Радашковічы

гарадскі пасёлак у Беларусі, да 1940 г. горад

Радашко́вічы[4] (трансліт.: Radaškovičy, руск.: Радошковичи) — гарадскі пасёлак у Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці, на сутоках рэк Вязынка і Гуйка з Рыбчанкай, на Вілейска-Мінскай воднай сістэме. Цэнтр Радашковіцкага сельсавета (не ўваходзіць у яго склад). Месціцца за 32 км ад Маладзечна, 41 км ад Мінска, 10 км ад чыгуначнай станцыі Радашковічы; на аўтамабільнай дарозе Мінск — Маладзечна.

Гарадскі пасёлак
Радашковічы
Мясцовы краявід
Мясцовы краявід
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Заснаваны
1447
Гарадскі пасёлак з
Плошча
  • 7,0152 км²[1]
Вышыня цэнтра
196 м[2]
Насельніцтва
  • 6 214 чал. (1 студзеня 2024)[3]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1773
Паштовы індэкс
222322
Аўтамабільны код
5
СААТА
6238557000
Радашковічы на карце Беларусі ±
Радашковічы (Беларусь)
Радашковічы
Радашковічы (Мінская вобласць)
Радашковічы

З 1549 і да 1940 года Радашковічы мелі статус горада (места).

Распаўсюджаная беларуская назва паселішча — Ра́дашкавічы[5][6][7] (прыметнік — радашкаўскі). У гістарычных крыніцах таксама ўпамінаюцца як Радушкавічы і Радашкевічы[8].

Назва Радашковічаў адыменнага паходжання. Вядомае старажытнае балцка-прускае імя *Radašas (< Radasch), таго ж іменнага паходжання і сучаснае літоўскае прозвішча Radašauskas (< Radašas)[9]. Аснова Rad- таксама ў балцка-літоўскіх антрапонімах тыпу Rad-min'as, Rad-vin'as, Nau-rad'as, Skau-rad'as[10]. Гэтую аснову звязваюць з літоўскім rasti «знаходзіць, адшукваць», rado «знайшоў» з шырокімі індаеўрапейскімі паралелямі[11]. Сваім значэннем яна сінанімічная аснове Gaud- (як у імені Каргаўд, ад якога тапонім Каргаўды), што звязаная з літоўскім gauti «атрымліваць, здабываць». Аснова Rad- і ў адыменным прозвішчы Радзівіл. Антрапанімічны пашыральнік -- / -uš- таксама ў антрапонімах тыпу Milašis, Tribušis, Narušis, (вядомыя сярод сучасных літоўскіх прозвішчаў), ад якіх тапонімы Мілашы, Трыбушкі, Нарушышкі. Так жа сама, як радашковіцкая назва, утвораная і назва Рабушкі ў гэтым рэгіёне (ад вядомага ў літоўскай антрапаніміі прозвішча Rabušis). У непасрэднай блізкасці ад Радашковічаў адыменныя балцкія тапонімы Дзякшняны, Мігаўка, Мідраўшчына (< Dekšnys, Migis, Mitras).

Гісторыя

правіць

Старажытнасць. Вялікае Княства Літоўскае

правіць
 
Гарадзішча ў Радашковічах, 2007 г.

На ўскраіне Радашковічаў месціцца гарадзішча жалезнага веку з мясцовай назвай Шведская Гара, якое датуецца V—VIII стагоддзямі і сведчыць аб засяленні гэтых зямель у старажытнасці[12].

Першы пісьмовы ўспамін пра Радашковічы датуецца 1447 годам, калі кашталян віленскі Пётр Сенька Гедыгольдавіч заснаваў тут касцёл Найсвяцейшая Тройцы. У розныя часы мясцовасць была ва ўладанні Вярэйскага, Гаштольдаў, каралевы Боны, Глябовічаў, Агінскіх, Радзівілаў. З 1539 года да сярэдзіны XIX ст. тут у дзень Святой Тройцы рэгулярна праводзіліся кірмашы[12].

У 1549 годзе Радашковічы атрымалі статус горада, у якім было 130 двароў, 8 корчмаў, майстэрні. Прыкладна ў гэты ж час тут збудавалі драўляны замак. У Лівонскую вайну ў 1567 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст пастанавіў склікаць пад Радашковічамі збройную дэманстрацыю, разлічваючы на далучэнне да яе незадаволеных маскоўскай уладай князёў і баяраў. На попіс сабралася 47 тысяч салдат, у тым ліку 30 тысяч паспалітага рушання і 2400 салдат, дасланых з Каралеўства Польскага, зброі налічвалася каля 100 адзінак[13]. У 1569 годзе Жыгімонт Аўгуст надаў паселішчу Магдэбургскае права. У Баркулабаўскім летапісе ў 1603 годзе адзначаецца, што ў «Радашковічах ...было паветрые вялікае ў пост Філіпаў».

 
Гарадскі герб з прывілею 1792 года

За часамі Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе ў Радашковічах адбыліся перамовы паміж каралём Швецыі Карлам XII і Станіславам Ляшчынскім. У 1764 годзе горад складалася з Новых і Старых Радашкавічаў, было 134 двары, у тым ліку 45 жыдоўскіх, 2 млыны, казённая ўласнасць. 23 лютага 1792 года кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў Радашковічам гарадскі герб: «у срэбным полі паясная выява Святога Стэфана, пабітага камянямі»[14]. У адпаведным прывілеі падкрэслівалася, што: «усе юрыдыкі зямянскія, ваяводскія, старосцінскія, замкавыя, духоўныя і свецкія пад уладу і юрысдыкцыю магістрату Радашковіцкага паддаць». Далей у гэтым дакуменце зазначалася, каб «усіх абывацеляў у тым месце, як зараз аселых, так і напотым асядаюць, маючых да права мескага ўключыць і за людзей вольных лічыць».

Пад уладай Расійскай імперыі

правіць
 
План горада, 1838 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года Радашковічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі заштатным горадам Вілейскага павета. У час вайны 1812 года пры наступленні французскіх войскаў на Мінск тут на тры дні спыняўся Напалеон Банапарт. Падчас вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў паселішча на пэўны час вызвалілі з-пад расійскай улады. У 1842 годзе Радашковічы сталі цэнтрам воласці Віленскай губерні.

У 1835 годзе была пабудавана праваслаўная мураваная капліца, у 1848 годзе святаром Станкевічам пабудавана праваслаўная Ільінская царква. У 1851 годзе пабудавана праваслаўная Пакроўская царква. Станам на 1859 год тут было 222 будынкі (на 1866 год — 225 будынкаў[15]). У 1863 годзе было адкрыта народнае вучылішча, у 1884 годзе вучылася 38 хлопчыкаў. Станам на 1866 год у Радашковічах было 2 пастаялыя двары, піваварны завод, 2 гасцініцы, сінагога, 3 яўрэйскія малітоўныя дамы, касцёл, царква.

У 1882 годзе ў Траецкім касцёле ахрысцілі Яна Луцэвіча (Янку Купалу).

Станам на 1897 год тут было гарадское і рэальнае вучылішчы, царква, касцёл, капліца, малітоўны дом, сінагога, бровар, 13 піцейных і 6 пастаялых двароў, гарбарны завод, раз у тыдзень праводзіліся таржкі, 1 штогадовы кірмаш. Побач з горадам была аднайменная ферма, 1 двор. У 1908 годзе ў горадзе было 30 мураваных і 463 драўляныя пабудовы, мураваны касцёл і сінагога, драўляная царква, 2 казённыя і 83 прыватныя лаўкі, вадзяны млын, 6 пякарняў, гарбарная, каменячосная, 6 абутковых і 2 ганчарна-кафляныя майстэрні, мылаварны завод, 65 рамеснікаў. На той год у горадзе было 8 вуліц: Мінская, Віленская, Дубраўская, Заслаўская, Татарская і інш[16].

У 1913 годзе тэатральны гурток у Радашковічах паставіў «Паўлінку» паводле п’есы Янкі Купалы.

Найноўшы час

правіць
 
Вуліца Полацкая, 1918 г.

У лістападзе 1917 года бальшавікі захапілі ўладу ў горадзе. 1 (14) снежня 1917 года быў створаны мясцовы Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 20 лютага 1918 года горад акупаваны войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут была ўтворана Беларуская рада, жыхары горада атрымалі пасведчанні Народнага Сакратарыята Беларусі[17]. Жыхары воласці пісалі звароты ў Народны Сакратарыят Беларусі са скаргамі на дзеянні нямецкіх акупацыйных улад[18]. 14 снежня 1918 года горад заняты Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі тэрыторыя ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны з ліпеня 1919 да ліпеня 1920 года і з кастрычніка 1920 года пад акупацыяй Польшчы (Віленская акруга ГУУЗ).

 
Вучні і выкладчыкі прыватнай беларускай школы, якая дзейнічала год па закрыцці беларускай гімназіі. На здымку бела-чырвона-белы сцяг, «Пагоня» і партрэт Францыска Скарыны аўтарства Язэпа Драздовіча. 4 лютага 1929 г.

Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Радашковічы апынуліся ў складзе Польшчы, у беларускай гістарыяграфіі землі вядомы пад назвай Заходняя Беларусь. Радашковічы сталі цэнтрам гімны ў Вілейскім павеце, з 1927 года ў Маладзечанскім павеце Віленскага ваяводства.

У 1921 годзе ў горадзе створана адна з першых у Заходняй Беларусі арганізацыя Таварыства беларускай школы[16]. Цягам 1922—1928 гадоў працавала Радашковіцкая беларуская гімназія імя Ф. Скарыны, закрытая польскімі ўладамі, у 1928—1929 навучальным годзе дзейнічала прыватная беларуская школа, але і яна была закрыта. Існаваў гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры[18]. У горадзе былі паштовае агенцтва, гімназія, электрастанцыя, касцёл і праваслаўная царква.

 
Полацкая вуліца ў чэрвені 1939 г.

У выніку паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь з верасня 1939 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй, з лістапада ў складзе Беларускай ССР. У 1940 годзе афіцыйны статус паселішча панізілі да гарадскога пасёлка, які стаў цэнтрам раёна Вілейскай вобласці. У Другую сусветную вайну з 25 чэрвеня 1941 года да 3 ліпеня 1944 года Радашковічы былі пад пад акупацыяй Германіі. У час нямецкай акупацыі былі спалены 233 двары, забіты 1393 жыхары[16].

З 20 верасня 1944 года цэнтр раёна Маладзечанскай вобласці. З 20 студзеня 1960 года ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці.

Радашковічы былі адзіным буйным населеным пунктам Беларусі (апрача Мінска), дзе мясцовыя ўлады яшчэ ў 1990 годзе ўсталявалі над будынкам адміністрацыі беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг побач з сцягам БССР[19]. У 2004 годзе ў склад Радашковічаў увайшла вёска Сярэбранка. У падпарадкаванні Радашковіцкага пасялковага Савета знаходзілася вёска Удранка, якая 29 снежня 2009 года ўвайшла ў склад Радашковіцкага сельсавета[20].

Насельніцтва

правіць
  • XIX стагоддзе: 1859 год — 1223 чал.; 1866 год — 1225 чал.; 1897 год — 2615 чал.[21], з 44,4 % пісьменных[22].
  • XX стагоддзе: 1995 год — 6,2 тыс. чал.[21]; 1999 год — 6099 чал.
  • XXI стагоддзе: 2006 год — 5,7 тыс. чал.; 2008 год — 5,6 тыс. чал.; 2016 год — 5789 чал.[23]; 2017 год — 5807 чал.[24]; 2019 год — 6371 чал.[25]

Эканоміка

правіць

Прадпрыемствы па вытворчасці керамічных вырабаў, харчовай і лёгкай прамысловасці. Санаторый «Хваёвы Бор», санаторый-прафілакторый «Зорны», дзіцячы аздараўленчы комплекс «Маяк». Цэнтр ганчарнага рамяства[26].

Культура і адукацыя

правіць

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, кінатэатр. У Радашковічах працуюць сярэдняя і мастацтваў школы, школа-інтэрнат.

Медыцына

правіць

Медыцынскія паслугі падаюць пасялковая бальніца і паліклініка.

Славутасці

правіць
 
Траецкі касцёл у Радашковічах, 2023 г.

Страчаная спадчына

правіць

Галерэя

правіць

Вядомыя асобы

правіць

Вядомыя жыхары

правіць

Крыніцы

правіць
  1. а б http://www.pravo.by/document/?guid=12551&p0=D918n0088781
  2. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  3. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  4. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  5. Шур В. Беларускія ўласныя імёны: Беларуская антрапаніміка і тапаніміка. — Мінск: «Мастацкая літаратура», 1998. С. 172.
  6. Шыдлоўскі А. Беларуская тапаніміка // Полымя. № 10, 1968. С. 238.
  7. Вячорка В.. "Бабёнка – это я понимаю!". Як русіфікавалі тапонімы.. Радыё Свабода (23 чэрвеня 2017).
  8. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Минск: Издательство Белорусского государственного университета, 1974. — 447 с. — 12 700 экз. С. 316.
  9. D. Ivoška. Litauische historische Personennamen in dem Marienburger Tresslerbuch der Jahre 1399–1409 // Acta Linguistica Lithuanica LXXXI, 2019. С. 105.
  10. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 127.
  11. Топоров В. Н. Ведийское rad- (значение, этимология, связи) // В. Н. Топоров. Исследования по этимологии и семантике. Т. 3. Индийские и иранские языки. Кн. 2. Москва, 2010. С. 83-95.
  12. а б ГВБ 2012, с. 312.
  13. K. Piwarski. Niedoszła wyprawa radoszkowicka Zygmunta Augusta na Moskwę (rok 1567—1568) // «Ateneum Wileńskie». T. IV. — Wilno, 1927. S. 256—286.
  14. Радашковічы // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
  15. Radoszkowicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze (польск.). — Warszawa, 1888. S. 439.
  16. а б в ГВБ 2012, с. 313.
  17. Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2018. — 270 с., іл. — ISBN 978-985-508-476-2. С. 20.
  18. а б Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2018. — 270 с., іл. — ISBN 978-985-508-476-2. С. 26.
  19. Басаў А. Н., Куркоў І. М. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Н. Найдовіч. — Мн.: Полымя, 1994. С. 26.
  20. Решение Минского областного Совета депутатов от 29 декабря 2009 г. № 246 Об изменении административно-территориального устройства Минской области(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 чэрвеня 2021. Праверана 31 сакавіка 2019.
  21. а б Беларусь 1995.
  22. Генадзь Каханоўскі. Радашковічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. С. 51.
  23. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  24. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  25. Belarus. pop-stat.mashke.org. Праверана 26 красавіка 2024.
  26. Радошковичи // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць