У гарадскім пасёлку Мір размяшчаўся нямецкі гарнізон, які налічваў каля 150 чалавек, узброеных 8 кулямётамі, аўтаматамі, вінтоўкамі. План знішчэння гарнізона быў распрацаваны камандаваннем партызанскай брыгады імя Жукава, да яго выканання была прыцягнута брыгада «Камсамолец». Агульнае камандаванне аперацыяй ажыццяўляў камандзір Стаўбцоўскага партызанскага злучэння У. З. Царук.
Партызаны, ведаючы пароль аховы гарнізона, у ноч на 22 сакавіка 1944 года без бою праніклі ў цэнтр пасёлка, блакіравалі казарму, разграмілі ўсе нямецкія ўстановы. У выніку раптоўнага налёту на гарнізон знішчана 12 гітлераўцаў, у тым ліку некалькі лётчыкаў, спалены валасная ўправа, гараж, захоплена некалькі аўтамашын, шмат коней і кароў, харчавання, медыкаментаў. Партызаны атрадаў імя Суворава і імя Ракасоўскага, якія знаходзіліся ў засадах, знішчылі каля 2 км лініі тэлефонна-тэлеграфнай сувязі. На досвітку 22 сакавіка 1944 года партызаны пакінулі пасёлак, страціўшы ў час бою 1 байца.