Вялікдзень
Вялі́кдзень[1], Па́сха (грэч. πάσχα, лац.: Pascha, іўр.: פסח [Pesaḥ]), Уваскрэсенне Хрысто́ва (грэч. Ἡ Ανάστασις τοῦ Ἰησοῦ Χριστοῦ), Светлае Хрыстова Уваскрэсенне — галоўная падзея царкоўнага календара, найстаражытнейшае і найважнейшае хрысціянскае свята[2], якое адзначалася яшчэ ў часы апосталаў[3] і было ўсталявана ў гонар Уваскрэсення Ісуса Хрыста[2] — цэнтра ўсёй біблейскай гісторыі і асновы ўсяго хрысціянскага вучэння[4][заўв 1].
Вялікдзень | |
---|---|
Тып | хрысціянскае, у шэрагу краін — дзяржаўнае |
інакш | Светлае Хрыстова Уваскрэсенне |
Адзначаецца | хрысціянамі |
Дата | першая нядзеля пасля веснавога раўнадзенства 21 сакавіка і поўні |
Святкаванне | уначы або рана раніцай богаслужэнні ў цэрквах, сямейныя застоллі, народныя гулянні |
Традыцыі | Усходнія — асвячэнне пафарбаваных яйкаў і кулічоў, вітальнае цалаванне, валачобны абрад, на Захадзе — падарункі, пошук яйкаў дзецьмі, у абодвух выпадках — хрыстосаванне |
Звязана з | Мясапуст, Масленіца, Дараваная нядзеля, Вялікі пост, Вербніца, Перадвелікодны тыдзень, Светлы тыдзень, Узнясенне Гасподняе, Дзень Святой Тройцы, Пятроў пост |
У дзень Вялікадня вернікі адзначаюць уваскрэсенне Хрыста з мёртвых і перамогу жыцця над смерцю і злымі сіламі. Паводле Бібліі, Ісус паўстаў з труны на трэці дзень святкавання юдэйскай Пасхі.
У праваслаўі статус Вялікадня як галоўнага свята адлюстроўваюць словы «свят свята і ўрачыстасць з урачыстасцей»[5].
У наш час дата Вялікадня ў кожны год разлічваецца паводле месяцава-сонечнага календара, што робіць Вялікдзень пераходным святам.
Яўрэйскае слова Пе́сах абазначае іўдзейскую Пасху[6]. Яно звязана са словам паса́х (іўр.: פסח — праходзіць міма[1]), якое нагадвае пра тое, што Усявышні абмінуў яўрэйскія дамы, знішчаючы першынцаў Егіпта[7] (часам саму назва свята тлумачаць як «мінуў, абыйшоў»). Арамейская назва свята, якая гучыць як пісха[7], увайшла ў грэчаскую мову, затым перайшла ў лацінскую і ў далей распаўсюдзілася ў мовах Еўропы: pâques (фр.), pascuas (ісп.), пасха (рус.) і гэтак далей[8].
Звычай святкавання Пасхі, які існаваў у старажытных семіцкіх плямён[1], першапачаткова быў звязаны з жывёлагадоўляй, а пазней з земляробствам[9][10][11], пачаткам жніва[1]. З развіццём культу бога Яхве Пасха святкавалася ў гонар выхаду яўрэйскага народа з егіпецкага палону[4][7], потым яе сталі звязваць з чаканнем «нябеснага збавіцеля» — месіі[1].
У хрысціян назва свята набыло іншае тлумачэнне — «пераход ад смерці да жыцця, ад зямлі да неба»[12]. Царкоўнае святкаванне Вялікадня доўжыцца 40 дзён[3].
Гісторыя і дата Вялікадня
правіцьСтаразапаветная Пасха
правіцьСтаразапаветны Пасха, як і цяперашняе свята Пе́сах (яўрэйская Пасха), святкавалася ў гонар выхаду яўрэяў з Егіпта[заўв 2], гэта значыць вызвалення яўрэяў ад рабства. Назва «Пе́сах» (іўр.: פסח) азначае «праходзіць міма»[1]. Яна звязана з апавяданнем пра дзесяць караў егіпецкіх.
Адно бедства («кара») змянялася іншым, і нарэшце за адмову фараона адпусціць ізраільскі народ Бог «пакараў Егіпет страшнай карай», забіўшы ўсіх першынцаў[4][заўв 3], гэта значыць усіх першых па старшынстве нашчадкаў мужчынскага полу — і ў людзей, і ў быдла[13]. Кара абмінула толькі першынцаў іўдзеяў, жытлы якіх Бог адрозніў па ўмоўным знаку (крыві ягня на вушаках дзвярэй) і прайшоў міма:
А Я гэтай самай ночы прайду па зямлі Егіпецкай, і паб'ю кожнага першынца ў зямлі Егіпецкай, ад чалавека да быдла, і над усімі божышчамі Егіпецкімі ўчыню суд. Я Гасподзь. І будзе ў вас кроў знакам на дамах, дзе вы знаходзіцеся, і ўбачу кроў і прайду міма вас, і не будзе сярод вас пошасці згубнай, калі буду караць зямлю Егіпецкую. І хай будзе вам дзень гэты незабыўны, і святкуйце яго як сьвята Госпаду ва ўсе роды вашыя; як устанаўленне вечнае святкуйце яго. Зых. 12:12-14
|
Пасля апошняй кары фараон адпусціў яўрэйскі народ разам з яго статкамі, а напалоханыя егіпцяне пануквалі яўрэяў, каб тыя хутчэй пакінулі Егіпет (Зых. 12:31-33).
У памяць пра гэту падзею «ўсяму супольству Ізраілеваму» прадпісвалася ўвечар 14-га нісана (першага месяца яўрэйскага календара) прыносіць у ахвяру ягня — аднагодку мужчынскага полу, без хібы, узятага ад авечак альбо ад коз, якога сям’і трэба было спячы на агні і з’есці цалкам, не зламаўшы касцей, з прэсным хлебам (г.зн. мацой) і горкай травой у пасхальную ноч (Зых. 12:1-10, Лік. 9:1-14). Апраснак у культавым рытуале яўрэяў азначаў спешнасць выхаду з Егіпта, калі цеста не паспявала скіснуць. Смакаванне пасхальнай вячэры выступала як «сведчанне галоўнай падзеі ўсёй старазапаветнай гісторыі» — выхаду яўрэяў з Егіпта[14].
Пасхальнае ягня таксама звалася «пасхай» («песахам»)[7][заўв 4]. Такое ўжыванне слова можна знайсці, у прыватнасці, у апавяданнях евангелістаў пра Тайную Вячэру (Мф. 26:17-19, Мк. 14:12-16, Лк. 22:8-15).
Вялікдзень у Новым Запавеце
правіцьВялікдзень неаднаразова згадваецца ў Евангеллях, але асаблівае месца займае ў іх апавяданні пра Тайную Вячэру, якая ў Матфея, Марка і Лукі апісана як святочная пасхальная трапеза (Мф. 26:17-19, Мк. 14:12-16, Лк. 22:8-15), і пра наступнае распяцце Ісуса Хрыста.
Менавіта падчас Тайнай Вячэры Ісус Хрыстос прамовіў словы і здзейсніў дзеянні, якія змянілі сэнс свята. Ісус замяніў Сабой месца пасхальнай ахвяры, і ў выніку «старая Пасха становіцца Пасхай новага Ягня, ахвяраванага дзеля ачышчэння людзей раз і назаўжды», а новай пасхальнай трапезай становіцца Еўхарыстыя[15].
Паколькі пакаранне адбылося ў пятніцу, « дык Іўзеі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу, бо тая субота была дзень вялікі, прасілі Пілата, каб перабіць у іх галені і зняць іх» (Ін. 19:31), і воіны перабілі галені раскрыжаваным разбойнікам, аднак жа, «падышоўшы да Ісуса, як убачылі Яго ўжо мёртвага, не перабілі ў яго галені» (Ін. 19:32-32). Іаан Багаслоў, які распавядае пра гэтыя падзеі, знаходзіць у іх выкананне слоў Свяшчэннага Пісання: «бо гэта сталася, хай збудзецца Пісанне: „косць Ягоная хай не будзе зламана“» (Ін. 19:36).
Новае разуменне пасхальнай ахвяры добра адлюстроўваюць словы апостала Паўла (1Кар. 5:7):
… Пасха наша Хрыстос, ахвяраваны за нас.. |
Спыненне старазапаветных ахвяр
правіцьПасля разбурэння ў 70 годзе Іерусалімскага храма рытуальнае ахвяраванне пасхальнага ягня больш не праводзілася[7][14], і ў сучасным рытуале адпраўлення Песаха пра яго нагадвае прадпісанне «з’есці невялікі кавалачак спечанага мяса» падчас начной трапезы[14].
Ранняе хрысціянства
правіцьПасля Сёмухі хрысціяне пачалі праводзіць першыя богаслужэнні Еўхарыстыі, прысвечаныя ўспаміну смерці Ісуса Хрыста. Літургіі праходзіла як Тайная Вячэра — Пасха мукаў, звязаная з Хроснай смерцю. Такім чынам, Вялікдзень стаў першым і галоўным хрысціянскім святам, якое абумовіла як богаслужэбны ўстаў Царквы, так і веравучыцельны бок хрысціянства[крыніца?].
У некаторых ранніх крыніцах гаворыцца пра штотыднёвыя святкаванні: пятніца была днём посту і смутку ва ўспаміне мукаў Хрыста («Пастыр Ермы», III,V:1), а нядзеля — днём радасці (Тэртуліян, «De corona mil.», гл. 3). Гэтыя святкаванні станавіліся больш урачыстымі ў перыяд яўрэйскага Песаха — угодкаў смерці Хрыста[крыніца?].
У малаазійскіх цэрквах, асабліва іўдзеахрысціянамі, у I стагоддзі н.э. свята штогод адзначалася разам з іўдзейскім Песахам — 14 нісана, таму што і іўдзеі і хрысціяне чакалі ў гэты дзень прышэсце Месіі (Блаж. Еранім, Тлум. на Мф. 25,6 — PL 26,192). Некаторыя цэрквы пераносілі святкаванне на першую нядзелю пасля іўдзейскага Песаха, таму што Ісус Хрыстос быў пакараны смерцю ў дзень Песаха і ўваскрэс паводле Евангеллях у дзень пасля суботы — гэта значыць у нядзелю. Ужо ў II стагоддзі свята прымае характар штогадовага ва ўсіх Цэрквах. У сачыненнях ранніх хрысціянскіх пісьменнікаў — у пасланні Св. Ірынея Ліёнскага біскупу Рымскаму Віктару, «Пасхальная гамілія» Мелітона Сардыйскага[16], у творах Апалінарыя Іерапольскага, Клімента Александрыйскага, Св. Іпаліта Рымскага — ёсць звесткі і пра святкаванне штогадовага дня смерці на крыжы і Уваскрэсення Хрыстова. З іх сачыненняў вынікае, што першапачаткова асобым постам адзначаліся пакуты і смерць Хрыста як «Пасха Пакут», ці «Пасха Крыжовая»[17] — πάσχα σταυρόσιμον, pascha crucificationis, якая супадала з яўрэйскім Песахам, пост працягваўся да нядзельнай ночы. Пасля яе адзначалася ўласна Уваскрэсенне Хрыстова як Пасха радасці, ці «Пасха Уваскрэсення»[17] — πάσχα άναστάσιμον, pascha resurrectionis. У сучасным богаслужэбным уставе захаваліся сляды гэтых старажытных свят.[18] Асабліва гэта прыкметна ў святочных элементах службаў Вялікіх Чацвярга, Пятніцы і Суботы і ў структуры начной службы ў Велікодную нядзелю, якая складаецца з мінорнай велікоднай паўночніцы з канонам Вялікай Суботы, і з урачыста-радаснай велікоднай ютрані. Таксама на Уставе адбілася і старажытная традыцыя святкавання Пасхі Уваскрэсення аж да Ушэсця.
У хуткім часе стала прыкметным адрозненне традыцый Памесных цэркваў. Узнікла т.зв. «велікодная спрэчка» паміж Рымам і цэрквамі Малой Азіі. Хрысціяне Малой Азіі, названыя чатырынадзясятнікамі ці квартадэцыманамі (ад 14 дня месяца нісана), строга прытрымліваліся звычаю святкаваць Вялікдзень (Пасху) 14 нісана, абапіраючыся на аўтарытэт Ап. Іаана Багаслова. У іх жа назва яўрэйскай Пасхі перайшла на назву хрысціянскай і пасля распаўсюдзілася.[19] Тады як на Захадзе, які не зведаў уплыву іўдзеахрысціянства, склалася практыка святкавання Вялікадня ў першую нядзелю пасля яўрэйскай Пасхі, пры гэтым разлічваючы апошнюю як поўня пасля дня раўнадзенства. У 155 годзе Палікарп, біскуп Смірны, наведаў рымскага біскупа Анікета, каб дамовіцца пра агульнае святкаванне Вялікадня, але пагаднення дасягнута не было. Пазней, у 190—192 гг., рымскі біскуп Віктар на саборах у Палесціне, Понце, Галіі, Александрыі, Карынфе, настойваў, каб малаазійскія хрысціяне адмовіліся ад свайго звычаю, і патрабаваў ад іншых цэркваў разарваць зносіны з імі. Св. Ірыней Ліёнскі, выступіў супраць адлучэння малаазійцаў, адзначаючы, што разыходжанні па фармальных прычынах не павінны ставіць пад пагрозу адзінства Царквы[20].
Многія абшчыны арыентаваліся на прынятыя ў іўдзеяў разлікі пасхальнага месяца. У той час ужо не прытрымліваліся сувязі паміж раўнадзенствам і месяцам нісанам, і ў некаторыя гады гэта прыводзіла да святкавання Вялікадня да дня веснавога раўнадзенства (гэта значыць, да надыходу новага астранамічнага года). Гэта практыка не прымалася іншымі абшчынамі[крыніца?].
Першы Усяленскі сабор
правіцьПытанне адзінага дня святкавання Вялікадня для ўсёй хрысціянскай айкумены разглядалася на скліканым у 325 годзе саборы епіскапаў у Нікеі, пасля названым Першым Усяленскім[21]. На саборы было прынята рашэнне ўзгадняць дзень святкавання Вялікадня паміж абшчынамі, і асуджана практыка арыентацыі на яўрэйскую дату, якая выпадала да раўнадзенства[22] :
Калі разглядалася пытанне наконт найсвяцейшага Вялікадня, пры ўсеагульнай згодзе было прызнана мэтазгодным, каб свята гэта адзначалася ўсімі ў адзін і той жа дзень паўсюдна… Сапраўды, перш за ўсё, усім здалася надзвычай абразлівай тая акалічнасць, што ў святкаванні гэтай найсвяцейшай урачыстасці мы павінны прытрымлівацца звычаю іўдзеяў… |
Як паведамляе гісторык, епіскап і ўдзельнік сабору Еўсевій Кесарыйскі ў кнізе «Пра жыццё блажэннага васілеўса Канстанціна», на Першым Усяленскім усе епіскапы не толькі прынялі Сімвал веры, але і падпісаліся, каб святкаваць Вялікдзень усім у адзін час[23]. Еўсевій Кесарыйскі, пераказваючы словы імператара Канстанціна, прыводзіць і аргументы, якімі кіраваліся айцы Першага Усяленскага сабору для такога рашэння[24]. Днём Вялікадня была выбрана першая нядзеля пасля поўні, якая з’явіцца не раней за веснавое раўнадзенства.
Александрыйскі епіскам павінен быў разлічваць гэты дзень і загадзя паведамляць яго ў Рым, каб забяспечыць адзіны дзень святкавання. Аднак праз нейкі час такія паведамленні спынілася. Усход і Рым пачалі святкаваць Вялікдзень кожны паводле сваіх разлікаў, часта ў розныя дні. У Александрыі былі створаны велікодныя табліцы — пасхаліі, якія дазваляюць вызначыць дату Вялікадня на шмат гадоў наверад. У іх аснову быў пакладзены 19-гадовы месяцава-сонечны цыкл, а за дату веснавога раўнадзенства прынята 21 сакавіка. У VI—VIII стст. гэта Пасхалія была прынята заходняй царквой[крыніца?].
Першапачатковае вызначэнне Першага Усяленскага сабору наконт Вялікадня лягло ў аснову царкоўнага статута.
Памесны Антыяхійскі сабор 341 года ў сваім першым правіле патрабуе строга прытрымлівацца рашэнняў Першага Усяленскага сабору наконт дня святкавання Вялікадня пад страхам адлучэння ад Царквы і пазбаўлення сану[25].
Сведчанні IV стагоддзі гавораць, што Пасха Крыжовая і Уваскрэсення ў той час ужо былі аб’яднаны як на Захадзе, так і на Усходзе. Святкаванне Пасхі Крыжовай папярэднічала святкаванню Пасхі Уваскрэсення, кожная доўжылася тыдзень да і пасля Велікоднай нядзелі. Толькі ў V стагоддзі назва Пасха стала агульнапрынятай для абазначэння ўласна свята Уваскрэсення Хрыстова. Пазней Вялікдзень стаў вылучацца ў богаслужэнні ўсё выразней, за што атрымаў назву «цара дзён»[крыніца?].
Сярэднявечча і Новы час
правіцьУ VI стагоддзі Рымская царква прыняла ўсходнюю пасхалію. Але на працягу амаль 500 гадоў пасля Нікейскага сабору Вялікдзень святкаваўся па розных пасхаліях[26]. Александрыйская Пасхалія выкарыстоўвалася ва ўсім хрысціянскім свеце да канца XVI стагоддзя, больш 800 гадоў. Усходняя ці Александрыйская пасхалія пабудавана на чатырох абмежаваннях, выкладзеных Матфеем Уластарам[27]:
Чатыры абмежаванні пакладзены для нашага Вялікадня, якія патрабуюцца неабходна. Два з іх узаконьваюць Апостальскае правіла (7-е) і два атрымалі пачатак з ненапісанага падання. Першае — мы павінны святкаваць Вялікдзень пасля веснавога раўнадзенства; другое — святкаваць не ў адзін дзень з іўдзеямі; трэцяе — не проста пасля раўнадзенства, але пасля першай поўні, якая з'явіцца пасля раўнадзенства; чацвёртае — і пасля поўні няйначай, як у першы дзень тыдня па іўдзейскім ліку. Таму, каб гэтыя чатыры абмежаванні выконваліся роўна мудрымі і простымі, і каб хрысціяне па ўсім сусвеце святкавалі Вялікдзень у адзін час, не маючы прытым нідзе патрэбы ў асаблівых астранамічных разліках, — айцы склалі канон і перадалі Царкве, без парушэння названых абмежаванняў. |
У 1582 годзе ў Рымска-каталіцкай царкве Папа Грыгорый XIII увёў новую Пасхалію, названую грыгарыянскай. З-за змянення Пасхаліі змяніўся і ўвесь каляндар. У тым жа годзе Папа Рымскі Грыгорый накіраваў паслоў да патрыярха Ераміі з прапановай прыняцця новага грыгарыянскага календара і новай грыгарыянскай пасхаліі. У 1583 годзе патрыярх Ерамія склікаў вялікі памесны сабор, запрасіўшы ўсходніх патрыярхаў, на якім аддалі анафеме не толькі тых, хто прыняў грыгарыянскую пасхалію, але і грыгарыянскі каляндар[28][29].
У выніку рэформы пасхаліі каталіцкі Вялікдзень часта святкуецца раней за іўдзейскі або ў адзін дзень і апярэджвае праваслаўны Вялікдзень у некаторыя гады больш як на месяц.
Сучаснасць
правіцьУ 1923 годзе Канстанцінопальскі патрыярх Мялецій IV (Метаксакіс) правёў т.зв. «Усеправаслаўную» нараду з удзелам прадстаўнікоў Эладскай, Румынскай і Сербскай праваслаўных цэркваў, на якой быў прыняты новаюліянскі каляндар, яшчэ больш дакладны загрыгарыянскі, з якім ён супадае да 2800 года. Усходнія цэрквы асудзілі гэта рашэнне, а Александрыйская правяла Памесны сабор, пастанавіўшы, што ва ўвядзенні новага календара няма ніякай неабходнасці. У Рускай і Сербскай цэрквах пасля спробы змяніць календар пакінулі ранейшы з-за магчымай смуты ў народзе.[30][31]
У сакавіку 1924 года на новы стыль перайшлі Канстанцінопальская (ужо пры Грыгорыі VII) і Эладская цэрквы. Румынская царква прыняла «новаюліянскі» каляндар 1 кастрычніка 1924 года.
Абурэнне духавенства і народа новаўвядзеннямі Мялеція вымусілі яго сысці ў адстаўку 20 верасня 1923 года. 20 мая 1926 года Мялецій становіцца Папам і патрыярхам Александрыйскай царквы, дзе, насуперак раней прынятаму саборнаму рашэнню, уводзіць новы каляндар. У грэчаскіх цэрквах адбыўся маштабны царкоўны раскол, не ўрэгуляваны дагэтуль. Утварылася некалькі самастойных старакаляндарных грэчаскіх Сінодаў.
На Усеправаслаўнай нарадзе 1948 года ў Маскве было вырашана, што Вялікдзень і ўсе пераходныя святы святкуюцца ўсімі Праваслаўнымі цэрквамі па Александрыйскай пасхаліі і юліянскім календары, а непераходныя святы па тым, па якім жыве кожная з Цэркваў. У тым жа годзе на новаюліянскі каляндар перайшла Антыяхійская праваслаўная царква.
Сёння юліянскім календаром цалкам карыстаюцца толькі Руская, Іерусалімская, Грузінская і Сербская[32] праваслаўныя цэрквы, а таксама Афон.
Фінляндская праваслаўная царква цалкам перайшла на грыгарыянскі каляндар[33].
Астатнія Памесныя Праваслаўныя цэрквы святкуюць Вялікдзень і іншыя пераходныя святы па юліянскім календары, а Раство і іншыя непераходныя святы — па грыгарыянскім.
У Вялікабрытаніі «Велікодны акт» 1928 года ўсталяваў дату Вялікадня на першую нядзелю пасля другой суботы красавіка[34]; аднак гэта пастанова не набыла моц. У 1997 годзе на саміце ў Халебе (Сірыя) Сусветны савет цэркваў прапанаваў зафіксаваць дзень Вялікадні ў сонечным календары (таксама другое ўваскрэсенне красавіка) або зацвердзіць адзіную Пасхалію для ўсяго хрысціянскага свету, зыходзячы з астранамічных патрабаванняў. Рэформа была прызначана на 2001 год, але не была прынята ўсімі членамі Савета.
Разлік даты Вялікадня
правіцьДаты Велікоднай нядзелі, 2001—2020 | ||
---|---|---|
год | Грыгарыянская пасхалія (заходняя традыцыя) |
Александрыйская пасхалія (усходняя традыцыя) |
2001 | 15 красавіка | |
2002 | 31 сакавіка | 5 мая |
2003 | 20 красавіка | 27 красавіка |
2004 | 11 красавіка | |
2005 | 27 сакавіка | 1 мая |
2006 | 16 красавіка | 23 красавіка |
2007 | 8 красавіка | |
2008 | 23 сакавіка | 27 красавіка |
2009 | 12 красавіка | 19 красавіка |
2010 | 4 красавіка | |
2011 | 24 красавіка | |
2012 | 8 красавіка | 15 красавіка |
2013 | 31 сакавіка | 5 мая |
2014 | 20 красавіка | |
2015 | 5 красавіка | 12 красавіка |
2016 | 27 сакавіка | 1 мая |
2017 | 16 красавіка | |
2018 | 1 красавіка | 8 красавіка |
2019 | 21 красавіка | 28 красавіка |
2020 | 12 красавіка | 19 красавіка |
Агульнае правіла для разліку даты Вялікадня:
- «Вялікдзень святкуецца ў першую нядзелю пасля веснавой поўні». Веснавая поўня — першая поўня пасля веснавога раўнадзенства. Абедзве пасхаліі — александрыйская і грыгарыянская — грунтуюцца на гэтым прынцыпе.
Дата Вялікадні вызначаецца з суадносін месяцавага і сонечнага календароў (месяцава-сонечны каляндар)[27].
Складанасць разліку абумоўлена змяшэннем незалежных астранамічных цыклаў і шэрагу патрабаванняў:
- абарот Зямлі вакол Сонца (дата веснавога раўнадзенства);
- абарот Месяца вакол Зямлі (поўня);
- усталяваны дзень святкавання — нядзеля.
Для разліку даты поўні ў год Y патрабуецца знайсці залаты лік G — парадак года ў 19-гадовым цыкле поўняў (гл. метанаў цыкл).
У 1 год н.э. залаты лік G быў роўны 2. Адпаведна ў год Y ад н.э. (ці ад Р.Х. — Раства Хрыстова) залаты лік G роўны:
- G = (астача ад дзялення Y/19) + 1.
Заснаванне Месяца — лік, які паказвае «ўзрост» месяца на 1 сакавіка, гэта значыць колькасць дзён, што мінулі да 1 сакавіка ад папярэдняй месяцавай фазы. Розніца паміж заснаваннямі наступных гадоў роўная 11. Колькасць дзён месяцавага месяца роўная 30.
- Заснаванне_Месяца = астача ад дзялення (11 · G)/30.
Калі поўня раней за 21 сакавіка, то велікодным лічыцца наступная поўня (гэта значыць, да атрыманага ліку дадаецца 30 дзён). Калі велікодная поўня выпадае на нядзелю, то Вялікдзень святкуецца ў наступную нядзелю (гэта значыць, да атрыманага ліку дадаецца 7 дзён).
З-за таго, што ўсходнія (праваслаўныя, грэка-католікі і вернікі старажытнаўсходніх цэркваў) і заходнія (католікі лацінскага абраду і пратэстанты) хрысціяне выкарыстоўваюць розныя пасхаліі, разлічаныя па аднолькавых правілах, даты атрымліваюцца рознымі.
Паводле ўсходняй традыцыі, Вялікдзень разлічваецца па александрыйскай пасхаліі; дата першага дня Вялікадня (Велікодная нядзеля) выпадае на адзін з 35 дзён у перыяд з 22 сакавіка па 25 красавіка па юліянскім календары (што ў XX—XXI стст. адпавядае перыяду з 4 красавіка па 8 мая па н. ст.). Калі Вялікдзень супадае са святам Дабравешчання, якое адзначаюць 25 сакавіка (7 красавіка), то ён называецца Кірыяпасха (Гасподняя Пасха).
У Рымска-каталіцкай і пратэстанцкіх цэрквах дата Вялікадня разлічваецца па грыгарыянскай пасхаліі. У XVI стагоддзі Рымска-каталіцкая царква правяла каляндарную рэформу, мэтай якой было прывядзенне даты Вялікадня ў адпаведнасць з назіранымі з’явамі на небе (да гэтага часу старая пасхалія ўжо давала даты поўняў і раўнадзенстваў, якія не адпавядалі рэальнаму становішчу свяцілаў). Новая пасхалія была складзена неапалітанскім астраномам Алаізіем Ліліем і нямецкім манахам-езуітам Крыстаферам Клавіем.
Разыходжанне паміж датамі Вялікадня ва ўсходніх і заходніх цэрквах выклікана адрозненнем у даце царкоўных поўняў і розніцай паміж сонечнымі календарамі (13 дзён у XXI стагоддзі). Заходні Вялікдзень у 30 % выпадкаў супадае з усходнім, у 45 % выпадкаў апярэджвае яе на тыдзень, у 5 % — на 4 тыдні і ў 20 % — на 5 тыдняў; розніцы ў 2 і ў 3 тыдні не бывае.[крыніца?]
У аперацыйных сістэмах, падобных да UNIX, разлічыць дзень Вялікадня можа праграма ncal
[35]. Алгарытм разліку даты Вялікадня можна паглядзець у зыходным кодзе праграмы[36]. Прыклад:
# разлічыць і вывесці
# дату заходняга Вялікадня
# у пазначаны год
ncal -e 2016
# разлічыць і вывесці
# дату ўсходняга Вялікадня
# у пазначаны год
ncal -o 2016
Калі год не пазначаны, праграма разлічыць дату Вялікадня для бягучага года.
Вялікдзень у царкоўным годзе
правіцьДа Вялікадня прывязаны найважнейшыя пераходныя святы, якія адзначаюцца ў паслядоўнасці евангельскіх падзей:
- Лазарава субота;
- Уваход Гасподні ў Іерусалім — за тыдзень да Вялікадня[37]:
- Народ, ведаючы пра цудоўнае уваскрэшанне Лазара, урачыста сустракае Ісуса як будучага Цара (Ін. 12:12);
- Перадвелікодны тыдзень — тыдзень перад святам Вялікадня:
- Вялікі чацвер — Хрыстос усталёўвае Таінства Еўхарыстыі ў Сіёнскай святліцы ў Іерусаліме. Сінаптычныя Евангеллі апісваюць гэты дзень як дзень прэсных хлябоў, гэта значыць іўдзейскую Пасху(Песах). Евангелле паводле Іаана і далейшыя падзеі іншых Евангелляў паказваюць, што іўдзеі Іерусаліма святкавалі Вялікдзень пасля дня распяцця Хрыста, гэта значыць праз два дні. Паводле аднаго з тлумачэнняў, таксама з улікам кумранскіх знаходак, каляндар Галілеі адставаў на два дні ад іерусалімскага. Такім чынам, на Тайнай Вячэры старазапаветны Песах — ягня, віно і праснакі містычна звязваецца з новазапаветнай Пасхай — Хрыстом, Яго Целам і Крывёй[38];
- Страсная пятніца — паводле традыцыі, перад святам Песах Понцій Пілат хацеў адпусціць аднаго вязня, у надзеі што народ будзе прасіць за Ісуса. Аднак, падбухтораны першасвятарамі, народ патрабуе адпусціць Вараву. Іаан падкрэслівае, што распяцце адбываецца ў дзень Вялікадня, таму што ахвяраванне пасхальнага ягня ў старазапаветную Пасху (Песах) з’яўляецца правобразам Пасхі новазапаветнай — ахвяравання Хрыста як Ягня Божага за грахі свету. Як косці пасхальнага ягня (першанароджанага і без хібы) не павінны быць зламаны, так і Хрысту не перабіваюць галені, у адрозненне ад іншых укрыжаваных. Іосіф Арымафейскі і Нікадзім, папрасіўшы ў Пілата пахаваць цела Ісуса, угарнулі яго ў плашчаніцу, прамочаную духмянымі рэчывамі, і кладуць у бліжэйшую магільню да надыходу суботняга спакою. Пры пахаванні прысутнічаюць Марыя Магдаліна і «іншая Марыя»;
- Вялікая субота — першасвятары, успомніўшы, што Хрыстос казаў пра сваё ўваскрэсенне на трэці дзень, нягледзячы на свята і суботу, звяртаюцца да Пілата паставіць варту на тры дні, каб вучні не выкралі цела, падстроіўшы тым самым «уваскрэсенне» настаўніка з мёртвых;
- Вялікдзень — Светлае Хрыстова Уваскрэсенне:
- Уваскрэсенне Хрыстова (першы дзень пасля суботы) — пасля суботняга спакою да труны ідуць Жонкі-міраносіцы. Перад імі да труны сыходзіць Анёл і адвальвае ад яе камень, адбываецца землетрасенне, а вартаўнікоў ахоплівае страх. Анёл кажа жонкам, што Хрыстос уваскрос, і сустрэне іх у Галілеі. З’яўленне Хрыста вучням;
- Антыпасха ў праваслаўі, Актава Вялікадня ў каталіцтве — з’яўленне ўваскрэслага Хрыста вучням на 8-ы дзень Вялікадня і запэўненне Фамы:
- Праз 8 дзён (Антыпасха, Фаміна Нядзеля) Хрыстос ізноў з’яўляецца вучням, сярод якіх Фама, праз зачыненыя дзверы. Ісус кажа Фаме, каб той уклаў пальцы ў раны, каб пераканацца ў рэальнасці ўваскрэслага цела. Фама ўсклікае «Гасподзь мой і Бог мой!».
- Хрыстос працягвае з’яўляцца вучням на працягу сарака дзён пасля свайго Уваскрэсення, у прыватнасці, на Тыверыядскім моры (у Галілеі) пры лоўлі рыбы (пра што паведамляе Іаан Багаслоў), а таксама прынамсі пяці сотням сведак (1Кар. 15:6);
- Узнясенне Гасподняе — саракавы дзень пасля Вялікадня:
- На саракавы дзень пасля Уваскрэсення Ісус узносіцца на неба, бласлаўляючы апосталаў;
- На пяцідзесяты дзень пасля Уваскрэсення апосталы па абяцанні Бога атрымліваюць дары Святога Духу.
Велікодныя традыцыі
правіцьПрактычна ўсе велікодныя традыцыі ўзніклі ў богаслужэнні. Нават размах велікодных народных гулянняў звязаны з разгавеннем пасля Вялікага посту — часу ўстрымання, калі ўсе святы, сямейныя ў тым ліку, пераносіліся на святкаванне Вялікадня. Сімваламі Вялікадня становіцца ўсё, што сімвалізуе Абнаўленне (Велікодныя ручаі), Святло (Велікодны агонь), Жыццё (Велікодныя кулічы, яйкі і зайцы).
Велікоднае богаслужэнне
правіцьУ Вялікдзень, як у найважнейшае свята царкоўнага года, праводзіцца асабліва ўрачыстае богаслужэнне. Яно фарміравалася ў першыя стагоддзі хрысціянства як хрысцільнае. Большасць аглашэнных пасля падрыхтоўчага посту прымалі хрышчэнне ў гэты асаблівы дзень.
У Царкве са старажытных часоў склалася традыцыя правядзення Велікоднага богаслужэння ўначы; або ў некаторых краінах (напрыклад, Сербіі) ранняй раніцай — на світанні.
Велікоднае прывітанне
правіцьПачынаючы з велікоднай ночы і наступныя сорак дзён прынята «хрыстосавацца», гэта значыць вітаць адзін аднаго словамі: «Хрыстос уваскрос!» — «Сапраўды ўваскрос!»[17], пры гэтым цалуючыся тры разы. Гэты звычай паходзіць з апостальскіх часоў: «Вітайце адзін аднаго з цалаваннем святым» (Рым. 16:16), таксама 1Пётр. 5:14, 1Кар. 16:20.
Народная традыцыя
правіцьУ старажытных славян першапачаткова так называлася веснавое свята ў гонар сонца, абуджэння прыроды і надыходу «вялікіх дзён» палявых работ. Адсюль і назва. Падобнае свята пачатку жніва было і ў старажытных семіцкіх плямёнаў, называлася яно «Пасха» (грэч. πάσχα, ад іўр. פסח песах — «праходзіць міма»). Старажытныя яўрэі святкавалі Пасху ў гонар іх зыходу з Егіпта. У дахрысціянскія часы ў Беларусі на Вялікдзень адбываліся магічныя абрады з мэтай забеспячэння плоднасці жывёлы, урадлівасці зямлі, засцеражэння ад нягод.
3 прыняццем хрысціянства гэта свята атрымала духоўны сэнс і ачышчальную моц, з’яўляецца выключна радасным і ўрачыстым у шэрагу ўсіх хрысціянскіх святаў. Падрыхтаваўшы сябе духоўна Вялікім сямітыднёвым постам, на перадвелікодным Белым тыдні пачынаюць рыхтавацца да правядзення святочных дзён. У Чысты чацвер чысцяць і прыбіраюць хату і двор. У Вялікую суботу, напярэдадні Вялікадня, гатуецца, варыцца, смажыцца мноства розных страваў. Пякуцца пірагі, фарбуюцца ў розныя колеры і распісваюцца ўзорамі курыныя яйкі (пісанкі). Увечары гэтага ж дня прыбіраюцца ў святочную вопратку, бяруць з сабой падрыхтаваную для асвячэння «пасху», ідуць у царкву на ўсяночную службу.
Пасля літургіі святкаванне працягваецца дома. Разгаўляюцца асвячоным яйкам, потым іншай асвячонай ежай. Любімая гульня ў моладзі — біткі. Стукаюцца велікоднымі яйкамі, і пераможцам аказваецца той, у каго яно застаецца цэлае («мацак»).
У першы велікодны вечар на Беларусі былі пашыраны валачобныя абыходы, падчас якіх групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі валачобныя песні з пажаданнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчаслівае долі, велічалі гаспадароў і руплівую працу:
У велікодны абрадавы комплекс уваходзілі рытуальныя трапезы, карагоды і памінанне памерлых родзічаў — веснавыя дзяды Радаўніца.
Паколькі адным з сімвалаў свята з’яўляецца яйка, у некаторых краінах у велікодную нядзелю дарослыя хаваюць ад дзяцей шакаладныя яйкі па ўсім доме, а калі надвор’е дазваляе, то і ў двары. Традыцыйна яны вырабляліся так: шакалад заліваўся ў полую яечную шкарлупіну. Зараз папулярныя таксама фабрычныя і самаробныя рознакаляровыя яйкі з сюрпрызам унутры. У падарунак сваякам і сябрам дзеці часта і самі размалёўваюць яйкі. Дамы ўпрыгожваюцца велікоднымі яйкамі і збанкамі з прарослай травой.
Традыцыйнай фінскай пасхальнай ежай з’яўляецца звараная з жытняй мукі карычневая салодкая каша мямі. Раней мямі ўяўляла сабой халодную страву, якую рыхтавалі ў Вялікую пятніцу, калі нельга было разводзіць агонь. У якасці асноўнай стравы звычайна падаюць бараніну.
Гл. таксама
правіцьЗаўвагі
правіць- ↑ Паводле апостала Паўла, а калі Хрыстос не ўваскрэс, дык і пропаведзь нашая марная, марная і вера ваша.
- ↑ «Сачы за месяцам Авіў і ўчыняй Пасху Госпаду, Богу твайму, бо ў месяцы Авіве вывеў цябе Гасподзь, Бог твой, з Егіпта ўначы.» (Друг. 16:1)
- ↑ «Апоўначы Гасподзь пабіў усіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, ад першынца фараона, які сядзеў на троне сваім, да першынца вязьня, які быў у цямніцы, і ўсё першароднае з жывёлы. І ўстаў фараон уначы сам і ўсе рабы ягоныя і ўвесь Егіпет; і пачаўся вялікі енк у зямлі Егіпецкай, бо не было дома, дзе не было б мёртвага.» (Зых. 12:29-30)
- ↑ А ежце яго так: хай будзе паясніца ваша перапяразана, абутак ваш на нагах вашых і кіі вашыя ў руках вашых, і ежце яго паспешліва: гэта — Пасха Гасподняя.І склікаў Майсей усіх старэйшынаў Ізраілевых і казаў ім: выберыце і вазьмеце сабе ягнят па сем’ях вашых і закалеце паску…
Крыніцы
правіць- ↑ а б в г д е Вялікдзень. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
- ↑ а б Bernard Trawicky, Ruth Wilhelme Gregory. Anniversaries and Holidays. — American Library Association, p. 224, 2000.
- ↑ а б Барсов Н. И. Пасха, христианский праздник // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ а б в Пасха Христова: смысл и история праздника // Нескучный сад, 04.05.13.
- ↑ На Пасху все кругом ликует и играет // «Азбука веры».
- ↑ Norman Davies. Europe: A History. — Oxford University Press, p. 201, 1996.
- ↑ а б в г д Песах (руск.). Электронная еврейская энциклопедия. Архівавана з першакрыніцы 29 красавіка 2013. Праверана 29 красавіка 2013.
- ↑ «The weirdness of Holy Week» // The Economist, Apr 2nd 2015).
- ↑ Пасха (руск.) — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі
- ↑ Ветхозаветное богослужение // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2004. — Т. VIII. — С. 59—66. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 5-89572-014-5.
- ↑ Audirsch J. G. The Legislative Themes of Centralization: From Mandate to Demise. — Wipf and Stock Publishers , 2014. — P. 108. — 224 p.
- ↑ Пасха. История праздника // Православный календарь, Православие.Ru.
- ↑ Первенец // Библия. Ветхий и Новый заветы. Синодальный перевод. Библейская энциклопедия архимандрита Никифора. 1891.
- ↑ а б в Гриц И. Я. Агнец пасхальный // Православная энциклопедия, т. 1, с. 257—258.
- ↑ ПАСХА или ХРИСТОВО ВОСКРЕСЕНИЕ? // «Азбука веры».
- ↑ Святитель Мелитон Сардийский. О Пасхе
- ↑ а б в Пасха. Вялікдзень. Светлае Хрыстова Уваскрэсенне. Аляксандр ЛЕТКА Архівавана 21 студзеня 2021.
- ↑ иер. А. Сложеникин. Празднование Святой Пасхи. Историко-литургическая справка
- ↑ Мень А. В. О дне празднования Пасхи // Православное богослужение. Таинство, слово и образ(недаступная спасылка). Наследие протоиерея Александра Меня. Архівавана з першакрыніцы 24 мая 2013. Праверана 22 мая 2013.
- ↑ Спрэчкі аб святкаванні Вялікадня
- ↑ Ліст імператара Канстанціна Архівавана 28 верасня 2007.
- ↑ Феадарыт Кірскі. Гісторыя Царквы. Кніга 1, глава 10
- ↑ Еўсевій Кесарыйскі. Жыццё Канстанціна, кніга 3, глава 14.
- ↑ Еўсевій Кесарыйскі. Жыццё Канстанціна, кніга 3, глава 18.
- ↑ Правілы Апосталаў, Сусветных і Памесных сабораў і святых айцоў, Першае правіла Антыяхійскага сабору Архівавана 28 чэрвеня 2019.
- ↑ В. Ф. Хулап. Рэформа календара і пасхаліі: гісторыя і сучаснасць
- ↑ а б Матфей Властарь. Алфавитная Синтагма, буква «П». Глава 7-я - о Св. Пасхе(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2013.
- ↑ Правіла Вялікага Канстанцінопальскага Сабора 1583 года пра Пасхалія і пра новы каляндар
- ↑ Анафема Вялікага Сабора 1583 года на паслядоўнікаў «новага» (грыгарыянскага) календара [каноны]
- ↑ Мелетий Метаксакис: митрополит, архиепископ, Папа и Патриарх
- ↑ Епископ Фотий Триадицкий. Роковой шаг по пути к отступлению. О «Всеправославном конгрессе» в Константинополе Архівавана 30 верасня 2007.
- ↑ Календарь // Православная энциклопедия, т. 29, с. 440—464.
- ↑ И. З. Якимчук. «Всеправославный конгресс» // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2005. — Т. IX. — С. 680-683. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 5-89572-015-3.
- ↑ Easter Act 1928 Афіцыйны тэкст «Велікоднага акту 1928 года».
- ↑ ncal(1) — старонка даведкі
man
для АС FreeBSD. - ↑ Зыходны код
ncal
// FreeBSD. - ↑ О таинствах и службах повременных, о праздниках и воскресных днях, о совершителях богослужения, о храме и священных сосудах // О богослужении Православной церкви. — СПб, 1857. — Т. 2. — С. 62.
- ↑ проф. ЛДА Успенский Н. Тайная Вечеря и Трапеза Господня. Журнал Московской Патриархии, 1967, № 3
- ↑ «Православное богослужение. Таинство, слово и образ» А. Мень. Таинство, слово и образ. Гл. V ПАСХАЛЬНЫЙ ЦИКЛ («переходящие праздники») Архівавана 14 ліпеня 2014.
Літаратура
правіць- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 164. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вялікдзень
- Светлае Хрыстова Уваскрасенне — Пасха (Вялікдзень) 8 красавіка (дата рухомая)