Беларуская рэвалюцыйная партыя

Беларуская рэвалюцыйная партыя (БРП) — нелегальная арганізацыя ў Санкт-Пецярбургу ў 1902—1903 гадах. БРП не была партыяй у поўным сэнсе гэтага слова, яна стала толькі пачаткам арганізаванага беларускага нацыянальнага руху.

БРП створана на аснове беларускага студэнцкага гуртка, які існаваў у Санкт-Пецярбургу; мяркуецца, што гэта адбылося на пачатку 1902. У яе ўваходзілі Вацлаў Іваноўскі, Вінцэнт Валейка, Лявон Малецкі, Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Алаіза Пашкевіч і інш.

Арганізацыя адразу распачала выдавецкую дзейнасць, В. Іваноўскі для гэтай мэты нелегальна купіў гектограф. Першай публікацыяй БРП стала адозва «Да інтэлігенцыі», якая выйшла ў лютым 1902 на польскай мове ў лонданскай друкарні ППС[1], для прасцейшага яе прыняцця адрасатамі — спаланізаванай інтэлегенцыяй Беларусі. Ю. Туронак мяркуе, што натхняльнікам выдання дакумента быў В. Іваноўскі[2]. Адозва апісвала долю цёмнага ашуканага і эксплуатаванага беларускага народу, абвінавачвала сацыяльныя пласты, якія патураюць царскаму рэжыму, і заклікала даць люду асвету на роднай мове, пазнаёміць яго з роднай гісторыяй. Выдаўцы адозвы разумелі, што распачаць шырокую асветніцкую працу сярод беларускага народу немагчыма, пакуль няма нацыянальнай літаратуры і гісторыі. Таму праграма дзеянняў прадугледжвала стварэнне гурткоў для працы над роднай мовай, краязнаўствам, гісторыяй, літаратурай, звароты да спецыялістаў з просьбай прачытаць лекцыі і напісаць адпаведныя творы, арганізацыю выдавецкай дзейнасці, у т.л. выданне перакладной літаратуры.

Наступнай ініцыятывай стала спроба нелегальна выдаць газету «Свабода», задуманую як орган БРП. Першы і адзіны нумар падрыхтавалі В. Іваноўскі, В. Валейка, Л. Малецкі, Р. Мілер, А. Пашкевіч і інш.; пад канец 1902 газету нелегальна аддрукавалі на гектографе ў фальварку Лябёдка (цяпер у межах в. Галавічполе, Шчучынскі раён) накладам 200 асобнікаў, аднак затым «Свабода» была знішчаная (верагодна самімі выдаўцамі) і не дайшла да чытача.

У 1903 члены БРП падрыхтавалі да друку некалькі агітацыйных брашур на беларускай мове, але не змаглі сабраць сродкі для таго, каб пакрыць кошт друку.

Аднак БРП праіснавала нядоўга. Іван Луцкевіч з братам Антонам, якія да прыезду ў Пецярбург ужо мелі досвед беларускай нацыянальнай дзейнасці ў Мінску, выявілі больш радыкальныя, бунтарскія настроі і пачалі дыстанцыявацца ад схільнага да паступовай, «арганічнай» культурніцкай працы Вацлава Іваноўскага. Вынікам рознагалоссяў, як устанавіў гісторык Юрый Туронак, стаў раскол у канцы 1903 года БРП на дзве новыя нелегальныя арганізацыі: Беларускую рэвалюцыйную грамаду (БРГ) на чале з Луцкевічамі і Круг беларускай народнай прасветы і культуры пад кіраўніцтвам Іваноўскага, якія працягвалі распачатую працу на ніве беларускага адраджэння.

Так ці інакш, стварэннем Беларускай рэвалюцыйнай партыі быў пакладзены пачатак арганізаванаму змаганню за нацыянальную эмансіпацыю беларусаў, якое ўжо нікому не ўдалося спыніць нават самымі жорсткімі мерамі на працягу ўсяго ХХ стагоддзя[3].

Зноскі

  1. Turonek, J. Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusi. — Warszawa: Oficyna Wydawnicza «Gryf», 1992. — 148 s. — S. 28—29.
  2. Turonek, J. Wacław Iwanowski… — S. 28—29.
  3. belhistory.eu