Авіяцыя эфіопа-эрытрэйскай вайны
Авіяцыя эфіопа-эрытрэйскай вайны — ваенна-паветраныя сілы Эфіопіі і Эрытрэі, якія адыгрывалі значную ролю ў вайне 1998—2000 гадоў. Бакі вылучалі значную частку сродкаў для падтрымкі добрага стану сваёй авіяцыі і яе мадэрнізацыі, чым меркавалася дасягнуць поспеху ва ўсім канфлікце[1]. Калі ў пачатку краіны адчувалі недахоп у пілотах, інструктарах і тэхніках, мелі істотныя праблемы з баяздольнасцю баявых машын, то па заканчэнні супрацьстаяння сітуацыя змянілася за кошт намаганняў па павышэнні авіямоцы, замежных паставак, дапамогі наймітаў і ваенспецаў з былых савецкіх рэспублік (у асноўным расійскіх і ўкраінскіх)[2]. Падчас узброенага канфлікту выяўлены шэраг асаблівасцей самалётаў серый «МіГ» і «Су», якія раней не фіксаваліся ў прыродна-кліматычных умовах Эфіопіі і Эрытрэі[3].
Самалёты і верталёты былі задзейнічаны ў бамбардзіроўках, разведцы, эвакуацыях і паветраных баях. Паводле мінімальных ацэнак, страты ў авіятэхніцы склалі 5 адзінак у эрытрэйцаў (4 МіГ-29[4][5], 1 Aermacchi MB-339[6]) і 8 адзінак у эфіопаў (3 МіГ-21, 1 МіГ-23, 1 Су-25, 2 Мі-24/35[7]). У ходзе небаявых інцыдэнтаў пацярпелі яшчэ чатыры машыны: эфіопскія Су-27СК і МіГ-21, украінскі Іл-76МД, якія разбіліся ў паветраных крушэннях, і паўднёваафрыканскі Learjet-35A, збіты па памылцы Эфіопіяй.
-
Эфіопскія ВПС (першы тып).
-
Эфіопскія ВПС (другі тып).
-
Эрытрэйскія ВПС.
Авіяцыя бакоў
правіцьВПС Эфіопіі
правіцьБаявы склад ВПС Эфіопіі , аснову якога склалі савецкія пастаўкі рэжыму ДЭРГ у перыяд грамадзянскай вайны 1975—1991 гг. , выглядаў самавіта ў параўнанні з суседам. Авіяцыйная групоўка ўключала дзве эскадрыллі знішчальнікаў, дзве знішчальна-бамбардзіровачныя часці, а таксама дзве эскадрыллі ўдарных, тры транспартна-баявых і дзве цяжкіх транспартных верталётаў. Буйной была і вучэбная база, якая налічвала пяць эскадрылляў. Аднак пасля распаду Савецкага Саюза каля паловы тэхнікі знаходзілася ў даволі запушчаным стане з-за практычна поўнага спынення паставак запасных частак і дрэннага абслугоўвання. Калі парк баявых самалётаў яшчэ захоўваў досыць высокую баяздольнасць, то ў верталётных злучэннях панавала поўная разруха[1].
Назва | Выява | Тып | Краіна-пастаўшчык | Колькасць | Заўвагі | |
---|---|---|---|---|---|---|
Самалётная авіяцыя | ||||||
МіГ-23 | знішчальнік | СССР | 13[1]—17[8] | пастаўка часоў грамадзянскай вайны | ||
МіГ-21 | знішчальнік | СССР Румынія |
24[8] |
| ||
Су-27 | знішчальнік | Расія | 8[9] | пастаўка 1998—1999 гг. | ||
Су-25 | штурмавік | СССР | 4[8] | пастаўка часоў грамадзянскай вайны | ||
Aero L-39 Albatros | вучэбна-баявы самалёт | Чэхаславакія | 21[1] | пастаўка часоў грамадзянскай вайны | ||
Lockheed T-33 Shooting Star | вучэбна-трэніровачны самалёт | ЗША | 11[1] | пастаўка часоў манархіі | ||
Lockheed C-130 Hercules | ваенна-транспартны самалёт | ЗША | 4[9] | пастаўка 1998 г. | ||
Ан-26 | ваенна-транспартны самалёт | СССР | 10[1] | пастаўка часоў грамадзянскай вайны | ||
Ан-12 | ваенна-транспартны самалёт | СССР | 7[8] | пастаўка часоў грамадзянскай вайны | ||
Douglas DC-3 | транспартны самалёт | ЗША | 8[1] | пастаўка часоў манархіі | ||
Harbin Y-12 | самалёт агульнага прызначэння | Кітай | 2[8] | няма дадатковай інфармацыі | ||
Як-40 | пасажырскі самалёт | СССР | 1[8] | пастаўка часоў грамадзянскай вайны | ||
Верталётная авіяцыя | ||||||
Мі-24/35 | ударны верталёт | СССР Расія |
22[8] |
| ||
Мі-8/17 | шматмэтавы верталёт | СССР | 20[1]—22[8] | пастаўка часоў грамадзянскай вайны | ||
Мі-6 | шматмэтавы верталёт | СССР | 10[1] | пастаўка часоў грамадзянскай вайны |
ВПС Эрытрэі
правіцьПасля атрымання незалежнасці ад Эфіопіі ў 1993 годзе Ваенна-паветраныя сілы Эрытрэі мелі ў наяўнасці толькі адну базу — Міжнародны аэрапорт Асмэра , што адначасова быў грамадзянскім аэрадромам (падчас вайны авіяпадраздзяленні базіраваліся таксама ў Масауа[3] і Асэб[9]). Эфіопы, сыходзячы адсюль, вывезлі амаль усю прыдатную для эксплуатацыі тэхніку. Эрытрэйцам засталіся толькі некалькі савецкіх МіГаў, але іх не ўдалося прывесці ў лётны стан, а таму стварэнне ўласнай авіяцыі прыйшлося пачынаць з нуля. Пачалася закупка самалётаў за мяжой. Некалькі лётчыкаў прайшлі падрыхтоўку ў Італіі. На пачатак канфлікту менавіта яе самалёты склалі аснову эрытрэйскіх ВПС[1]. Авіяцыя краіны ўключала тры эскадрыллі: знішчальную, лёгкую штурмавую і транспартную[8].
Назва | Выява | Тып | Краіна-пастаўшчык | Колькасць | Заўвагі | |
---|---|---|---|---|---|---|
Самалётная авіяцыя | ||||||
МіГ-29 | знішчальнік | Расія | 6[9]—8[8] | пастаўка 1998—1999 гг. | ||
МіГ-23 | знішчальнік | Эфіопія | 3[8] | небаяздольны і не выкарыстоўваліся, засталіся ад ВПС Эфіопіі пасля 1993 г.[1] | ||
МіГ-21 | знішчальнік | Малдова | 5[8]—6[9] | пастаўка 1999 г. | ||
Су-25 | штурмавік | Грузія | 8[9] | пастаўка 1999 г. | ||
Aermacchi MB-339 | вучэбна-баявы самалёт/лёгкі штурмавік | Італія | 5[8]—6[1] | пастаўка 1996—1997 гг. | ||
Valmet L-90 Redigo | вучэбна-трэніровачны самалёт | Фінляндыя | 8[1] | пастаўка 1994 г. | ||
Harbin Y-12 | самалёт агульнага прызначэння | Кітай | 4[8] | няма дадатковай інфармацыі | ||
Gulfstream G150 | адміністрацыйны самалёт | ЗША | 1[8] | няма дадатковай інфармацыі | ||
Верталётная авіяцыя | ||||||
Мі-24/35 | ударны верталёт | ? | 5[8] | няма дадатковай інфармацыі | ||
Мі-8/17 | шматмэтавы верталёт | Расія | 4[9] | пастаўка 1998—1999 гг. |
Ваенна-тэхнічныя аспекты
правіцьПершы раўнд вайны выявіў негатоўнасць варагуючых дзяржаў да поўнамаштабных баявых дзеянняў, асабліва ў паветры. Эфіопы, нягледзячы на колькасную і якасную перавагу сваіх ВПС, адчувалі недахоп падрыхтаваных пілотаў, тэхнікаў і збройнікаў, запасных частак і былі абмежаваны ў выбары аэрадромаў базавання, якія мелі неабходную інфраструктуру[9]. У выніку прыдатныя самалёты ў пачатку канфлікту часта выкарыстоўваліся вельмі неэфектыўна. Бакі пачалі прыкладаць значныя намаганні па мадэрнізацыі сваіх паветраных сіл. Меркавалася, што ад гэтага залежыць зыход усёй вайны. Тут на першы план выйшлі эканамічныя магчымасці і аб’ёмы сродкаў, што накіроўваліся на ваенныя патрэбы. У гэтым Эрытрэя істотна саступала Эфіопіі. Нельга не адзначыць велізарную ролю наладжаных знешніх сувязяў, якія ў Адыс-Абебы былі куды як лепш, чым у Асмэры[1].
Напярэдадні канфлікту (красавік 1998 г.) эфіопскі бок атрымаў румынскія самалёты, мадэрнізаваныя ізраільскай фірмай «Elbit» у варыянт МіГ-21-2000 па праграме «Lancer» 1 (A). Машыны пераабсталявалі ў знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі, здольныя прымяняць супраць наземных і наводных мэтаў сучасныя на той момант кіраваныя боепрыпасы[1].
Значную работу правёў галоўнакамандуючы ВПС і СПА Эфіопіі Абебе Тэкле Хайманота, вядомы ў арміі па мянушцы «Джоба». Ім была наладжана амаль узорная ахова і абарона ўсіх месцаў дыслакацыі авіяцыі, укаранёна кампутарная канадская сістэма ўліку і захоўвання запасных частак. Скрупулёзна вывучыўшы вопыт вядзення сучасных лакальных войнаў, кіраўніцтва Узброеных Сіл паставіла задачу: як мінімум забяспечыць абарону наземных войск, сталіцы і прыгранічнай зоны ад паветранага нападу праціўніка. Паўстала пытанне аб закупцы новых знішчальнікаў. Аператыўны аддзел ВПС прааналізаваў баявыя характарыстыкі ўсіх сучасных амерыканскіх, французскіх і савецкіх самалётаў. У рэшце рэшт было вырашана зрабіць стаўку на апошнія. Для кансультацый Абебе звярнуўся да Расіі[3].
Летам праз прадстаўніка кампаніі «Росвооружение» палкоўніка Уладзіміра Няфёдава ўлады краіны запыталі адсутныя матэрыяльнай часткі і паслугі неабходных спецыялістаў, у тым ліку пілотаў-інструктараў. Неўзабаве чартарным рэйсам транспартнік Іл-76 даставіў на базу ў Дэбры-Зэйт 80 спецыялістаў, камплекты бартавых РЛС, узбраенне, абсталяванне сувязі і іншую маёмасць, неабходную для правядзення аднаўленчага рамонту МіГ-21 і МіГ-23. Працэс аднаўлення і абнаўлення ўзначаліў адстаўны генерал ВПС РФ Якім Янакаў, які стаў галоўным расійскім авіяцыйным спецыялістам і саветнікам Абебе. У сваю чаргу эрытрэйцы заручыліся ваенна-тэхнічнай падтрымкай Украіны. Ужо летам быў арганізаваны паветраны мост Кіеў — Асмэра. Праз яго вялі перавоз узбраення і ваеннай тэхнікі, якая пастаўлялася ў Эрытрэю трэцімі дзяржавамі[9].
Першапачаткова эрытрэйцы вялі закупкі ў Расіі. Паведамленні аб пастаўках даволі жыва абмяркоўваліся ў заходнім друку, але расійская прэса інфармацыю праігнаравала. Тым не менш, 14 снежня 1998 года ў аэрапорце Асмэры з’явіліся першыя «МіГі» і расійскія тэхнікі. Пастаўку ў Эрытрэю вырабляла кампанія «Промэкспорт», якая займалася рэалізацыяй лішкаў узбраення. Не выключана, што выкарыстоўваўся метад рээкспарту праз Украіну[1]. Улічваючы набыццё праціўнікам расійскіх самалётаў і яго поспехі на фронце, эфіопамі было прынята рашэнне аб куплі Су-27. Спачатку з-за таннасці і палітычных няўвязак разглядалі варыянт закупкі адносна новых Су-27П у Беларусі. Аднак пасля азнаямлення з іх станам, аналізу канкрэтных тэрмінаў пастаўкі і баявых магчымасцяў беларускіх самалётаў выбар быў зроблены на карысць больш універсальных расійскіх Су-27СК[3].
Эксплуатацыя машын
правіцьУ ходзе эксплуатацыі ў гарачым клімаце і ва ўмовах высакагор’я выявіўся шэраг асаблівасцей расійскай тэхнікі, як, напрыклад, цяжкасці перакладу даных метэастанцыяй па мілібарам або паскалям атмасфернага ціску ў міліметры ртутнага слупа, для якіх разлічаны бараметрычныя прыборы на Су-27. Больш сур’ёзнай і нечаканай стала праблема запуску рухавікоў. Пры малым атмасферным ціску яны запускаліся доўга і з вялікімі закідамі тэмпературы. Прыкметна, што раней такая праблема пры запуску рухавікоў савецка-расійскай авіятэхнікі тут не выяўлялася[3].
Амаль кожны аблёт «Сушак» канчаўся раней тэрміну з-за адмоў гідрасістэмы, СДУ-10 і радыёапаратуры. Быў нават выпадак адмовы аднаго з двух рухавікоў самалёта, што прывяло да крушэння адной машыны, пілатуемай авіятарамі Мызінам і Абайнэхам . Праблемы ўзнікалі з-за няўліку лётчыкамі і кіраўніцтвам умоў высакагор’я аэрадромаў[10].
Аналагічныя складанасці паўсталі з МіГ-29, што грунтаваліся як на вялікіх вышынях, так і на нармальных. Адбілася наяўнасць на знішчальніку толькі аднаго турбастартэра, які запускаў па чарзе абодва рухавіка і ўдвая награваў іх ад кожнага запуску пры значна горшых умовах астуджэння. У афрыканскіх клімаце дадзены момант прывёў да зніжэння баявых магчымасцяў[3].
Удзел у вайне
правіцьБакі стараліся часцей выпускаць у палёт «спаркі», г.зн. экіпажы з пілота і замежнага інструктара. Гэта было неабходна для атрымання баявога вопыту вялікім лікам лётчыкаў, лепшага азнаямлення іх з раёнам палётаў і некаторай дэзінфармацыі ворага, так як перамовы паміж авіятарамі адной машыны вяліся спецыяльна па радыёсувязі, што імітавала палёт пары самалётаў. Пры тым наяўнасць другога пілота давала большай упэўненасці і псіхалагічнае пачуццё падтрымкі пачаткоўцам, што асабліва моцна адбівалася пры першых баявых вылетах[10].
У цэлым панаванне ў паветры належала эфіопам. З самага пачатку вайны ўдарная авіяцыя Эфіопіі наносіла ўдары на ўсю глыбіню тэрыторыі Эрытрэі па ваенных і прамысловых аб’ектах, аэрадромах, базах. Штурмавікі і верталёты займаліся падтрымкай арміі на лініі фронту, наносячы ракетна-бомбавыя ўдары па пазіцыях праціўніка. У першы этап канфрантацыі эфіопскае камандаванне імкнулася знішчыць ВПС эрытрэйцаў налётамі на авіяцыйныя базы. Аднак гэта стратэгічнае рашэнне рэалізаваць не ўдалося, перш за ўсё з-за адсутнасці дакладных разведданых, выкарыстання для нападу занадта невялікіх сіл і добрай работы эрытрэйскай сістэмы СПА[2].
У сваю чаргу штурмавікі і баявыя верталёты Эрытрэі актыўна падтрымлівалі свае наземныя сілы ў ходзе кампаній 1998 і 1999 гг., але ў 2000 г. эрытрэйскі часці дзейнічалі фактычна без паветранага прыкрыцця. У той жа час СПА краіны прадэманстравала добрую тактычную гнуткасць, мабільнасць і, як следства, высокую эфектыўнасць. Яе падраздзяленні выкарыстоўвалі старую тактыку часоў вайны за незалежнасць. Прыкладныя паветраныя маршруты руху праціўніка старанна вылічаліся, на іх размяшчаліся зенітныя ўстаноўкі і ПЗРК. Эрытрэйцы таксама досыць эфектыўна прыкрывалі свае часці ў франтавой паласе[2].
У паветраных баях бакі ўпершыню праверылі адзін аднаго ў кампаніі 1999 года[2].
Важную ролю ў ВПС варагуючых краін згулялі замежныя саветнікі і ваенспецы. Місію расійскіх ваенных спецыялістаў у Эфіопіі ўзначаліў адстаўны генерал-палкоўнік ВПС РФ Якім Янакаў, яго афіцыйная пасада на той момант — саветнік Абебе Тэкле Хайманота (са згоды МЗС Расіі[11][12]); штаб ВПС краіны курыраваў генерал Іван Фралоў, ягоны памочнік генерал Дзмітрый Яфіменка адказваў за бамбардзіровачную авіяцыю, а за боегатоўнасць сістэм супрацьпаветранай абароны – палкоўнік Яўген Абухоў, былы камандзір часці СПА з падмаскоўнай Кубінцы[12]. Афіцыйная Асмэра атрымлівала дапамогу ад украінцаў[2]. Варта адзначыць, што і на баку Эфіопіі змагалася некаторая колькасць украінцаў, як і расіян на баку Эрытрэі, а сярод байцоў Янакава былі таксама беларусы[12].
Паводле некаторай інфармацыі, расійскія спецыялісты маглі ўступаць у сутычкі з украінцамі. Са слоў Аляксандра Мішына, сузаснавальніка ўкраінскага Цэнтра даследавання Афрыкі, фактычна ўсе лётчыкі супраціўных бакоў былі з Украіны і Расіі, уступаючы ў баі адзін з адным. Ён нават назваў падзеі 1998—2000 гадоў «першай расійска-ўкраінскай вайной»[13].
Ні адзін з бакоў, абвінавачваючы праціўніка ў выкарыстанні наймітаў з былога СССР, наяўнасць такіх у сябе не прызнаў. Аднак у Эфіопіі пацвердзілі факт прысутнасці расійскіх грамадзян сярод авіятэхнікаў, але дзейнасць расійскіх афіцэраў у ролі саветнікаў і пілотаў адмаўлялася[12].
Пералік авіяінцыдэнтаў
правіцьНаступны пералік паветраных налётаў, баёў і іншых выпадкаў з ВПС падчас канфлікту створаны паводле даных украінскага гісторыка авіяцыі Міхаіла Жырахава[9].
Паветраныя налёты
правіцьДата | Месца | Машыны | Заўвагі |
---|---|---|---|
Эфіопаў на эрытрэйцаў | |||
05.06.1998 | Міжнародны аэрапорт Асмэры | 2 МіГ-23БН | 1 забіты і 5 параненых; пашкоджанні атрымалі лайнер авіякампаніі Aero Zambia і два ангары; збіты МіГ-21БН[2] |
06.06.1998 | Міжнародны аэрапорт Асмэры | 2 МіГ-23МФ | збіты МіГ-21МФ з бартавым нумарам 1083; пілот палкоўнік Бэзабых Петрас катапультаваўся і ўзяты ў палон на месцы прызямлення |
07.06.1998 | Міжнародны аэрапорт Асмэры | невядома | няма дадатковай інфармацыі |
21.02.1999 | Аэрадром Асэба | ? МіГ-23 | няма дадатковай інфармацыі |
23.02.1999 | Аэрадром Асэба, цэнтр матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ў Харсэле | ? МіГ-23 | няма дадатковай інфармацыі |
24.02.1999 | Аэрадром Асэба | ? МіГ-23 | узлётна-пасадачная паласа сур’ёзна пашкоджана |
26.02.1999 | Цэнтр матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ў Харсэле, аэрадром Асэба | 4 МіГ-23БН (на Харсэле) | няма дадатковай інфармацыі |
16.05.1999 | Партовы комплекс у Масауа, навучальны цэнтр Сауа, ваенныя аб’екты блізу гарадоў Мэндэфэра і Ады-Кэіх | ? МіГ-23 | знішчаны таварны склад у Масауа |
09.06.1999—13.06.1999 | дарога Мэндэфэра-Арэса-Барэнту | невядома | пад мястэчкам Дас ля Барэнту пацярпелі пазіцыі цяжкай артылерыі, цэнтр матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, склад узбраення і боепрыпасаў |
~25.06.1999—27.06.1999 | Партовы комплекс і аэрапорт Асэба | невядома | няма дадатковай інфармацыі |
19.05.2000 | Навучальны цэнтр Сауа | ? МіГ-23 | няма дадатковай інфармацыі |
20.05.2000 | Мэндэфэра | невядома | знішчана самаходная пускавая ўстаноўка ЗРК 2К12 «Квадрат» |
28.05.2000 | Электрастанцыя Хіргіга | 2 МіГ-23 | станцыя выведзена з ладу |
29.05.2000 | Асмэра, Масауа, Мэндэфэра | 4 МіГ-23 (на Асмэры) | у Асмэры знішчаны дыспетчарская вышка аэрапорта і сховішча авіяцыйнага паліва, пашкоджанні атрымалі УПП і сістэма энергазабеспячэння |
01.06.2000—02.06.2000 | Партовы комплекс Асэба | ? МіГ-23 | няма дадатковай інфармацыі |
Эрытрэцаў на эфіопаў | |||
05.06.1998 | адміністратыўныя будынкі, аэрадром і пачатковая школа Мэкэле | 2 MB-339CE | у пачатковай школе загінулі 53 грамадзянскія асобы[14] |
06.06.1998 | Мэкэле | ? MB-339CE | збіты MB-339CE; пілот катапультаваўся і быў паспяхова эвакуіраваны верталётам Мі-8 |
10.06.1998 | бальніца Эрдэ-Матыас (сектар Бадмэ) | ? MB-339 | 30 забітых |
11.06.1998 | аўтавакзал, фармацэўтычная фабрыка і склад харчавання Адыграта | 4 MB-339; 2 Мі-8 |
4 забітых і 30 параненых; харчсклад згарэў |
05.02.1999 | склад гаруча-змазачных матэрыялаў у Адыграце | 2 MB-339 | няма дадатковай інфармацыі |
07.02.1999 | Адыграт | ? MB-339 | 7 параненых |
Паветраныя баі
правіцьДата | Месца | Эфіопы | Эрытрэйцы | Заўвагі |
---|---|---|---|---|
21.02.1999 | невядома | 1 Су-27 | 2 МіГ-29 | 1 эрытрэйскі МіГ-29 пашкоджаны/збіты ракетай Р-27[3] |
25.02.1999 | сектар Бадмэ | 2 Су-27 | 4 МіГ-29 | 1 эрытрэйскі МіГ-29 збіты ракетай Р-27; меркавана лётчыкамі былі ўкраінцы і расіяне, аб чым сведчаць радыёперамовы на рускай мове[12] |
26.02.1999 | сектар Бадмэ | ? Су-27 | ? МіГ-29 | 1 эрытрэйскі МіГ-29 збіты ракетай Р-27 альбо гарматным агнём |
16.05.2000 | Барэнту | ? Су-27 | 2 МіГ-29 | 1 эрытрэйскі МіГ-29 збіты ракетай Р-27, 1 пашкоджаны |
Іншыя здарэнні
правіць- 17 ліпеня 1998 года адзін з украінскіх Іл-76МД (рэгістрацыйны нумар UR-UCI), якія ажыццяўлялі перавозкі спецмаёмасці, пацярпеў катастрофу і ўпаў блізу Асмэры.
- 6 студзеня 1999 года палкоўнік Вячаслаў Мызін і лейтэнант Абайнэх, пілатуючы Су-27СК падчас дэманстрацыйнага палёту на авіябазе Дэбрэ-Зэйт, адцягнуліся пры выкананні фігуры вышэйшага пілатажу і страцілі хуткасць[3]. Машына ўвайшла ў штопар[12]. Расіянін паспяхова катапультаваўся, але яго напарнік-эфіоп загінуў. Катастрофа адбылася на вачах у прэзідэнта краіны Негаса Гідады .
- Раніцай 14 лютага 1999 года эрытрэйскія СПА збілі ў раёне Бурэ варожы Мі-24. Страту пацвердзіў эфіопскі бок. 24 лютага эрытрэйцы зноў запісалі на свой рахунак Мі-24, аднак на гэты раз праціўнік адмаўляў страту машыны.
- 18 сакавіка 1999 года агнём з зямлі эрытрэйскім вайскоўцам удалося пашкодзіць адзін з двух эфіопскіх Мі-35. Верталёт (бартавы нумар 2108) сеў у варожым тыле і быў захоплены імі практычна ў спраўным стане. Сіламі ўкраінскіх спецыялістаў машына адрамантавана і ўключана ў склад ВПС Эрытрэі.
- У ходзе аднаго з навучальных палётаў 20 красавіка 1999 пацярпеў катастрофу эфіопскі МіГ-21. Самалёт выконваў палёт на гранічна нізкай вышыні, але сутыкнуўся з апорным слупам лініі электраперадачы і зваліўся ў 17 км на поўнач ад горада Арба-Мынч. Пад абломкамі загінулі восем мясцовых жыхароў, яшчэ 14 чалавек пацярпелі.
- 24 мая і 11 чэрвеня 1999 года эрытрэйцы заявілі аб збітых імі двух Мі-35 (па адной машыне ў дзень), а 13 і 14 чэрвеня запісалі на свой рахунак два МіГ-23. Эфіопскі бок гэтыя заявы не каментаваў.
- 29 жніўня 1999 год самалёт Learjet-35A кампаніі «Execujet», які здзяйсняў пералёт па маршруце Неапаль—Джыбуці—Яганэсбург, выпадкова збіты Су-27 ВПС Эфіопіі. Абодва пілота грамадзянскага самалёта загінулі.
- 24 мая 2000 года эрытрэйцы абвясцілі аб тым, што ў раёне горада Ады-Кэіх імі збіты два эфіопскіх знішчальніка, а ўсяго з пачатку майскай аперацыі збіты чатыры МіГ-23, два Су-25 і адзін Мі-24.
Гл. таксама
правіцьЗаўвагі
правіць- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п Михаил Жирохов, Максим Шаповаленко. Последняя классическая война XX века // История авиации : журнал. — 2002 — № 2.
- ↑ а б в г д е Коновалов И.П. Войны Африканского Рога. — Пушкино: Центр стратегической конъюнктуры, 2014 — 192 с. ISBN 978-5-906233-77-6.
- ↑ а б в г д е ё ж А. Иванович. Эфиопия — Эритрея : Уроки воздушной войны // Авиация и время : журнал. — 2009. — № 4. — стр. 40—46.
- ↑ Rozin, Igor. How Flankers fought Fulcrums in the skies over Africa . Russia Beyond (14 студзеня 2022). Архівавана з першакрыніцы January 16, 2022.
- ↑ MiG-29 vs. Su-27: The Soviet Union's Two Top Fighters Went Head to Head in an East African Air War . Military Watch (5 лютага 2022). Архівавана з першакрыніцы August 26, 2022.
- ↑ Air War between Ethiopia and Eritrea, 1998-2000 . www.dankalia.com. Праверана 31 March 2022.
- ↑ That time Flankers fought Fulcrums over Africa (4 лютага 2020).
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п Юрий Некрасов. Вооруженный конфликт между Эфиопией и Эритреей, 2001 год.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л Михаил Жирохов. Война в воздухе на Африканском Роге // Уголок неба : авиационная энциклопедия. — 2004 .
- ↑ а б Валерий Агеев. Су-27 против МиГ-29 в небе Африки Архівавана 22 снежня 2022. // Наука и техника : журнал. — 25 июля 2018.
- ↑ Анатолий Бортник. К 75-летию ААК "Прогресс": в небе и на земле – во имя Отчизны // Бизнес-Арс : газета. — 31 августа 2011.
- ↑ а б в г д е Владимир Воронов, Павел Мороз. Слуги смерти: Русские наёмники в Африке // Собеседник : газета. — 28 мая 2001.
- ↑ Ростислав Буняк. Война Эфиопии и Эритреи: первая российско-украинская Архівавана 26 кастрычніка 2020. // Факты ICTV : информационный портал. — 14 апреля 2016.
- ↑ Vick, Karl (8 June 1998). "SCHOOL ATTACK SHOCKS ETHIOPIANS". Washington Post. ISSN 0190-8286. Праверана 2022-06-06.
Літаратура
правіць- Михаил Жирохов. Война в воздухе на Африканском Роге // Уголок неба : авиационная энциклопедия. — 2004.
- Михаил Жирохов, Максим Шаповаленко. Последняя классическая война XX века // История авиации : журнал. — 2002 — № 2.
- А. Иванович. Эфиопия — Эритрея : Уроки воздушной войны // Авиация и время : журнал. — 2009. — № 4. — стр. 40—46.
- Коновалов И.П. Войны Африканского Рога. — Пушкино: Центр стратегической конъюнктуры, 2014 — 192 с. ISBN 978-5-906233-77-6.
Спасылкі
правіць- Валерий Агеев. Су-27 против МиГ-29 в небе Африки Архівавана 22 снежня 2022. // Наука и техника : журнал. — 25 июля 2018.
- Игорь Рожин. Как Су-27 воевали против МиГ-29 в небе Африки // Russia Beyond : международный мультимедийный проект. — 14 января 2022.
- Канфлікт паміж Эфіопіяй і Эрытрэяй на сайце ўкраінскіх міратворцаў МААНЭЭ
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |