Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі

(Пасля перасылкі з ЦК КПЗБ)

Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (ЦК КПЗБ) — вышэйшы кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) паміж яе з’ездамі і канферэнцыямі. У практычнай дзейнасці кіраваўся Праграмай і Статутам Кампартыі Польшчы (КПП), падпарадкоўваўся ЦК КПП.

Ажыццяўляў кіраўніцтва арганізацыйнай, агітацыйна-прапагандысцкай дзейнасцю партыі, яе акруговых і раённых арганізацый. Друкаваныя органы — газеты і часопісы на беларускай, рускай, польскай, літоўскай і яўрэйскай мовах: «Чырвоны сцяг», «Бальшавік[be-x-old]». «Партыйнік», «Бюлетэнь ЦК КПЗБ», «Весткі з СССР», «Do walki» («На барацьбу»), «Kujmy broń» («Куйце зброю»), «Голас салдата», «Ройтэ фон» («Чырвоны сцяг»), «Baricada» («Барыкада») і інш.

Зыходзячы з нелегальных умоў дзейнасці складаўся фактычна з 2 частак — Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ і Бюро ЦК КПЗБ (з 1929), члены якога выбіраліся на пленумах ЦК КПЗБ. З 1923 года нелегальна размяшчаўся ў Беластоку ці Вільні. Пасля ўстанаўлення ў маі 1926 года ў Польшчы рэжыму санацыі Краявы сакратарыят ЦК КПЗБ размяшчаўся ў Варшаве, а Бюро ЦК КПЗБ — у Гданьску, Берліне, Капенгагене (з 1933).

Частка членаў ЦК КПЗБ знаходзілася ў Менску, ажыццяўляла кіраўніцтва Прадстаўніцтвам ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, замежнай часткай Цэнтральнай рэдакцыі, Мінскай школай КПЗБ.

Сакратарамі ЦК КПЗБ з 1923 года з’яўляліся С. Т. Мілер (партыйная мянушка «Шлёмка»), Л. Н. Аранштам («Артур»), А. П. Данялюк («Одек»), са снежня 1925 года да лютага 1936 года — І. К. Лагіновіч (П.Корчык). У склад ЦК КПЗБ у розны час уваходзілі: А. А. Альшэўскі («Юрка»), М. С. Арэхва («Пётр»), Я. С. Бабровіч, М. А. Блінчыкаў («Леановіч»), Ю. Брун («Спіс»), С. Я. Будзінскі («Стах», «Традыцыя»), Р. Д. Вольф («Алёна»), С. К. Гарбуз («Паддубны»), Х. Р. Гелер, М. І. Гурын-Маразоўскі («Стах», «Ян»), Г. М. Дуа, С. А. Дубовік («Стары»), Э. А. Ідаль («Андрэй»), А. У. Канчэўскі («Улалак»), А. Р. Капуцкі («Лёкса»), С. М. Малько («Паўлік»), М. П. Маслоўскі («Алесь»), С. А. Мертэнс («Стафан»), М. Л. Перавалоцкі («Антон»), Ф. Б. Пірышка, А. Х. Раф («Янек»), Л. І. Родзевіч («Антось»), А. М. Розеншайн («Макс»), А. С. Славінскі («Адам»), М. М. Словік («Лявонцьеў»), І. Ф. Сяменікаў («Паўлаў»), В. З. Харужая («Верка»), А. Л. Цукерман («Зоркі»), Л. Р. Шайкоўскі, Е. І. Шоламаў («Глебаў»), Л. М. Янкоўская («Люба»).

Колькасны склад членаў ЦК КПЗБ выглядаў наступным чынам: на I канферэнцыі КПЗБ у кастрычніку 1923 года выбраны 4 члены ЦК, у снежні іх колькасць павялічана да 7 членаў, на II канферэнцыі ў лістападзе 1924 года — 8 членаў ЦК, на III канферэнцыі ў студзені 1926 года — 11 членаў і 5 кандыдатаў у члены ЦК, на II з’ездзе КПЗБ у маі 1935 года — 11 членаў і 5 кандыдатаў у члены ЦК.

ЛітаратураПравіць