Загляне сонца і ў наша аконца
«Загля́не со́нца і ў на́ша ако́нца»[1] (арыгінальная назва «Загляне сонцэ и ў нашэ ваконцэ») — першая легальная беларуская выдавецкая суполка, існавала ў Санкт-Пецярбургу ў 1906—1914 (1916?) гадах.
Суполка выдавала кнігі кірыліцай і лацінкай, а сукупны наклад іх перавысіў 100 тысяч. Сярод выданняў творы беларускай літаратуры XIX ст., першыя беларускія падручнікі, сцэнічныя творы, дапаможнікі для гаспадароў, творы маладых аўтараў, паштоўкі. Адначасна выпрацоўваліся і прынцыпы правапісу беларускай мовы.
Перадгісторыя
правіцьЮрыдычнай падставай легальнай выдавецкай дзейнасці на беларускай мове быў выдадзены 12(25).12.1904 указ імператара Мікалая II, які скасоўваў ранейшыя абмежаванні ўжытку мясцовых моў у заходніх губернях Расійскай імперыі. Выкарыстаць гэту магчымасць вырашыў нядаўні выпускнік Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытута Вацлаў Іваноўскі, які ўжо меў досвед нелегальнай выдавецкай дзейнасці падчас працы ў арганізацыях «Беларуская рэвалюцыйная партыя» і «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». У варунках, якія дазволілі развіваць пастаянную і значна шырэйшую выдавецкую дзейнасць, неабходны былі большыя сродкі і новыя супрацоўнікі. Вацлаў Іваноўскі ў 1905 годзе спрабаваў прыцягнуць да гэтай справы беларускіх памешчыкаў Аляксандра Ельскага і Эдварда Вайніловіча, але безвынікова[2]. Тым не менш вынік арганізацыйнай працы быў станоўчы: у студзені 1906 суполка налічвала 45 удзельнікаў.
Назва выдавецтва — гэта прымаўка, якая выражае надзею на лепшую будучыню. У канцы ХІХ ст. яна выкарыстоўвалася як слоган для нелегальных беларускіх выданняў, напрыклад: другі эпіграф у адозве народнікаў-«гоманаўцаў» «Письма о Белоруссии» (1882) Данілы Баравіка, а таксама выдання пад назвай «Дзядзька Антон» (Тыльзіт, 1892)[3].
Першы этап дзейнасці (1906—1909)
правіцьДзейнасць арганізацыі распачалася з выдання ліста, у якім утрымліваўся заклік прыняць удзел у беларускай выдавецкай дзейнасці. Ліст быў набраны лацінкай, магчыма быў і кірылічны варыянт, але ён не захаваўся. З гэтым лістом-зваротам да розных асоб высылалі экзэмпляр Статута[4].
Суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» была афіцыйна зарэгістравана ў маі 1906 года. Ва ўправу ўваходзілі В. Іваноўскі (старшыня), У. Сталыгва (сакратар), Б. Эпімах-Шыпіла, Ю. Іваноўскі, В. Валейка, С. Іваноўская, У. Калашэўскі. 5 мая 1906 года згаданыя асобы ўклалі да канца 1908 года натарыяльны дагавор, паводле якой неслі салідарную адказнасць за дзейнасць і абавязкі суполкі[5]. На практыцы амаль усе рэдакцыйныя працы выконвалі В. Іваноўскі і Б. Эпімах-Шыпіла, апошні перадаў на патрэбы суполкі частку сваёй кватэры. Кнігі друкаваліся ў польскай друкарні К. Л. Пянткоўскага кірыліцай і лацінкай, некаторыя паралельна двума шрыфтамі. Асноўная частка тыражу адпраўлялася на Беларусь[6].
У ліпені 1906 года выйшаў «Беларускі лемантар[заўв 1], або Першая навука чытання» (лацінскі варыянт) і серыя паштовак («Шчарсуны ўлетку», «Шчарсуны ўзімку», «Францішак Багушэвіч (Мацей Бурачок) — пясняр беларускі», «Вінцук Марцінкевіч — пясняр беларускі», «Мужыкі спад Пухавіч», «Торжышчэ ў Пухавічах», «Дзяўчаты спад Слуцка», «Парабковая дворная хата», «Дудар беларускі», «Янка Лучына (Іван Неслухоўскі), пясняр беларускі», «Вясковая баба Трыбужкоў», «Дом Тадэвуша Касцюшкі» ў Мерачоўшчыне, а праз некалькі тыдняў — кірылічны варыянт лемантара і «Першае чытанне для дзетак-беларусаў» Цёткі (у двух варыянтах). Трэці падручнік, «Гутаркі аб небе і зямлі», перакладзены з польскай мовы верагодна К. Кастравіцкім пры ўдзеле В. Іваноўскага[2], пакінуў друкарню на пачатку 1907 года. Да сакавіка 1908 года суполка выдала чатыры кніжкі пісьменнікаў XIX ст. у серыі «Народныя песняры» — «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» Ф. Багушэвіча, «Гапон» В. Дуніна-Марцінкевіча і пераклад дзвюх былін паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш». На пачатку 1908 выйшаў з друку першы зборнік вершаў Я. Купалы «Жалейка». Увесну 1908 плён выдавецкай дзейнасці складалі дзесяць кніжак і крыху больш за дзесяць паштовак.
Затым аж да восені 1909 суполка не выдала ніводнай кніжкі. На гэта паўплываў часовы ад’езд В. Іваноўскага ў Мюнхен, а таксама прэтэнзіі з боку царскай цэнзуры[2].
Другі этап дзейнасці (1909—1913)
правіць30 красавіка 1909 быў заключаны новы дагавор сяброў-заснавальнікаў. 3 ліку ранейшых членаў выбылі Б. Шыпіла і У. Калашэўскі, засталіся В. і С. Іваноўскія, Ю. Іваноўскі, У. Сталыгва, В. Валейка; з’явіліся новыя сябры: А. Трэпка-Неканда з жонкай, А. Грыневіч і Г. Ражноўскі. Адначасова суполка пераехала ў новае памяшканне. Актывы яе істотна павялічыліся, што стварыла магчымасці пашырэння выдавецкай дзейнасці. Кіраўніком выдавецтва застаўся В. Іваноўскі, а Ю. Іваноўскі стаў адказным рэдактарам[2].
У канцы 1909 ў Пецярбург быў запрошаны Я. Купала, які атрымліваў магчымасць для непасрэднага ўдзелу ў выданні ўласных новых твораў. Тут выйшла шэсць першых кніжак Я. Купалы: акрамя «Жалейкі» гэта былі «Адвечная песня», «Гусляр», «Сон на кургане», «Паўлінка» і «Шляхам жыцця» (асобныя з іх выдадзены ў выдавецтве А. Грыневіча, які распачаў самастойную выдавецкую дзейнасць).
Пачаўся ж другі этап дзейнасці суполкі з выдання ў жніўні-верасні 1909 кнігі В. Дуніна-Марцінкевіча «Вечарніцы». Амаль адначасова пад маркаю «Загляне сонца…» у Вільні выйшла кніга К. Дулебы «Як ратаваць уздутую жывёлу» (у перакладзе В. Іваноўскага), а ў студзені 1910 падручнік Я. Коласа «Другое чытанне для дзетак беларусаў», выдадзены разам з віленскім таварыствам «Наша хата». У сярэдзіне таго ж года выйшлі з друку адным томам творы Дуніна-Марцінкевіча «Шчароўскія дажынкі» і «Купала» з уступным артыкулам В. Іваноўскага «Вінцук Дунін-Марцінкевіч і яго жыццё». Гэта была адна з першых спроб паказу складанай фігуры гэтага пісьменніка і ацэнкі яго значэння для беларускай літаратуры. Выхадам кнігі серыя «Народныя песняры» была закончаная.
Апрача таго, у 1910—1912 суполка літаграфічным спосабам накладам 200 або 400 асобнікаў выдала рэпертуарную серыю сцэнічных твораў. У серыі выйшлі камедыі «Модны шляхцюк» К. Каганца (1910), «Сватанне» А. Чэхава ў перакладзе Н. Чарноцкага (1910), «Пашыліся ў дурні» (1910) і «Па рэвізіі» (1911) М. Крапіўніцкага, абедзве ў апрацоўцы Н. Чарноцкага, і «Міхалка», перапрацоўка польскай камедыі, выкананая Далецкімі (1911). Суполка выдала таксама драматычныя творы Э. Ажэшкі «У зімовы вечар» (1910, пераклад Власта), «Хам» (1912) і камедыю Я. Купалы «Паўлінка» (студзень 1913).
У 1911 выйшлі яшчэ два выданні: невялікае апавяданне А. Новіча «У дому лепей» і адносна вялікі дапаможнік для пчаляроў Г. Бярозкі «Пчаліна — жывёлка малая, а карысьці дае многа».
У канцы жніўня 1911 распачалася падрыхтоўка да выдання рэгулярнага альманаха пад назвай «Маладая Беларусь». У 1912—1913 выйшлі тры сшыткі; тэматычны профіль вызначалі мастацкія творы: Я. Купалы (тут надрукавана паэма «Сон на кургане»), Я. Коласа, Цёткі, З. Бядулі, Ц. Гартнага, А. Гурло, К. Буйло, Чарнышэвіча, Я. Журбы, А. Новіча, Петрашкевіча. Навукова-папулярную тэматыку прадстаўлялі пераважна артыкулы А. Луцкевіча (пад псеўданімам А. Навіна).
Такім чынам, з вясны 1909 дзейнасць суполкі развівалася паспяхова. Разам з узрастаючай колькасцю выдаваных кніжак павялічыўся іх продаж, які нарэшце пачаў прыносіць прыбытак[2].
Трэці этап дзейнасці (1913—1914)
правіцьНа апошнім этапе ў дзейнасці суполкі адбыліся важныя змены, абумоўленыя ад’ездам В. Іваноўскага і Я. Купалы ў Вільню і заснаванне імі там Беларускага выдавецкага таварыства. 1.6.1913 адбылася рэарганізацыя ўправы, у якую вярнуўся Б. Эпімах-Шыпіла, а таксама ўвайшлі А. Ярэміч і Я. Сушынскі. Аднак у новых арганізацыйных умовах магчымасці выдавецкай дзейнасці былі абмежаваныя. У другой палове 1913 суполка выдала літаграфічным спосабам камедыі «Мядзведзь» А. Чэхава і «Як яны жаніліся» А. Валодзьскага ў перакладзе В. Ластоўскага. Выйшлі таксама «Батрак» Я. Коласа, «Абразкі» З. Бядулі, «Песні» Ц. Гартнага, «Амерыканец» А. Новіча — раней яны ўжо былі апублікаваныя ў альманаху «Маладая Беларусь». Нарэшце, прыкладна ў сярэдзіне 1914 была перавыдадзеная (у няпоўным выглядзе) «Дудка беларуская» Ф. Багушэвіча.
У 1914 годзе выдаўцы сутыкнуліся з фінансавымі цяжкасцямі, цэнзурнымі рэпрэсіямі. Цяжкую сітуацыю найярчэй адлюстроўвае запіс, зроблены рукой Бр. Эпімаха-Шыпілы на гандлёва-выдавецкім каталогу друкарні М. Кухты 1914 года «Спісак беларускіх кніжак і часопісаў»: «гэта не жыццё, а выццё»[7].
Выдавецкую дзейнасць спыніла Першая сусветная вайна.
Апошняя кніга
правіцьМожна меркаваць, што ў 1916 годзе выдавецтва паспрабавала аднавіць сваю дзейнасць, выпусціўшы кнігу Я. Коласа «Антось Лата» (1-ю дзею) пад назвай «Чарка ўсё на свеце робіць»; на кнізе было было пазначана «Працяг будзе». Аднак на гэтым дзейнасць суполкі скончылася[8].
Тыпаграфіі
правіцьТаварыства наладзіла партнёрскія стасункі з пецярбургскай друкарняй Казіміра Пянткоўскага і асноўную частку сваіх кніг выпускала на Вялікай Пад’ячаскай, 22, дзе апошняя і размяшчалася. Дзякуючы спачуванню беларускай справе ўласніка гэтай друкарні, суполцы ўдалося атрымаць крэдыт на работу і ўзбагаціць набор беларускіх шрыфтоў.
Два выданні кірыліцай і лацінкай («Як ратаваць уздутую жывёлу» К. Дулембы) былі замоўлены ў Марціна Кухты і адно ў пецярбургскай друкарні Юрыя Эрліха (зборнік Янкі Купалы «Шляхам гадоў»)[9].
Фінансаванне
правіцьАд самага пачатку «Загляне сонца і ў наша аконца» мела лепшае матэрыяльнае забеспячэнне, чым яго папярэднікі. У арганізацыю ўступіла многа забяспечаных у матэрыяльных адносінах людзей: В. Іваноўскі, які ўжо паспеў стаць прафесарам, Б. Эпімах-Шыпіла, які прытуліў кантору выдавецтва на ўласнай кватэры і не шкадаваў грошай на яго з свайго заработку. Грашовыя ахвяраванні паступалі ў суполку ад княгіні Магдалены Радзівіл[10]. Зборнік Янкі Купалы «Шляхам жыцця» быў выдадзены пры падтрымцы доктара Аляксандра Ярэміча[11].
Фінансы суполкі ў пачатку Першай сусветнай вайны сталі прадметам махінацый. Пра гэта сведчыць ліст рэдактара «Нашай Нівы» А. Уласава да А. Луцкевіча ад 10 снежня 1914 года, у якім гаворыцца наступнае[12]:
Антон Іванавіч! Мятлін цяпер павераны Магдалены. Ён гаворыць, што трэба, каб Шыпіла выдаў распіску, што 4250 рублёў паступілі ў распараджэнне "Загляне сонца..." Тады ўсю справу можна ліквідаваць і магчымы яшчэ новыя датацыі. Каб Вы зрабілі гэта як найскарэй, то было бы для ўсіх лепей. Калі яна ўспакоіцца, яна сказала, што грошы аддадуць суполцы. |
Вынікі дзейнасці
правіцьЮліяна Вітан-Дубейкаўская так напісала ў сваіх успамінах[13]:
У Пецярбурзе Вацлаў Іваноўскі арганізуе і спачатку фінансуе выдавецтва "Загляне сонца і ў наша ваконца". Там выдаюцца галоўна літаратурныя творы і папулярныя брашуры для сялянства. З цягам часу гэта прадпрыемства пакрывала свае выдаткі і яно добра разраслося б, як мне апавядаў пасля вайны прафесар Вацлаў Іваноўскі, калі б не выбухнула вайна. |
Суполка да 1914 г. выдала 38 кніг[2] (лічачы выданні кірыліцай і лацінкай як асобныя пазіцыі) сукупным накладам, больш як 100 тысяч[заўв 2]. Акрамя таго, яна выдала больш як 20 розных паштовак з партрэтамі старадаўніх паэтаў і іншых дзеячаў культуры, гістарычнымі помнікамі, краявідамі і г.д. Суполка выцягнула з забыцця і папулярызавала найлепшыя творы беларускай літаратуры XIX ст., выдала першыя беларускія падручнікі, серыю сцэнічных твораў, дапаможнікі для гаспадароў, заахвочвала да творчасці маладых аўтараў і тым самым выдатна спрычынялася да фармавання новай беларускай літаратуры. Больш за тое, суполка адначасна выпрацоўвала прынцыпы правапісу беларускай мовы, прынятыя пазней астатнімі выдаўцамі[14].
Сваімі выданнямі, у асаблівасці серыяльнымі, суполка заваёўвала ў вачах грамадскасці рэпутацыю паважанай арганізацыі. Не жадаючы (пры ўсёй нешматлікасці беларускіх літаратараў), выпускаць у свет творы, недасканалыя ў мастацкіх адносінах, яна выстаўляла маладым творцам высокія мастацкія патрабаванні. У кастрычніку 1906 г. выдавецтва не прыняло, напрыклад, да друку зборнік вершаў «Плач» Міхаіла Сарокі з Вільні — гэта былі першыя пробы пяра з неахайна рыфмаванымі радкамі і расцягнутымі сюжэтамі[15].
Распаўсюджанне і прапаганда беларускай кнігі
правіцьСуполка не толькі актыўна друкавала, але і распаўсюджвала свае кнігі. У Варшаве, Мінску, Гродна, Гомелі (крама Сыркіных), Віцебску і іншых гарадах былі адкрыты контрагенцтвы выдавецтва. З Пецярбурга чытачам дасылаліся кнігі. У «Нашай ніве» пастаянна друкаваліся абвесткі[заўв 3], кніжкі дасылаліся кожнаму, хто звярнуўся на склад выдавецтва.
Акрамя распаўсюджвання сваіх выданняў, усе іншыя выданні «Кругу беларускай прасветы» і асобных людзей прымаліся суполкай на камісію і распаўсюджваліся побач з уласнымі. Суполка ўвайшла ў згоду з рэдакцыяй «Нашай нівы», якая брала некаторыя выданні і рассылала дадаткам да газеты[16]. Распаўсюджваў кнігі асабіста Янка Купала.
Некаторыя звесткі сведчаць пра тое, што кнігі распаўсюджваліся і пасля спынення дзейнасці арганізацыі.
Так, у 1917 годзе студэнт Ваенна-медыцынскай акадэміі ў Петраградзе П. Г. Каравайчык прадаваў і высылаў кнігі, выдадзеныя суполкай: «Дудку беларускую» М. Бурачка, «Вечарніцы», «Шчароўскія дажынкі», «Купалу» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Маладую Беларусь» і іншыя выданні.
У 1918 годзе П. Каравайчык ад’язджаў у Маскву на працу ў Народны камісарыят па справах нацыянальнасцей РСФСР і клопат па распаўсюджанні кніг хацела ўзяць на сябе «Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства ў Петраградзе», якое было створана ў сакавіку 1918 г. у Петраградзе. Ініцыятарам гэтага мерапрыемства быў Чэслаў Родзевіч.
Ён пісаў да Бр. Эпімаха-Шыпілы[17]:
Сябрамі таварыства атрымаў паведамленне ад грамадзяніна Каравайчыка (Знаменская, д. 56, кв. 54), што ў яго ёсьцека кнігі, узятыя у сваім часе ад «Суполкі» для продажу. І сягоння, калі варункі змушаюць выехаць з памянутай кватэры, то ён і звярнуўся ў таварыства прыняць гэтыя кнігі. Таварыства згоднае ўзяць гэтыя кнігі, то ня ведае варункаў, па якіх былі ўзяты ад суполкі, а для паскарэння справы таварыства мае адвагу сказаць свае варункі… |
Спіс выдадзеных кніг
правіцьСпіс кніг, выдадзеных суполкай:[18]
Нумар | Аўтар | Назва | Год выдання | Шрыфт | Вокладка (ці форзац) |
---|---|---|---|---|---|
1—2 | без пазначэння аўтарства[заўв 4] | Беларускі лемантар, або першая навука чытання | 1906 | надрукавана кірыліцай і лацінкай асобнымі выданнямі | |
3—4 | Цётка | Першае чытанне для дзетак беларусаў | 1906 | надрукавана кірыліцай і лацінкай асобнымі выданнямі | |
5 | Адам Міцкевіч | Пан Тадэвуш. З польскай на беларускую мову пералажыў Вінцук Марцінкевіч. Выд. 2-е. | 1907 | лацінка | |
6 | Вінцук Дунін-Марцінкевіч | Гапон | 1907 | лацінка | |
7 | - | Гутаркі аб небе і зямлі. На беларускую мову пералажыў К. Кастравіцкі. | 1907 | кірыліца | |
8 | Бурачок Мацей | Дудка беларуская. Выд. 3-е. | 1907 | лацінка | |
9 | Янка Купала | Жалейка | 1908 | кірыліца | |
10 | Сымон Рэўка з-пад Барысава | Смык беларускі. Выд. 2-е. | 1908 | лацінка | |
11 | Якуб Колас | Другое чытанне для дзяцей беларусаў[заўв 5]. | 1909 | кірыліца | |
12 | Вінцук Дунін-Марцінкевіч | Вечарніцы. 2-е выд. | 1909 | лацінка | |
13—14 | К. Дулемба | Як ратаваць уздутую жывёлу. З польскай на беларускую мову пералажыў Антось Хатні. | 1909 | надрукавана кірыліцай і лацінкай асобнымі выданнямі | |
15 | Антон Чэхаў | Сватанне. На беларускую мову пералажыў Н. Чарноцкі. | 1910 | кірыліца | |
16 | Карусь Каганец | Модны шляхцюк | 1910 | кірыліца | |
17 | М. Крапіўніцкі | Пашыліся ў дурні. Пераложана з украінскай на беларускую мову. | 1910 | кірыліца | |
18 | Вінцук Дунін-Марцінкевіч | Шчароўскія дажынкі, Купала. Выд. 2-е. | 1910 | лацінка | |
19 | Эліза Ажэшка | У зімовы вечар | 1910 | кірыліца | |
20 | А. Новіч | У дому лепей | 1911 | кірыліца | |
21 | не ўказаны | Міхалка. З польскага на беларускі лад перарабілі Далецкія. | 1911 | кірыліца | |
22 | М. Крапіўніцкі | Па рэвізіі. Перароблена з украінскай мовы. | 1911 | кірыліца | |
23 | Генрык Бярозка | Пчаліна — жывёлка малая, а карысці дае многа | 1911 | лацінка | |
24—26 | - | Маладая Беларусь (альманах)[заўв 6] | 1912, № 1—2, 1913, № 3. | ||
27 | Янка Купала | Сон на кургане | 1912 | кірыліца | |
28 | Эліза Ажэшка | Хам (мужык) | 1912 | кірыліца | |
29 | А. Навіна | На дарозі да новага жыцця | 1912 | кірыліца | |
30 | Янка Купала | Паўлінка | 1913 | кірыліца | |
31 | Янка Купала | Шляхам жыцця | 1913 | кірыліца | |
32 | Антон Чэхаў | Мядзведзь. Пераложана з расійскай. | 1913 | кірыліца | |
33 | А. Новіч | Амерыканец | 1913 | кірыліца | |
34 | Якуб Колас | Батрак | 1913 | лацінка | |
35 | Цішка Гартны | Песні | 1913 | лацінка | |
36 | А. Валодзьскі | Як яны жаніліся. Вольны пераклад з украінскай. | 1913 | кірыліца | |
37 | Змітрок Бядуля | Абразкі | 1913 | лацінка | |
38 | Мацей Бурачок | Дудка беларуская. Выд. 4-е. | 1914 | лацінка | |
39 | Якуб Колас | Чарка ўсё на свеце робіць. 1-шы акт п'есы «Антось Лата». | 1916 | кірыліца |
Вобраз у мастацтве
правіцьА. А. Марачкін у 2006—2007 напісаў карціну «Загляне сонца і ў наша ваконца. Да 100-годдзя выдавецкай суполкі»[22].
Заўвагі
правіць- ↑ буквар
- ↑ паводле падлікаў С. Александровіча
- ↑ Упершыню рэкламная абвестка суполкі была надрукавана ў № 3 «Нашай нівы» за 1906 г.
- ↑ тэкст апрацавалі В. Іваноўскі, К. Кастравіцкі[19]
- ↑ Выдадзена сумесна з суполкай «Наша хата»[20].
- ↑ Цынкаграфічную працу па афармленні вокладкі альманаха выканаў рускі фотамастак Сяргей Міхайлавіч Пракудзін-Горскі[21].
Крыніцы
правіць- ↑ Напісанне назвы ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах. Н. П. Ракіцкая. «Загляне сонца і ў наша аконца» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 496.
- ↑ а б в г д е Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мн., 2006.
- ↑ Туронак Ю. Дзейнасць беларускага выдавецтва…
- ↑ Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. — СПб., 2009. — С. 240.
- ↑ Пагадненне Браніслава Эпімах-Шыпілы, Вацлава, Юрыя і Сабіны Іваноўскіх, Уладзіслава Сталыгвы, Уладзіслава Калашэўскага, Вінцука Валейкі аб утварэнні беларускага выдавецкага таварыства «Загляне сонца і ў наша аконца». г. Санкт-Пецярбург. 5 мая 1906 г.
- ↑ Ракіцкая Н. «Загляне сонца і ў наша аконца» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 394.
- ↑ Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. — СПб., 2009. — С. 248.
- ↑ Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) // Гісторыя беларускай кнігі. У 2 т. / М. Нікалаеў і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. — Т. 2. — С. 44.
- ↑ Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) // Гісторыя беларускай кнігі. У 2 т. / М. Нікалаеў і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. — Т. 2. — С. 43.
- ↑ Жылуновіч Зм. Эволюцыя беларускае кніжкі // Полымя. — № 1. — 1925. — С. 118.
- ↑ Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. — СПб., 2009. — С. 247.
- ↑ Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. — СПб., 2009. — С. 248.
- ↑ Кветка Вітан. «Наша ніва» і Антон Луцкевіч // На суд гісторыі: Успаміны, дыялогі / Уклад. Б. Сачанка. — Мн., 1994. — С. 64.
- ↑ Туронак Ю. Дзейнасць беларускага выдавецтва….
- ↑ Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. — СПб., 2009. — С. 244.
- ↑ Жылуновіч Зм. Эволюцыя беларускае кніжкі // Полымя. — № 1. — 1925. — С. 119.
- ↑ Ракіцкая Н. Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» // Свіцязь. Свитязь: Альманах библиофилов Белоруссии. — Мн.: Беларусь, 1989. — С. 73—74.
- ↑ Паводле артыкула: Ракіцкая Н. Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» // Свіцязь. Свитязь: Альманах библиофилов Белоруссии. — Мн.: Беларусь, 1989. — С. 79—80.
- ↑ Туронак Ю. Абставіны публікацыі і аўтарства…
- ↑ Гісторыя беларускай кнігі. У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) / М. Нікалаеў і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. — С. 52.
- ↑ Гісторыя беларускай кнігі. У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) / М. Нікалаеў і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. — С. 137.
- ↑ ЗАГЛЯНЕ СОНЦА І У НАША ВАКОНЦА
Літаратура
правіць- Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. — Мн., 1971.
- Гісторыя беларускай кнігі. У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) / М. Нікалаеў і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. — С. 41—44.
- Жылуновіч Зм. Эволюцыя беларускае кніжкі // Полымя. — 1925. — № 1. — С. 118—127.
- Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. СПб., 2009. — С. 240—248.
- Ракіцкая Н. Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» // Свіцязь. Свитязь: Альманах библиофилов Белоруссии. — Мн., 1989. — С. 65—80.
- Ракіцкая Н. «Загляне сонца і ў наша аконца» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 496.
- Ракіцкая Н. «Загляне сонца і ў наша аконца» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 394—395.
- Семашкевіч Р. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе. — Мн., 1971.
- Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мн., 2006.
Спасылкі
правіцьЗагляне сонца і ў наша аконца ў Вікікрыніцах | |
Загляне сонца і ў наша аконца на Вікісховішчы |
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |