Мір (Карэліцкі раён)

гарадскі пасёлак у Беларусі

Мір[2] — гарадскі пасёлак у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі. Знаходзіцца за 26 км на паўднёвы ўсход ад Карэлічаў, за 17 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзея; на аўтамабільнай дарозе Парачаны — Навагрудак — Нясвіж Р11. Рэспубліканская дарога Р64 злучае Мір з раённым цэнтрам Стоўбцы. Да нашага часу тут захаваўся знакаміты замак Ільінічаў і Радзівілаў — аб’ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Насельніцтва 2 305 чал. (2017)[3].

Гарадскі пасёлак
Мір
Мікалаеўскі касцёл з боку вуліцы Чырвонаармейскай
Мікалаеўскі касцёл з боку вуліцы Чырвонаармейскай
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Заснаваны
1345
Першая згадка
Гарадскі пасёлак з
Плошча
  • 3,63 км²
Вышыня цэнтра
170 м
Насельніцтва
  • 2 238 чал. (1 студзеня 2024)[1]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 15 96
Паштовы індэкс
231444
Аўтамабільны код
4
СААТА
4233857906
Мір на карце Беларусі ±
Мір (Карэліцкі раён) (Беларусь)
Мір (Карэліцкі раён)
Мір (Карэліцкі раён) (Гродзенская вобласць)
Мір (Карэліцкі раён)

Існуе некалькі меркаванняў датычна паходжання тапоніма «Мір». Беларускі географ В. Жучкевіч лічыў, што назва паселішча, імаверна, утварылася ад слова сацыяльнага значэння «мір» — калектыў удзельнікаў грамадства, часам раўназначнага паняццю «грамады»[4]. На думку В. Калніна, тапонім мае звязкі са словам «эмір» (паводле наймення военачальніка аддзелу ваяроў-татараў, што размяшчаліся тут). Згодна з меркаваннем Уладзіслава Сыракомлі, паселішча атрымала сваю назву паводле простага значэння слова «мір» (у гэтай мясцовасці праходзіла мяжа паміж Руссю і Літвой, аднак невядомым застаецца факт складання тут якога-небудзь мірнага дагавора)[5]. На думку некаторых даследчыкаў, назва паселішча пайшла ад лацінскага слова «mirum», што перакладаецца як «цуд»[6].

Таксама вядома, што пасяленні вясковага тыпу ў XXI стст. у гістарычных хроніках (напрыклад, «Аповесць мінулых часоў») завуцца «пагост» або «мір» (у лясной паласе)[7].

Гісторыя

правіць

Упершыню згадваецца пад 1395 годам[8], калі крыжакі на чале з Конрадам фон Юнгінгенам зруйнавалі паселішча. Па нападзе вялікі князь Вітаўт даў «двор» Мір свайму брату Жыгімонту Кейстутавічу, які ў 1434 годзе ўжо як вялікі князь надаў Мір свайму паплечніку, віленскаму кашталяну Пятру Сеньку Гедыгольдавічу.

З 1486 года Мір быў уладаннем Ільінічаў, якія абнеслі «двор» землянымі валамі. Таксама яны ўмацавалі і само паселішча, што мела чатыры брамы ў кірунках асноўных дарог — Замкавая, Віленская, Мінская і Слонімская. У 1520-я гады Юрый Ільініч заклаў Мірскі замак, першы пісьмовы ўспамін пра які датуецца 1527 годам. У 1553 годзе мястэчка стала сталіцай Мірскага графства, калі Ільінічы атрымалі графскі тытул ад імператара Фердынанда I[9]. У 1569 годзе, паводле тэстамента Ю. Ільініча (малодшага), Мір перайшоў да М. К. Радзівіла «Сіроткі», які заснаваў тут Мікалеўскі касцёл (1585) і Траецкую царкву (1595).

У Міры жыло шматнацыянальнае насельніцтва. Мясцовыя татары займаліся агародніцтвам, гарбарствам, рымарствам; яўрэі — гандлем і пазыкамі; цыганы — конным промыслам; а русіны — пераважна рамяством. На мірскія кірмашы сцякаліся тавары і купцы з ВКЛ, Польшчы, Расіі, Германіі.

27 снежня 1579 кароль і вялікі князь Стэфан Баторый надаў Міру Магдэбургскае права (няпоўнае). З 1589 горад знаходзіўся ў складзе Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, якія ў канцы XVI — пачатку XVII стст. узвялі з трох бакоў тутэйшага замка бастыёны, з паўднёвага боку зрабілі сажалку, на поўнач ад бастыённых умацаванняў заклалі рэгулярны італьянскі парк. У замку да ўяздной вежы дабудавалі перадбрам'е, на дзядзінцы пры паўночных і ўсходніх мурах у стылі Рэнесансу ўзвялі 3-павярховыя палацавыя карпусы, над замкавымі сценамі надбудавалі галерэі з байніцамі[10].

Падчас Трынаццацігадовай вайны ў 1655 казакі І. Залатарэнкі зруйнавалі Мір[9]. Па ваенных спусташэннях на канец XVII ст. тут было 478 двароў, 4 рамесныя цэхі, працавалі рамеснікі 49 спецыяльнасцей[9]. У 1705 пры Траецкай царкве Караль Станіслаў Радзівіл заснаваў базыльянскі кляштар. У Вялікую Паўночную вайну (17001721) Мір пэўны час займалі войскі караля Швецыі Карла XII. У 1-й палове XVIII ст. Радзівілы заснавалі тут палатняныя, суконныя і ткацкія майстэрні.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Мір апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Навагрудскім павеце Мінскай губерні. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1828 расійскія ўлады падаравалі яго Вітгенштэйнам, з 1891 — ва ўладанні Святаполк-Мірскіх.

Станам на 1886 у Міры было 2 царквы, 7 сінагог, мячэць, павятовае вучылішча, школа, паштовая станцыя, заезны дом, 74 крамы[11]. У 1893 тут збудавалі вінакурны завод. У канцы ХIХ — пачатку ХХ стст. у мястэчку праводзіліся 2 буйныя кірмашы (у лютым і ў траўні), куды з’язджаліся сяляне нават з вёсак наваколля Мінска[12]. 14 красавіка 1919 адбылося антыбальшавіцкае паўстанне, у выніку якога загінула 25 паўстанцаў і 30 чэкістаў[13].

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Мір апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Стаўбцоўскага павета Навагрудскага ваяводства. За польскім часам тут меліся паштовая ўправа, гродскі суд, 7-класная школа.

У 1939 Мір увайшоў у БССР, дзе ў 1940 стаў цэнтрам раёна Баранавіцкай, з 1954 — Гродзенскай вобласці1956 Мірскі раён скасавалі). У Другую сусветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 2000 Мірскі замак уключылі ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У 2002 тут прайшло свята «Дзень беларускага пісьменства». З 2003 пачаў праводзіцца рэгулярны Рэгіянальны фестываль мастацтваў «Мірскі замак». 24 снежня 2008 года на аснове гарадскога пасёлка створаны аграгарадок[14].

Уладзіслаў Сыракомля ў Міры пачуў аповед, які лёг у аснову яго байкі «Паштальён». Якуб Колас апісаў мясцовы каларыт у паэме «Сымон-музыка».

Насельніцтва

правіць
  • 1897 год — 5401 чал.[15]
  • 1995 год — 2,6 тыс. чал.[15]
  • 2005 год — 2,5 тыс. чал.
  • 2008 год — 2,4 тыс. чал.
  • 2016 год — 2250 чал.[16]
  • 2017 год — 2305 чал.[3]
  • 2023 год — 2175 чал.

Славутасці

правіць

Вядомыя асобы

правіць

Гл. таксама

правіць

Зноскі

правіць
  1. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  3. а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 234—235.
  5. О происхождении названия поселка Мир (руск.)(недаступная спасылка). Исторический проект Мир-Несвиж.com (5 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 2 кастрычніка 2013. Праверана 21 верасня 2012.
  6. Марына Кузьміч. Няхай яблыні ў Міры цвітуць!(недаступная спасылка) // «Народная газета» № 159 (4827), 26 жніўня 2008.
  7. Разалія Александровіч. Татарскі след у назвах зямлі беларускай // «Беларусь у ХХ стагоддзі». Вып. 3. — Мн.: 2004.
  8. Решение Кореличского районного Совета депутатов от 22 декабря 2006 г. № 125 «Об утверждении программ социально-экономического развития поселков городского типа Кореличи и Мир на 2006—2010 годы»
  9. а б в Мір // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 352. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
  10. Калнін В. Мірскі замак // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 314. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  11. Міхаіл Гурын. Мір // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 205.
  12. «Была такая вёска…» // Мікалай Улашчык. Выбранае / Уклад. А. Каўка, А. Улашчык. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2001. С. 86.
  13. Мірскае паўстанне // Віцьбіч, Ю. Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі. — Вільня: Gudas, 2007.
  14. Решение Кореличского районного Совета депутатов от 24.12.2008 № 92 «О преобразовании деревни Оюцевичи и городского поселка Мир Кореличского района в агрогородки» Архівавана 14 сакавіка 2016.
  15. а б Беларусь 1995.
  16. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць