Георгій Маркавіч Муха-Мухноўскі

Георгій Маркавіч Му́ха-Мухно́ўскі (Юрка Муха; нар. 1905, м. Мір - ?) — удзельнік падпольнага руху ў Заходняй Беларусі.

Георгій Маркавіч Муха-Мухноўскі
Дата нараджэння 1905
Месца нараджэння
Альма-матар
Партыя
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў 1905 годзе ў мястэчку Мір, у сям’і ганчара[1]. Меў брата Аляксандра (1890, Мір — 15.11.1937, Ленінград, НКУС)[2].

Пасля заканчэння Мірскага вышэйшага пачатковага вучылішча хлопчык паступіў вучыцца ў Навагрудскую беларускую гімназію. У 1923 годзе пасля заканчэння 7 класаў гімназіі вырашыў ехаць вучыцца ў Прагу. Да яго далучыліся мясцовыя хлопцы Алесь Карповіч і Лявон Шавейка. Да Вільні сябры даехалі на цягніку. У Беларускім нацыянальным камітэце атрымалі накіраванне на вучобу ў Прагу, дзе ў той час вучыліся студэнты з Заходняй Беларусі[1].

Па чыгунцы хлопцы дабраліся да азначанай станцыі, знайшлі правадніка, з дапамогаю якога нелегальна перайшлі мяжу, і апынуліся ў Чэхаславакіі. Спачатку ім давялося працаваць і на працягу года наведваць курсы, каб падрыхтавацца да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Юрка Муха ўладкаваўся на працу ў рэстаран звычайным рабочым. У 1924 годзе ён здолеў паступіць на лясны факультэт політэхнічнага інстытута. У час вучобы з’яўляўся членам беларускай студэнцкай секцыі пры Беларускай грамадзе, быў членам, а потым кіраўніком «Марксісцкай групы», удзельнічаў у стварэнні арганізацыі «Саюз студэнтаў — грамадзян БССР», якую пазней узначаліў[1].

Супрацоўнічаў з цэнтральным органам КПЧ газетай «Чырвонае права», у якой выступаў з артыкуламі пра сацыяльны і нацыянальны прыгнёт у Заходняй Беларусі[1].

У 1925 годзе ў Празе разам з іншымі беларускімі студэнтамі Юрка Муха прымаў удзел у святкаванні 400-годдзя скарынаўскага беларускага друку. Чэхаславакію неаднаразова наведвалі беларускія пісьменнікі. У 1927 годзе ў Празе адбылася сустрэча пісьменнікаў Янкі Купалы, Цішкі Гартнага, Міхася Зарэцкага і Міхася Чарота з беларускімі студэнтамі, сярод якіх быў і Юрка Муха[1].

У 1930 годзе Юрка Муха скончыў інстытут і, атрымаўшы дыплом інжынера-лесавода, вярнуўся на радзіму, але ў хуткім часе пакінуў мястэчка Мір і пераехаў у Вільню. Член КПЗБ з 1932 года. Накіроўваў ад ЦК КПЗБ дзейнасць беларускага рабоча-сялянскага клуба «Змаганне», быў інструктарам Таварыства беларускай школы[1].

За агітацыйную працу ў кастрычніку 1930 года Георгій Муха быў арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў віленскую турму Лукішкі, адкуль праз тры месяцы вызвалены пад залог. У лютым 1931 года яго зноў арыштавалі, на гэты раз з турмы ён выйшаў у канцы снежня. У 1932 годзе па рашэнні ЦК КПЗБ перабраўся ў БССР. Атрымаўшы пашпарт на імя Мухноўскага, выехаў у Сочы, дзе ўладкаваўся на працу ў лясгас[1].

У 1933 годзе быў арыштаваны органамі НКУС і асуджаны на 10 гадоў. Рэабілітаваны ў 1956 годзе[1].

Пра сваё жыццё і падпольную дзейнасць Г. Муха-Мухноўскі пазней расказаў у кнізе мемуараў «Шляхі-дарогі»[1].

Зноскі

Літаратура правіць