Іпаліт Корвін-Мілеўскі

Іпаліт (Гіпаліт) Оскаравіч Корвін-Мілеўскі (26 ліпеня (6 жніўня) 1848, вёска Друскенікі Гродзенскага павета, Гродзенская губерня, Расійская імперыя — 11 лютага 1932, Познань, Польшча) — польска-беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, доктар права. «Краёвец».

Іпаліт Корвін-Мілеўскі
Корвін
Корвін
Нараджэнне 26 ліпеня (7 жніўня) 1848[1]
Смерць 11 лютага 1932(1932-02-11)[1] (83 гады)
Род Корвін-Мілеўскія[d]
Бацька Оскар Іпалітавіч Корвін-Мілеўскі[d]
Маці Вераніка Воўк-Ланеўская[d]
Жонка Казіміра з Галынскіх[d]
Веравызнанне Каталіцкая Царква
Партыя
Адукацыя
Дзейнасць палітыка[2] і civic engagement[d][2]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходжанне і сям’я

правіць

Нарадзіўся 26 ліпеня (6 жніўня) 1848 г. у каталіцкай дваранскай сям’і графа Оскара Іпалітавіча Корвін-Мілеўскага (1818—1906)[3] герба «Слепаўрон» і яго жонкі Веранікі Ігнатаўны Ланеўскай-Воўк герба «Дзве трубы» (з Бабруйскага павета). Поўнае імя, дадзенае пры хросце ў каталіцтва было «Іпаліт-Ян». Бацька Іпаліта атрымаў тытул графа («граф на Мураваных Геранёнах») ад папы рымскага ў 1876 г.

Іпаліт меў яшчэ сястру Марыю (Марыю-Алівію) Оскараўну Корвін-Мілеўскую (1847—1934), якая выйшла замуж за Шымана Мяйштовіча, і брата графа Ігната Оскаравіча Корвін-Мілеўскага (1846—1926), уласніка (па спадчыне) значнага маёнтка Геранёны (Віленская губерня), калекцыянера мастацтва і вядомага мецэната. Меў таксама малодшага брата Оскара Оскаравіча Корвін-Мілеўскага, які памёр у дзяцінстве[4].

Сам граф Іпаліт Оскаравіч Корвін-Мілеўскі па маёмасным разліку (што, як сам адзначае ў мемуарах, было традыцыйным у тыя часы) ажаніўся ў 1888 г. з Казімірай Аляксандраўнай Галынскай, дваранкай-каталічкай і дачкой Аляксандра Станіслававіча Галынскага, былога клімавіцкага павятовага маршалка і заможнага землеўласніка Магілёўскай губерні, ад яго жонкі графіні Кунегунды Плятэр[5]. Сям’я дзяцей не мела, бо Казіміра Галынская фізіялагічна не магла мець дзяцей. Сваю жонку Іпаліт называў «карэннай беларускай» (тапанімічна), бо яе род быў з ліку карэнных у Мсціслаўскім ваяводстве ВКЛ і Магілёўскай губерні Расійскай імперыі[5].

Аб сваёй уласнай генеалогіі Іпаліт казаў, што дакладна ведаў сваё паходжанне толькі ад Дамініка Корвін-Мілеўскага, шляхціца сярэдзіны XVIII ст. са Случчыны (Наваградскае ваяводства), чые продкі, верагодна, прыехалі на службу да князёў Радзівілаў з Польскага Каралеўства[6]. А пра паходжанне сваёй маці пісаў, што вядзецца яе род ад Самуэля Ланеўскага-Ваўка, шляхціца-кальвініста XVIII ст. з Віцебскага ваяводства[6].

 
Магіла Веранікі Ігнатаўны Корвін-Мілеўскай (з роду Воўк-Ланеўскіх) на могілках Роса ў Вільні. Надгробак быў прафінансаваны яе дзецьмі

Адукацыя

правіць

У дзяцінстве з 1856 г. быў у Парыжы і за бацькоўскія грошы з 1857 г. выхоўваўся ў Парыжы ў прыватным пансіёне, таму цудоўна ведаў французскую мову[7]. Бацькі адправілі яго ў Парыж, каб паправіць здароўе і схаваць ад расійскіх улад, бо на радзіме разгортваўся пераслед многіх нелаяльных каталіцкіх дваран. Пазней у мемуарах адзначыў, што намер бацькоў адправіць яго выхоўвацца ў французскім пасіёне быў шкодным, бо не дазволіў Іпаліту з дзяцінства завоіць мясцовыя звычкі і ўяўленні, а навязаў французскія. Прызнаваў, што французскае выхаванне часта не дазваляла атрымаць паразуменне з мясцовымі каталіцкімі дваранамі Літвы і Беларусі і прыводзіла да краху многіх яго палітычных намераў. Лічыў, што адпраўляць дзяцей вучыцца за мяжу трэба толькі ў студэнцкую пару (у 18-20 гадоў), а першае выхаванне і адукацыю дзеці павінны атрымліваць у сваёй краіне, каб сфармаваць псіхіку асобы дома[8].

Скончыў Дэрпцкі універсітэт (1868) і меў французскую ступень доктара права. Зрабіў падарожжа ў Афрыку (Туніс, Алжыр, Егіпет і інш.), што было модным сярод дваран у тыя часы ў мэтах адукацыі і пашырэння кругагляду[9]. Добра валодаў (акрамя роднай польскай мовы) таксама рускай, беларускай і літоўскай мовамі.

Дзяржаўная і гаспадарчая дзейнасць

правіць
 
Палац графа Іпаліта Корвін-Мілеўскага ў маёнтку Лаздуны, фота паміж 1925—1939 гг.

Служыў у Касацыйнай палаце Сената Расійскай імерыі.

З 1877 г. жыў у родавым маёнтку Лаздуны (вёскі Лаздуны і Лугомічы) у Ашмянскім павеце (Віленская губерня), які атрымаў ад бацькі і за кароткі час ператварыў ва ўзорную гаспадарку. У маёнтку Лаздуны меўся прыкметны сядзібна-паркавы ансамбль. Быў здольным аграномам і членам Рады Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі. Як прадстаўнік кансерватыўна настроеных каталіцкіх землеўладальнікаў Беларусі і Літвы, падтрымліваў т.зв. лаялісцкі, «згодніцкі» («ugodowy») кірунак у мясцовым грамадскім руху літоўска-беларускіх губерняў.

Заснаваў у Вільні газету «Kurier Litewski» («Літоўскі кур’ер») і быў яе ўласнікам з 1.9.1905 да 1.12.1905 г. Належаў да ліберальна-кансерватыўнага кірунка «краёўцаў». Падтрымліваў ідэю канстытуцыйнага абмежавання расійскага самаўладдзя, выступаў за пашырэнне правоў прадстаўнічых органаў улады, за ўвядзенне земстваў на Беларусі і Літве. Падкрэсліваў адметнасць інтарэсаў мясцовых, «краёвых палякаў», быў адным з кіраўнікоў краёўцаў ліберальна-кансерватыўнага кірунку.

У 1906 г. абраны дэпутатам (1906—1909) ад Віленскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі, уваходзіў у склад дэпутацкай групоўкі «Кола Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі і ў т.зв. «цэнтр», аднак па пытаннях адносін да рэвалюцыйнага руху, радыкальнай аграрнай рэформы, усеагульнага выбарчага права і інш. салідарызаваўся з «правымі».

 
Дэпутаты «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі ў 1906—1909 гг. (Іпаліт Корвін-Мілеўскі сядзіць трэцім справа, Эдвард Вайніловіч — чацвёртым справа). Фота раней 1909 г.

Удзельнічаў 17-18 чэрвеня (1-2 ліпеня) 1907 у Вільні на з’ездзе землеўладальнікаў шасці «паўночна-заходніх» (беларуска-літоўскіх) губерняў, які прыняў рашэнне пра стварэнне «Краёвай партыі Літвы і Беларусі» і зацвердзіў праграму новай партыі. Як член гэтай партыі быў адным з трох прадстаўнікоў фракцыі гэтай партыі ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі.

У 1909 г. паўторна абраны дэпутатам (1909—1910) ад Віленскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі на новы тэрмін, уваходзіў у склад дэпутацкай групоўкі «Кола Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі і ў т.зв. групу «цэнтру». У 1910 г. у знак пратэсту супраць палітычнага курсу Пятра Сталыпіна пакінуў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі.

Разам з братам аказваў фінансавую падтрымку аднаўленню Польскага тэатра ў Вільні (на Пагулянцы). З 1911 г. замест ідэй «краёвасці» пачаў падтрымліваць ідэі Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі («эндэцыі») і лічыў неабходным пашырэнне польскай мовы і культуры сярод беларусаў для прылучэння да каштоўнасцей «заходняй цывілізацыі». Выказваўся ў прэсе ў 1913 г., што беларускамоўная газета «Наша Ніва» фінансуецца расійскім урадам і таму яе дзейнасць мае на мэце русіфікацыю літоўска-беларускіх губерняў, за што быў крытыкаваны Янкам Купалам[10].

У 1915 г. выехаў у Парыж. На старонках французскага друку выступаў з ідэяй федэрацыі Польшчы і літоўска-беларускага края. У 1918 г. адмовіўся ад ідэй Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі («эндэцыі») і стаў прыхільнікам ідэй групоўкі т.зв. «віленскіх кансерватараў», а ў 1919 г. стаў аўтарам афіцыйнага мемарыялу «віленскіх кансерватараў» аб дзяржаўнай уніі (федэрацыі) Польшчы і літоўска-беларускага края. Аб сваім мемарыяле, паданым Юзафу Пілсудскаму, пазней напісаў у мемуарах: «Як аказалася з тэксту Рыжскага дагавора, ніводнага ўплыву на лёсы справы не аказаў»[11].

З 1919 г. знаходзіўся ў родавым маёнтку Лаздуны, які як і тэрыторыя Заходняй Беларусі, паводле рашэння Рыжскага мірнага дагавора (1921) быў у складзе міжваеннай Польшчы. Рэзка крытыкаваў вынікі Рыжскага мірнага дагавора, хоць за Мілеўскім захаваліся ўсе яго маёнткі. Адышоў ад палітыкі ў 1919 г. і ў дзейнасці «віленскіх кансерватараў» ужо не ўдзельнічаў.

Зноскі

  1. а б Hipolit Korwin-Milewski // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  3. PSB. — T. 21. — S. 206.
  4. Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień… С. 21.
  5. а б Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień… С. 135.
  6. а б Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień… С. 8.
  7. Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień… С. 22, 25.
  8. Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień… С. 354—355.
  9. Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień… С. 350.
  10. Гл. артыкул Янкі Купалы «Як яны ваююць»
  11. Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień… С. 372; Szpoper, D. Sukcesorzy… С. 221.

Літаратура

правіць