Кароткі фільм пра забойства

«Каро́ткі фільм пра забо́йства» (польск.: Krótki film o zabijaniu) — польскі псіхалагічны фільм, зняты ў 1987 годзе рэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім на аснове ўласнага сцэнарыя, напісанага ў суаўтарстве з Кшыштафам Пясевічам. Галоўныя ролі ў фільме выканалі Мірослаў Бака[pl], Кшыштаф Глобіш[pl] і Ян Тэсаж[pl][8].

Кароткі фільм пра забойстваM:
польск.: Krótki film o zabijaniu
Постар фільма
Жанр драматычны фільм[2]
Рэжысёр
Прадзюсар Рышард Чуткоўскі
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія Zespoły Filmowe "Tor"
Працягласць 84 хв.
Краіна
Мова польская
Год 1988, 11 сакавіка 1988 і 26 студзеня 1989[1]
IMDb ID 0095468

«Кароткі фільм пра забойства» з’яўляецца поўнаметражнай версіяй пятай часткі дзесяцісерыйнага тэлецыкла «Дэкалог», прысвечанага Дзесяці запаведзям. Фільм адпавядае пятай запаведзі паводле каталіцкай традыцыі: «Не забівай»[9].

Прэм’ера фільма ў Польшчы адбылася 11 сакавіка 1988 года[10] і выклікала бурную рэакцыю крытыкаў. Карціна была ўспрынята як знак пратэсту супраць смяротнага пакарання, адмена якога стала прадметам грамадскіх дыскусій. Польскія крытыкі высока ацанілі мастацкія якасці фільма, у прыватнасці майстэрскую аператарскую працу Славоміра Ідзяка, аднак адзначалі і слабасці працы Кеслёўскага і Пясевіча, сярод якіх празмерная ідэалістычнасць постаці адваката.

«Кароткі фільм пра забойства» стаў першым творам Кеслёўскага, які атрымаў шырокую вядомасць і прызнанне ў Заходняй Еўропе. У маі 1988 года фільм быў паказаны ў межах асноўнай конкурснай праграмы Канскага кінафестывалю, дзе ўдастоіўся Прыза журы і Прыза ФІПРЭСІ[11]. У лістападзе таго ж года карціна была ўзнагароджана Еўрапейскай кінапрэміяй ў намінацыі Найлепшы еўрапейскі фільм[12].

У адкрываючай сцэне паказаны выявы некалькіх мёртвых жукоў, у бруднай лужыне ляжыць дохлы пацук, дзеці вешаюць труп чорнага ката́.

Варшава, 16 сакавіка 1987 года. Першая палова фільма знаёміць гледачоў з трыма персанажамі, папераменна паказваючы падзеі гэтага дня ў іх жыцці.

Вальдэмар Рэкоўскі (Ян Тэсаж) — непрыемны чалавек сярэдніх гадоў, кіроўца таксі — клапатліва мые свой аўтамабіль, адначасова заглядваючыся на супрацоўніцу прадуктовай крамы Беатку (Эльжбета Хельман). У нейкі момант да яго падыходзяць мужчына і жанчынай (Крыстына Янда і Ольгерд Лукашэвіч), просячы іх падвезці, але кіроўца адмаўляецца, спасылаючыся на тое, што заняты мыццём машыны. Калі ж побач праходзіць Беатка, ён запрашае яе падвезці, аднак тая не згаджаецца. Тады Вальдэмар сканчвае мыццё машыны і з’язджае, праігнараваўшы мужчыну і жанчыну, якія яго чакалі непадалёк. Катаючыся па горадзе, таксіст сустракае знаёмага яму дваровага сабаку і дзеліцца з ім бутэрбродам, набывае латарэйны білет і скрупулёзна выбірае нумары. Часам дзеля забавы ён чыніць невялікія паскудствы. Калі міма яго таксі праходзіць чалавек з некалькімі сабакамі, ён нечакана громка сігналіць, і адзін з сабак зрываецца з павадка. Увогуле таксіст звыкла злоўжывае свабодай, якую дае яму яго прафесія. Ён груба абыходзіцца з непрыемнымі яму людзьмі і адмаўляецца іх падвозіць.

Яцэк Лазар (Мірослаў Бака) — дваццацігадовы вясковы хлопец. Ён бессэнсоўна швэндаецца па вуліцах Варшавы. Яцэк распытвае, дзе бліжэйшая стаянка таксі. Прыйшоўшы на месца, ён знаходзіць, што там чакае шмат людзей. Бадзяючыся па горадзе, Яцэк чыніць зламысныя і бессэнсоўныя рэчы. Ён з абыякавасцю назірае, як два чалавекі даганяюць і збіваюць іншага, у грамадскім туалеце спіхвае чалавека ў пісуар, скідвае камень з моста на праязджаючыя аўтамабілі, ганяе галубоў, якіх корміць старая жанчына. Дарогай Яцэку на вочы не раз трапляюцца малыя дзяўчынкі. У Яцэка і самога ёсць з сабой крыху прымяты фотаздымак з дзяўчынкай, убранай у белае. Ён заходзіць у фотаатэлье і пакідае там фотаздымак, каб яго павялічылі. Ён цікавіцца ў работніцы фотаатэлье, ці можна па фотаздымку вызначыць, жывы чалавек ці не.

Пётр Баліцкі (Кшыштаф Глобіш) здае экзамен на права займацца адвакацкай практыкай. Ён малады і поўны ідэалістычных ідэй. Падчас экзамена ён выказвае думку, што пакаранне — гэта не толькі ўздзеянне на абвінавачанага, але і акт запужвання іншых. Аднак з часоў Каіна яшчэ не адно пакаранне не выправіла свет і не адпужвала яго ад здзяйснення злачынстваў.

Таксіст ездзіць па горадзе, шукаючы кліента. Яцэк заходзіць у кафэ, купляе каву і пірожнае. Седзячы ў кафэ, Яцэк намотвае на руку вяроўку, але спыняецца, калі бачыць, як дзве дзяўчынкі гуляюць за акном кафэ. Ён жартуе з імі. Затым ідзе да стаянкі і ловіць таксі. На таксі спяшаюцца яшчэ некалькі чалавек, але Яцэк адмаўляецца саступіць ім, хлусячы, што яму з імі не па дарозе. Таксі належыць Вальдэмару. Яцэк называе яму аддалены раён горада. У бязлюдным месцы ён накідвае вяроўку на шыю Вальдэмара і цягам доўгага часу жорстка душыць яго. Калі задушыць Вальдэмара не атрымоўваецца, Яцэк праломвае яму галаву кавалкам арматуры, але і гэтага аказваецца недастаткова. Вальдэмар стогне, з апошніх сіл просячы аб літасці, але Яцэк не слухае. Ён дабівае таксіста, скрышыўшы яму галаву цяжкім каменем. Затым скідвае цела ў раку. Вярнуўшыся ў таксі, Яцэк дастае бутэрброд, зроблены жонкай таксіста, і ўключае радыё. Па радыё гучыць дзіцячая песенька, у якой малады леў вучыцца быць адважным. Узлаваны Яцэк выдзірае аўтамагнітолу і шпурляе яе ў раку. Увечары Яцэк на машыне таксіста прыязджае да прадаўшчыцы Беаты і запрашае яе на спатканне. Яна ж па цаццы на шкле пазнае таксі (раніцай таго ж дня Вальдэмар спрабаваў з ёй фліртаваць) і спалохана пытаецца Яцэка, адкуль у яго машына.

Суд прыгаворвае Яцэка да смерці, нягледзячы на пранікнёную прамову Пятра супраць смяротнага пакарання. Для Пятра гэта першая справа, і пасля працэсу ён гутарыць з дасведчаным суддзёй, які гэтую справу вёў. Пётр пытаецца, ці магло б нешта змяніцца, калі б замест яго быў больш вопытны адвакат. Суддзя адказвае, што Пётр зрабіў усё, што можна было зрабіць у такой сітуацыі, і што гэта была найлепшая на яго памяці прамова супраць смяротнага пакарання, аднак прысуд не мог быць іншым.

У дзень, на які прызначана смяротнае пакаранне, Яцэк просіць аб размове з Пятром, бо Пётр адзіны, па яго словах, не быў супраць яго. Пётр спрабуе патлумачыць, што людзі не супраць яго, але супраць яго ўчынку; аднак Яцэк не знаходзіць розніцы. У размове Яцэк распавядае, што пяць гадоў таму памерла яго ўлюбёная малодшая сястра. Гэта было ў вёсцы. Яе пераехаў на трактары сябра Яцэка, з якім Яцэк перад гэтым піў. Яцэк да гэтага часу вінаваціць сябе. Ён гаворыць, што ўсё магло б быць іначай, калі б гэтага не здарылася. Яцэк просіць перадаць яго бацькам просьбу, каб маці саступіла яму месца на могілках побач з сястрой і бацькам. Яшчэ ён просіць Пятра забраць у фотаатэлье здымак, дзе яго сястра выяўлена ў сукенцы для Першага Прычасця, і перадаць здымак маці.

Набліжаецца час выканання прысуду. Ахоўнік пытаецца ў Пятра, ці скончылі яны гутарку, Пётр жа адказвае, што ён ніколі не згодзіцца яе скончыць па сваёй волі. Тады Яцэка сілай адводзяць і з захаваннем усіх працэдур — абвяшчэння прысуду, апошняй цыгарэты, наказаў святара — вешаюць. У апошні момант Яцэк у адчаі спрабуе вырвацца з рук турэмшчыкаў. Пётр, прысутны пры гэтым, ледзьве трымаецца на нагах.

У апошняй сцэне Пётр сядзіць у машыне ў сельскай мясцовасці і ў бяссільнай злосці плача.

Акцёрскі склад

правіць


   Мірослаў Бака[pl]   –   Яцэк Лазар
   Кшыштаф Глобіш[pl]   –   Пётр Баліцкі, адвакат
   Ян Тэсаж[pl]   –   Вальдэмар Рэкоўскі, таксіст
   Збігнеў Запасевіч[pl]   –   старшыня калегіі адвакатаў
   Барбара Дзекан[pl]   –   касірка ў кінатэатры
   Аляксандр Беднаж[pl]   –   кат
   Ежы Зас[pl]   –   начальнік турмы
   Здзіслаў Тобяш[pl]   –   суддзя
   Артур Барчыш[pl]   –   рабочы з мерай
   Крыстына Янда[pl]   –   Дарота Гелер, гераіня фільма «Дэкалог, два»
   Ольгерд Лукашэвіч[pl]   –   Анджэй Гелер, герой фільма «Дэкалог, два»
   Леанард Анджэеўскі[pl]   –   прыяцель п’янага на стаянцы таксі
   Веслаў Беднаж   –  
   Збігнеў Борэк[pl]   –   святар пры пакаранні смерцю Яцэка
   Уладыслаў Берды   –   памочнік ката
   Рышард Борсуцкі   –  
   Анджэй Гаўроньскі[pl]   –  
   Хенрык Гузэк[pl]   –   сябра калегіі адвакатаў
   Івона Гленбіцка[pl]   –   супрацоўніца фотаатэлье
   Эльжбета Хельман[pl]   –   Беатка, супрацоўніца прадуктовай крамы
   Багуслаў Хубіцкі   –  
   Хелена Кавальчыкава[pl]   –   старая, што корміць галубоў ля Зыгмунтавай калоны
   Кшыштаф Люфт[pl]   –  
   Хенрык Лапіньскі[pl]   –   сябра калегіі адвакатаў
   Богдан Невіноўскі[pl]   –   супрацоўнік латарэйнага пункта
   Борыс Марыноўскі[pl]   –   ахоўнік
   Мажэна Мантэска   –   нявеста Пятра
   Мацей Мацяеўскі[pl]   –   пракурор
   Анджэй Масталеж[pl]   –   брат Яцэка
   Яланта Мелех[pl]   –  
   Марлена Мярчыньска   –  
   Лех Петраш   –   сябра калегіі адвакатаў
   Малгажата Пячыньска[pl]   –   варажбітка на вуліцы
   Збігнеў Плата   –  
   Здзіслаў Рыхтэр[pl]   –   мастак на Рыначнай плошчы Старога горада
   Кшыштаф Стэльмашык[pl]   –  
   Караль Стэпкоўскі[pl]   –   урач пры пакаранні смерцю Яцэка
   Мацей Шары[pl]   –   домакіраўнік, сусед таксіста
   Цэзары Світкоўскі   –  
   Аліцыя Вольска   –   сакратарка ў судзе
   Сільвестр Мацяеўскі[pl]   –   брат Яцэка (у цітрах не ўказаны)

Вытворчасць

правіць
 
Кшыштаф Кеслёўскі, рэжысёр фільма.

«Кароткі фільм пра забойства» першапачаткова ствараўся як пятая частка тэлевізійнага цыклу фільмаў «Дэкалог», прысвечанага Дзесяці запаведзям. Паводле ўспамінаў Кшыштафа Кеслёўскага ідэя стварэння такога цыклу належала яго суаўтару Кшыштафу Пясевічу[13], з якім яны раней разам працавалі над фільмам «Без канца» (1985). У адрозненні ад папярэдняга фільма, напоўненага палітычнымі рэаліямі свайго часу, пры напісанні сцэнарыя для «Дэкалога» аўтары вырашылі пазбягаць палітычных тэм, каб зрабіць фільм больш універсальным[14].

Вытворчасцю тэлецыкла займалася Творчае аб’яднанне «Тор»[pl], мастацкім кіраўніком якога быў Кшыштаф Занусі, а яго намеснікам — сам Кеслёўскі[15]. Улічваючы рызыкі, звязаныя са стварэннем кінафільмаў, Кеслёўскі звярнуўся да польскага тэлебачання з прапановай зняць цыкл тэлефільмаў. Першапачаткова Кеслёўскі не меў намеру займацца ўласна рэжысурай фільмаў, каб даць магчымасць дзесяці дэбютантам зрабіць свой першы фільм. Аднак значна пазней, калі першыя версіі сцэнарыяў былі гатовы, Кеслёўскі перадумаў аддаваць сцэнарыі на рэалізацыю іншым і вырашыў узяцца за здымкі сам[15].

Згодна з фінансавым пагадненнем, якое Кеслёўскі заключыў з польскім тэлебачаннем[pl], з дзесяці эпізодаў тэлецыкла «Дэкалог» два мусілі мець поўнаметражныя версіі для кінатэатраў. Кеслёўскі прапанаваў Міністэрству культуры Польшчы самім выбраць адзін са сцэнарыяў для стварэння яго кінаверсіі, пры той умове, што другім такім фільмам стане менавіта «Кароткі фільм пра забойства», заснаваны на пятай частцы тэлецыкла. Міністэрства абрала «Дэкалог, шэсць» і прафінансавала абедзве стужкі[16][17]. Сваё асаблівае жаданне зняць менавіта «Кароткі фільм пра забойства» Кеслёўскі тлумачыў наступным чынам:

  Мяркую, я хацеў зняць менавіта гэты фільм, бо ўсё гэта здзяйсняецца ад майго імя, бо я член гэтага грамадства, я жыву ў гэтай краіне, і, калі хтосьці на чыімсьці горле зацягвае пятлю і выбівае стул з-пад ног, ён робіць гэта ад майго імя. Але я супраць. Я не хачу каб такое адбывалася[18][19].  

Прататыпам Яцака Лазара стаў выхаванец папраўчай установы ў Ласкоўцы[pl], які пазней патрапіў у турму і быў прысуджаны да смяротнага пакарання. Перад выкананнем прысуду Кшыштаф Кеслёўскі некалькі разоў сустракаўся з асуджаным[20].

Здымкі і аператарская праца

правіць
 
Славомір Ідзяк, аператар фільма.

Паводле задумы Кеслёўскага над кожным з дзесяці фільмаў тэлецыкла павінен быў працаваць асобны аператар. Калі рэжысёр прапанаваў заняцца адным з фільмаў Славоміру Ідзяку, той згадзіўся, хоць і неахвотна, бо крытычна ставіўся да перспектывы ўдзелу ў здымках тэлесерыяла. Сярод дзесяці прапанаваных фільмаў Ідзяк абраў дзявяты — фільм пра рэўнасць[21]. Аднак пазней падчас свайго знаходжання ў Бяскідах Кеслёўскі зноў сустрэўся з Ідзякам і пераканаў яго ўзяцца менавіта за пятую частку «Дэкалога». Ідзяк спрабаваў адмовіцца, бо не ўпадабаў сцэнарый гэтага фільма, але ў выніку саступіў Кеслёўскаму, паставіўшы аднак умову, што будзе выкарыстоўваць падчас здымак зялёныя пераходныя фільтры ўласнай вытворчасці. Рэжысёр паставіўся да гэтай ініцыятывы аператара як да спробы сапсаваць яго фільм, але даў яму свабоду дзеяння пры пабудове кадраў[21]. Пасля прагляду папярэдніх матэрыялаў Ідзяк палічыў, што і ўпраўду сапсаваў фільм. «На экране гэта выглядала жахліва», — прыгадвае ён. Толькі падчас мантажу Ідзяк пераканаўся, што адзняты матэрыял мае нейкі сэнс[22]. У выніку святлафільтры стварылі вобраз няўтульнай, няветлівай, варожай сваім героям Варшавы, скажаючы каляровую гаму і робячы неба жоўтым, а твары людзей — попельна-шэрымі. У адным з інтэрв’ю Ідзяк казаў, што фарбы фільма павінны выклікаць асацыяцыі з мачой[23].

У сваёй аўтабіяграфіі рэжысёр наступным чынам каментаваў каларыстычнае рашэнне фільма:

  Фільтры зялёныя, таму і святло ў гэтым фільме незвычайнае, зеленаватае. Здавалася б, зялёны — колер вясны, сімвал надзеі. Але калі здымаеш праз такі фільтр, свет здаецца больш жорсткім, змрочным і пустым. Гэта была ідэя аператара. Ён зрабіў 600 фільтраў: адзін для буйнога плану; другі — для сярэдняга; адзін для вуліцы, другі — для інтэр’ераў і гэтак далей. <…> Мне здаецца, што стыль, абраны аператарам, цалкам адпавядае тэме фільма. Пусты, брудны, сумны горад з такімі ж жыхарамі[24].  

Асаблівую цяжкасць падчас здымкаў фільма ўяўлялі сабой сцэны смерці. У першай сцэне хлопец забівае таксіста цягам сямі хвілін, у другой сцэне на працягу пяці хвілін прыводзіцца ў выкананне смяротны прысуд[25]. Пры здымках першай сцэны ўзнікалі розныя тэхнічныя праблемы. У прыватнасці, адмаўляліся працаваць трубкі, праз якія мусіла ісці кроў. Куды большай праблемай для рэжысёра стала сцэна смяротнага пакарання, бо яе здымалі адным планам. Калі ўсё было гатова да здымкаў, аказалася, што група псіхалагічна не вытрымлівае жаху сцэны. Здымкі прыйшлося перарваць і адкласці на наступны дзень[26].

Музычнае суправаджэнне

правіць
 
Збігнеў Прайснер, аўтар музыкі да фільма.

Музычнае суправаджэнне да карціны «Кароткі фільм пра забойства» належыць польскаму кампазітару Збігневу Прайснеру і адыгрывае істотную ролю ў выразнасці фільма. Прайснер, пад уплывам свайго суайчынніка Фрыдэрыка Шапена, «стварыў надзвычайную, элегічную і нібы поўную недаказанасці музыку. Жалобная мелодыя фартэпіяна зліваецца з дрыжачымі струннымі і адзінай трубой, каб надаць эмацыйную выразнасць халоднаму жаху, які сачыцца з экрана»[27].

Музыка, што гучыць у «Кароткім фільме пра забойства» ўвайшла ў склад першага альбома Збігнева Прайснера — «Дэкалог» (1991), у якім прадстаўлена музыка з аднайменнага тэлецыкла, і адпаведна з кінаверсій пятага і шостага фільмаў. Атрымаўшы высокую ацэнку сярод слухачоў, музычныя кампазіцыі з «Кароткага фільма пра забойства» зноў з’яўляліся ў канцэртных альбомах Прайснера «Музыка Прайснера» (1995)[28] і «Чатыры колеры Лодзі» (2014)[29], а таксама ў альбоме «Кеслёўскі» (2003)[30], які ўяўляе сабой кампіляцыю твораў Прайснера да фільмаў кінарэжысёра. Апроч таго, музыка з «Кароткага фільма пра забойства» была выкарыстана ў фільме Вонга Карвая «2046»[31][32].

Апроч арыгінальнай музыкі Збігнева Прайснера ў фільме выкарыстана песня «Я раскажу табе пра льва» (польск.: «Opowiem ci o lwie») напісаная польскім кампазітарам Уладзімежам Корчам[pl] на словы Ванды Хатомскай[pl][33].

Тэлевізійная версія

правіць

Розніца ў хранаметражы «Дэкалога, пяць» і «Кароткага фільма пра забойства» склала 27 хвілін. Хаця асноўны сюжэт у абедзвюх стужках аднолькавы, тэлеверсія адрозніваецца ад кінаверсіі мноствам дэталяў. Перш за ўсё былі ўнесены змены ў парадак сцэн; у той час, як кінафільм пачынаецца з выяў мёртвых жывёл (жукі, пацук, кот), тэлевізійны фільм адкрывае закадравы голас[en] Пятра, які выказвае нязгоду са смяротным пакараннем[34]. Сцэна забойства таксіста ў кінематаграфічнай версіі даўжэйшая і больш радыкальная ў сваёй жорсткасці; акрамя таго ў тэлеверсіі пасля акту забойства адразу адбываецца вынясенне прысуду, тады як кінаверсія ўтрымлівае некаторыя пераходныя эпізоды[34]. У тэлеверсіі адсутнічае шэраг сцэн, якія глыбей раскрываюць характары герояў, а таксама прыбраны некаторыя сюжэтныя лініі, якія не ўплываюць на асноўны сюжэт. Так, у адной з прыбраных сцэн Яцэк не ўмешваецца ў збіццё двума незнаёмцамі трэцяга, у іншай прызнаецца вулічнаму мастаку, што ў яго няма талентаў. У кінаверсіі значна большая роля аддаецца адвакату Пятру, у прыватнасці яго стасункам з жонкай. У тэлеверсіі значна скарочана сюжэтная лінія супрацоўніцы прадуктовай крамы Беаты[35]. Адрозніваюцца і канцоўкі стужак: у той час, як у «Кароткім фільме пра забойства» адвакат бяссільна плача, у «Дэкалогу, пяць» ён некалькі разоў ускрыквае «Ненавіджу!».

Выхад і прызнанне

правіць

Выхад фільма

правіць

Прэм’ера фільма адбылася ў Польшчы 11 сакавіка 1988 года. Двума месяцамі пазней, 16 мая, фільм быў паказаны ў межах асноўнай конкурснай праграмы Канскага кінафестывалю. Апроч Кан карціна дэманстравалася на міжнародных кінафестывалях у Мюнхене (чэрвень), Лакарна (жнівень), Таронта (14 верасня), Сан-Себасцьяне (21 верасня)[10][36].

Прэм’ера тэлевізійнай версіі фільма адбылася на Венецыянскім кінафестывалі 9 верасня 1989 года. На польскім тэлебачанні тэлеверсія была ўпершыню паказана 1 чэрвеня 1990 года[37].

Перад выхадам у пракат «Кароткі фільм пра забойства» сутыкнуўся з крытыкай з боку Казімежа Кажнеўскага[pl], які расцаніў фільм як «скажэнне рэальнасці». Аднак, дзякуючы рашучасці рэжысёра, фільм быў дапушчаны да паказу[38]. Па выніку фільм быў добра прыняты гледачамі і крытыкамі як у Польшчы, так і за мяжой, а «Дэкалог, пяць» стаў найбольш паспяховай часткай тэлецыкла[27].

Прыём фільма за межамі Польшчы

правіць
Рэйтынгі
Выданне Адзнака
AllMovie      [39]
Empire      [40]
FilmAffinity           [41]
Internet Movie Database           [8]
Rotten Tomatoes           [42]
КиноПоиск           [43]

Дзякуючы намаганням Ірэны Стжалкоўскай, супрацоўніцы Камітэту па кінематаграфіі, «Кароткі фільм пра забойства» прайшоў кваліфікацыйны адбор у конкурсную праграму Канскага кінафестывалю, дзе выклікаў бурную рэакцыю публікі. На паказе, калі на экране адбывалася сцэна забойства таксіста, з глядацкай залы пачуліся крыкі: «Хопіць! Хопіць!»[38] Клод-Мары Трэмуа з часопіса «Télérama» пісаў: «Ведаю адно: „Кароткі фільм пра забойства“ — шэдэўр. Гэта адзін з тых шакіруючых фільмаў, ад вобразаў якога вы не зможаце вызваліцца. Ёсць у гэтым нешта ад Дастаеўскага»[44]. Рэцэнзент часопіса «Studio Magazine» Катрын Уімпфэн, падагульняючы меркаванні прэсы, адзначыла «Гэты фільм з’яўляецца трыумфальным уваходам Кшыштафа Кеслёўскага ў наша кінематаграфічнае калектыўнае несвядомае. Ад гэтага часу ўжо больш не магчыма не заўважаць гэты сур’ёзны і ў той жа час поўны адчаю голас з Усходу»[45]. Мішэль Сіну з часопіса «Positif» адзначыў, што «Кароткі фільм пра забойства» пазбягае пасткі тыповага «фільма супраць смяротнага пакарання»[46]. Джонатан Разенбаўм з «Chicago Reader» прызнаў працу Кеслёўскага і Пясевіча «магчыма, найбольш магутным фільмам пра смяротнае пакаранне ў гісторыі»[47]. Дэрэк Малькальм з «The Guardian» унёс карціну ў спіс ста найлепшых фільмаў усіх часоў, высока ацаніўшы «дэпрэсіўныя» візуальныя рашэнні Ідзяка і асаблівую гармонію стылю і зместу[48]. Браян Кейс з «Time Out» заўважыў, што сцэна забойства таксіста «нават даўжэйшая, чым славутае забойства ў „Разадранай заслонеХічкока»[49].

Прыём фільма ў Польшчы

правіць

У Польшчы «Кароткі фільм пра забойства» атрымаў станоўчую ацэнку крытыкаў, якія аднак захоўвалі куды больш скептычны настрой па адносіне да Кеслёўскага. Польскімі рэцэнзентамі карціна была ўспрынята як адназначны і бескампрамісны пратэст супраць смяротнага пакарання, што для адных (праціўнікаў смяротнага пакарання) было яе найвялікшай перавагай, а для іншых (прыхільнікаў смяротнага пакарання) вялізарнай слабасцю[50]. Засяроджваючы асаблівую ўвагу на гэтым аспекце карціны, многія крытыкі не разглядалі мастацкія якасці фільма.

Малгажата Карбовяк назвала працу Кеслёўскага нечым надзвычай уражваючым, чаго, паводле яе слоў, даўно не адбывалася ў польскім кіно. Мацей Паўліцкі выказаў меркаванне, што фільм гаворыць пра немагчымасць поўнага пранікнення ў псіхіку чалавека. У той жа час, прыпісваючы аўтарам фільма выразную пазіцыю па адносіне да смяротнага пакарання, некаторыя крытыкі (напрыклад, Здзіслаў Пятрасік[pl], Бажэна Яніцка[pl]) абвінавацілі Кеслёўскага ў тым, што ён не прадставіў аўдыторыі дастаткова аргументаў у падтрымку свайго тэзіса. Марэк Рымушка, у сваю чаргу, адзначаў, што фільм можа мець эфект бумеранга, бо частка гледачоў станоўча ўспрымала прысуд, вынесены забойцу[51].

Узнагароды

правіць

У маі 1988 года «Кароткі фільм пра забойства» быў паказаны ў межах асноўнай конкурснай праграмы 41-га Канскага кінафестывалю, дзе ўдастоіўся Прыза журы і Прыза ФІПРЭСІ[17]. У лістападзе таго ж года фільм быў адзначаны галоўнай узнагародай на 1-й цырымоніі прысуджэння Еўрапейскай кінапрэміі, якая ў той час называлася «Фелікс». Атрымліваючы ўзнагароду, Кшыштаф Кеслёўскі ўсклікнуў: «Спадзяюся, Польшча ў Еўропе»[52][53].

Паводле інфармацыі сайта «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 10 намінацыямі на значныя кінапрэміі і ўзнагароджаны 8 з іх[54]:

Кінафестываль / Кінапрэмія Дата Прэмія / Катэгорыя Намінант(ы) Вынік Спасылкі
Канскі кінафестываль 11–23.05.1988   «Залатая пальмавая галіна» «Кароткі фільм пра забойства» Намінацыя [11]
Прыз журы «Кароткі фільм пра забойства» Перамога
Прыз ФІПРЭСІ «Кароткі фільм пра забойства» Перамога
Мюнхенскі кінафестываль[en] Чэрвень 1988 Прыз «Адна будучыня» «Кароткі фільм пра забойства» Перамога [55]
Фестываль польскага мастацкага кіно Верасень 1988[pl] «Залатыя львы» «Кароткі фільм пра забойства» Перамога [56]
Еўрапейская кінапрэмія 26.11.1988 Найлепшы еўрапейскі фільм «Кароткі фільм пра забойства» Перамога [12]
Кае дзю Сінема[en] 1988 10 найлепшых фільмаў[en] «Кароткі фільм пра забойства» Перамога [57]
Бодыль Сакавік 1990[en] Найлепшы еўрапейскі фільм[en] «Кароткі фільм пра забойства» Перамога [58]
Роберт[en] 1990[en] Найлепшы замежны фільм[en] «Кароткі фільм пра забойства» Перамога [59]
Асацыяцыя кінакрытыкаў Турцыі[en] 1993 Найлепшы замежны фільм «Кароткі фільм пра забойства» 4-е месца

Смяротнае пакаранне, як забойства

правіць

«Кароткі фільм пра забойства» прысвечаны тэме забойства і смяротнага пакарання. У гэтым фільме рэжысёр падымае пытанне: ці мае юрыдычная сістэма права забіваць людзей у пакаранне за злачынства?[27] Сам Кеслёўскі ў сваёй аўтабіяграфіі так тлумачыць сутнасць карціны: «Гэта гісторыя маладога чалавека, які забівае таксіста, а потым правасуддзе забівае яго самога. Па сутнасці больш пра сюжэт гэтага фільма няма чаго сказаць. Прычыны злачынства нам невядомыя. Вядома, за што грамадства на юрыдычных падставах забівае гэтага хлопца. Але яго чалавечых матываў мы не даведаемся ніколі. <…> Мяркую, што фільм, па сутнасці, не пра смяротнае пакаранне, а пра забойства наогул. Пра забойства, якое заўсёды — зло. Не ў залежнасці ад матываў, ад таго, хто забівае і каго»[60].

Асаблівая ўвага ў фільме надаецца другому забойству — павешанню асуджанага злачынца, якое знарок паказана ў дакументальнай манеры, з фізіялагічнымі падрабязнасцямі. Мірон Чарненка адзначае: «Ва ўсім гэтым — у жэстах святара і ката, адваката і ахоўніка, турэмнага лекара і пракурора — Кеслёўскі адкрывае не помсту, не кару, але пусты і самаздаволены рытуал, упартасць бясспрэчнай догмы, асвячонай стагоддзямі, але не свяшчэннай»[61]. Джэймс Берардзінэлі піша, што Кеслёўскаму ўдалося адначасова перадаць адразу некалькі ўражанняў: пры ўсёй жахлівай бессэнсоўнасці і жорсткасці забойства Яцэкам таксіста, што акцэнтавана працягласцю сцэны, Яцэк выглядае хутчэй не садыстам, а адзінокім і разгубленым чалавекам; Вальдэмар паказаны ледзь што не больш непрыемным, чым яго забойца. Кеслёўскі не толькі асуджае смяротнае пакаранне як прынцып, але яшчэ і спрабуе ачалавечыць злачынца[62].

Фільм атрымаў шэраг значных еўрапейскіх кінаўзнагарод, а па тэлебачанні яго паглядзелі больш за 20 мільёнаў палякаў. Па сутнасці гэтая карціна стала знішчальным аргументам супраць Артыкула 148, параграф 1 польскага ўгалоўнага кодэкса. Былі справакаваны нацыянальныя дыскусіі[27]. Апошні смяротны прысуд у Польшчы быў выкананы 21 красавіка 1988 года[63], праз месяц пасля прэм’еры фільма.

Гл. таксама

правіць

Зноскі

правіць
  1. Lexicon of international filmsZweitausendeins.
  2. а б http://www.imdb.com/title/tt0095468/ Праверана 28 красавіка 2016.
  3. а б в http://stopklatka.pl/film/krotki-film-o-zabijaniu Праверана 28 красавіка 2016.
  4. а б в г https://web.archive.org/web/20200301171442/https://www.europeanfilmawards.eu/en_EN/film/a-short-film-about-killing.4960 Праверана 22 сакавіка 2020.
  5. а б в г http://www.imdb.com/title/tt0095468/fullcredits Праверана 28 красавіка 2016.
  6. а б Česko-Slovenská filmová databáze — 2001.
  7. https://web.archive.org/web/20200301171442/https://www.europeanfilmawards.eu/en_EN/film/a-short-film-about-killing.4960 Праверана 1 сакавіка 2020.
  8. а б Krótki film o zabijaniu — IMDb (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 12 верасня 2019.
  9. Агульны катэхізіс . Афіцыйны інтэрнэт-партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Праверана 12 верасня 2019.
  10. а б Krótki film o zabijaniu — Release Info (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 12 верасня 2019.
  11. а б KROTKI FILM O ZABIJANIU — Festival de Cannes (фр.). Афіцыйны сайт Канскага кінафестывалю. Праверана 12 верасня 2019.
  12. а б European Film Academy: Winners 1988 (англ.). Афіцыйны сайт Еўрапейскай кінаакадэміі. Праверана 12 верасня 2019.
  13. Kieślowski on Kieślowski 1993, с. 143.
  14. Kieślowski on Kieślowski 1993, с. 144—145.
  15. а б Kieślowski on Kieślowski 1993, с. 144.
  16. Kieślowski on Kieślowski 1993, с. 153.
  17. а б The Cinema of Krzysztof Kieślowski: Variations on Destiny and Chance 2004, с. 77.
  18. Kieślowski on Kieślowski 1993, с. 160.
  19. B. Hollender, Z. Turowska. «Zespół „Tor”» 2000, с. 189.
  20. Za murami poprawczaka: refleksje i wspomnienia 2009, с. 127.
  21. а б Todd Ludy, Eric Schneider.. «словно сквозь туманный объектив...» Славомир Идзяк, интервью / Slawomir Idziak: Through a Lens, Darkly (1996) (руск.)(недаступная спасылка). Блог Елены Кузьминой «Кино-переводы: статьи, интервью» (15 жніўня 2007). Архівавана з першакрыніцы 3 лістапада 2019. Праверана 3 лістапада 2019.
  22. B. Hollender, Z. Turowska. «Zespół „Tor”» 2000, с. 190.
  23. The Films of Krzysztof Kieslowski: The Liminal Image 2004, с. 202.
  24. Kieślowski on Kieślowski 1993, с. 161.
  25. Kieślowski on Kieślowski 1993, с. 162.
  26. Kieślowski on Kieślowski 1993, с. 166.
  27. а б в г Збигнев Прейснер, эссе / an Essay about Zbigniew Preisner (руск.)(недаступная спасылка). Блог Елены Кузьминой «Кино-переводы: статьи, интервью» (22 чэрвеня 2007). Архівавана з першакрыніцы 3 мая 2019. Праверана 3 мая 2019.
  28. Zbigniew Preisner — Preisner's Music (англ.). Сайт «Discogs». Праверана 12 верасня 2019.
  29. Zbigniew Preisner — The Four Colors Of Łódź (англ.). Сайт «Discogs». Праверана 12 верасня 2019.
  30. Zbigniew Preisner — Kieślowski (англ.). Сайт «Discogs». Праверана 12 верасня 2019.
  31. 2046 — Original Soundtrack (англ.). Сайт «AllMusic». Праверана 12 верасня 2019.
  32. Various — 2046 (Original Soundtrack From Wong Kar Wai's Film) (англ.). Сайт «Discogs». Праверана 12 верасня 2019.
  33. Krótki film o zabijaniu — Soundtracks (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 12 верасня 2019.
  34. а б Tim Brayton.. A Short Film About Killing (англ.). Сайт «Alternate Ending». Праверана 12 кастрычніка 2019.
  35. The Films of Krzysztof Kieslowski: The Liminal Image 2004, с. 208—210.
  36. Krótki film o zabijaniu (1987) — Daty premier (польск.). Сайт «Filmweb». Праверана 22 верасня 2019.
  37. "Dekalog" Dekalog, piec (TV Episode 1989) — Release Info (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 22 верасня 2019.
  38. а б B. Hollender, Z. Turowska. «Zespół „Tor”» 2000, с. 191.
  39. A Short Film About Killing (1987) — Krzysztof Kieslowski (англ.). Сайт «AllMovie». Праверана 11 верасня 2019.
  40. David Parkinson.. A Short Film About Killing Review (англ.). Сайт «Empire». Праверана 11 верасня 2019.
  41. A Short Film About Killing (1988) — FilmAffinity (англ.). Сайт «FilmAffinity». Праверана 11 верасня 2019.
  42. A Short Film About Killing (1988) — Rotten Tomatoes (англ.). Сайт «Rotten Tomatoes». Праверана 11 верасня 2019.
  43. Короткий фильм об убийстве — КиноПоиск (руск.). Сайт «КиноПоиск». Праверана 11 верасня 2019.
  44. Tadeusz Lubelski. «Prawdziwy partner. Francuska krytyka o Kieślowskim» 1993, с. 119.
  45. Tadeusz Lubelski. «Prawdziwy partner. Francuska krytyka o Kieślowskim» 1993, с. 120.
  46. Tadeusz Lubelski. «Prawdziwy partner. Francuska krytyka o Kieślowskim» 1993, с. 122.
  47. Jonathan Rosenbaum.. A Short Film About Killing and A Short Film About Love (англ.). Сайт «Chicago Reader» (8 лютага 1996). Праверана 24 верасня 2019.
  48. Derek Malcolm.. Krzysztof Kieslowski: A Short Film About Killing (англ.). Сайт «The Guardian» (24 лютага 2000). Праверана 24 верасня 2019.
  49. Brian Case. «Time Out Film Guide» 1999, с. 952.
  50. Mirosław Przylipiak. «Krótkie filmy, Dekalog, oraz Podwójne życie Weroniki Krzysztofa Kieślowskiego w zwierciadle polskiej krytyki filmowej» 1998, с. 133.
  51. Mirosław Przylipiak. «Krótkie filmy, Dekalog, oraz Podwójne życie Weroniki Krzysztofa Kieślowskiego w zwierciadle polskiej krytyki filmowej» 1998, с. 133—135.
  52. Magdalena Talik.. European Film Awards in Wroclaw in 2016 (англ.). Сайт «wroclaw.pl». Праверана 16 кастрычніка 2019.
  53. Wim Wenders: 'Europe's treasure is in its diversity' (англ.). Сайт «Euronews» (14 снежня 2017). Праверана 16 кастрычніка 2019.
  54. Krótki film o zabijaniu — Awards (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 12 верасня 2019.
  55. ONE-FUTURE-PRIZE — Filmfest München (англ.)(недаступная спасылка). Афіцыйны сайт Мюнхенскага кінафестывалю. Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2021. Праверана 17 верасня 2019.
  56. Festiwal Polskich Filmów Fabularnych: Laureaci 1988 (польск.). Афіцыйны сайт Фестывалю польскага мастацкага кіно. Праверана 12 верасня 2019.
  57. Cahiers du Cinéma Best of 1988 (англ.). Сайт «Letterboxd». Праверана 10 жніўня 2021.
  58. 1990 (дацк.)(недаступная спасылка). Сайт «Bodil Prisen». Архівавана з першакрыніцы 29 кастрычніка 2013. Праверана 25 кастрычніка 2013.
  59. Robert Vindere Arkiv — Danmarks Film Akademi (дацк.)(недаступная спасылка). Сайт «Danmarks Film Akademi». Архівавана з першакрыніцы 13 снежня 2017. Праверана 12 верасня 2019.
  60. Kieślowski on Kieślowski 1993, с. 159—160.
  61. Мирон Черненко. «Короткий фильм об убийстве» 1990.
  62. James Berardinelli.. Short Film about Killing, A (Poland, 1987) (англ.). Сайт «Reel Views». Праверана 16 кастрычніка 2019.
  63. Katarzyna Kaczorowska, Hanna Wieczorek.. Dlaczego w Polsce nie ma kary śmierci? (польск.). Сайт «Gazeta Wroclawska» (15 лютага 2014). Праверана 29 мая 2019.

Бібліяграфія

правіць

Артыкулы

правіць

Спасылкі

правіць