I з’езд РСДРП
Першы з'езд РСДРП — адбыўся нелегальна ў Мінску 1-3 (13-15) сакавіка 1898 г. у кватэры Пятра Румянцава на Захар'еўскай вуліцы.
З'езд абвясціў заснаванне Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. На ім прысутнічала 9 дэлегатаў ад 6 мясцовых сацыял-дэмакратычных арганізацый: Пецярбургскага (С. І. Радчанка ), Маскоўскага (А. К. Ванноўскі ), Кіеўскага (П. Л. Тучапскі) і Екацярынаслаўскага (К. А. Петрусевіч) «Саюзаў барацьбы за вызваленне рабочага класа», два ад кіеўскай «Рабочай газеты» (Б. Л. Эйдэльман і М. А. Вігдорчык), трое ад Бунда (А. І. Крэмер, А. Я. Мутнік, Ш. Кац). За 3 дні адбылося 6 паседжанняў. Пратаколы не вяліся, запісваліся толькі рэзалюцыі з'езда. Партыю вырашылі назваць Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыяй. Пазней пры складанні Маніфеста ў назву было ўнесена слова «рабочая». Было вырашана, што вышэйшым органам партыі з'яўляецца з'езд, а выканаўчым — цэнтральны камітэт (ЦК), які выбіраецца з'ездамі і падсправаздачны яму. У рэзалюцыі па нацыянальным пытанні было запісана, што партыя прызнае за кожнай нацыянальнасцю права на самавызначэнне, у тым ліку і права на нацыянальную аўтаномію сацыял-дэмакратычных рухаў.
З'езд адхіліў ідэю цэнтралізму ў кіраванні партыяй. Быў абраны ЦК з 3 чалавек (Радчанка, Эйдэльман, Крэмер), «Рабочая газета» была прызнана афіцыйным органам партыі. З'езд прыняў рашэнне пра выданне Маніфеста партыі і даручыў яго рэдагаванне ЦК. Гэты дакумент быў падпісаны Пятром Струвэ і надрукаваны ў падпольнай друкарні ў Бабруйску. Пазней Маніфест быў апублікаваны ў сацыял-дэмакратычных газетах Берліна, Парыжа, Лондана, Жэневы. Адразу пасля з'езда «Саюзы барацьбы» і сацыял-дэмакратычныя групы пачалі ператварацца ў партыйныя камітэты.
Аднак партыя як адзіная сацыял-дэмакратычная арганізацыя яшчэ не была створана: не былі прыняты статут і праграма, 8 з 9 дэлегатаў пасля з'езда былі арыштаваны, друкарню і трэці нумар «Рабочай газеты» захапіла паліцыя. На II з'ездзе РСДРП (1903) расійская сацыял-дэмакратычная партыя раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12. — 554 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (Т. 12).