Камуністычная партыя Польшчы
Камуністычная партыя Польшчы (КПП) створана 16.12.1918 ў выніку аб'яднання Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ) і Польскай сацыялістычнай партыі-лявіцы (ППС-лявіца). Адна з заснавальніц Камуністычнага Інтэрнацыянала (1919). Да лютага 1925 называлася Камуністычная рабочая партыя Польшчы (КПРП).
Камуністычная партыя Польшчы | |
---|---|
Komunistyczna Partia Polski | |
Дата заснавання | 1918 год |
Дата роспуску | 1938 год |
Краіна | |
Ідэалогія | Камунізм, марксізм |
Колькасць членаў | 7 000 |
Партыйны друк | газета «Czerwony Sztandar», часопіс «Nowy przegląd» |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьНа I з'ездзе КПРП (16 снежня 1918 г.) прыняты палітычная платформа, маніфест і зацверджаны часовы статут партыі. З'езд ставіў задачу звяржэння панавання буржуазіі шляхам сацыялістычнай рэвалюцыі і ўстанаўлення дыктатуры пралетарыяту ў цесным кантакце з рабочым класам Савецкай Расіі. У пытанні аб саюзе рабочага класа і сялянства КПРП улічвала інтарэсы толькі сельскагаспадарчага пралетарыяту; прызнанне права нацый на самавызначэнне лічыла несумяшчальным з пралетарскім інтэрнацыяналізмам, што фактычна азначала і адмаўленне незалежнасці Польскай дзяржавы. У 1918—1919 гг. асноўную ўвагу аддавала стварэнню Саветаў, арганізацыі забастовачнай барацьбы, што спрыяла ўвядзенню ў краіне 8-гадзіннага рабочага дня, сацыяльнага страхавання, права на забастоўку, іншых сацыяльных заваёў. У 1920 г. да КПРП далучылася ППС-апазіцыя, якая вылучалася ў самастойную партыю з левага крыла ППС — лявіцы (верасень 1919). У практычнай дзейнасці КПРП выкарыстоўвала і парламенцкія формы работы. У жніўні 1922 г. яна стварыла легальны Саюз пралетарыяту горада і вёскі, па спісе якога на выбарах у сейм у лістападзе 1922 выбраны 2 дэпутаты, у сакавіку 1928 — 7 дэпутатаў-камуністаў.
Пераломным момантам у ідэалагічным развіцці КПРП стаў яе II з'езд (верасень-кастрычнік 1923), на якім партыя выступіла за адзінства дзеянняў у рабочым руху, саюз з усімі пластамі сялянства і інтэлігенцыяй, у падтрымку рэвалюцыйна-вызвольнай барацьбы беларускага і ўкраінскага народаў, за права нацый на самавызначэнне. На аснове гэтых рашэнняў у кастрычніку 1923 створана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў КПРП на правах аўтаномнай арганізацыі. Рашэнні II з'езда садзейнічалі пашырэнню ўплыву КПРП на новыя пласты грамадства, умацаванню сувязей з сялянствам. 3 камуністамі цесна супрацоўнічалі Незалежная сялянская партыя, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Сельраб (1926-29) і інш.
У лютым 1924 група дзеячаў КПРП у эміграцыі (Ю. Ляшчынскі (Ленскі), Г. Штэйн-Каменскі (Л. Домскі), З. Уншліхт (С. Асінская) і Дамоўскі (Л. Прэнцкі)] з сектанцка-дагматычных пазіцый выступілі з крытыкай тактычнай лініі партыі, супраць пагадненняў з ППС. Створаная на V кангрэсе Камінтэрна (чэрвень-ліпень 1924) спецыяльная камісія адхіліла А. Варшаўскага (Варскага), М. Кашуцку (Костшэву), Г. Валецкага і Э. Прухняка ад кіраўніцтва КПРП, што ўзмацніла сектанцка-дагматычнае крыло ў кіруючым актыве партыі. III з'езд КПРП (студзень-люты 1925) перайменаваў партыю ў КПП і зарыентаваў на правядзенне адзінства дзеянняў толькі «знізу», г.зн. адмаўляў пагадненні з кіраўніцтвам сацыял-дэмакратычных партый, недаацэньваў значэнне дэмакратычных патрабаванняў, перабольшваў перспектывы рэвалюцыйнай барацьбы. Асуджэнне на IV канферэнцыі КПП (лістапад-снежань 1925) ультралевых, сектанцкіх памылак групы Домскага і ўстаноўка на адзінства дзеянняў у рабочым руху не ўнеслі істотных змен у практычную дзейнасць партыі.
Кіраўніцтва КПП падтрымала ваенны пераварот Ю. Пілсудскага (май 1926). Высвятленне прычын гэтага ў асяроддзі партыйнага актыву прывяло да ўтварэння ў кіруючым ядры КПП дзвюх фракцый: «большасці» — Варскі, Костшэва, Прухняк, А. Данялюк (Э. Стафанскі), Г. Ляўрэр (Бранд), Е. Сахацкі і інш., 5 — якая больш рэалістычна ацэньвала палітычную сітуацыю ва ўмовах прыходу да ўлады рэжыму «санацыі», лічыла найпершым вырашэнне задач дэмакратычнага характару, і «меншасці» — Ленскі, Я. Пашын, С. Амстэрдам (Г. Генрыкоўскі), Е. Герынг (Рынг), І. Лагіновіч (П. Корчык) і інш., — што арыентавалася на непасрэдна сацыялістычны этап рэвалюцыі, імкнулася фарсіраваць рэвалюцыйны працэс. Спробы IV з'езда КПП (май-жнівень 1927) прадухіліць фракцыйную барацьбу (у склад ЦК КПП былі выбраны лідары «большасці» і «меншасці») поспеху не мелі. 5-ы пленум ЦК КПП (чэрвень 1929) перадаў кіраўніцтва партыі прыхільнікам лініі «меншасці».
Недаацэнка неабходнасці дэмакратычных пераўтварэнняў у Польшчы была характэрна і для рашэнняў апошняга V з'езда КПП (жнівень 1930), што ўскладняла супрацоўніцтва з партыямі і арганізацыямі, апазіцыйнымі рэжыму «санацыі». У гады сусветнага эканамічнага крызісу (1929-33) КПП выступіла арганізатарам шматлікіх выступленняў рабочых і сялян у абарону іх жыццёвых інтарэсаў, супраць імкнення работадаўцаў перакласці цяжар эканамічнага крызісу на працоўных.
Ва ўмовах узмацнення наступу на сацыяльныя і палітычныя заваёвы КПП у сярэдзіне 1930-х гадоў адышла ад сектанцка-дагматычнай лініі, пачала захады па наладжванні адзінства дзеянняў з прадстаўнікамі розных палітычных кірункаў, у т.л. з ППС, Бундам, «Стронніцтвам людовым». Зыходзячы з рашэнняў VII кангрэса Камінтэрна (ліпень-жнівень 1935), КПП распрацавала платформу дэмакратычных і сацыяльна-эканамічных патрабаванняў, канцэпцыю антыфашысцкага народнага фронту, што знайшла водгук у грамадскасці. Пад адзінафрантавымі лозунгамі адбыліся сумесныя забастоўкі рабочых рознай партыйнай прыналежнасці ў абарону сваіх сацыяльных і палітычных заваёў, масавыя выступленні сялян у 1936-37, шматлікія мітынгі і дэманстрацыі. КПП выступіла з патрабаваннем скасавання дагавора паміж Польшчай і фашысцкай Германіяй (1934), у якім бачыла пагрозу суверэнітэту краіны, арганізоўвала выступленні працоўных супраць пагрозы вайны, з'явілася ініцыятарам правядзення антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове, паслядоўна выступала за дружбу з СССР. Тысячы камуністаў змагаліся ў 1936-37 у Іспаніі ў радах рэспубліканцаў. Нелегальна выходзілі друкаваныя органы КПП: газета «Czerwony Sztandar» («Чырвоны сцяг»), тэарэтычны часопіс «Nowy Przegląd» («Новы агляд»).
У жніўні 1938 Выканкам Камінтэрна на падставе неабгрунтаваных абвінавачанняў у шырокім пранікненні ў кіруючыя органы партыі агентуры польскай дэфензівы прыняў рашэнне аб роспуску КПП. Гэтаму папярэднічалі арышты вясной — летам 1937 кіраўнікоў КПП, якія знаходзіліся ці былі выкліканы ў СССР: Ленскага (генеральны сакратар), Б. Бартноўскага (Бранкоўскага), Прухняка, У. Стэіна (Краеўскага), Ф. Гжэлыычака (Гжэгажэўскага), Рынга. Былі арыштаваны дзеячы былой «большасці» Варскі, Костшэва, Валецкі і інш. Аднак і пасля роспуску партыі камуністы працягвалі барацьбу ў розных грамадскіх арганізацыях. У маі 1939 Сакратарыят Выканкама Камінтэрна прыняў рашэнне аб аднаўленні КПП і стварыў ініцыятыўную групу, але гэта рашэнне засталося нявыкананым у сувязі з пачаткам 2-й сусветнай вайны. У гады вайны былыя члены КПП ўдзельнічалі ў партызанскім руху, сталі ініцыятарамі стварэння антыфашысцкіх арганізацый. У студзені 1942 камуністы стварылі Польскую рабочую партыю, якая прадоўжыла справу КПП.
У лютым 1956 у сумеснай заяве Цэнтральных Камітэтаў Камуністычных партый Савецкага Саюза, Балгарыі, Фінляндыі, Італіі і ПАРП абвінавачанне ў адрас КПП было прызнана сфальсіфікаваным, а яе роспуск неабгрунтаваным. Рэпрэсіраваныя кіраўнікі КПП былі рэабілітаваны, а яе дзейнасць ачышчана ад паклёпніцкіх выдумак.
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Ладысеў У. Камуністычная партыя Польшчы // ЭГБ у 6 т. Т. 4. Мн., 1997.
- Kowalski J. Zarys historii polskiego ruchu robotniczego w latach 1918—1939. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1962;
- Dokumenty Komunistycznej Partii Polski, 1935—1938. Warszawa, 1968;
- Cimek H. Komuniści a Polska (1918—1939). Warszawa, 1989;
- Tragedia Komunistycznej Partii Polski. Warszawa, 1989.