх Алексантэры Ахола-Вало (2-е выданне, 1927)[22], Георгій Паплаўскі[23][24], Арлен Кашкурэвіч[25]. Выданне з ілюстрацыямі Георгія Паплаўскага атрымала дыплом «Найпрыгажэйшая кніга свету  (ням.)» на конкурсе ў Лейпцыгу ў 1968 за афармленне кнігі[26]. Да выдання 2002 года ілюстрацыі намаляваў Васіль Шаранговіч[27][28]. Паводле паэмы Юры Герасіменка-Жызнеўскі стварыў серыю станковых работ[29][30].

Крыніцы

правіць
  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о Беларуская літаратура: Падручнік для 10 кл. / В. Я. Ляшук, А. А. Майсейчык, К. М. Мароз і інш. Пад рэд. В. Я. Ляшук. — Мн.: Рэдакцыя часопіса «Крыніца», 1997—608 с.: іл.
  2. а б Шкраба Р. В. Беларуская літаратура: Падр. для 10-га кл. сярэдн. шк.— Мн.: Маст. літ., 1996. — 223 с.: 121 л. іл.
  3. а б в г Беларуская літаратура: Падруч.-хрэстаматыя для 8 кл. / Аўт.-склад. В. В. Кушнярэвіч, А. У. Рагуля. — Мн.: ТАА «Оракул». 1996. — 478 с.: іл.
  4. Палута, Барыс. Таямніцы "Новай зямлі" Якуба Коласа раскрытыя! Літаратурнае расследаванне "Новага Часу" . Новы Час (21 жніўня 2023). Праверана 3 лістапада 2023.
  5. а б Байкоў М. 1929, с. 44.
  6. а б в г Прадмова М. І. Мушынскага, доктара філалагічных навук, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, прафесара
  7. а б в г д Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. В. П. Рагойшы. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2011. — 320 с.
  8. Байкоў М. 1929, с. 66.
  9. Бахарэвіч, Альгерд. Тым, хто шукае Туле . Радыё Свабода (10 красавіка 2012). Праверана 8 сакавіка 2024.
  10. Ваши любимые строки из Коласа?(недаступная спасылка) (руск.)
  11. Сергей Городецкий - переводчик Купалы и Коласа . Хронікі сада камянёў (24 лістапада 2017). — «Об истории этого творческого сотрудничества написал известный литературовед Вячеслав Рагойша. Вышла «Новая земля» на русском языке в 1934 году. Подзаголовок был многозначительным: «Авторизованный перевод». Считается, что работа Городецкому явно не удалась, он не особо трепетно относился к оригиналу. Например, Рагойша замечает, что классическое «Мой родны кут, як ты мне мiлы!.. / Забыць цябе не маю сiлы!» звучит куда более мелодично, чем «Мой край родной! Как ты мне мил! На миг забыть тебя нет сил!». Но это так, цветочки… Хуже, что в тексте поэмы устранялись целые фрагменты, которые, по мнению переводчика, будут непонятны русскому читателю»  Праверана 3 лютага 2024.
  12. Новая земля. (Главы из поэмы). Поэмы. Якуб Колас. Стихотворения и поэмы. Янка Купала, Якуб Колас.. sv-scena.ru. — «

    О детства уголок мой милый!
    С тобой расстаться я не в силах.
    Как часто, утомлен дорогой,
    Годами юности убогой,
    К тебе я в думах улетаю
    И там душою отдыхаю,
    Не раз душа моя мечтала
    Дорогу жизни всю сначала
    Пройти еще раз, оглянуться,
    Убрать с пути каменья злые,
    Что губят силы молодые,
    И вновь к весне моей вернуться

    »  Праверана 3 лютага 2024.
  13. а б Колас Я. Новая зямля. Пер. на рус. С. Гарадзецкага і інш.; Пер. на польск. Ч. Сенюха. — Мн., 2002. С. 89.
  14. JAKUB KOŁAS NOWA ZIEMIA Архівавана 10 ліпеня 2012. (польск.)
  15. Поэму «Новая зямля» Якуба Коласа теперь можно прочитать и на украинском Архівавана 26 красавіка 2014. (руск.)
  16. Драздова, З. Паэма «Новая зямля» Якуба Коласа на ўкраінскай мове / Зінаіда Драздова // Полымя. — 2008. — № 8. — С. 186—189.
  17. «Новая зямля». Камунікат
  18. Семеняко Юрий Владимирович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 565. — 737 с.
  19. Сцэна з оперы «Новая зямля» Архівавана 12 кастрычніка 2022.
  20. Сцэна з оперы «Новая зямля» Архівавана 10 сакавіка 2016.
  21. Новая земля (1982) (руск.). kino-teatr.ru. Праверана 4 жніўня 2019.
  22. Новая зямля: паэма / Якуб Колас. – Выд. 2-е. – Менск. Вокладка (англ.). Pinterest. Праверана 9 сакавіка 2024.
  23. Паплаўскі Георгій Георгіевіч Архівавана 26 студзеня 2016.
  24. Г. Г. Поплавский. Иллюстрация к поэме Якуба Коласа «Новая земля». Офорт. 1967.
  25. Я. Колас. «Новая земля» (Москва. 1969). Илл. А. М. Кашкуревича.
  26. Поплавский Георгий Георгиевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 506. — 737 с.
  27. Шаранговіч Васіль Пятровіч Архівавана 21 ліпеня 2012.
  28. Ілюстрацыі В. Шаранговіча
  29. Памяць. Вілейскі раён. // Герасіменка-Жызнеўскі Юрый Паўлавіч. — Мн.: БелТА., 2003. — С. 579. — 704 с. — (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі.). — 3 000 экз. — ISBN 985-6302-56-0.
  30. Герасіменка-Жызнеўскі Юрый Архівавана 5 сакавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»

Літаратура

правіць
  • Мікола Байкоў. Поэма „Новая зямля“, як монумэнтальны твор у беларускай поэзіі // На літаратурныя тэмы. Зборнік артыкулаў. — Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1929. — С. 40—47. — 214 с. — 3 000 экз.
  • Жыгоцкі, М. Жамчужына беларускай паэзіі // Побач з Коласам / Мікола Жыгоцкі; навук. рэд. В. П. Жураўлёў. — Мінск : Беларуская навука, 1996. — С. 22—26.
  • Казбярук, У. М. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля» : у святле славянскіх традыцый / У. М. Казбярук; рэд. І. Я. Навуменка. — Мінск : Навука і тэхніка, 1979. — 112 с.
  • Лойка, А. «Новая зямля» Якуба Коласа : вытокі, веліч, хараство / Алег Лойка. — Мінск : Выд-ва Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесіянальнай адукацыі БССР, 1961. — 156 с.
  • Максімовіч, В. А. Касмічны лад паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» // Беларуская літаратура першай трэці XX стагоддзя : вучэбны дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В. А. Максімовіч. — Мінск : Беларуская навука, 2006. — С. 233—273.
  • Міцкевіч, Д. Думкі пра «Новую зямлю» // Любіць і помніць : успамінае сын Якуба Коласа / Даніла Міцкевіч; уклад. В. Д. Міцкевіч; навук. рэд. Г. В. Кісялёў. — Мінск : Полымя, 2000. — С. 205—218.
  • Мушынскі, М. Ад задумы да здзяйснення : творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі» / Міхась Мушынскі. — Мінск : Навука і тэхніка, 1965. — 143 с.
  • Мушынскі, М. Невычэрпнасць класікі. «Новая зямля», яе сучасная інтэрпрэтацыя, узровень мастацкай дасканаласці перакладу на рускую мову // Мае каласавіны : з вопыту вывучэння літаратурнай і грамадска-культурнай дзейнасці Якуба Коласа / Міхась Мушынскі; навук. рэд. М. А. Тычына; НАН Беларусі, Ін-т мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы. — Мінск : Беларуская навука, 2010. — 386 с.
  • Навуменка, І. Паэтызацыя працы ў «Новай зямлі» / І. Навуменка // Вялікі пясняр беларускага народа : зборнік артыкулаў аб жыцці і дзейнасці Якуба Коласа / склад. І. Жыдовіч, Д. Міцкевіч; рэдкал.: П. Броўка (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Выдавецтва АН БССР, 1959. — С. 111—126.
  • Навуменка, І. Я. Якуб Колас : духоўны воблік героя / І. Я. Навуменка; афармл. Э. Э. Жакевіча. — 2-е выд., дап. і перапрац. — Мінск : Выдавецтва БДУ, 1981. — 240 с.
  • Праневіч Г. М. Генетычныя асновы вобразнасці : «Новая зямля» Я. Коласа і «Слова аб палку Ігаравым» / Г. М. Праневіч // З глыбінь народных / рэдкал.: А. А. Лойка (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Выдавецтва БДУ імя У. І. Леніна, 1982. — С. 29—40.
  • Пшыркоў, Ю. С. Народная эпапея // Летапісец свайго народа : жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа / Ю. С. Пшыркоў. — Мінск : Навука і тэхніка, 1982. — С. 94—169.
  • Пшыркоў, Ю. С. Эпас рэвалюцыі : паэмы Я. Коласа «Новая зямля» і «Сымон-музыка», трылогія «На ростанях» / Ю. С. Пшыркоў. — Мінск : Вышэйшая школа, 1975. — 240 с.
  • Тамашова, Л. Ф. Вывучэнне паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» ў школе / Л. Ф. Тамашова. — 2-е выд. — Мінск : Народная асвета, 1974. — 96 с.
  • Фіглоўская, Л. І. «Новая зямля» і «Сымон-музыка» — класічныя творы беларускай літаратуры // Творчасць Якуба Коласа / Л. І. Фіглоўская. — Мінск : Выдавецтва АН БССР, 1959. — С. 131—184.
  • Хвясюк, І. А. Праблема зямлі і волі ў паэме «Новая зямля» Я. Коласа : IX клас / І. А. Хвясюк // Беларуская мова і літаратура. Серыя «У дапамогу педагогу». — 2011. — № 4. — С. 3—9.
  • Шаладонава, Ж. С. Фарбы быту і быцця ў паэме Якуба Коласа «Новая зямля» / Ж. С. Шаладонава. — Мінск : Беларуская навука, 2001. — 104 с.
  • Шамякіна, Т. І. Якуб Колас // Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. В. П. Рагойшы. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2011. — 320 с.
  • Якуб Колас : жыццё і творчасць : матэрыялы да выстаўкі ў школе / склад. І. С. Курбека, М. У. Базарэвіч. — Мінск : Народная асвета, 1967. — 57 с. — (Альбом-выстаўка ў школе).

Спасылкі

правіць