Адкрыць галоўнае меню

Леанард Івано́ўскі (2 лістапада 1845, Лябёдка (цяпер у межах в. Галавічполе, Шчучынскі раён) — 15 кастрычніка 1919) — гаспадарчы і грамадскі дзеяч у Расійскай імперыі.

Леанард Іваноўскі
Леанард Іваноўскі.jpg
 
Адукацыя:
Дзейнасць: перакладчык
Нараджэнне: 2 лістапада 1845(1845-11-02)
Смерць: 15 кастрычніка 1919(1919-10-15) (73 гады)
Дзеці: Алена Іваноўская, Тадэвуш Іваноўскі, Юры Іваноўскі і Вацлаў Леанардавіч Іваноўскі

БіяграфіяПравіць

Леанард быў адзіным сынам Станіслава і Антаніны Іваноўскіх. Пасля заўчаснай смерці маці (яна памерла ў 1852 г., маючы 35 гадоў) стаў паўнапраўным гаспадаром радавога маёнтка Лябёдка (цяпер у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобл.), які атрымаў у спадчыну.

Вучыўся ў віленскай гімназіі, пасля скончыў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут (1868), дзе атрымаў ступень інжынера-тэхнолага. Затым да 1891 працаваў на прамысловых будоўлях Сібіры, Урала і іншых рэгіёнаў Расіі, каля 15 гадоў правёў у мясцовасці Краснае Навахапёрскага павета Варонежскай губерні

У 1874 г. Леанард Іваноўскі пабраўся шлюбам з Ядвігай Райхель з ваколіц Пятркова ў Польшчы. Бацька нявесты, Амон барон фон Райхель, паходзіў з Эльзаса, у мінулым — кадравы вайсковец, які пасля выхаду ў адстаўку купіў сабе маёнтак Замосце каля Пятркова, а матка паходзіла з дому Хжаноўскіх з Трамбоўлі. Леанард атрымаў за жонкай у якасці пасагу частку маёнтка Райхеля над ракой Вальборкай каля Вальбромя, але прадаў гэтую зямлю і за выручаныя грошы павялічыў гаспадарку ў Лябёдцы.

Але і пасля жаніцьбы Леанард не асеў у Лябёдцы стала. Разам з жонкай ён вярнуўся ў Краснае. Пасля перабраўся ў Варшаву, а не пазней 1899 ўладкаваўся ў Пецярбургу. Тут дасягнуў вяршыні сваёй прафесійнай кар’еры: стаў правадзейным дзяржаўным саветнікам, членам Тэхналагічнага камітэта Галоўнага акцызнага ўпраўлення і кіраўніком яго капітальнага аддзела, а таксама членам Дзяржаўнай Рады па справах харчовых прадуктаў. Л. Іваноўскі часта выязджаў за мяжу, добра ведаў некалькі моў. Супрацоўнічаў з Дз. Мендзялеевым, разам з ім ездзіў у Лондан, дзе ў Каралеўскім хімічным таварыстве перакладаў на англійскую мову яго даклад аб перыядычнай сістэме элементаў. Падчас Першай сусветнай вайны адмовіўся ад дзяржаўнай службы і вярнуўся ў Лябёдку.

Л. Іваноўскі аддаваў шмат увагі на развіццё і ўдасканаленне гаспадаркі ў Лябёдцы. Паступова павялічыў яе да 500 га, задрэнаваў рольныя грунты, засадзіў лесам аблогі, абсталяваў сельскагаспадарчымі машынамі, пабудаваў паравы млын. Асаблівую ўвагу надаваў садоўніцтву. У садовай гаспадарцы было выпрабавана каля 400 сартоў яблынь, 100 — груш і 80 — сліваў, вішняў, чарэшняў. Садавіну з Лябёдкі вывозілі на пецярбургскія і маскоўскія рынкі, двойчы яе гаспадар атрымліваў залаты медаль на ўсерасійскіх выстаўках. Варшаўскае садаўнічае таварыства абрала Л. Іваноўскага старшынёю. У першыя гады XX ст. у Лябёдцы была завершана будоўля новай сямейнай рэзідэнцыі.

Дзейнасць Леанарда Іваноўскага была накіравана на тое, каб ператварыць Лябёдку ва ўзорны асяродак агратэхнічнага прагрэсу. Дзеля развіцця садоўніцтва ў 1888 ён распачаў продаж прышчэпкаў, прыстасаваных да мясцовах кліматычна-глебавых варункаў. Арганізоўваў выстаўкі збожжавых, гародніны, садавіны і свойскай жывёлы. Здабываў сродкі ў міністэрстве сельскай гаспадаркі на ўзнагароды ўдзельнікам выстаўкі, галоўным чынам — малазямельным сялянам. Арганізоўваў агранамічныя кансультацыі, дбаў пра забеспячэнне земляробаў лепшымі гатункамі насення, саджанцаў і племянной жывёлы. Маладых сялян прымалі ў маёнтку на практыку ў галіне садоўніцтва, пчалярства, жывёла- і раслінаводства. У 1913 меркавалася адкрыць курсы малочнай вытворчасці. Аднак у хуткім часе вайна і акупацыя зруйнавалі гаспадарку.

У шлюбе меў пяцёра дзяцей: Ежы, Вацлава, Тадэвуша, Алену і Станіслава. Вядомасць атрымалі: Ежы Іваноўскі — польскі палітык, грамадскі дзеяч; Вацлаў Іваноўскі — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук; Тадэвуш Іваноўскі (Тадас Іванаўскас) — літоўскі навуковец-біёлаг.

Зноскі

ЛітаратураПравіць

  • Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мн., 2006.