Французска-івуарскі канфлікт

Французска-івуарскі канфлікт — кароткачасовы ўзброены канфлікт на тэрыторыі Кот-д’Івуара ў лістападзе 2004 года, які выліўся ва ўзброеныя сутычкі і беспарадкі. Падзеі пачаліся з інцыдэнту ў Буаке, калі два штурмавыя самалёты са змешанымі беларуска-івуарыйскімі экіпажамі памылкова атакавалі пазіцыі французскіх вайскоўцаў. У ваенна-палітычным плане канфлікт развіцця не атрымаў. Галоўнымі наступствамі сталі ўвядзенне Саветам Бяспекі ААН эмбарга на пастаўку ўзбраенняў і ваенную дапамогу Кот-д’Івуару, некаторае пагаршэнне французска-івуарскіх адносін і ўзбуджэнне крымінальнай справа ў дачыненні да чатырох асоб: Юрыя Сушкіна, Барыса Смахіна, Патрыса Уэя і Анжа Гнандуета[К 5]. Пазней Смахін быў выключаны з ліку абвінавачаных, а астатнія фігуранты завочна прысуджаны да пажыццёвага зняволення.

Французска-івуарскі канфлікт
Асноўны канфлікт: Першая Івуарыйская вайна
Дата 67 лістапада 2004
Месца Кот-д’Івуар
Прычына
  • • выпадковы (афіцыйная пазіцыя французскіх і івуарыйскіх уладаў) альбо наўмысны (пазіцыя следства) напад
  • • падстроеная французская правакацыя з мэтай змяніць кіраўніцтва афрыканскай рэспублікі (адна з прадстаўленых версій у газеце «Ле Монд» і позняя пазіцыя Гбагбо) альбо стварэння падставы для выхаду Францыі з вайны (версія адваката сем’яў загінуўшых вайскоўцаў Жана Балана)
Вынік антыфранцузскія пратэсты, знішчэнне івуарыйскіх ВПС французскай авіяцыяй, страта ўрадам Гбагбо лаяльнасці Францыі, увядзенне Саветам Бяспекі ААН эмбарга на пастаўкі ўзбраенняў і ваенную дапамогу Кот-д’Івуару
Праціўнікі
 Кот-д’Івуар
Беларусь Беларускія найміты
ускосны ўдзел:
Беларусь Беларусь[1]
Асобныя колы[К 1]
Францыя
ускосны ўдзел:
Бельгія[4]
Нідэрланды[4]
 Тога[5]
Камандуючыя
Ларан Гбагбо Жак Шырак
Сілы бакоў
Узброеныя сілы Кот-д’Івуара, «Маладыя патрыёты», замежныя ваенныя спецыялісты Ваенны кантынгент аперацыі «Аднарог», Французскі Замежны легіён
Страты
Кот-д’Івуар 20—60 забітых
Беларусь 12 арыштаваных[К 2]

Украіна Расія 11 арыштаваных[К 3]


знішчана на зямлі 5 самалётаў, 1 БПЛА і 8 верталётаў, 2 верталёты збіты ў паветры, 2 зеніткі захоплены і 1 знішчана

9 забітых, 40 параненых, некалькі тысяч грамадзян беглі з Кот-д’Івуара

Злучаныя Штаты Амерыкі 1 забіты[К 4]


2 грузавікі знішчаны, 1 самалёт пашкоджаны

Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь афіцыйна адмаўляе ўдзел у гэтых падзеях не толькі вайскоўцаў, але і беларускіх грамадзян наогул.

Абстаноўка правіць

У 2002 годзе ў Кот-д’Івуары ўспыхнула грамадзянская вайна паміж урадам Ларана Гбагбо і групоўкай «Новая сіла». Фактычнай сталіцай паўстанцкай кааліцыі стаў горад Буаке. Ён меў выгаднае стратэгічнае становішча — населены пункт звязаны чыгункай з Буркіна-Фасо і аўтамабільнымі дарогамі з гарадамі Абіджан і Ямусукра, а таксама суседнімі дзяржавамі Малі, Гана і тым жа Буркіна-Фасо[6].

Канфлікт насіў вялацякучы характар, у выніку чаго краіна была падзелена на дзве часткі, з паўстанцамі на поўначы і ўрадавымі войскамі на поўдні. У той час у Кот-д’Івуары былі разгорнуты міратворчыя сілы ААН, а таксама французскія войскі, якім было даручана абараніць замежных грамадзян і дапамагчы ўрэгуляваць канфлікт. Замежныя сілы размясціліся прама ўздоўж лініі фронту, што прадухіляла прамыя ўзброеныя сутыкненні паміж двума бакамі. Быў зроблены шэраг крокаў у кірунку мірнага ўз’яднання, у прыватнасці пачаты працэс па раззбраенні апазіцыі, але 13 кастрычніка 2004 года кіраўніцтва «Новай сілы» абвясціла аб выхадзе з дадзенай ініцыятывы, паколькі недалёка ад дэмаркацыйнай лініі паўстанцы перахапілі два грузавікі са зброяй, прызначаных для івуарыйскай арміі. 28 кастрычніка на кантраляваных мяцежнікамі паўночных тэрыторыях было абвешчана надзвычайнае становішча. 4 лістапада прэзідэнт Гбагбо аддаў распараджэнне нанесці серыю ўдараў па паўстанцам[7][8].

У той жа дзень авіяцыя ажыццявіла першы ўдар па пазіцыях праціўніка. Удары былі нанесены па складах боепрыпасаў і хованках лідараў паўстанцаў. У выніку паветраных нападаў пацярпела і мірнае насельніцтва[9].

Ход падзей правіць

Буаке правіць

  Вонкавыя выявы
Фатаграфіі, зробленыя не раней за 6 лістапада 2004.
(Аўтарства AFP.)
  Вынікі авіяўдару па французскім пазіцыям у Буаке.
  Івуарыйскі Су-25УБ (бартавы нумар «21») у аэрапорце Ямусукра пасля абстрэлу СТРК «Мілан».

Раніцай 6 лістапада над лагерам французскіх часцей пад Буаке з’явіўся ўрадавы БПЛА Aeronautics Aerostar. Выканаўшы паветраную разведку, ён вярнуўся ў пункт дыслакацыі. Французам гэта здалося дзіўным, бо ад лагера да бліжэйшай пазіцыі паўстанцаў было каля паўтары кіламетраў[10].

У 13:20[11] два самалёта Су-25 ВПС Кот-д’Івуара (бартавыя нумары «20» і «21»[9]) нанеслі ўдар па пазіцыях сіл французскага міратворчага кантынгенту. Штурмавікі зрабілі два заходы, скінуўшы пры гэтым не менш за 18[12] авіябомб ФАБ-250, дзве з якіх не выбухнулі, а падчас трэцяга адзін з іх адкрыў агонь НУРСамі С-5[10][К 6]. У выніку паветранай атакі 10 чалавек загінулі і 38 атрымалі раненні. Сярод загінулых дзевяць французскіх вайскоўцаў (Цьеры Барацье, Філіп Капдэвіль, Фрэнсіс Дэлан, Бенедыкт Марзаіс, Ларан дэ Рамбурэ, Пателіяс Фалевалу, Франк Дзюваль, Эмануэль Цілай і Давід Дэкюпер[13]) і адзін амерыканскі рабочы (аграном Роберт Дж. Карскі[14]). Таксама знішчаны два грузавікі і некалькі кантэйнераў з харчаваннем[10].

Ямусукра правіць

Пасля самалёты вярнуліся на аэрапорт у Ямусукра на дазапраўку і даўзбраенне. Прэзідэнт Францыі Жак Шырак, даведаўшыся пра інцыдэнт, загадаў знішчыць тэхніку на аэрадроме. Пакуль рамонтнікі абслугоўвалі штурмавікі, атрад марскіх пяхотнікаў пад камандаваннем лейтэнанта Фрэнка Бэлэмі размясціўся прыкладна ў 650 метрах ад цэлі і падрыхтаваўся да атакі. Дачакаўшыся, пакуль тэхнікі адыдуць далей ад самалётаў, у 14:15 французы адкрылі агонь па авіяцыйных машынах з СТРК «Мілан». У выніку борт «21» атрымаў цяжкія пашкоджанні насавой часткі і фюзеляжа, у той час як у «20» былі лёгкія пашкоджанні ліхтара кабіны. Нягледзячы на старанні французаў зберагчы жыцці афрыканскім тэхнікам, адзін з іх загінуў ад аскепкаў ракеты. Затым вайскоўцы, узяўшы аэрапорт, затрымалі пілотаў і тэхперсанал. Крыху пазней французы ўсіх адпусцілі[9][10].

Ноччу некалькі французскіх Sud-Aviation Gazelle атакавалі стаянку верталётаў на тэрыторыі прэзідэнцкага палаца, абстрэльваючы безабаронныя верталёты НУРСамі. У выніку атакі былі знішчаны чатыры машыны (Мі-24В, Мі-24П, Мі-8Т і IAR.330L). Варта адзначыць, што, нягледзячы на наяўнасць на тэрыторыі палаца некалькіх зенітных установак, івуарыйцы не адкрывалі агонь па авіяцыі праціўніка[10].

На наступны дзень, прыкладна ў 9 гадзін раніцы, французскі SA.341, які пралятаў каля прэзідэнцкага палаца, быў абстраляны разлікам ЗУ-23-2. Зенітчыкі прамахнуліся, а экіпаж верталёта ў адказ выпусціў ракету і знішчыў гармату[4].

Абіджан правіць

Праз гадзіну пасля налёту на Буаке байцы французскага Замежнага Легіёна захапілі Міжнародны аэрапорт у Абіджане. Вайскоўцы ўварваліся ў ангар, абстралялі са стралковай зброі два штурмавікі Су-25 («02» і «03»), лёгкі штурмавік Strikemaster, два верталёты Мі-24Д і БПЛА. Пры гэтым легіянеры разбівалі металічнай арматурай абсталяванне ў кабінах Су-25 і Мі-24[10]. У той жа дзень два верталёта Мі-24 збіты падчас бою ў небе над горадам[7].

У 16:00[10], калі стала вядома пра здарэнні паміж французамі і івуарыйцамі, праўрадавая групоўка «Маладыя патрыёты» накіравала свае атрады да паветранай гавані. Апалчэнцы ўшчыльную наблізілася да абіджанскага аэрапорта. Затым да месца пад’ехала калона грузавікоў з вайскоўцамі івурыйскай арміі, якія абстралялі пазіцыі французаў з гранатамётаў РПГ-7. Акрамя таго, разлік зенітнай устаноўкі ЗУ-23-2, які дзяжурыў у аэрапорце, адкрыў агонь па французскім ваенна-транспартным самалёце C-160 «Трансал», у выніку чаго борт атрымаў пашкоджанне. Легіянеры адкрылі агонь у адказ і паранілі аднаго з нападнікаў. Таксама былі захоплены дзве ЗУ-23-2[4].

Хоць французы захавалі кантроль над аб’ектам, сітуацыя вакол яго заставалася напружанай увесь дзень. Некалькі разоў баявы верталёт SA.342 абстрэльваў атрады «Маладых патрыётаў» на мастах ля паветранай гавані. Прыкладна 15 івуарыйцаў атрымалі раненні. Сярод пацярпелых былі і мірныя жыхары[4].

Хваляванні правіць

7 лістапада лаяльныя ўраду Гбагбо сілы выйшлі на вуліцы Абіджана пратэставаць супраць Францыі. Падчас пратэстаў яны напалі на французскую ваенную базу. Пасля атакам мясцовага насельніцтва падвергнуўся жылы раён з французскімі грамадзянамі. На абарону французаў былі накіраваны верталёты, бронеаўтамабілі і нават танкі. Пад націскам ваеннай тэхнікі, дэманстранты былі вымушаны адступіць[15]. Адначасна працягваліся вайсковыя сутычкі. У той дзень у горадзе цяжкія раненні атрымлі двое французаў[4]. У ходзе сутыкненняў у Абіджане загінулі, па даных французскіх вайскоўцаў, 20 дэманстрантаў. Урад Гбагбо заявіў аб гібелі 60 чалавек[6].

Паралельна ў Ямусукра і Абіджане былі разрабаваны і спалены дзве французскія школы. Тысячы грамадзян Францыі былі вымушаны тэрмінова пакінуць краіну[2]. Хваля нападаў івуарыйцаў на замежных грамадзян, у асноўным французаў, пракацілася па ўсёй краіне. З Габона, Джыбуці і самой Францыі пачалася перакідка 600 вайскоўцаў, якія павінны былі прыняць удзел у эвакуацыі суайчыннікаў. У вывазе людзей, у прыватнасці, прымалі ўдзел ваенна-транспартны самалёт C-130 і верталёт SA.316 ВПС Бельгіі. Акрамя таго, падтрымку французам на зямлі аказвалі галандскія падраздзяленні[4].

Некаторы час напружанасць захоўвалася. 9 лістапада французскія вайскоўцы адкрылі агонь па натоўпе дэманстрантаў каля гасцініцы «Івуар» у Абіджане, падчас чаго загінула ад сямі да шаснаццаці чалавек[16].

Беларускія лётчыкі правіць

  Вонкавыя выявы
Фотаздымкі, зробленыя не пазней за 4 лістапада 2004.
(Апублікаваны ў артыкуле Стэйна Мітцэра і Ёста Оліманса на Oryx Blog. Аўтарства невядома.)
  Групавое фота беларускіх ваенных спецыялістаў і івуарыйскіх лётчыкаў на фоне Су-25.
  Івуарыйскія і беларускія тэхнікі разам з чарнаскурым пілотам.
  Беларускія лётчыкі ў аэрапорце Ямусукра.
  Узлёт Су-25УБ. У кабіне бачны бледнатвары і чарнаскуры пілоты.

Пасля падзей у Кот-д’Івуары з’явілася інфармацыя аб датычнасці Беларусі да авіяналётаў на французскія пазіцыі. Яшчэ 12 лістапада міністр абароны Францыі Мішэль Алія-Мары заявіла, што ў самалётах Кот-д’Івуара знаходзіліся беларускія пілоты-найміты[17]. Гэта былі Ю. Сушкін і Б. Смахін[2]. Розныя недзяржаўныя беларускія крыніцы паведамілі, што на івуарыйскіх Су-25 магчыма былі беларускія пілоты, якія з’яўляліся альбо наёмнікамі, альбо дзейнымі беларускімі вайскоўцамі. Самалёты, як паведамлялася, былі таксама накіраваны ў Кот-д’Івуар з Беларусі[1][18].

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных заяўляў аб адсутнасці беларускіх грамадзян, а тым больш вайскоўцаў, у Кот-д’Івуары на момант інцыдэнту[18]. Урад Гбагбо таксама адмаўляў удзел у падзеях беларусаў. Як заявіў тагачасны намеснік камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі Кот-д’Івуара палкоўнік Аду Бахіра Дэніс[19], замежнікі хоць і аказвалі дапамогу і кансультацыі ваеннай авіяцыі, але непасрэдна з тэхнікай не працавалі. У той жа час, у адказ на пытанне адносна тэхнікаў з белым колерам скуры, афіцэр сказаў, што гэтыя асобы з’яўляліся мулатамі або мелі змяшанае паходжанне[4].

Юрый Сушкін сапраўды служыў у ВПС Беларусі. У беларускіх СМІ ён згадваецца як «воін-інтэрнацыяналіст, аўтарытэтны авіятар, палкоўнік у адстаўцы». На сайце газеты «Во славу родины», ведамаснага выдання Міністэрства абароны, гаварылася, што той з’яўляецца выкладчыкам Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Асоба Барыса Смахіна застаецца невядомай[2].

Па звестках сайта WikiLeaks, пасля нападу на аэрадром Ямусукра і французскую авіябазу ў Буаке, адзін з лётчыкаў (па іншых даных, абодва[2]) і яшчэ некалькі беларускіx грамадзян беглі ў Тога, дзе 16 лістапада іх злавілі мясцовыя ўлады[11], якія ўтрымлівалі беларусаў на працягу двух тыдняў. Гэтыя даныя былі заснаваны на сцвярджэнні тагачаснага міністра ўнутраных спраў краіны Франсуа Бока[5]. Улады Тога расказацьлі французскіх вайскоўцаў і спецслужбы. Акрамя міністра абароны Францыі Мішэль Алія-Мары гэтую інфармацыю атрымалі кіраўнік МЗС Мішэль Барнье і міністр унутраных спраў Дамінік дэ Вільпен. Аднак у Парыжы не праявілі ніякай рэакцыі і затрыманых адпусцілі. Пазней Мішэль Алія-Мары патлумачыла, што ў іх «не было легальных падстаў» арыштоўваць беларусаў, бо на іх не было міжнароднага ордэра на арышт. Таксама, па словах міністра, не было ўстаноўлена, ці сапраўды затрыманыя мелі дачыненне да бамбардзіроўкі Буаке. Пасля адмовы Францыі дапытваць затрыманых беларускіх лётчыкаў, яны былі хутка эвакуяваны з Тога пры пасярэдніцтве былога жандарма службы бяспекі Елісейскага палаца Рабера Мантоя. Мантоя, як паведамляецца, пад патранажам французскага ўрада займаўся ценявой дзейнасцю ў Афрыцы, пастаўкамі зброі і вярбоўкай замежных байцоў[2].

Як высветлілася праз шаснаццаць гадоў, замежныя спецыялісты займаліся падрыхтоўкай івуарыйскіх пілотаў да палётаў на Су-25[9].

Наступныя падзеі правіць

Палітычныя наступствы правіць

Пасля падзей Ларан Гбагбо заявіў, што ўдар па пазіцыях міратворцаў быў памылкай, а таксама запэўніў, што «Кот-д’Івуар не ваюе з Францыяй»[18]. Прэзідэнт выказаў жаданне пачаць мірныя перамовы. Тым часам міністр замежных спраў Францыі Мішэль Барнье абвінаваціў толькі яго «асабіста адказным за тое, што адбылося»[7]. Спікер парламента Кот-д’Івуара Мамаду Кулібалі абвінаваціў Францыю ў распальванні грамадзянскай вайны і дапамаганні паўстанцам. Ён запатрабаваў вываду французскіх сіл з тэрыторыі краіны. Паводле яго слоў, народ і ўрад хочуць, каб «акупацыйная армія сышла»[20].

12 лістапада ў аэрапорце горада Абіджан затрыманы экіпаж транспартнага самалёта Ан-12, у складзе якога 15 грамадзян краін СНД: 8 украінцаў, 4 беларуса і 3 расіян[21]. Тых захапілі байцы французскага Замежнага легіёна. Афіцыйна ім ніякіх абвінавачванняў прад’яўлена не было. Як заявіў прадстаўнік мінабароны Кот-д’Івуара, ніхто з замежнікаў самалётамі не кіраваў, пілатаваннем займаліся толькі івуарыйцы. У той жа час ён дадаў, што ў краіне сапраўды знаходзіліся 15 беларускіх механікаў, якія абслугоўвалі самалёты. Пасля аказалася, што 8 з іх на самай справе з’яўляюцца грамадзянамі Украіны[22]. Праз чатыры дні ўсе замежнікі былі вызвалены[11].

У той жа час Савет Бяспекі ААН наклаў эмбарга на пастаўкі ўзбраенняў і любую ваенную дапамогу Кот-д’Івуару. Нягледзячы на ​​гэта, у 2005 годзе для аднаўлення ваенна-паветраных сіл краіны прыбыла група тэхнікаў з Украіны і Беларусі[23].

Суд і расследаванне правіць

У 2006 годзе, праз 15 месяцаў пасля падзей у Буаке, Парыжскі ваенны суд выдаў ордэр на арышт пілотаў[1]. Неўзабаве пракурор даў адмоўнае заключэнне на гэты ордэр, паколькі «асобы гэтых наймітаў заставаліся пад пытаннем». Хутка парыжскі ваенны трыбунал адмяніў пастанову аб арышце з фармулёўкай «немэтазгодна»[1].

У 2016 годзе Сабін Керыс, якая вяла расследаванне абставін гібелі французскіх вайскоўцаў у Буаке, звярнулася ў суд Французскай Рэспублікі з патрабаваннем пачаць крымінальную справу ў дачыненні да трох былых міністраў за бяздзейнасць падчас падзей 2004 года. Аднак камісія суда адмовілася ініцыяваць разбіральніцтва, абгрунтаваўшы гэта тым, што бяздзейнасць міністраў не можа быць падставай для іх судовага пераследу[2].

25 чэрвеня 2018 года пракуратура Парыжа папрасіла перадаць у суд прысяжных справу па інцыдэнту. Упершыню ў дакументах фігуравалі імёны авіятараў — Юрыя Сушкіна і Барыса Смахіна. Таксама абвінавачванні былі вылучаны супраць двух афіцэраў івуарыйскай арміі: падпалкоўніка Патрыса Уэя і капітана Анжа Гнандуета[24].

17 сакавіка 2020 года ў Парыжы меркавалася аднаўленне судовага працэсу па справе аб падзеях у Буаке. Сваякі загінулых французскіх вайскоўцаў заставаліся незадаволеныя, што ўлады Францыі і Кот-д’Івуара за мінулыя 15 гадоў так і не раскрылі абставін падзей і не зрабілі ўсё, што ад іх залежыць, для ўстанаўлення вінаватых[2]. З-за пандэміі каранавіруса паседжанне было перанесена на 2 ліпеня[11]. Аднак і ў гэты раз усе было перанесена. 29 сакавіка 2021 года судовы працэс аднавіўся. Падчас судовага разгляду паказанні давалі больш за 90 сведак, у тым ліку — былая міністр абароны Францыі Мішэль Аліа-Мары, былыя кіраўнікі МЗС і МУС Мішэль Барнье і Дамінік дэ Вільпен, былы начальнік службы знешняй разведкі краіны, Анры Пансе, камандуючы міратворчай аперацыяй «Аднарог», і камандзір французскай базы ў Буаке. На судзе сведкі паведамлялі, што экіпажы ВПС былі змяшанымі, кожны складаўся з замежніка і мясцовага лётчыка. Патрыс Уэй быў названы пракуратурай каардынатарам аперацыі, а Сушкін ляцеў у пары з Гнандуетам[25].

На судзе паднялі таксама тэму па тагалезскаму эпізоду. Міністр замежных спраў Мішэль Барнье паведаміў, што прэзідэнт Жак Шырак прасіў яго не займацца дадзеным пытаннем, бо яно тычыцца вайскоўцаў. Той зразумеў гэта як папярэджанне аб тым, што інцыдэнт вырашае кіраўнік дзяржавы і ваеннае камандаванне. У сваю чаргу кіраўнік мінабароны спаслалася на пазіцыю МЗС і нейкую юрыдычную праблему з перадачай падазраваных Францыі. Яна прызналася, што нават разглядала магчымасць правядзення службай знешняй разведкі DGSE спецаперацыі па злове падазраваных, але пакуль вяла кансультацыі, улады Тога беларусаў ужо вызвалілі[25].

15 красавіка суд завочна прызнаў Сушкіна, Гнандуета і Уэя вінаватымі ў забойстве вайскоўцаў і прысудзіў іх да пажыццёвага зняволення. Смахіна са справы выключылі па невядомых прычынах[26]. Пры вынясенні прысуду было адзначана, што атака на французскіх вайскоўцаў была «вызначана наўмыснай». Да гэтага часу адзін з лётчыкаў, Атуалі, ужо сканаў. Ён памёр у 2016 годзе[25]. У выніку суда ніяк не праясніліся матывы ўдару па базе: так як абвінавачаныя адсутнічалі, не было і іх паказанняў. Завочна асудзілі толькі выканаўцаў, так што дагэтуль незразумела, хто менавіта навёў штурмавікі на французскі ваенны лагер[26].

Пасля вынясення прысуду адзін з пацярпелых, былы вайсковец Цьеры Жардры прызнаўся RFI: «Мы чакалі вердыкту, але адчуваем расчараванне. Мы не высветлілі праўду. Нашы вышэйшыя кіраўнікі не расказалі за ўсё — гэта дакладна». Адна з адвакатаў пацярпелых Патрысія Кутан лічыла, што завочны прысуд выканаўцам злачынства гэта толькі «частка ў вялікай і пакуль не высветленай да канца гісторыі трагедыі». Іншы адвакат Жан Балан адзначыў: «Праўду мы зможам даведацца праз 10—30 гадоў, калі хтосьці нарэшце загаворыць ці нешта высвятляць гісторыкі»[25].

Іншыя версіі здарэння правіць

У лютым 2016 года ў газеце «Ле Монд» быў апублікаваны артыкул, дзе выказана аб дзівацтвы паводзін французскага кіраўніцтва ў сувязі з бамбардзіроўкамі: улады пачалі з жорсткіх заяў, абвінавацілі Кот-д’Івуара ў неправамерных дзеяннях, а потым рэзка замялі інцыдэнт. Выданне прадставіла некалькі версій такіх паводзін, якія ўзніклі пасля івуарыйскіх падзей. Па адной з іх, авіяўдар заказаны самой Францыяй, так як Гбагбо французы лічылі няздольным пераадолець крызіс і грамадзянскую вайну, хоць ён паводзіў сябе досыць лаяльна і не даваў фармальнай падставы да адкрыцця ваенных дзеянняў. Таму было вырашана дамовіцца з нейкімі высокімі чынамі ў арміі краіны каб у патрэбны момант штурмавікі ВПС Кот-д’Івуара атакавалі базу ў Буаке, якая на той момант павінна была быць пустой. Але з-за дрэннай каардынацыі войскі адтуль не паспелі вывесці, што і прывяло да ахвяраў. Даведаўшыся пра гэта, французскае кіраўніцтва рэзка пастаралася забыцца пра інцыдэнт.

Па іншай версіі, Францыі патрэбна была падстава для сыходу з Кот-д’Івуара, і яна свядома дазволіла Гбагбо парушыць перамір’е, каб сітуацыя хутчэй вырашылася. Пра гэта сцвярджаў адвакат сем’яў загінуўшых ваенных Жан Балан[2]. Таксама ёсць меркаванне, што магчымы судовы працэс над беларускімі лётчыкамі ў Парыжы мог выявіць непрывабную ролю французскага гандляра зброяй Рабера Мантоя, які ў той час пражываў у Тога і меў непасрэднае дачыненне да пастаўкаў узбраенняў, у тым ліку з краін былога СССР. Гэта магло закрануць інтарэсы французскага істэблішменту[3].

У 2019 годзе ў артыкуле «TUT.BY», прысвечанаму 15-годдзю інцыдэнту, акрамя ўсяго іншага, была выказана адна з здагадак, што беларускіх лётчыкаў у самалётах на самой справе не было. Аднак французскае кіраўніцтва было моцна ўпэўнена ва ўдзеле Беларусі, што калі высветлілася адваротнае, вырашыла хутка забыцца пра здарэнне[27].

У ходзе судовага працэсу 2021 года былы івуарыйскі лідар Ларан Гбагбо высунуў абвінавачванні ў адрас Жака Шырака. Як нагадаў у сваім дакументальным матэрыяле аб трагедыі ў Буаке тэлеканал France 24, Гбагбо прытрымліваўся ўласнай «тэорыі змовы», лічачы бамбардзіроўку вынікам маніпуляцый Парыжа з мэтай адхіліць яго ад улады[25].

Памяць правіць

  Вонкавыя выявы
  А. Уатара і Э. Макрон на адкрыцці памятнага мемарыяла. Аўтарства Associated Press.

22 снежня 2019 года прэзідэнты Францыі і Кот-д’Івуара Эманюэль Макрон і Аласан Уатара на месцы інцыдэнту адкрылі мемарыял у памяць аб загінулых[28].

Гл. таксама правіць

Зноскі правіць

Каментарыі

  1. Гандляры зброяй[2], якія працавалі ў інтарэсах істэблішменту[3].
  2. 1 (па даных WikiLeaks) альбо 2 (па даных RFI) лётчыка і ад 6 (RFI) да 8 (WikiLeaks) тэхнікаў затрыманы 16 лістапада ў Тагалезскай Рэспубліцы. Чацвёра арыштаваны 12-га чысла ў Абіджане. Першыя вызвалены праз два тыдні, а другія — чатыры дні.
  3. Восем украінцаў і трое расіян разам з чатырма беларусамі затрыманы ў Абіджане 12 лістапада. З’яўляліся членамі экіпажа грузавога самалёта і тэхнічнага персаналу, працуючы на ВПС. Вызвалены праз чатыры дні.
  4. Член гуманітарнай місіі, які загінуў у ходзе авіяўдару па французскай базе ў Буаке.
  5. Таксама згадваўся як Анж Ньяндуле і Анжэл Маглуар Гнандуе Атуалі.
  6. Паводле інфармацыі следства, бомбы скінуў толькі адзін самалёт, які пілатавалі Сушкін і Гнандует («21»).

Крыніцы

  1. а б в г След белорусского оружия в Кот-д’Ивуар
  2. а б в г д е ё ж з Дмитриев & 20 марта 2021.
  3. а б Bouaké : pourquoi la juge veut renvoyer Alliot-Marie, Villepin et Barnier devant la Cour de justice
  4. а б в г д е ё ж Франчук 2005, p. 67.
  5. а б Wikileaks: Белорусские летчики бомбили французскую военную базу в Африке Архівавана 19 ліпеня 2018.
  6. а б Алексей Алексеев. Кот, ранее известный как Берег // Коммерсантъ, 15 августа 2020
  7. а б в Ann Talbot, «Ivory Coast: protests erupt vs. French military strikes», World Socialist Web Site, 9 November 2004.
  8. Грамадзянская вайна ў Кот-д’Івуар (руск.)
  9. а б в г Stijn Mitzer and Joost Oliemans & 31 March 2021.
  10. а б в г д е ё Франчук 2005, p. 66.
  11. а б в г Bombardement de Bouaké en Côte d’Ivoire : le procès à Paris, qui devait commencer le 17 mars, est reporté au 2 juin
  12. Nicolas Jacquard «Bouaké. Une affaire d’Etat ?'» // Le Parisien, 31 janvier 2020
  13. Trafics d’armes Архівавана 27 верасня 2020.
  14. Bombardement à Bouaké : Robert J. Carsky, l’Américain oublié
  15. French foreign minister's visit is first since 2003(недаступная спасылка). France 24 (14 чэрвеня 2008). Архівавана з першакрыніцы 20 May 2011. Праверана 7 April 2011.
  16. Zoom sur une fusillade
  17. Французов разбомбили белорусские пилотыКоммерсантъ, 12.11.2004
  18. а б в Белорусские наёмники на Су-25 разбомбили франко-американских «миротворцев» в Кот-д’Ивуар
  19. Письмо Председателя Комитета Совета Безопасности, учрежденного резолюцией 1572 (2004) по Кот-д’Ивуару, от 17 октября 2007 года на имя Председателя Совета Безопасности От имени Комитета Совета Безопасности, учрежденного резолюцией 1572 (2004) по Кот-д’Ивуару, и в соответствии с пунктом 2 резолюции 1761 (2007) Совета Безопасности имею честь настоящим препроводить доклад Группы экспертов по Кот-д’Ивуару Архівавана 22 кастрычніка 2021.
  20. Кот-д’Ивуар обвинил Францию в разжигании гражданской войны
  21. Авиаторы СНГ помогают африканцам воевать
  22. Кот-д’Ивуар: Французы взяли под стражу украинцев и белорусов(недаступная спасылка) // TUT.BY, 14 ноября 2004
  23. Украина и Белоруссия тайно восстанавливают ВВС Кот-д’Ивуара // Лента.ру 14 ноября 2005
  24. Pierre Lepidi et Charlotte Bozonnet, " Bombardement de Bouaké en 2004 : vers l’ouverture d’un procès en France ", Le Monde,‎ 3 juillet 2018
  25. а б в г д Гусев & 16 апреля 2021.
  26. а б Денис Бурковский. Белорус заочно получил пожизненное за убийство французских миротворцев. Рассказываем, что известно Архівавана 21 красавіка 2021. // TUT.BY, 16 апреля 2021
  27. 15 лет назад Франция обвинила белорусов в бомбардировке в Африке. Рассказываем эту историю Архівавана 15 лістапада 2019.
  28. Су-25 и Сушкин: в Париже начался суд по делу о гибели французских военных в Кот-д’Ивуар

Літаратура правіць

  • Франчук, Сергей (2005). "По следам наших птиц: Война в стране какао". № 3. История авиации : журнал: 63–68. {{cite journal}}: Шаблон цытавання journal патрабуе |journal= (даведка)
  • Stijn Mitzer and Joost Oliemans. Ivory Coast’s Su-25s — The Sharks Won’t Bite Again // Oryxspioenkop : defence analysis website. — 31 March 2021.
  • Сергей Дмитриев. 15 лет без ответа: кто виновен в бомбардировке французских военных в Кот-д’Ивуар // RFI : радиостанция. — 20 марта 2021.
  • Дмитрий Гусев. Тайны Су-25 и Юрия Сушкина: в Париже вынесли приговор по делу об убийстве французских военных в Кот-д’Ивуар // RFI : радиостанция. — 16 апреля 2021.

Спасылкі правіць