Найміты з былых савецкіх рэспублік у Афрыцы

Найміцтва ў былых савецкіх рэспубліках стала следствам цяжкага эканамічнага становішча і скарачэнняў узброеных сіл пасля распаду СССР, што прывяло да выезду часткі ваенных спецыялістаў на заробкі за мяжу, у тым ліку ў зоны баявых дзеянняў афрыканскага кантынента[1]. Найбольш шматлікімі сярод усіх з’яўляліся групы «салдат удачы» з Расіі, Украіны, Беларусі[2].

Агляд правіць

Як адзначаў вядомы французскі найміт Боб Дэнар, пасля падзення сацблока велізарная колькасць вайскоўцаў была выкінута з арміі[1]. Многія воінскія часці расфарміроўвалі, а спецыялістаў звальнялі на пенсію. Некаторыя сыходзілі самі з-за нізкіх заробкаў[3]. Не ўсе змаглі прыстасавацца да «грамадзянцы»[4], таму частка звольненых пайшла ў найміты[3].

Уладзімір Міголь, былы лётчык 339-га ваенна-транспартнага авіяпалка, успамінаў, што яго, прафесійнага авіятара з вопытам работы ў Афганістане і іншых краінах, адправілі на пенсію яшчэ ў 38 гадоў. Ён спрабаваў уладкавацца па сваёй спецыяльнасці на радзіме, але знайсці нічога не змог, а зусім сыходзіць са сферы не жадаў. Разам са сваім былым калегам Анатолем Курачкіным яму давялося з’ехаць за мяжу, у прыватнасці, у Судан[4].

Афрыка стала галоўным месцам для замежных падзаробкаў. Прыток спецыялістаў з былога СССР спарадзіў падзенне цэн на паслугі наймітаў, паколькі тыя прасілі куды менш, чым выхадцы з краін Захаду. Так, напрыклад, са слоў Дэнара, калі брытанец браў чатыры тысячы долараў, то яго канкурэнт згаджаўся на дзве[1]. У 2001 годзе расійская газета «Собеседник» пісала, што цяпер «англічан, немцаў і французаў адціскаюць прафесійныя вайскоўцы з Расіі, Украіны, Беларусі, гатовыя працаваць за сціплую плату»[2].

Меўся попыт на спецыялістаў па эксплуатацыі ваеннай тэхнікі, асабліва савецкай, якой на кантыненце было досыць шмат, бо афрыканцы не былі добра падрыхтаваны для яе выкарыстання[1]. Беларускі ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін сярод найбольш запатрабаваных называў лётчыкаў, спецыялістаў па тэхнічным абслугоўванні, штабных афіцэраў і спецыялістаў спецаперацый[3].

Дэнар высока ацаніў дзейнасць ураджэнцаў постсавецкіх рэспублік у ролі «дзікіх гусей». Аднак, як лічыў найміт, у іх былі недахопы — дрэннае веданне замежных моў, у асаблівасці англійскай і французскай, і адсутнасць спецыяльных кантор, якія б адпраўлялі навучаныя групы ў Афрыку (прабіраліся ў асноўным адзіночкі)[1].

У канфліктах правіць

Падчас грамадзянскай вайны ў Заіры ў 1997 годзе прэзідэнт Мабуту Сесе Сека стварыў спецыяльнае карнае падраздзяленне з адстаўных спецназаўцаў з Расіі, Украіны і былой Югаславіі. Усяго — не менш за 200 чалавек. Ім у асноўным даручалі вядзенне контрпартызанскіх акцый[5].

Увосень 1998 года з’явіліся першыя паведамленні аб удзеле грамадзян Расіі і Украіны ў вайне ў Анголе. Яны пілатавалі ўдарныя верталёты Мі-24, штурмавікі Су-25, знішчальнікі МіГ-21 і МіГ-23, франтавыя бамбардзіроўшчыкі Су-24 і транспартнікі. Замежнікі таксама ўдзельнічалі ў супрацьпаветранай абароне, збіваючы з ПЗРК авіяцыю праціўніка. Спецыялісты з СНД служылі як ва ўрадавай арміі МПЛА, так і ў паўстанцаў УНІТА. Па даных газеты «Собеседник», толькі з восені 1998 года па лета 1999 года было збіта не менш за 8 расійскіх транспартных самалётаў тыпу Ан-12 і Ан-26, ад 24 да 30 авіятараў трапілі ў рукі партызан[2]. Усяго ў канфлікце, паводле інфармацыі выдання «Версия», зафіксаваны ўдзел не менш за 400 наёмных лётчыкаў на баку ўрадавых сіл і амаль столькі ж – на баку паўстанцаў з УНІТА. З іх загінулі не менш за сотню чалавек. У 2000 годзе Служба бяспекі Украіны апублікавала дакумент, які сведчыць аб тым, што за год яны як мінімум 150 разоў удзельнічалі ў прамых баявых сутыкненнях, а таксама ў паветраных баях адзін супраць аднаго. Характэрна, што для ваенных лётчыкаў не было сакрэтам з кім змагаюцца[6].

З лета таго ж года ўраджэнцы былога Саюза дзейнічалі ў зоне эфіопа-эрытрэйскага канфлікту. Тут яны таксама змагаліся па абодва бока, пераважна ў ВПС, СПА, разведцы і артылерыі[2][6]. Баявыя дзеянні адзначыліся паветраным супрацьстаяннем паміж расійскімі і ўкраінскімі лётчыкамі[7], у сувязі з чым Аляксандр Мішын, сузаснавальнік Цэнтра даследавання Афрыкі, назваў гэтыя падзеі «першай расійска-ўкраінскай вайной»[8]. Агульная колькасць замежнага кантынгенту, па даных выдання «Независимая газета», складала некалькі сотняў чалавек[9]. Акрамя ўкраінцаў і расіянаў, у «гарачай кропцы» заўважаны беларускія авіятары[2] і балгарскія тэхнікі[7].

На 1999 год ва ўрадавых войсках Сьера-Леонэ змагаліся ад 200 да каля паўтары тысячы наймітаў з постсавецкай прасторы. На баку іх праціўнікаў з Аб’яднанага рэвалюцыйнага фронту ваявалі некалькі сотняў адстаўных афіцэраў украінскай арміі. Зрэшты, былыя ўкраінскія вайскоўцы дзейнічалі ваенспецамі і ва ўрадавых баявых злучэннях[2][6].

З канца 1999 — пачатку 2000 года грамадзяне постсавецкіх рэспублік грунтаваліся на аэрадромах Гома і Букаву на ўсходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. У снежні 2006 года пацярпеў крушэнне кангалезскі Су-25, пілот якога, найміт з Беларусі Ліхоткін, загінуў. У чэрвені 2007 года ўпаў іншы Су-25, на якім загінуў украінец Маргатаў[10]. У лютым 2017 года ў раёне Рутшуру баевікі-тутсі збілі два верталёты Мі-24. У складзе экіпажа знаходзіліся грузіны і беларусы. Усе яны выжылі, але атрымалі траўмы. Адзін з грамадзян Грузіі трапіў у палон і праз некалькі месяцаў загінуў.

У 2004 годзе, у сувязі з інцыдэнтам у Буаке, усплыла інфармацыя аб прысутнасці ў Кот-д’Івуары наёмных пілотаў з Беларусі[11].

У 2011 годзе беларускія ваенспецы і найміты, у тым ліку былыя байцы 334-га ААСпП, былі заўважаны ў Лівіі, дзе аказвалі дапамогу ўрадавай арміі Муамара Кадафі ў барацьбе з паўстанцамі і замежнай інтэрвенцыяй. Яны займаліся падрыхтоўкай лівійскіх сілавікоў, рамонтам і эксплуатацыяй ваеннай тэхнікі, дзейнічалі ў ролі саветнікаў і снайпераў. Па некаторых звестках, у краіне маглі знаходзіцца таксама спецыялісты з Украіны, Расіі і Казахстана[12].

Група Вагнера правіць

З 2018 года сярод наймітаў нарасцілі сваю прысутнасць супрацоўнікі расійскай ПВК «Вагнер»[13]. Фарміраванне ў самыя кароткія тэрміны зарэкамендавала сябе самым надзейным партнёрам у сферы бяспекі для ўрадаў на кантыненце, выцесніўшы Францыю[14]. ПВК таксама аказала істотную канкурэнцыю беларускім ваенным спецыялістам[15].

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б в г д Георгий Зотов. Дикие гуси : Откровения легендарного "солдата удачи" Боба Денара // Известия : газета. — 3 ноября 2001.
  2. а б в г д е Владимир Воронов, Павел Мороз. Слуги смерти: Русские наёмники в Африке // Собеседник : газета. — 28 мая 2001.
  3. а б в Эксперт: В Ливии могут воевать белорусские летчики, штабисты и снайперы
  4. а б Почему белорусские летчики работают и гибнут в Африке? (Фото)
  5. Русские наёмники — от Африки до Сирии. Архівавана з першакрыніцы 16 мая 2022. Праверана 16 красавіка 2022.
  6. а б в Георгий Филин. Гусь в лампасах : Бывшие российские военные признаны лучшими в мире наёмниками // Версия : газета. — 13 декабря 2014.
  7. а б Михаил Жирохов. Война в воздухе на Африканском Роге // Уголок неба : авиационная энциклопедия. — 2004.
  8. Ростислав Буняк. Война Эфиопии и Эритреи: первая российско-украинская Архівавана 26 кастрычніка 2020. // Факты ICTV : информационный портал. — 14 апреля 2016.
  9. Алексей Андреев. АФРИКАНСКИЙ РОГ: ЗАТИШЬЕ ПЕРЕД БУРЕЙ Архівавана 14 красавіка 2022. // Независимая газета : газета. — 29 марта 2000.
  10. Ремонт и модернизация штурмовиков Су-25 ДРК в Барановичах Архівавана 4 красавіка 2019. (30 октября 2018)
  11. Stijn Mitzer and Joost Oliemans. Ivory Coast’s Su-25s — The Sharks Won’t Bite Again // Oryxspioenkop : website of defense analytics and military operations research. — 31 March 2021.
  12. На стороне Каддафи воюют белорусские партизаны // Комсомольская правда : газета. — 6 апреля 2011.
  13. Андрей Дихтяренко, Павел Холодов. Наемники «ЧВК Вагнера» ‒ в Африке. Что они там делают? // Радио Свобода, 3 мая 2018.
  14. Justin Ling. Why Africa welcomed the Wagner Group // UnHerd, 18 May 2023
  15. Егор Лебедок. Белорусское военное присутствие в Африке // Thinktanks.by : сайт белорусских исследований. — 7 февраля 2021.

Літаратура правіць