Гусляр (зборнік)

зборнік вершаў Янкі Купалы

«Гусляр» — другі зборнік Янкі Купалы, выдадзены Антонам Грыневічам у кастрычніку 1910 году ў Санкт-Пецярбургу ў друкарні К. Пянткоўскага. Рукапіс быў пасланы аўтарам выдаўцу яшчэ ў вераснікастрычніку 1908 года[1].

Гусляр
Выданне
Вокладка зборніку «Гусляр»
Жанр верш, паэма
Аўтар Янка Купала
Мова арыгінала беларуская
Дата першай публікацыі 1910
Выдавецтва А. Грыневіч
Электронная версія
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

Адметнасць і значэнне зборніку

правіць

У ідэйна-творчай эвалюцыі паэта зборнік займае пераходнае месца паміж вобразамі і матывамі рэвалюцыйнай мэтанакіраванасці, ўласцівымі зборніку «Жалейка», і пазнейшымі настроямі пэўнае разгубленасці, грамадзянскага суму перыяду пасля паражэння рэвалюцыі 19051907 гг. у Расіі[1].

У зборніку пашыраюцца матывы агульначалавечага гучання, ўпершыню ў творчасці Янкі Купалы з'яўляюцца рэфлексійныя, чыста пейзажныя, па-філасофску заглыбленыя вершы. Словы «дух», «душа» сустракаюцца ледзь не ў кожным вершы зборніку[1].

Асаблівую ролю ў зборніку адыгрывае канструкцыйны вобраз легендарнага гусляра з гуслямі-самаграямі. Гэты вобраз кампазіцыйна аб'ядноўвае ўсе вершы зборніку ў адно цэлае.[1]

Зборнік «Гусляр» распачынаў філасофскі струмень у беларускай нацыянальнай лірыцы. Агульнафіласофскія, агульначалавечага дыяпазону вершы «Гусляра» сцвярджалі наватарскі характар зборніку, як яшчэ адну значную ступень у развіцці не толькі Купалы-лірыка, але і ўсёй беларускае літаратуры[1].

Крытычныя водгукі

правіць

Беларускі пісьменнік і крытык Альгерд Бульба ў сваёй рэцэнзыі на зборнік, надрукаванай у газеце «Наша Ніва» 21 кастрычніка 1910 года, адзначае ў творах паэта вялікае багацце фантазіі, форм, настрояў, здольнасць гарманічна зліць у адным вершы думку і пачуццё, здабыць «тон родны», «асобны беларускі матыў» з любой праявы сучаснага жыцця, з успамінаў і фактаў гісторыі. А. Бульба выказаў глыбока аптымістычную веру ў вялікую будучыню Купалы як нацыянальнага паэта:

  Ва ўласных самабытных творах Купала не мае роўных сабе… Веру, што далейшай самабытнай творчай працай Янка Купала зойме ў нас адно з першых месц... [2]
Альгерд Бульба
 

Цікавыя факты

правіць
  • Зборнік быў выдадзены на беларускай мове лацінскім шрыфтам[1].

Зноскі

  1. а б в г д е Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Гусляр». — C. 177—178.
  2. Альгерд Бульба. Янка Купала «Гусляр». / Газета «Наша Ніва». — 21 кастрычніка 1910 года.

Літаратура

правіць
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Гусляр» / Аўтар — А.Лойка. — C. 177—178; Артыкул «Бульба Альгерд» / Аўтар — І. Саламевіч. — C. 96—97.
  • Бульба Альгерд. Янка Купала «Гусьляр» / Газэта «Наша Ніва». — 21 кастрычніка 1910 году.
  • Піятуховіч Міхаіл. Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы. / Працы БДУ. — Мн., 1927. — № 16.
  • Шарахоўскі Янка. Пясняр народных дум. — Мн., 1970. — С. 77—84.
  • Лойка Алег. Беларуская паэзія пачатку ХХ стагоддзя. — Мн., 1972. — С. 21—33.
  • Навуменка Іван. Янка Купала. — 2-е выд. — Мн., 1980. — С. 7, 12, 17—18, 20, 24, 43.
  • Лойка Алег. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980. — С. 103, 108—111, 113.
  • Бярозкін Рыгор. Свет Купалы; Звенні. — Мн., 1981. — С. 69—81.

Спасылкі

правіць