Вярэйскія

княжацкі род

Вярэйскія — княжацкі род, галіна Рурыкавічаў, малодшая лінія роду вялікіх князёў маскоўскіх. Тытулаваліся ад Вярэі (цяпер горад раённага падпарадкавання ў Нара-Фамінскім раёне Маскоўскай вобласці Расіі). Апошні з князёў вярэйскіх жыў і памёр у ВКЛ.

Нашчадкі вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча (1350—1389), вядомага як Данскі. Паводле тастамента Дзмітрый Іванавіча ва ўдзел трэцяму сыну — Андрэю Дзмітрыевічу (1382—1432), надаваліся Мажайскае (куды ўваходзіла Вярэйская воласць) і Белазерскае княствы.

Пасля смерці Андрэя Дзмітравіча ў 1432 годзе яго ўдзел быў падзелены. Старэйшы сын — Іван Андрэевіч, быў князем мажайскім да 1454 года, а пасля ўцёк у Вялікае Княства Літоўскае. Малодшаму сыну — Міхаілу Андрэевічу, было вылучана Вярэйскае княства разам з Белазерскім княствам, уласна ён стаў пачынальнікам Вярэйскіх, але род згас на яго сынах.

Падчас вайны за сталец Вялікага княства Маскоўскага, паміж вялікім князем маскоўскім Васілём II і князем звянігарадска-галіцкім Юрыем Дзмітравічам, Міхаіл Андрэевіч падтрымаў спачатку Юрыя Дзмітрыевіча, свайго дзядзьку, але потым перайшоў на бок Васіля II, які даводзіўся яму стрыечным братам. Разам з Васілём II хадзіў супраць хана Улуг-Мухамеда, разам яны трапілі і ў палон, але пазней былі вызвалены. У 1471 годзе разам з Іванам III хадзіў на Ноўгарад Вялікі.

Калі ў 1484 годзе сын Міхаіла Андрэевіча — Васіль, уцёк сям’ёй у ВКЛ, Іван III прымусіў бацьку падпісаць некалькі пагадненняў, ён абавязаўся не падтрымліваць сувязяў з сынам, не прымаць яго ў свае ўладанні, адпісаць тастаментам свой удзел вялікаму князю маскоўскаму.

Пасля смерці Міхаіла Андрэевіча Вярэйскае княства было далучана да Вялікага княства Маскоўскага. Таксама Міхаіл Андрэевіч меў сына Івана, які памёр да 1485 года.

Літаратура правіць

  • Грыцкевіч А. П. Вярэйскія. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Мінск. Т. 2. 1994. С. 442—443.
  • Грыцкевіч А. П. Вярэйскія. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 4. Мінск. 1997. С. 399.
  • Валахановіч В. І. Князі Вярэйскія. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. Мінск. 2004. С. 78.