Біялагічны від

(Пасля перасылкі з Від, біялогія)

Від (у біялогіі) — галоўная адзінка класіфікацыі ў сістэматыцы раслін і сістэматыцы жывёл; сукупнасць пакаленняў, якія паходзяць ад агульнага продка і адасоблены ад астатняга свету жывых істот; самаўзнаўляльная адзінка прыроды.

Звычайна пад відам разумеюць сукупнасць папуляцый асобін, здольных да скрыжавання з утварэннем пладавітага патомства, якія насяляюць пэўны арэал, маюць агульныя морфафізіялагічныя прыкметы (колькасць, здольнасць да ўзнаўлення, дыскрэтнасць, устойлівасць, цэласнасць) і тып узаемаадносін з абіятычным і біятычным асяроддзем; адасоблены ад іншых груп асобін нескрыжавальнасцю ў прыродных умовах. Паводле розных адзнак, у т.л. экалагічных і эвалюцыйных, адрозніваюць віды зніклыя, рэліктавыя, дамінантныя, эндэмічныя, шкодныя, сінантропныя і інш.

Паняцце віду ўвёў англійскі батанік Дж. Рэй (1704). Шведскі прыродазнавец К. Ліней паказаў універсальнасць і значэнне віду ў якасці структурнай адзінкі жывой прыроды і ўвёў для яго абазначэння двайную лацінскую назву (бінарную наменклатуру). Асновы сучаснага разумення віду і відаўтварэння заклаў Ч. Дарвін. У канцы XIX стагоддзя ўведзена дадатковае паняцце падвіду, у сярэдзіне XX стагоддзя з’явіліся назвы больш дробных, элементарных відаў — жарданон[заўв 1], больш вялікіх (шырокіх) — лінеон[заўв 2].

Для азначэння віду карыстаюцца лінееўскай двайной наменклатурай, з абавязковым паказаннем прозвішча аўтара, які вылучыў від, з-за наяўнасці выпадкаў, калі такі самы від выдзяляўся і апісваўся рознымі аўтарамі пад рознымі назвамі.

Крытэрыі віду

правіць

Для таго каб аднесці асобіны да аднаго і таго ж або да розных відаў, іх параўноўваюць паміж сабой па шэрагу пэўных характэрных прыкмет — крытэрыяў. Крытэрыі віду — сукупнасць характэрных аднатыпных прыкмет, па якіх асобіны аднаго віду падобныя, а асобіны розных відаў адрозніваюцца паміж сабой. Вылучаюць наступныя асноўныя крытэрыі віду: марфалагічны, фізіялагічны, біяхімічны, генетычны, экалагічны, геаграфічны.

Марфалагічны крытэрый адлюстроўвае сукупнасць характэрных прыкмет знешняй будовы. Напрыклад, віды канюшыны адрозніваюцца па афарбоўцы суквеццяў, форме і афарбоўцы лістоў. Гэты крытэрый адносны. У межах віду асобіны могуць прыкметна адрознівацца па будове ў залежнасці ад полу (палавы дымарфізм), стадыі развіцця, спосабу размнажэння, умоў асяроддзя пражывання, прыналежнасці да сартоў або парод.

 
Самец і самка крыжанкі

Напрыклад, у качкі крыжанкі самец ярка афарбаваны, а самка цёмна-бурая, у высакароднага аленя самцы маюць рогі, а ў самак іх няма. У матыля капуснай бялянкі вусень адрозніваецца ад дарослай асобіны знешнімі прыкметамі. У папараці шчытоўніка мужчынскага спарафіт мае лісты і карані, а гаметафіт прадстаўлены зялёнай пласцінкай з рызоідамі. У той жа час некаторыя віды настолькі падобныя па марфалагічных прыкметах, што іх называюць відамі-двайнікамі. Напрыклад, некаторыя віды малярыйных камароў, дразафіл, паўночнаамерыканскіх цвыркуноў знешне не адрозніваюцца, але не скрыжоўваюцца паміж сабой. Такім чынам, на аснове аднаго марфалагічнага крытэрыю нельга меркаваць аб прыналежнасці асобіны да таго або іншага віду.

Фізіялагічны крытэрый — гэта сукупнасць характэрных асаблівасцей працэсаў жыццядзейнасці (размнажэння, стрававання, выдзялення і інш.). Адной з важных прыкмет з’яўляецца здольнасць асобін скрыжоўвацца. Асобіны розных відаў не могуць скрыжоўвацца з-за зруху тэрмінаў размнажэння, несумяшчальнасці палавых клетак, неадпаведнасці паводзін у шлюбны перыяд. Гэты крытэрый адносны, паколькі і асобіны аднаго віду часам не могуць скрыжоўвацца. Напрыклад, расліны дзьмухаўца на паўднёвым схіле ўзгорка зацвітаюць раней і могуць адцвісці да моманту цвіцення раслін на паўночным схіле. Значыць, апыленне паміж імі будзе немагчыма, хаця яны і адносяцца да аднаго віду. I наадварот, вядомы такія віды, прадстаўнікі якіх могуць скрыжоўвацца паміж сабой. Напрыклад, конь і асёл, прадстаўнікі некаторых відаў вербаў, таполяў, зайцоў, канарэек. 3 гэтага вынікае, што для вызначэння відавай прыналежнасці асобін недастаткова параўноўваць іх толькі па фізіялагічным крытэрыі.

Біяхімічны крытэрый адлюстроўвае характэрны хімічны састаў цела і абмен рэчываў. Гэта самы ненадзейны крытэрый. Няма рэчываў або біяхімічных рэакцый, характэрных толькі для пэўнага віду. Асобіны аднаго віду могуць значна адрознівацца па гэтых паказчыках. Тады як у асобін розных відаў сінтэз бялкоў і нуклеінавых кіслот адбываецца аднолькава. Шэраг біялагічна актыўных рэчываў адыгрывае аналагічную ролю ў абмене рэчываў у розных відаў. Напрыклад, хларафіл ва ўсіх зялёных раслін удзельнічае ў фотасінтэзе. Значыць, вызначэнне відавой прыналежнасці асобін на аснове аднаго біяхімічнага крытэрыю таксама немагчыма.

Генетычны крытэрый характарызуецца наборам храмасом, падобных па памерах, форме і саставу. Гэта самы надзейны крытэрый, таму што ён з’яўляецца фактарам рэпрадуктыўнай ізаляцыі, якая падтрымлівае генетычную цэласнасць віду. Аднак і гэты крытэрый не з’яўляецца абсалютным. У асобін аднаго віду колькасць, памеры, форма і састаў храмасом могуць адрознівацца ў выніку геномных, храмасомных і генных мутацый. У той жа час пры скрыжаванні некаторых відаў часам з’яўляюцца жыццяздольныя пладавітыя міжвідавыя гібрыды. Напрыклад, сабака і воўк, таполя і вярба, канарэйка і зяблік у выніку скрыжоўвання даюць пладавітае патомства. Такім чынам, падабенства па названым крытэрыі таксама недастаткова, каб аднесці асобіны да аднаго віду.

Экалагічны крытэрый — сукупнасць характэрных фактараў асяроддзя, неабходных для існавання віду. Кожны від можа пражываць у тым асяроддзі, дзе кліматычныя ўмовы, асаблівасці глебы, характар рэльефу і крыніцы ежы адпавядаюць яго межам талерантнасці. Але ў гэтых жа ўмовах асяроддзя могуць пражываць арганізмы іншых відаў. Вывядзенне чалавекам новых парод жывёл і сартоў раслін паказала, што асобіны аднаго віду (дзікія і акультураныя) могуць жыць ва ўмовах асяроддзя, якія моцна адрозніваюцца. Гэта даказвае адносны характар экалагічнага крытэрыю і неабходнасць выкарыстання іншых крытэрыяў для вызначэння прыналежнасці асобін да пэўнага віду.

Геаграфічны крытэрый уяўляе сабой пэўную частку зямной паверхні (арэал) у прыродзе, дзе пражываюць асобіны дадзенага віду. Напрыклад, лістоўніца сібірская распаўсюджана ў Сібіры (Зауралле), а лістоўніца даурская — на Далёкім Усходзе, марошка — у тундры, а чарніцы — ва ўмеранай зоне.

Гэты крытэрый указвае на прыстасаванасць віду да пэўнага месцапражывання. Але ёсць віды, якія не маюць дакладных межаў рассялення, а пражываюць практычна паўсюдна (лішайнікі, бактэрыі). У некаторых відаў наогул няма ўласнага арэала. Яны суправаджаюць чалавека і называюцца сінантропнымі відамі (пакаёвая муха, пасцельны клоп, дамавая мыш, шэры пацук). У розных відаў могуць супадаць месцапражыванні. Значыць, і гэты крытэрый мае адносны характар і не можа выкарыстоўвацца ў якасці адзінага для вызначэння відавой прыналежнасці асобін.

Такім чынам, ні адзін з апісаных крытэрыяў не з’яўляецца абсалютным і ўніверсальным, таму падчас вызначэння прыналежнасці асобіны да пэўнага віду трэба ўлічваць усе яго крытэрыі.

Арэал віду. Эндэмікі і касмапаліты

правіць

Згодна з геаграфічным крытэрыем, кожны від у прыродзе займае пэўную тэрыторыю — арэал. Арэал — частка зямной паверхні, у межах якой распаўсюджаны і праходзяць поўны цыкл свайго развіцця асобіны дадзенага віду.

Арэал можа быць суцэльным або перарывістым, вялікім або абмежаваным. Віды, якія маюць вялікі арэал у межах розных кантынентаў, называюцца відамі-касмапалітамі (некаторыя віды пратыстаў, бактэрый, грыбоў, лішайнікаў). Калі арэал распаўсюджвання вельмі вузкі і знаходзіцца ў межах невялікага рэгіёна, то від, які яго насяляе, называецца эндэмікам. Напрыклад, какапа (Strigops habroptilus) і гатэрыя (Sphenodon punctatus) пражываюць толькі ў Новай Зеландыі. Гінкга двухлопасцевы ў прыродных умовах расце толькі ў Кітаі, рададэндран востраканцовы і лілея даурская — толькі на Далёкім Усходзе.

Гл. таксама

правіць

Заўвагі

правіць
  1. Ад імя французскага батаніка А. Жардана.
  2. Ад імя шведскага натураліста К. Лінея.

Літаратура

правіць
  • Біялогія: вучэб. дапам. для 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / С. С. Маглыш, А. Я. Карэўскі; пад рэд. С. С. Маглыш; пер. з рус. мовы В. У. Клімко. — Мінск: Нар. асвета, 2010. ISBN 978-985-03-1462-8