Таварыства філарэтаў

Таварыства філарэтаў (філарэт ад грэч. philaretos — аматар дабрачыннасці) — тайная суполка, канспіратыўнае таварыства студэнцкай моладзі ў Вільні ў 1820—1823 гадах.

Утварылася на пачатку 1820-х гадоў у Вышэйшым піярскім вучылішчы ў Полацку. Заснавальнікі — выкладчыкі вучылішча, былыя студэнты Віленскага ўніверсітэта Брадовіч і Львовіч.

Найбольш буйное маладзёжнае аб’яднанне ў складзе філаматаў (215 чалавек у жніўні 1822 года). Прэзідэнт — Томаш Зан.

Мэты аб’яднання — раскрыццё сапраўднага прызначэння навуковай дзейнасці, барацьба з адсталымі поглядамі ў розных слаях грамадства, фарміраванне школы паўнацэннага духоўнага выхавання моладзі. Паводзіны ўдзельнікаў таварыства рэгуляваліся 15 правіламі, напісанымі Юзафам Яжоўскім для таварыства прамяністых.

Паводле Статута філарэты падзяляліся на 4 групы: фізіка-матэматычную, маральную, літаратурную і медыцынскую. Кожная група аб’ядноўвала каля 20 чалавек, для астатніх ствараліся гурткі — ружовы, зялёны, малінавы, белы, блакітны, сіні. Навуковая дзейнасць філарэтаў заключалася ў перакладах, напісанні ўласных твораў, перапісцы тайнага зместу з сябрамі.

У 1823 годзе таварыства філарэтаў раскрыта ўладамі, члены падвергліся ганенням.

У 2006 годзе Міхась Карпук напісаў карціну «Ля каменя філарэтаў»[1].

Крыніцы

правіць
  1. Адраджэнцы Беларусі | Змагары за Адраджэнне. adradjency.narod.ru. Праверана 14 красавіка 2024.

Літаратура

правіць