Кастусь Рамановіч

Кастусь Рамановіч (1 студзеня 1927 — 31 студзеня 2005) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падпольнага Саюзу вызвалення Беларусі ў Навагрудку. Мянушка «Сокал». Грамадскі актывіст, выдавец у незалежнай Беларусі.[1]

Кастусь Рамановіч
Род дзейнасці палітык
Дата нараджэння 1 студзеня 1927(1927-01-01)
Месца нараджэння
Дата смерці 31 студзеня 2005(2005-01-31) (78 гадоў)
Месца смерці
Бацька Яўхім
Маці Анастасія
Жонка Валянціна Сапега
Дзеці Кастусь
Альма-матар
Партыя
Член у

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 1 студзеня 1927 г. у в. Лозкі гміны Шчорсы Навагрудскага ваяводства, Польшча. У другой палове 1930-х — пачатку 1940-х гадоў вучыўся ў школе ў роднай вёсцы, з верасня 1942 г. — у Навагрудскай настаўніцкай семінарыі.

Падчас нямецкай акупацыі Кастусь Рамановіч у Другую сусветную вайну ў 1943 г., маючы 16 гадоў, далучаецца да Саюзу беларускай моладзі, а вясной 1944 г. залічаны ў беларускую афіцэрскую школу БКА ў Мінску. Пазней Кастусь Рамановіч казаў: «У афіцэрскай школе прыняў прысягу на вернасць Беларусі (гэта была першая і апошняя прысяга)».[2] 27 чэрвеня 1944 года ў Мінскім гарадскім тэатры як курсант беларускай афіцэрскай школы прымаў удзел у Другім Усебеларускім Кангрэсе ў якасці ганаровага ахоўніка.

Пасля канца нямецкай акупацыі і пачатку савецкай вярнуўся ў Навагрудак, навучаўся ў педагагічным вучылішчы. Арыштаваны НКУС 13 снежня 1944 г. Асуджаны асобай нарадай пры МДБ у чэрвені 1946 г. да 3 гадоў турмаў. Этапаваны ў Варкуцінскі канцлагер НКУС Комі АССР, адкуль вызвалены ў верасні 1946 г., верагодна з улікам адбытага тэрміну і па амністыі.

Па вяртанні ў Беларусь Кастусь Рамановіч у тым жа годзе далучыўся да Саюзу вызвалення Беларусі. У 1946—1947 з’яўляўся кіраўніком фінансавага аддзела арганізацыі, быў вядомы пад мянушкай «Сокал». Арыштаваны 30 мая 1947 г., разам з іншымі сябрамі арганізацыі пасля здрады аднаго з удзельнікаў, які аказаўся правакатарам. У жніўні 1947 г. быў асуджаны Ваенным трыбуналам войскаў МУС Баранавіцкай вобласці на 10 гадоў лагераў і 5 гадоў пазбаўлення правоў з канфіскацыяй маёмасці. Разам з сябрамі Саюзу вызвалення Беларусі Пятром Дземянчуком і Міхасём Кожычам этапаваны праз перасыльны пункт у Аршанскай турме ў Пячорскі канцлагер МДБ Комі АССР.

Пасля вызвалення з лагера 19 лістапада 1955 г. быў у высылцы ў г. Тэміртау Карагандзінскай вобласці Казахстана. Вярнуўся ў Наваградак, але не меў праў на добрую працу і вучобу ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. У Навагрудку сустрэўся з Валянцінай Сапега і ў лютым 1957 года яны пажаніліся. Пераехаў у родную вёску да маці, дзе працаваў у калгасе на розных палявых работах. Самастойна рыхтаваўся да здачы іспытаў на шафёра. Іспыт на шафёра здаў у Карэлічах і атрымаў правы, пасля чаго працаваў шафёрам. 24 чэрвеня 1958 года атрымаў атэстат сталасці. 16 ліпеня 1958 года ў вёсцы Лозкі нарадзіўся першы сын — Кастусь. Каб пазбегнуць калгаснага прымусу і вярбоўкі ў супрацоўнікі КДБ пастанавіў з’ехаць з Беларусі і выбраў Данбас, бо там жыў аднавясковец Іван Макарэвіч. Пераехаў у г. Макееўка Данецкай вобласці Украінскай ССР. У пачатку 1960 года знялі штамп аб пазбаўленні праў з пашпарту і пасля гэтага Кастусь Рамановіч змог паступіць і закончыць вячэрняе аддзяленне будтэхнікуму, а потым вячэрняе аддзяленне Данецкага політэхнічнага інстытута, дзякуючы чаму атрымаў адукацыю інжынера-будаўніка. У 1972 Кастусь Рамановіч пераехаў жыць у Пінск. Будаваў саўгасы і пасёлкі на асушаных балотах Палесся, узняцца на высокія пасады не дазваляла безпартыйнасць. 31 снежня 1986 года выйшаў на пенсію па ўзросце.

З 1992 года — член Таварыства беларускай мовы. У наступным годзе ўступіў у Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народная Грамада). Зяўляўся сябрам грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій», браў удзел у стварэнні грамадскага аб’яднання «Ветэраны адраджэння» ў Пінску. 29 ліпеня 2000 года — дэлегат Усебеларускага з’езду «За незалежнасць Беларусі». 5-6 ліпеня 2001 года быў дэлегатам III З’езда беларусаў свету, на які запрасіла Міжнароднае грамадскае аб’яднанне "Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Браў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці Піншчыны. Напісаў успаміны пад назвай «За волю Беларусі. Успаміны пра сябе і сваіх сяброў», якія былі надрукаваны толькі пасля яго смерці.

Памёр 31 студзеня 2005 г. у Пінску. Не быў рэабілітаваны.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. http://www.slounik.org/154883.html Біяграфія Кастуся Рамановіча
  2. ANH, F-3

Літаратура правіць

  • Рамановіч К. За волю Беларусі. Успаміны пра сябе і сваіх сяброў. — Слонім-Менск: Беларускі Рэзыстанс, 2005. — 116 б. (перадрукавана ў нумары № 1(16)/2015)
  • Рамановіч К. Варшанская перамога // Беларускі Рэзыстанс, 2004, № 1, б. 80-84.

Спасылкі правіць