Круг беларускай народнай прасветы і культуры
Круг беларускай народнай прасветы і культуры (ці Круг беларускі) — беларуская культурна-асветная арганізацыя, якая існавала ў 1903—1904 у Санкт-Пецярбургу (Расійская імперыя).
У «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» уваходзілі Вацлаў Іваноўскі, Цётка (Алаіза Пашкевіч), Антон Неканда-Трэпка, Францішак Умястоўскі, беларускія студэнты, якія вучыліся ў інстытутах і ўніверсітэтах Санкт-Пецярбурга. Арганізацыя займалася друкаваннем і распаўсюджаннем беларускамоўных выданняў, у тым ліку тых, што выпускалія за мяжой, пошукам сродкаў для выдання беларускай літаратуры ў Расіі.
Фінансавую і іншую дапамогу арганізацыі аказвалі Амброзій Кастравіцкі і Казімір Кастравіцкі. «Круг…» таксама меў сувязі з прыхільнікамі беларускамоўнай кнігі ў Варшаве і Кракаве.
Нягледзячы на памяркоўныя культурныя і асветніцкія мэты, «Круг…» не мог дзейнічаць легальна і фармальна з’яўляўся хаўрусам прыватных асоб. З гэтай прычыны пад эгідай «Круга…» выйшлі толькі дзве нелегальныя брашуры: на гектографе накладам па некалькі дзесяткаў экзэмпляраў былі надрукаваны зборнікі «Калядная пісанка на 1904 год» (1903) і «Велікодная пісанка» (1904). «Калядная пісанка…» налічвала 6 старонак пісанага ад рукі лацінкаю і пасля памножанага тэксту, у «Велікоднай пісанцы» было 7 старонак машынапіснага тэксту кірыліцай. У «Пісанках» былі змешчаныя вершы Алаізы Пашкевіч, Казіміра Кастравіцкага, Франца Умястоўскага, Янкі Лучыны і іншых, апавяданне Стэфана Жаромскага «Да свайго Бога» аб пераследзе уніятаў на Падляшшы ў перакладзе Антося Дурнога. Цікавае месца ў «Велікоднай пісанцы» займае бібліяграфія выдадзенай дагэтуль беларускай мастацкай і навуковай літаратуры. У абедзвюх «Пісанках» быў прадстаўлены арыгінальны творчы здабытак членаў «Круга», меркавалася, што кніжкі будуць распаўсюджваць беларускія студэнты падчас вакацый на радзіме.
Большае значэнне для папулярызацыі беларускай літаратуры мела выданне ў Пецярбургу зборніка вершаў Янкі Лучыны «Вязанка» (1903, 21 с., у цэнзуру прадстаўлены як напісаны на балгарскай мове) і народных «Казак» (1904, 31 с.). Абедзве кніжкі друкаваліся легальна, са згоды цэнзуры. Выйшлі яны ў мясцовай польскай друкарні К. Пянткоўскага накладам 5000 асобнікаў кожная. Яны не маглі выдавацца ад імя нелегальнага «Круга…» і выйшлі ў свет стараннямі ананімных прыватных асоб: на тытульным аркушы «Вязанкі» не было прозвішча выдаўца, а ў зборніку «Казкі» значыліся толькі яго ініцыялы — «А. К.».
Да канца 1904 «Круг…» спыніў сваё існаванне. Вацлаў Іваноўскі, Цётка (Алаіза Пашкевіч) і іншыя ўключыліся ў дзейнасць Беларускай сацыялістычнай грамады.
Літаратура
правіць- Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. — Мн., 1971.
- Рагойша В. Кантакты. — Мн., 1982.
- Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мн., 2006. ISBN 985-6530-40-7.