Свабода (газета, 1902)

(Пасля перасылкі з Свабода (1902))

«Свабода» — выданне, адзіны нумар якога быў падрыхтаваны ў Санкт-Пецярбургу і надрукаваны ў фальварку Лябёдка (цяпер у межах в. Галавічполе, Шчучынскі раён) у 1902.

«Свабода»
Тып газета
Заснавана 1902
Спыненне публікацый 1902
Палітычная прыналежнасць Беларуская рэвалюцыйная партыя
Мова беларуская
Галоўны офіс

Газета «Свабода» была задумана як орган Беларускай рэвалюцыйнай партыі. У рэдакцыйнай працы восенню 1902 ўдзельнічалі Вацлаў Іваноўскі, Алаіза Пашкевіч, Іван Луцкевіч[1], Лявон Малецкі. Рукапісныя матрыцы (кірыліцай) падрыхтавалі Вінцэнт Валейка і Рамуальд Мілер. Падрыхтаваныя матэрыялы былі перавезены ў Лябёдку, якая належала Іваноўскім. Пад канец 1902 васьмістаронкавы нумар нелегальна аддрукавалі на гектографе накладам 200 асобнікаў Вацлаў Іваноўскі, Тадэвуш Іваноўскі, а таксама Вінцэнт Валейка з братамі. На тытульным аркушы значылася: «Свабода, № 1, 1903 г.».

Аднак затым «Свабода» была знішчаная (верагодна самімі выдаўцамі) і не дайшла да чытача.[2] Пасля гэтага адзіны ці адзін з нямногіх пазасталых асобнікаў сканфіскавала ў студзені 1903 ў старэйшага з братоў Іваноўскіх, Юры Іваноўскага, варшаўская паліцыя, а сам ён быў арыштаваны і на 4 гады сасланы ў Наўгародскую губерню. З актаў справы Ю. Іваноўскага газета «Свабода» пасля знікла, і больш да нашага часу не было знойдзена ніводнага экзэмпляра выдання.

Як пісаў Адам Станкевіч, спасылаючыся на паведамленне Вацлава Іваноўскага, у «Свабодзе» былі змешчаны два артыкулы, адзін з якіх — на палітычную тэму, а другі — аб нацыянальнай свядомасці беларусаў. Змест гэтых артыкулаў невядомы. Затое вядомы паэтычны дэбют Алаізы Пашкевіч — верш «Мужыцкая доля». Верш Уладзіслава Сыракомлі «Добрыя весці», змешчаны ў «Свабодзе», быў перароблены выдаўцамі: антырасійскія акцэнты арыгінальнага тэксту замянілі на антыцарскія, ідэя класавай згоды паміж сялянствам і шляхтай, якую прапагандаваў Сыракомля, саступіла месца работніцка-сялянскай салідарнасці. Верш гэты захаваўся ў Архіве новых актаў у Варшаве, як адзіны сапраўдны фрагмент «Свабоды».

У 1990 у Мінску пад такой самай назвай пачала выходзіць грамадска-палітычная газета, рэдакцыя якой лічыла яе пераемніцай выдання «Свабоды», надрукаванага ў 1902.

Гл. далей: Свабода (1990)

Зноскі

  1. Аб удзеле ў рэдакцыйнай працы І. Луцкевіча вядома ад В. Іваноўскага, але гэты факт не пацвярджаецца іншымі публікацыямі
  2. Праўдападобна ініцыятарам знішчэння накладу выдання быў уладальнік Лябёдкі Леанард Іваноўскі, бацька братоў Іваноўскіх

Літаратура

правіць