Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя

(Пасля перасылкі з РСДРП)

Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (руск.: Российская социал-демократическая рабочая партия; РСДРП) — рэвалюцыйная марксісцкая партыя ў Расіі.

Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (РСДРП)
Выява лагатыпа
Лідар Ю. В. Мартаў (фракцыя меншавікоў)
У. І. Ленін (фракцыя, затым партыя бальшавікоў)
Дата заснавання 1898
Дата роспуску 24 красавіка 1917[1]
Штаб-кватэра
Краіна
Ідэалогія марксізм
сацыялізм
камунізм
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

У савецкай гістарыяграфіі, асновы якой закладзены У. І. Леніным, працэс фарміравання, развіцця і дзейнасці РСДРП разглядаўся ў кантэксце гісторыі бальшавізму, Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (КПСС). Адпаведным было і вызначэнне РСДРП як паслядоўнай рэвалюцыйнай «партыі новага тыпу», якая вырасла, узмацнілася і ажыццявіла сваю гістарычную місію — звяржэнне самаўладдзя і замену капіталістычнага ладу сацыялістычным у барацьбе супраць расійскага («эканамісты», меншавікі, трацкісты і інш.) і міжнароднага апартунізму, супраць рэвізіянізму, рэфармізму, сацыял-шавінізму.

Да VI з’езда ў 1917 г. РСДРП з’яўлялася адзінай партыяй, у якой бальшавікі і меншавікі былі плынямі, фракцыямі. Гэта адзінства мела свае асаблівасці на розных этапах існавання РСДРП, розных структурных яе ўзроўнях і ў розных (эканамічных і нацыянальных) рэгіёнах краіны. I толькі пасля VI з’езда, які вызначыў канчатковае арганізацыйнае размежаванне бальшавікоў з меншавікамі, у назву партыі ўвайшла дадатковая літара «б» — РСДРП(б)[3].

Гісторыя дзейнасці

правіць

Перыяд станаўлення

правіць

Абвешчана ў сакавіку 1898 г. на Першым з’ездзе РСДРП у Мінску. З’езд стаў вынікам дзейнасці групы «Вызваленне працы» Г. В. Пляханава, пецярбургскага, маскоўскага і кіеўскага «Саюзаў барацьбы за вызваленне рабочага класа», а таксама Бунда. I з’езд адлюстраваў наяўнасць у яго рэчышчы дзвюх супярэчлівых, канфліктных у сваім развіцці тэндэнцый — рэвалюцыйна-рэфармацкай і рэвалюцыйна-радыкальнай. У выніку супадзення ў Расіі шэрагу фактараў (багатых і даўніх традыцый рэвалюцыйнага руху, незавершанасці ўсіх папярэдніх рэформ, вострых супярэчнасцей першапачатковай фазы капіталізму) галоўную ролю алыграла апошняя. Да таго ж крайне радыкальная плынь атрымала дынамічнага, таленавітага і апантанага ідэяй рэвалюцыі і пераўтварэння свету лідара — У. І. Ульянава (У. І. Леніна), намаганні якога былі цалкам палпаралкаваны задачам збірання, ідэйнага самавызначэння і арганізацыйнай кансалідацыі не ўсёй сацыял-дэмакратычнай плыні, а яе радыкальных, рэвалюцыйных элементаў — асоб і груповак. Аднак рэалізаваць у поўным аб’ёме гэты план праз газету «Искра» і стварыць адзіную рэвалюцыйную партыю новага тыпу не ўдапося. Рэфарматарская плынь ва ўмовах Расіі мела шырокую сацыяльную базу, захавала моцныя пазіцыі ў сацыял-дэмакратычным руху на рэгіянальным узроўні і ў кіруючых органах.

Ідэалагічныя супярэчнасці і рэвалюцыя 1905—1907 гг.

правіць

Датай арганізацыйнага заснавання РСДРП лічыўся 1903 г., калі на II з’ездзе у Бруселі і Лондан адбыўся раскол на бальшавіцкую і меншавіцкую плыні (Л. Мартаў, П. Б. Аксельрод, Г. В. Пляханаў і інш.). Меншавізм разглядаўся ў якасці асобнай плыні і партыі ў расійскім рабочым руху — дробнабуржуазнай рэфармісцкай праявай міжнароднага апартунізму. У актыў бальшавіцкай плыні, якая атаясамлівалася з усёй РСДРП, былі залічаны і здабыткі папярэдняга этапа расійскага сацыял-дэмакратычнага руху, нягледзячы на тое, што амаль усе з яго пачынальнікаў сталі ідэолагамі і арганізатарамі менавіта меншавіцкай плыні, якая ўзнікла якраз з імкнення захаваць найбольшую адпаведнасць РСДРП прынцыпам і крытэрыям еўрапейскай сацыял-дэмакратыі. З’езд прыняў Праграму і Статут, сфарміраваў ЦК і цэнтральны орган партыі — рэдакцыю газеты «Искра»

Размежаванне паглыбілася на III з’ездзе РСДРП у Лондане (1905 г.), скліканым бальшавікамі. Але рэвалюцыя 1905—1907 гг. прадыктавала неабходнасць іх збліжэння пры большай ідэйна-палітычнай акрэсленасці і свабодзе крытыкі, што было замацавана на IV (аб’яднаўчым) з’ездзе РСДРП у Стакгольме (1906 г.). Пад уплывам меншавікоў замест прынцыпу цэнтралізму быў сфармуляваны прынцып дэмакратычнага цэнтралізму. У ходзе рэвалюцыі дакладна вызначаліся асноўныя праграмныя і тактычныя разыходжанні паміж гэтымі плынямі. Бальшавікі зыходзілі з ідэі непасрэднага і бесперапыннага перарастання буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў сацыялістычную, з ідэі гегемоніі пралетарыяту, зліцця яго барацьбы супраць капіталізму з агульнасялянскай барацьбой супраць царызму пры нейтралізацыі ліберальнай буржуазіі. Адсюль і вызначэнне імі спосабаў злому старой сістэмы (усеагульная стачка, якая перарастае ва ўзброеннае паўстанне) і новага тыпу ўлады (рэвалюцыйна-дэмакратычная дыктатура пралетарыяту і сялянства, якая перарастае ў дыктатуру пралетарыяту). Меншавікі ж кіраваліся ідэяй паступовага развіцця рэвалюцыі, паэтапнага ўсталявання ўлады спачатку ліберальнай буржуазіі ў выглядзе парламенцкай рэспублікі, а пасля сацыялістычнага перавароту — улады пралетарыяту. Буржуазіі яны адводзілі ў рэвалюцыі кіруючую ролю, пралетарыяту — ролю «крайняй левай апазіцыі» пры мэтазгоднасці іх саюзу. На этапе ўздыму рэвалюцыі перавага была за бальшавіцкай тактычнай лініяй, на этапе спаду — за меншавіцкай. Пасля паражэння рэвалюцыі РСДРП апынулася ў глыбокім крызісе, рэзка зменшылася колькасць членаў, распалася большасць структур, абвастрыліся ідэйныя супярэчнасці.

Раскол

правіць

На Усерасійскай канферэнцыі РСДРП у Праге (1912 г.) 14 дэлегатаў — прыхільнікаў Леніна — аб’явілі сябе «агульнапартыйнай канферэнцыяй» і «вярхоўным органам партыі», асудзілі як ліквідатараў усіх, хто не прызнаваў бальшавіцкай палітыкі. Быў абраны ЦК на чале з Леніным і створана Рускае бюро ЦК. Меншавікі свайго асобнага кіруючага органа не стварылі. На чале рэфарматарскай плыні стаяў Арганізацыйны камітэт (Б. В. Багданаў, Б. С. Батурскі, Б. І. Гораў, В. М. Крахмаль, Н. Э. Чэравані, М. Г. Рафес, Г. М. Эрліх). Аднак ні адной з плыней не ўдалося захаваць ідэйную і арганізацыйную маналітнасць. Узніклі групоўкі трацкістаў, меншавікоў-партыйцаў, бальшавікоў-прымірэнцаў, якія ў лістападзе 1913 г. аб’ядналіся ў «Міжраённую арганізацыю аб’яднаных сацыял-дэмакратаў». Сваёй задачай яны ставілі стварэнне «адзінай РСДРП» шляхам прымірэння і аб’яднання розных палітычных плыней і груповак сацыял-дэмакратычнага кірунку.

У гады Першай сусветнай вайны бальшавіцкая частка РСДРП адзіная выступала за паражэнне Расіі ў вайне, перарастанне вайны імперыялістычнай у вайну грамадзянскую, меншавіцкая стаяла на абарончых пазіцыях.

Лютаўская рэвалюцыя

правіць

Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. заспела абедзве плыні РСДРП нечакана. Бальшавіцкія арганізацыі РСДРП у гэты час налічвалі 24 тыс. чал.; члены яе кіраўніцтва знаходзіліся па-за цэнтрам падзей: адны ў эміграцыі, другія ў турмах і ссылцы. Меншавіцкая плынь па колькасці членаў (каля 100 тыс. чал.) значна перавышала бальшавіцкую, аднак саступала ў арганізацыйным афармленні. Рэвалюцыя надала новы магутны імпульс аб’яднаўчым тэндэнцыям у сацыял-дэмакратычным руху як бальшавікоў з меншавікамі, так і з бундаўцамі («аб’яднанкі»).

У красавіку 1917 г. на тэрыторыі Расійскай імперыі мелася больш за 440 самастойных бальшавіцкіх і 150 аб’яднаных арганізацый РСДРП. Курс на неадкладны перавод буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў сацыялістычную быў вызначаны Леніным у «Красавіцкіх тэзісах» адразу пасля вяртання з эміграцыі. Ставілася задача звяржэння Часовага ўрада і ўстанаўлення адзінаўладдзя Саветаў з выкарыстаннем шырокага выбару сродкаў — ад мірных да ўзброеннага паўстання — у залежнасці ад сітуацыі. Гэты курс спачатку не быў успрыняты амаль усім бальшавіцкім кіраўніцтвам. Леніну не ўдалося дамагчыся поўнай перамогі нават на VII Усерасійскай канферэнцыі РСДРП(б) у Петраградзе (1917 г.): у рэзалюцыю «Аб бягучым моманце» яго тэзісы ўвайшлі ў значна змякчаным варыянце.

6—12 (19—25) мая 1917 г. у Петраградзе адбылася Усерасійская канферэнцыя меншавіцкіх і аб’яднаных арганізацый РСДРП, якая абрала Арганізацыйны камітэт. Слабасць меншавіцкай плыні выяўлялася ў драбленні яе на шэраг дадатковых плыней. На крайнім правым флангу стаяла адкрыта «абаронніцкая» група Пляханава, якая афіцыйна не ўваходзіла ў партыю. Да яе прымыкала група А. М. Патрэсава. Левы фланг займалі інтэрнацыяналісты на чале з Ю. Мартавым, «новажыццёўцы» (М. М. Суханаў). Асноўная плынь на чале з Арганізацыйным камітэтам прадстаўляў «цэнтр» (лідары Ф. І. Дан, М. С. Чхеідзе, І. Г. Цэрэтэлі), які выступаў пад сцягам рэвалюцыйнага «абаронніцтва» і таксама падзяляўся на левых і правых. Ліпеньскі крызіс 1917, які завяршыўся пераходам усёй улады да Часовага ўрада, паклаў канец і аб’яднаўчым тэндэнцыям.

VI з’езд бальшавікоў канчаткова аформіў іх партыйную асобнасць, вызначыў курс на ўзброеннае паўстанне. Партыйная асобнасць меншавікоў пад назвай РСДРП (аб’яднаная) зацвердзіў Аб’яднаўчы з’езд сацыял-дэмакратаў, які абраў ЦК у складзе 16 «абаронцаў» і 8 інтэрнацыяналістаў на чале з П. Б. Аксельродам. РСДРП(б) ператварылася ў цэнтралізаваную рэвалюцыйеую партыю, скіраваную на авалоданне ўладай. У адносінах да блізкіх сацыялістычных партый, у т.л. да меншавікоў, яна пачала праводзіць тактыку расколу і ўключэння іх левай часткі ў свае рады на ўмовах поўнага прызнання праграмы і тактыкі партыі. У РСДРП(б) увайшла частка меншавікоў-інтэрнацыяналістаў. Палітыка РСДРП (аб’яднанай) была скіравана на стабілізацыю сітуацыі, прадухіленне ўзброеннага паўстання.

Кастрычніцкая рэвалюцыя

правіць

Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 г. меншавікі прынялі варожа. 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 г. ЦК партыі заявіў аб непрызнанні бальшавіцкага ўрада. Партыя меншавікоў дамагалася перадачы ўлады Устаноўчаму сходу, а пасля яго разгону бальшавікамі вяла барацьбу супраць савецкай улады. У 1921 г. спынілася легальнае існаванне меншавіцкіх арганізацый РСДРП на тэрыторыі Савецкай Расіі. На VII з’ездзе РСДРП бальшавікоў ў 1918 г. перайменавана ў Расійскую Камуністычную партыю (бальшавікоў), на XIV з’ездзе ў 1925 г. — ва Усесаюзную Камуністычную партыю (бальшавікоў), на XIX з’ездзе ў 1952 г. — у Камуністычную партыю Савецкага Саюза (КПСС).

У сакавіку 1931 года на сфальсіфікаваным судовым працэсе 14 членаў т.зв. меншавіцкага «Саюзнага Бюро РСДРП» асуджаны на розныя тэрміны пазбаўлення волі.

Зноскі

  1. а б https://files.knihi.com/preview/Knihi/Slounik/Bielaruskaja_encyklapedyja.djvu.zip/Bielaruskaja_encyklapedyja.13.djvu/315_996x9999.jpeg
  2. https://files.knihi.com/preview/Knihi/Slounik/EGB.djvu.zip/EGB_tom6a.djvu/100_996x9999.jpeg
  3. У тэкстах дакументаў VI з’езду партыя бальшавікоў усюды называецца яшчэ «РСДРП», аднак у выдадзеных у 1958 г пратаколах з’езда ўсюды (за выключэннем тэксту саміх дакументаў), у тым ліку і ў дадзеных рэдакцыяй загалоўках партыйных дакументаў, партыю называюць выключна «РСДРП(б)».

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць