Эрытрэя
Эрытрэ́я — краіна ў паўночна-ўсходняй частцы Афрыкі, на ўзбярэжжы Чырвонага мора. Мяжуе з Суданам на захадзе, Эфіопіяй на поўдні і Джыбуці на паўднёвым усходзе. У склад Эрытрэі ўваходзяць астравы Дахлак і Ханіш у Чырвоным моры. Сталіца — горад Асмара. У 1993 годзе стала незалежнай ад Эфіопіі — другая паводле маладосці пасля Паўднёвага Судана краіна Афрыкі. Мае аднапартыйную палітычную сістэму, сітуацыя з правамі чалавека неаднаразова прызнавалася адной з найгоршых у свеце. Адна з бяднейшых краін свету. Уваходзіць у ААН, Афрыканскі Саюз, з’яўляецца назіральнікам пры ЛАД
| |||||
Гімн: «ኤርትራ ኤርትራ ኤርትራ» | |||||
Дата незалежнасці | 24 мая 1993 (ад Эфіопіі) | ||||
Афіцыйныя мовы | няма; пераважае тыгрынья і арабская | ||||
Сталіца | Асмара | ||||
Найбуйнейшы горад | Асмара | ||||
Форма кіравання | Часовы ўрад | ||||
Прэзідэнт | Ісаяс Афеворкі | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
100-я ў свеце 117,600 км² 0,14 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2017) • Шчыльнасць |
5 918 000[1] чал. (118-я) 50,6 чал./км² | ||||
ВУП • Разам (2017) • На душу насельніцтва |
$10 176 млн [1] $1466[1] | ||||
ІРЧП (2017) | ▼ 0.420 (нізкі) (179-ы) | ||||
Валюта | накфа | ||||
Авіякампанія | Eritrean Airlines | ||||
Інтэрнэт-дамен | .er | ||||
Код ISO (Alpha-2) | ER | ||||
Код ISO (Alpha-3) | ERI | ||||
Код МАК | ERI | ||||
Тэлефонны код | +291 | ||||
Часавыя паясы | +3 |
Этымалогія
правіцьАд грэцкай назвы Чырвонага мора (Ἐρυθρὰ Θάλασσα), упершыню ў новы час гэтае імя было ўжыта ў назве калоніі Італьянская Эрытрэя ў 1890 годзе.
Геаграфія
правіцьГеаграфічнае становішча
правіцьЭрытрэя — краіна ў паўночна-ўсходняй Афрыцы. На ўсходзе яна абмываецца Чырвоным морам; мяжуе з Джыбуці, Эфіопіяй і Суданам. У склад Эрытрэі ўваходзяць астравы Дахлак і Ханіш у Чырвоным моры. Плошча тэрыторыі без уліку астравоў складае 117,6 тыс. кв. км.
Прырода
правіцьБольшая частка тэрыторыі краіны ляжыць на Эрытрэйскім плато Эфіопскага нагор'я. На паўднёвым усходзе Эрытрэі знаходзіцца ўпадзіна Афар. Узбярэжжа Чырвонага мора з’яўляецца верхнім бортам тэктанічнай упадзіны, у якой знаходзіцца мора. Клімат узбярэжжа трапічны пустынны і ў Чырвонае мора не ўпадае ніводнае ракі, што робіць яго ваду надзіва празрыстай. Заходнюю, нагорную, частку краіны закранае непрацяглы сезон даждоў. Гэта зона саванаў з тыповым для Афрыкі жывёльным светам: газелі, страусы, вялікі і малы куду, аліўкавы бабуін і інш. Марскі нацыянальны парк астравоў Дахлак уваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Гісторыя
правіцьРазам з Джыбуці, Эфіопіяй, паўночнай часткай Самалі і ўзбярэжжам Чырвонага мора Судана, Эрытрэя лічыцца найбольш верагодным месцам, вядомым старажытным егіпцянам як Пунт, што азначае Боская зямля. Старажытныя жыхары Пунта мелі цесныя адносіны з фараонамі Егіпта ў часы Сахуры і Хатшэпсут. Каралеўства Аксум, што займала большую частку сучаснай Эрытрэі і паўночнай Эфіопіі, была створана падчас першага або другога ст. н.э. У сярэдзіне чацвёртага стагоддзя н.э. Аксум адным з першых у свеце прыняў хрысціянства. У сярэднявеччы вялікая часткі Эрытрэі трапіла пад уладу каралеўства Медры-Бахр. Стварэнне сучаснай Эрытрэі з'яўляецца вынікам каланіяльнага захопу ўзбярэжнай паласы некалькіх царстваў і султанатаў, што ў канчатковым рахунку, прыводзіць да ўтварэння Італьянскай Эрытрэі. Пасля паразы італьянскай каланіяльнай арміі, з 1942 па 1952 год Эрытрэя знаходзілася ў падпарадкаванні ў брытанскай ваеннай адміністрацыі. З 1952 года Эрытрэя, у адпаведнасці з рашэннем Генеральнай асамблеі ААН, на працягу 10 гадоў суіснавала з Эфіопіяй у федэрацыі, маючы ўласны парламент; і мусіла ў 1962 годзе атрымаць незалежнасць. Аднак Эфіопія не падпарадкавалася гэтаму рашэнню, распусціла эрытрэйскі парламент і захапіла Эрытрэю. У краіне пачалася ўзброеная барацьба за незалежнасць, што расцягнулася на 30 гадоў.
У 1993 годзе войска паўстанцаў увайшло ў сталіцу і быў праведзены рэферэндум, на якім за незалежнасць выказаліся 99,83 % прыняўшых удзел. Атрымаўшы незалежнасць, Эрытрэя тым самым пазбавіла былую гаспадыню выхаду да мора. Напружаныя адносіны паміж Эрытрэяй і Эфіопіяй заставаліся і надалей, што прывяло да ўзброенага канфлікту 1998-2000 гадоў з-за памежных тэрыторый. Актыўныя баі працягваліся два гады. Паводле ацэнак International Crisis Group, за гэты час загінулі ад 70 да 100 тысяч чалавек.
У ліпені 2018 года прэм'ер-міністр Эфіопіі Абій Ахмед пагадзіўся перадаць спрэчныя зямельныя тэрыторыі Эрытрэі і «пачаць новую эру міру і дружбы». Адразу пасля ўступлення на пасаду ён падпісаў мірную дэкларацыю з Эрытрэяй і такім чынам спыніў 20-гадовую вайну паміж дзвюма краінамі[3].
Дзяржаўны лад і палітыка
правіцьЭрытрэя — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт. Паводле канстытуцыі павінен абірацца парламентам на 5-гадовы тэрмін. З чэрвеня 1993 прэзідэнт — Ісаяс Афеворкі. Выбары прэзідэнта дагэтуль не праводзіліся, дата найбліжэйшых выбараў не вызначана. Заканадаўчы орган — аднапалатная Нацыянальная асамблея — 150 дэпутатаў, прызначаных у маі 1997. Выбары былі запланаваны на снежань 2001, але затым адкладзены на нявызначаны час.
Эрытрэя падзяляецца на 6 правінцый.
Палітычная сітуацыя і правы чалавека
правіцьУ Эрытрэі толькі адна легальная партыя — Народны фронт за дэмакратыю і справядлівасць (кіраўнік — Ісаяс Афеворкі). Паводле Human Rights Watch сітуацыя з правамі чалавека ў Эрытрэі неаднаразова адносілася да ліку найгоршых у свеце. З 1997 прэзідэнтам фактычна забаронена незалежная прэса.
Хоць канстытуцыя і прызнае права свабоды веравызнання, у 2002 Афеворкі дазволіў дзейнасць толькі чатырох цэркваў; астатнія ж — пяцідзясятнікі, сведкі Іеговы — падвергліся пераследванням, а актывісты былі кінутыя ў засценкі турмаў і катаваныя.
З-за абавязковай ваеннай службы, на якую грамадзяне прызываюцца на нявызначаны тэрмін, многія эрытрэйцы пакідаюць краіну.
Беларуска-эрытрэйскія адносіны
правіцьДыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Дзяржавай Эрытрэя ўсталяваныя 11 верасня 1998 года. Візіты на вышэйшым і высокім узроўнях не ажыццяўляліся. Дагаворна-прававая база двухбаковых адносін адсутнічае. У 2004 годзе тавараабарот сфарміраваны беларускім экспартам (шыны) на суму 56 тыс. долараў ЗША.
Насельніцтва
правіцьАгульны гадавы прырост — 0,85 % (2017). Фертыльнасць — 4 нараджэнні на жанчыну (2017). Высокі натуральны прырост суправаджаецца міграцыйным адтокам (-1,39 % у 2017). Працягласць жыцця дастаткова высокая для Трапічнай Афрыкі — 62,7 гадоў у мужчын, 67,8 года ў жанчын (2017). Заражанасць вірусам імунадэфіцыту (ВІЧ) — 0,6 % (па ацэнцы 2017 года)[1].
Грамадства краіны з'яўляецца этнічна неаднастайным. Паводле ўрадавых дадзеных у Эрытрэі налічваецца дзевяць этнічных груп[4]. Незалежны перапіс ніколі не праводзіўся, аднак лічыцца, што народнасць тыграі складае каля 55 % ад усяго насельніцтва краіны. Другой паводле колькасці насельніцтва з'яўляецца народнасць тыгрэ, якая складае каля 30 % насельніцтва. Гэтыя народнасці складаюць асноўную частку пераважна семіцкамоўнага насельніцтва Эрытрэі. Большая частка астатняга насельніцтва належыць да іншых (пераважна, кушыцкіх) афраазійскіх моўных супольнасцей, маюцца нілоцкія меншасці. Рэлігіі — іслам 50 %, хрысціянства (хрысціяне-монафізіты 30 %, каталікі 13 %, пратэстанты 5 %). Пісьменнасць — 70 % мужчын, 48 % жанчын (па ацэнцы 2003 года).
Гарадское насельніцтва — 23 % (2017). Буйнейшая агламерацыя — Асмэра (563 тыс.), іншыя гарады — Керэн (75 тыс.) і Масауа (23 тыс.)[5]
Эканоміка
правіцьЭрытрэя працягвае заставацца адной з найбяднейшых дзяржаў свету. Яе ВУП на душу насельніцтва дагэтуль меншы за 1500 долараў. Эканоміка Эрытрэі перажыла значны рост у апошнія гады, пра што сведчыць павелічэнне ВУП у кастрычніку 2012 года на 7,5 % ў параўнанні з 2011 годам[6]. У 2015-2017 назіраўся значны ўстойлівы рост ВУП — 3-5 %.[1] Асноўнай прычынай нядаўняга росту эканомікі краіны з'яўляецца пачатак распрацоўкі здабычы золата і серабра ў шахце Біша і вытворчасць цэменту на цэментавым заводзе ў Масаве[7].
У гарадах працуе некалькі ТЭЦ на імпартным паліве агульнай магутнасцю 141 тыс. кВт, толькі 32 % насельніцтва маюць магчымасць карыстацца электрычнасцю. Наладжана прамысловая здабыча солі з марской вады. Працуюць прадпрыемствы харчовай прамысловасці. Заводы паліўнай, тэкстыльнай, абутковай прамысловасці належаць узнаўленню. Шырока распаўсюджана саматужная прамысловасць.
80 % насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, што дае ўсяго 11,7 % ВУП. Краіна адчувае востры недахоп урадлівых зямель, у тым ліку з-за інтэнсіўнага працэсу эрозіі глеб. Апрацоўваюцца ўсяго каля 5 % тэрыторыі. Вырошчваюць бананы, бульбу, кукурузу, кунжут, гародніну, папаю, проса, пшаніцу, сорга, тэф, бавоўну, цытрусавыя і інш. Развіваецца рыбалоўства (анчоус, ласось, сардзіны, тунец, марскі шчупак). Краіны Еўрапейскага саюза і Японія аказваюць краіне фінансавую дапамогу для развіцця рыбнай гаспадаркі.
У 2016 годзе 95 % экспарту прыходзілася на руды каляровых металаў: медзь (42%), цынк (10%), каштоўныя металы (42%, у тым ліку 25 % золата). Траціну імпарту склалі прадукты харчавання[8]
Грашовая адзінка — накфа (= 100 цэнтаў). Уведзена ў абарот у лістападзе 1997 г. У 1993—1997 гадах у абароце знаходзіўся эфіопскі быр[9].
Транспарт
правіцьРух на аўтамабільных дарогах правабаковы. Дзейныя міжнародныя правы кіроўцы. Варта адзначыць, што ў некаторых абласцях рух ноччу забаронены.
Культура
правіцьКультура Эрытрэі ў значнай ступені вызначаецца становішчам краіны на ўзбярэжжы Чырвонага мора. Адной з самых вядомых частак культуры краіны з'яўляецца кававая цырымонія[10].
Спорт
правіцьФутбол і веласіпедны спорт з'яўляюцца найбольш папулярнымі відамі спорту ў Эрытрэі. Мясцовыя лёгкаатлеты паспяхова выступаюць на міжнародных спаборніцтвах па бегу на доўгія дыстанцыі.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ а б в г д https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/er.html
- ↑ https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2020f/africa
- ↑ nashaniva.by
- ↑ Eritrean Culture Архівавана 13 лістапада 2013.. Embassy of The State of Eritrea
- ↑ http://www.geonames.org/ER/largest-cities-in-eritrea.html
- ↑ pr.x=53&pr.y=13&sy=2010&ey=2014&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=643&s=NGDP_R%2CNGDP_RPCH%2CNGDP%2CNGDPD%2CNGDP_D%2CNGDPRPC%2CNGDPPC%2CNGDPDPC%2CPPPGDP%2CPPPPC%2CPPPSH&grp=0&a= Report for Selected Countries and Subjects: Eritrea. Imf.org
- ↑ Eritrea Economic Outlook — African Development Bank. Afdb.org.
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=69&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&tradeDirection=import&year=2016
- ↑ Абрамова И. О., Васильев А. М.. Страны Африки. М.: Институт Африки РАН, 2002. С. 222.
- ↑ It’s coffee time Архівавана 4 кастрычніка 2011.. Network Africa Online
Эрытрэя на Вікісховішчы |