Мікалай Маліноўскі
Мікалай Маліноўскі (польск.: Mikołaj Malinowski, літ.: Mikalojus Malinovskis, 17 снежня 1799 — 29 чэрвеня 1865) — гісторык, археограф, выдавец гістарычных крыніц[2][3][4].
Мікалай Маліноўскі | |
---|---|
Mikołaj Malinowski | |
Дата нараджэння | 17 снежня 1799 |
Месца нараджэння | Міхнаўка, Вінніцкая вобласць, Украіна |
Дата смерці | 29 чэрвеня 1865 |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | гісторык, землекарыстанне, літаратар, рэдактар, археолаг, публіцыст, выдавец, рэдактар |
Навуковая сфера | гісторыя, археалогія, публіцыстыка |
Альма-матар | |
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьВучыўся ў гімназіі ў Вінніцы.
Далейшую адукацыю атрымліваў у Віленскім універсітэце, вучань Готфрыда Эрнста Гродэка, Іаахіма Лялевеля і Леана Бароўскага[4]. Уваходзіў у таварыства філарэтаў, быў старшынёй «сіняга» аддзялення Таварыства, прысвечанага даследаванням літаратуры.
Ужо падчас навучання публікаваўся ў «Dziennik Wileński», «Dzieje Dobroczynności Krajowej i Zagranicznej» (у другім часопісе быў рэдактарам у 1823—1824 гадах разам з Л. Рагальскім і А. Э. Адынцом). Некаторы час працаваў у кнігарні Юзафа Завадскага.
З лістапада 1823 года па красавік 1824 года за ўдзел у таемным студэнцкім таварыстве знаходзіўся ў зняволенні пад следствам і судом. Пазбегнуў ссылкі. Дапамагаў Лелявелю ў выданні другога тома «Бібліяграфічных кніг», выдаў пераклад Пятра Каханоўскага «Вызваленага Ерусаліма» Тарквата Таса (1826), дзе змясціў уступ, у якім разбіраў біяграфію аўтара і перакладчыка, а таксама эстэтычныя каштоўнасці пераклада. У наступных рэдактарскіх працах Маліноўскі заўжды змяшчаў свой уступ, часам досыць вялікі па аб’ёму.
З 1826 працаваў у Пецярбургу, вучыўся гісторыі і археаграфіі, працаваў у архіве Польскага аддзела Імператарскай публічнай бібліятэкі, спрабаваў уладкавацца там бібліятэкарам.
З гэтых часоў паходзіць яго дзённік, напісаны на лаціне, які выдаваўся ў перакладзе на польскую мову. У гэтым дзённік апісаны і двухмесячны побыт Адама Міцкевіча ў Пецярбургу, асабліва яго імправізацыі. Апісаныя шмат знакамітых постацей (у тым ліку мастакі Юзаф Аляшкевіч і Аляксандр Арлоўскі).
У 1829 вярнуўся ў Вільню, працаваў у Радзівілаўскай камісіі, спачатку — сакратаром, потым — генеральным пракурор (да 1840). Гэта дала яму доступ ад архіва Радзівілаў, ужо пасля яго смерці быў апублікаваны артыкул «Лёс маёмасці Радзівілаў», так і не была апублікаваная яго праца пра Януша Радзівіла. За дзейнасць у гэтай камісіі атрымаў ад Вінгенштэйнаў у знак удзячнасці фальварак у пажыццёвае карыстанне.
Пасля 1840 напісаў «Гісторыю Ягелонаў у Венгрыі (1439—1526)», але рукапіс гэтай працы загінуў.
Разам з Аляксандрам Пшаздзецкім выдаў два тамы «Крыніц па гісторыі Польшчы» (1843-44), а таксама самастойна выдаў «Хроніку» Мацея Стрыйкоўскага (1846). Таксама выдаў пераклад «Гісторыі Польскай Кароны і Вялікага Княства Літоўскага» Бернарда Вапоўскага (1847-48), спрабаваў таксама выдаць і лацінскамоўны арыгінал працы, але безпаспяхова. У 1851 выдаў лісты папскага нунцыя ў Польшчы Джаванні Францыска Камендоні да кардынала Карла Барамеа («Pamiętniki o dawnej Polsce…»).
У 1857-58 выдаў некалькі прац у выдаваным А. Г. Кіркорам альманаху «Tęka Wileńska».
Разам з Кіркорам у 1858 рэдагаваў том «Запісак Віленскай археалагічнай камісіі». Браў удзел у выданні альбома «В память пребывания Государя Императора Александра II в Вильне 6 и 7 сентября 1858 г.», што выклікала абурэнне польскай патрыятычнай грамадскасці.
З 1859 года Мікалай Маліноўскі з’яўляўся правадзейным членам асабістага складу Музея старажытнасцей Віленскай археалагічнай камісіі[5].
У 1852-60 апублікаваў «Жыцці гнезненскіх архібіскупаў». У 1864 выдаў збор навуковых і дыпламатычных прац Яна Ласкага.
Пасмяротна апублікаваныя ўспаміны (Кракаў, 1907). Найважнейшым укладам у навуку лічыцца выданне гістарычных крыніц — «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага (Вільня, 1846), «Хронікі» Вапоўскага (Вільня, 1847, ва ўласным перакладзе з лаціны на польскую).
Пад канец жыцця страціў зрок, таму апошнюю кнігу ўспамінаў толькі дыктаваў (выдадзена пасмяротна, 1907, у перакладзе на беларускую мову — у 2014)[6].
Сабраў вялікую бібліятэку ў некалькі тысяч тамоў, якую пасля яго смерці набыў Ян Дзялынскі для Курніцкай бібліятэкі, разам са шматлікімі рукапісамі[4].
Творчасць
правіцьПад яго кіраўніцтвам выдадзена шмат каштоўных кніг па польска-літоўска-рускай гісторыі:
- Zrzódła do dziejów polskich Tom 1 (1844) Tom 2 (1844)
- Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiéj Rusi Macieja Stryjkowskiego Tom 1 (1846) Tom 2 (1846)
- Pamiętniki o dawnéj Polsce z czasów Zygmunta Augusta, obejmujące listy Jana Franciszka Commendoni do Karola Boromeusza z Biblioteki Berberiańskiej Tom 1 (1847) Tom 2 (1847)
- Dzieje Korony Polskiéj i Wielkiego Księstwa Litewskiego od roku 1380 do 1535 Tom 1 (1847) Tom 2 (1847) Tom 3 (1848)
- Żywoty arcybiskupów gnieźnieńskich, prymasów Korony Polskiéj i Wielkiego Księstwa Litewskiego, od Wilibalda do Andrzeja Olszowskiego włącznie Tom 1 (1860) Tom 2 (1860) Tom 3 (1860) Tom 4 (1860) Tom 5 (1860)
- Stanisława Laskiego prace naukowe, dyplomatyczne z dodaniem dzieł Jana Tarnowskiego (1864).
Крыніцы
правіць- ↑ а б http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/malinowski-mikolaj/ Праверана 30 жніўня 2022.
- ↑ Маліноўскі Мікалай // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 34. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
- ↑ Маліноўскі Мікалай // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 266. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ а б в Маліноўскі 1995, с. 485.
- ↑ Памятная книга Виленской губернии на 1859 год. — Вильна: Типография Осипа Завадзкого, 1859. — С.52.
- ↑ Маліноўскі Мікалай. Кніга ўспамінаў. — Мінск: Лімарыус, 2014.
Літаратура
правіць- Маліноўскі Мікалай // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: X-XIX стагоддзі: Энцыклапедычны даведнік / Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Беларуская энцыклапедыя, 1995. — С. 485.