Упадзіна Афар (Афарскі трохкунік) — тэтканічная ўпадзіна на паўночным усходзе Афрыкі ў аснове Афрыканскага рогу на тэрыторыі Эфіопіі (большая частка), Эрытрэі, Джыбуці. З’яўляецца месцам сустрэчы сістэмы Вялікіх Афрыканскіх разломаў з акіянічнымі рыфтамі Чырвонага мора і Адэнскага заліва. У межах упадзіны размешчана возра Асаль — найніжэйшы пункт усёй Афрыкі (-155 метраў ад узроўня мора).

Геалагічная будова правіць

 
Афарскі трайнік

У тэктанічным аспекце ўпадзіна ўяўляе сабою трайнік — той рэдкі выпадак, калі ў адной кропцы сыходзяцца тры разломы. З поўдня падыходзіць кантынентальны ўсходне-афрыканскі рыфт, з паўночнага ўсходу і паўночнага захаду да яго прымыкаюць марскія рыфты Адэнскага заліву і Чырвонага мора адпаведна. Месца сустрэчы разломаў адзначана возерам Абэ. Паўночная частка ўпадзіны — другое ў наш час месца пасля Ісландыі, дзе можна паназіраць акіянічны рыфтагенез.

 
Вулкан Эртале

Ва ўсіх трох "нагах" трайніка зямная кара разыходзіцца з хуткасцю 1-2 см у год, што суправаджаецца землетрасеннямі і глыбокімі расколінамі ў сотні метраў даўжынёй, а дно даліны апускаецца ўсё глыбей. Таксама тэктанічныя працэсы суправаджаюцца вулканічнай актыўнасцю — у даліне маюцца буйныя дзеючыя вулканы Эртале і Дабаху. Адзінае вядомае вывяржэнне вулкана Дабаху адбылося ў 2005 годзе. Яно суправаджалася выліваннем 2,5 км³ лавы, што стварыла гіганцкую дайку; выкідам піракластычных парод, фарміраваннем паверхневай расколіны даўжынёй 500 м і глыбінёй 8 м.

На працягу наступных мільёнаў гадоў геолагі чакаюць разбурэння і разыходжання хрыбтоў, што аддзяляюць упадзіну Афар ад Чырвонага мора. У выніку мора затопіць упадзіну і гэта стане пачаткам фарміравання вялікага ўсходне-афрыканскага мора.

Прырода ўпадзіны правіць

Упадзіна Афар з’яўляецца адным з найгарачэйшых месцам планеты. І калі па абсалютных паказчыках яна прайграе Трыпалі і Даліне Смерці, то па сярэдняй тэмпературы ёй няма роўных. Да прыкладу, ва ўпадзіне Данакіль — самай гарачай частцы ўпадзіны — зімовай раніцай тэмпература паветра можа дасягаць 37 ° С. На працягу лета тэмпература ніколі не падае ніжэй за 40 ° С, на працягу года — 34 °. Колькасць ападкаў за год не перавышае 100-200 мм і памяншаецца пры набліжэнні да ўзбярэжжа. Такі пякельны клімат не надта спрыяе фарміраванню гідраграфічнай сеткі і багаццю расліннасці. Што да рэк, то ўпадзіну дрэнуе рака Аваш, вобласць жыўлення якой ляжыць на Эфіопскім сугор’і. На прасторах упадзіны ніжняе цячэнне ракі не можа пахваліцца прытокамі. У засушлівыя гады Аваш распадаецца на ланцуг салёных азёр ва ўпадзіне Данакіль. У больш абводненыя гады Аваш сканчае свой шлях у возеры Аббэ.

Краявіды ўпадзіны пераважна пустынныя і паўпустынныя. Расліннасць прадстаўлена засухаўстойлівымі відамі: невялікія дрэвы (драцэны), хмызнякі і травы. Адзіным значным аазісам зялёнага жыцця з'яўляецца даліна ракі Аваш. Млекакормячыя прадстаўлены траваеднымі: зебра Грэві, газелі, бейза; ёсць тут апошні арэал афрыканскіх дзікіх аслоў. Птушкі прадстаўлены наступнымі відамі: страус, эндэмічных жаўрук Heteromirafra archeri, птушка-сакратар.