Таварыства прамяністых
«Прамяністыя» (таксама Таварыства сяброў карыснай забавы) — легальная патрыятычная арганізацыя студэнтаў Віленскага ўніверсітэта ў красавіку — чэрвені 1820 г. Заснавана Тамашам Занам (Архіпрамяністы, Архі). Аб'ядноўвала моладзь Беларусі, Літвы і Польшчы. Кіраўніцтва ажыццяўлялі філаматы. Структура арганізацыі распрацавана Ануфрыем Петрашкевічам. Статут «Пятнаццаць правілаў паводзін для моладзі, якая належаць Таварыству сяброў карыснай забавы» складзены Юзафам Яжоўскім і зацверджаны 3 чэрвеня 1820 г. рэктарам універсітэта Ш. Малеўскім.
Паводле статута мэтай «Прамяністых» было далучэнне моладзі да навукі, добрыя паводзіны, падтрымка роднай мовы, літаратуры, гісторыі і г. д. Колькасць «Прамяністых» дасягала 200—300 чалавек (каля 33% віленскіх студэнтаў). Хуткі рост колькасці арганізацыі выклікаў у кансерватыўных колах рэакцыйнай часткі прафесуры ўніверсітэта і святароў нараканні, якія прывялі да забароны таварыства. Пасля першага следства па справе «Прамяністых» у 1822 г. быў вынесены вердыкт, што гэта тайнае таварыства, а не дазволенае рэктарам.