Тамаш Зан (паэт)

(Пасля перасылкі з Тамаш Зан)

Тамаш Зан (польск.: Tomasz Zan; 21 снежня 1796, фальварак Халецкаўшчына побач Аляхновічаў, цяпер у складзе Старынак Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці — 19 ліпеня 1855, фальварак Кахачын за 39 км ад Оршы, Сенненскі павет, Магілёўская губерня, Расійская імперыя) — удзельнік вызвольнага руху, даследнік прыроды, літаратар[3], музеязнавец, геолаг, даследнік прыроды Урала. Адзін са стваральнікаў таварыства філаматаў, стваральнік таварыства прамяністых, рэарганізаванага пазней у таварыства філарэтаў; сябра Адама Міцкевіча і Яна Чачота. Кіраўнік першых рэвалюцыйных арганізацый на Беларусі і Літве[4]. Адыграў значную ролю ў развіцці новага літаратурнага кірунку — рэвалюцыйнага рамантызму[5]. Першым з кола віленскіх паэтаў прызнаў беларускую народную творчасць за адзін з найгалоўнейшых раздзелаў сваёй паэтычнай праграмы[6].

Тамаш Зан
польск.: Tomasz Zan
Валенці Ваньковіч. Партрэт Тамаша Зана. 1837
Валенці Ваньковіч. Партрэт Тамаша Зана. 1837
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 21 снежня 1796(1796-12-21)[1][2]
Месца нараджэння Халецкаўшчына, Вілейскі павет Мінская губерня, Расійская імперыя
Дата смерці 19 ліпеня 1855(1855-07-19)[1][2] (58 гадоў)
Месца смерці маёнтак Кахачын, Сенненскі павет, Магілёўская губерня, Расійская імперыя
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Караль Зан[d]
Маці Кацярына Зан з Дылеўскіх[d]
Жонка Брыгіда са Свентарэцкіх
Дзеці Віктарын (1848), Абдон (1849), Клемент (1852), Станіслаў (1854)
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці
паэт, драматург, геолаг, даследнік прыроды, музеязнавец
Кірунак рамантызм
Жанр элегія, балада, трыялет, паэма
Мова твораў польская
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Біяграфія

правіць

Паходжанне

правіць
 
Тамаш Зан у маладыя гады

Паводле запісу ў метрычнай кнізе Краснасельскага рымска-каталіцкага касцёла, Тамаш Зан першапачаткова ахрышчаны 12 (23) снежня 1796 года краснасельскім уніяцкім святаром. 26 студзеня 1798 года ў Краснасельскім рымска-каталіцкім касцёле адбылося мірапамазанне Тамаша Зана разам з хрышчэннем яго брата Ігната[7].

У большасці публікацый месцам яго нараджэння памылкова даецца фальварак Мясата паблізу мястэчка Краснае Вілейскага павета (цяпер вёска Краснае Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці)[3].

У сям’і Караля Зана акрамя Тамаша былі і іншыя дзеці — Вінцэнт (1795), Ігнат (1798), Стэфан (1802), Антоні-Банавентура (1809), Альжбета (1819), Ян (?—1828), Схаластыка, Бенедыкта, Эвеліна.

Продкі Тамаша Зана па матчынай лініі жылі ва Уздзе і былі ўніятамі, якія перайшлі ў праваслаўе[8].

Род Занаў (да пачатку XIX стагоддзя прозвішча вымаўлялася як «Зань») ў XVIII стагоддзі звязаны з Радашковічамі, прадстаўнікі рода запісаны пераважна як мяшчане. 5 ліпеня 1802 года Заны атрымалі пасведчанне чыноўнікаў і шляхты Мінскай губерні пра сваё шляхецкае паходжанне, неабходныя для гэтага дакументы былі імі сфальсіфікаваны[9].

Сям’я Занаў у канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў не мела нерухомасці і неаднаразова мяняла месца жыхарства. У дакументах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Караль Зан і яго брат Антоній у 1795 годзе згадваюцца як арандатары фальварка Селішча ў Вілейскім павеце, а ў 1816 годзе яны мелі ў застаўным уладанні фальварак Выверы таксама ў Вілейскім павеце. Пачынаючы з 1832 года, бацька Тамаша Зана Караль Зан жыў у фальварку Запалякі Вілейскага павета, атрыманым ў выніку эксдывізіі маёнткаў князёў Агінскіх[7].

Маленства

правіць

Нараджэнне Тамаша Зана авеяна рознымі легендамі. У першай біяграфіі Зана (1863), заснаванай у тым ліку на «нататках» яго ўдавы, Брыгіды Свентарэцкай, апісваецца гісторыя, што Караль Зан быў выпраўлены паслом ад Радашковіч на сойм у Варшаву, але паколькі сталіца ўжо была захоплена расійскімі войскамі, то ён змушаны быў шукаць прытулку ў Караляўцы. У той час яго брат Антоні быццам страціў дакументы на радавы маёнтак Халецкаўшчыну, таму маці змушаная была нарадзіць Тамаша ў карчме ў Мясаце, і пасля таго хавалася ад казакоў у лесе[8].

У больш позніх польскіх біяграфіях гэтыя драматычныя акалічнасці былі апушчаныя (відаць, у сілу шматлікіх нестыковах, асабліва храналагічных), але запазычаным з гэтага расповяду засталося месца нараджэння Тамаша Зана — Мясата.

Але ў публікацыях Кастуся Цвіркі гэта гісторыя набыла новае жыццё, Караль Зан з простага пасла пераўтварыўся ўжо ў паўстанца, які «ідзе ў шэрагі барацьбітоў пад сцягі Касцюшкі»[10]. Абедзве версіі (ні пра пасла, ні пра паўстанца) на дадзены момант не маюць дакументальнага пацверджання.

Надалей, паводле біяграфіі Чэрніцкага Караль уладкоўваецца аканомам у адстаўнога палкоўніка польскіх войскаў Трэмбіцкага ў недалёкім маёнтку Вязынь, дзе праходзіць маленства будучага паэта і першыя ўрокі граматы ў дзяка Аляшкевіча. Неўзабаве маці адвозіць юнага Тамаша да сваіх бацькоў у мястэчка Узду, дзе ўладкоўвае ў парафіяльную школу, аднак пасля смерці свайго дзеда разам з бабуляй зноў вяртаецца ў Вязынь. Цяпер ён працягвае вучобу ў гувернёра Калантая ў суседняй Слабадзе (вучыцца разам з дзецьмі нейкіх Мікуліцкіх). Праз некалькі месяцаў, у 1807 годзе, разам з малодшым братам Ігнатам пасланы ў Мінскую гімназію[8].

Мінская гімназія: 1805—1812

правіць
 
Тамаш Зан у маладыя гады. Малюнак Яна Рустэма. За своеасабліую форму ілба паэта жартаўліва называлі «Трохкутным»[10]

Гімназістам Тамаш належаў да ліку найбольш здольных вучняў. Актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх сходах і забавах[11]. Будынак тагачаснай Мінскай гімназіі знаходзіўся на Высокім рынку, які з XVII ст. быў адміністрацыйным, гандлёвым і культурным цэнтрам Мінска. Асобныя вобразы з тагачаснага жыцця горада запомніліся юнаму Тамашу асабліва:

  Яўрэйка з абаранкам, немец з грэчаскімі піражкамі, званар-езуіт, вар'ят Янка, смаргонскія мядзведзі, гукі царкоўнага звона, сад Карнеева, Залатая Горка, Кальварыя, архірэй Пацёмкін — вакол усяго гэтага і круціліся думкі мінскіх дзяцей да 1812 года. Нянавісці і розніцы між нацыямі не ведалі... З тае грубае і дзікае мовы маскалёў, бо мінскім сялянскім прастамоўем ахвотна карысталіся студэнты, прыжылося башкірскае «гайда»[12]  

Найбліжэйшымі сябрамі Тамаша Зана ў Мінскай гімназіі былі браты Верашчакі з Наваградчыны — Міхал і Юзаф. Асабліва моцна ён пасябрыўся з Міхалам, дзякуючы якому Тамаш пазнаёміўся з яго сястрой Марыляй Верашчакай — будучай каханай Адама Міцкевіча, які, у сваю чаргу, пазнаёміўся з ёю не без пасярэдніцтва Зана[11].

Далейшай вучобе ў Мінскай гімназіі перашкодзіла хвароба Тамаша, таму бацькі вырашылі забраць яго разам з братам Ігнасем дамоў у фальварак Выверы, які яго бацькі ўзялі ў арэнду[13]. Тут прайшлі самыя яркія юнацкія гады Тамаша. Выверы былі паблізу Маладзечна, таму па выздараўленні Тамаша бацькі паслалі яго разам з малодшым Ігнасем і Стэфанам давучвацца ў Маладзечанскую павятовую школу, якую толькі што перавялі з Бабруйска[13]. У найманай маладзечанскай кватэры разам з братамі пасялілася і бабка Далеўская.

Маладзечанскі перыяд

правіць
 
Тамаш Зан у полацкім дамініканскім касцёле.

Звесткі пра маладзечанскі перыяд жыцця паэта захаваліся збольшага ў дакументах следчай камісіі працэсу над філаматамі.

Напрыклад, абвінавачанне ў «непажадным кірунку думак» абгрунтоўвалася тым, што Тамаш «яшчэ з дзяцінства, з павятовай маладзечанскай школы зневажаў урад і пісаў недабранадзейныя вершы, а таксама стварыў там нейкае таварыства»[11]. Пад згаданым таварыствам мелі на ўвазе вайсковую гульню, што вымагала хлапчукоў дзяліцца на дзве «арміі»: расійскую — армію Марса, які ўвасабляў грубую сілу, і польскую — армію Апалона, бога любові. На чале арміі Апалона часта быў Тамаш Зан, які меў павагу паплечнікаў за «мінскую вучонасць»[11]. Да справы таксама быў далучаны верш, напісаны Занам у 1815 годзе пад назваю «Марш для студэнтаў, апалонавага войска», дзе быў просты заклік да падрыхтоўкі вайны супраць «маскаля», і няскончаная камедыя «Сталасць у сяброўстве», таксама скіраваная супраць расійскага самадзяржаўя.

«Маладзечанскія» творы Тамаша Зана не захаваліся, адзінае сведчанне пра іх — рапарт сенатара Мікалая Навасільцава вялікаму князю Канстанціну ў маі 1824 года, які потым апублікаваў Фёдар Вяржбоўскі ў брашуры «К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодёжи» (Варшава, 1898)[13].

Віленскі ўніверсітэт: 1815—1820

правіць
 
Дзядзінец Віленскага ўніверсітэта і Царква святога Яна, дзе ў 1815—1820 гадах вучыўся Тамаш Зан

У 1815 годзе Тамаш Зан за ўласны кошт паступае на фізіка-матэматычны фалькутэт Віленскага ўніверсітэта, дзе падчас уступных іспытаў пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам. Акрамя асноўнага курса лекцый на факультэце ён меў магчымасць дадаткова вывучаць гісторыю, статыстыку, польскую, лацінскую, французскую і нямецкую літаратуры. Каб мець сродкі на жыццё, працуе гувернёрам. На другі год навучання пераводзіцца на літаратурны факультэт.

Т. Зан становіцца тут членам патрыятычнага таварыства шубраўцаў; прымаецца ў масонскую ложу[14].

Ужо ў першы год навучання ён ўступае ў Таварыства шасці, у якое ўваходзілі студэнты-мінчукі[13]. У 1817 годзе Тамаш Зан становіцца адным з заснавальнікаў Таварыства філаматаў, у 1820 — стварае Таварыства прамяністых, рэарганізаванае пазней у Таварыства філарэтаў. Згодна з назвай «тэорыі прамянёў», ад кожнага добразычлівага чалавека сыходзяць прамяні, якія жыватворна ўздзейнічаюць на тых, хто яго абкружае[14]. Таварыства прамяністых за кароткі час сабрала 200 сяброў і складалася ў пераважнай большасці з беларускай моладзі[15].

У 1823 годзе арыштоўваецца царскімі ўладамі[16]. Захаваліся дакументы аб выдачы Зану дыплома магістэрскай ступені па філасофіі, які ён не паспеў атрымаць праз арышт[5]. У часе следства 1823—1824 гг. усю віну за стварэнне і дзейнасць згуртаванняў моладзі бярэ на сваю адказнасць[13], дзякуючы чаму астатніх арыштаваных, у ліку якіх знаходзіліся Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ігнат Дамейка і слабы здароўем Юзаф Яжоўскі выслалі ўглыб Расіі, а не зняволілі ў цытадэлі[17]. Адам Міцкевіч пазней увасобіў сумленнасць і таварыскасць  (руск.) Тамаша ў III частцы «Дзядоў». На адным з допытаў Зан выказаўся: «Мы не стваралі часу — час ствараў нас»[15].

За некалькі дзён да высылкі Зана ў кляштарныя муры дазволілі наведацца тым, хто хацеў з ім развітацца. Філарэт Ота Слізень прыгадвае ў сваіх нататках, што «дзверы ў камеры Зана ў кляштары ўсе гэтыя дні амаль не зачыняліся» і калі ён туды ўвайшоў:

  …у камэры было ўжо некалькі філарэтаў, сярод іх — Міцкевіч, Адынец, Пясецкі, Фрэенд, два Тамашовы браты, Чачот, Сузін і хтосьці яшчэ… Усіх я знайшоў моцна расчуленымі, бо якраз у гэтую хвіліну Чачот пад акампанемент гітары Тамаша спяваў толькі што складзеную ім песню на народнай гаворцы, песню жаласную, развітальную, якая сваёй мелодыяй і зместам выклікала ўсеагульны плач…[18]  

Пра гэтае развітанне таксама расказвае Антоні Эдвард Адынец:

  Было нас некалькі дзясяткаў вечарам у камеры Тамаша Зана, куды неўзабаве зайшлі Сузін і Чачот. Апошні заспяваў пад гітару толькі што складзеную ім песню на народнай гаворцы:
Да лятуць, лятуць да дзікіе гусі,
Да нас павязуць до далёкое Русі…

Далей у песні расказвалася пра гусей, якія адлятаюць на поўдзень, у той час як асуджаных павязуць на поўнач, і хто ведае ці вярнуцца яны калі-небудзь назад. І так глыбока ўзрушыла ўсіх гэтая песня, што яна выклікала агульны плач, а спявак стаў аб’ектам абдымкаў[18].
 

Высылка ў Арэнбург: 1824—1837

правіць

За арганізацыю падпольных таварыстваў Тамаша Зана ў кастрычніку 1824 года высылаюць праз Мінск і Маскву ў Арэнбургскую фартэцыю, адкуль яго вызваляюць 22 лістапада 1825 года. Пасля вызвалення з турмы Зан працаваў хатнім настаўнікам, шмат чытаў, перакладаў біяграфію Калумба аўтарства Вашынгтона Ірвінга.

У высылцы Тамаш Зан сустракае ў 1829 годзе вядомага нямецкага навукоўца-прыродазнаўца Аляксандра Гумбальта, які прыязджаў на Урал для навуковай экспедыцыі. Пад яго ўздзеяннем паэт захапляецца вывучэннем геалогіі і батанікі[13]. У высылцы Тамаш Зан сустракаўся з многімі даследнікамі, якія прыязджалі вывучаць прыроду Прыўралля — батанікам з Дэрпта Эдуардам Аляксандравічам Эверсманам  (руск.), яго землякамі геолагамі Рыгорам Пятровічам Гельмерсенам і Эрнстам Гофманам  (руск.), хімікам Карлам Гёбелем  (руск.), астраномам Васілём Фёдаравічам Фёдаравым  (руск.), прафесарам Хрыстафорам Ханстэнам  (руск.), лейтэнантам Дуэ з Нарвегіі і іншымі[19].

У арэнбургскай ссылцы паэт таксама пазнаёміўся з Рыгорам Сілычам Карэліным  (руск.) — прадзедам паэта Аляксандра Блока[20]. Меў сустрэчы з сасланым кампазітарам Аляксандрам Аляксандравічам Аляб’евым  (руск.), удзельнікам вайны 1812 года, сябрам Дзяніса Давыдава  (руск.) і Аляксандра Грыбаедава, аўтарам славутых вакальных твораў «Салавей», «Вечаровы звон  (руск.)», «Доўгая дарога»[21].

У 1830 годзе арэнбургскім ваенным губернатарам Паўлам Сухцеленам быў залічаны ў арэнбургскую памежную камісію, а ў 1831 годзе прызначаны заснавальнікам музея пры Няплюеўскім ваенным вучылішчы (зараз — Арэнбургскі губернскі гісторыка-краязнаўчы музей)[22]. Падставай для таго прызначэння паслужыла падрыхтаваная ў 1830 Занам запіска «Аб мэтах і сродках утрымання меркаванага музуэма ў Арэнбургу», дзе аўтар насамрэч прапаноўвае дзяржаўную праграму музейнай справы, якая прадугледжвае і стварэнне Нацыянальнага музея[23].

У 1831 годзе ў англійскім часопісе «Рэвю брытанік», выдаваным на французскай мове, быў змешчаны артыкул «Палітычная гісторыя Літвы» з аповедам падзей 1817—1823 гг. у Віленскім універсітэце з падрабязным асвятленнем лёсаў іх удзельнікаў, у тым ліку і «найпрамяністага» Тамаша Зана[24].

Плённая праца па стварэнню музея і навуковыя доследы былі адзначаны расійскімі ўладамі, 15 снежня 1832 расійскі імператар Мікалай I па прашэнні арэнбургскага губернатара П. Сухцелена прызначыў Т. Зану статус чыноўніка XIV ранга, што фактычна азначала дараванне ўдзелу ў «справе філаматаў»[22].

Улетку 1833 года знаходзіўся на лячэнні на Сергіеўскіх серных водах каля Самары.

27 кастрычніка 1833 года ўфімскі мяшчанін Андрэй Старыкаў, які ўтрымліваўся ў арэнбургскім турэмным замку, паведаміў каменданту горада генерал-маёру Р. Г. Глазенапу, што тутэйшыя палякі, «засмучаныя няшчасным наступствам польскай рэвалюцыі», задумалі мяцеж. Планаваліся забойствы ваеннага губернатара, каменданта, яшчэ шэрагу ваенных і паліцэйскіх чыноў, захоп Арэнбурга з наступным распаўсюджваннем мецяжу па ўсёй Арэнбургскай лініі. Каб прыцягнуць на свой бок салдат і насельніцтва, змоўшчыкі збіраліся выкарыстоўваць папулярную «канстанцінаўскую легенду»: нібыта цэсарэвіч Канстанцін Паўлавіч жывы, незадаволены ўзурпацыяй трона малодшым братам Мікалаем і ўжо выступіў у паход на чале французскіх войскаў і ў саюзе з прускім каралём. Кіраўнікамі змовы былі названы невядомы француз і трое палякаў: Тамаш Зан і Ян Віткевіч, якія служылі ў Арэнбургскай памежнай камісіі, а таксама унтэр-афіцэр 2-га лінейнага батальёна Віктар Івашкевіч. Падазраваныя былі неадкладна ўзятыя пад арышт, была створана спецыяльная следчая камісія. Аднак на допытах падазраваныя адмаўлялі існаванне змовы, дадатковых доказаў не было выяўлена, і па выніковай рэзалюцыі следчай камісіі Зан быў вызвалены з аднаўленнем на службе[25].

У снежні 1833 года вярнуўся да выканання сваіх абавязкаў.

З 18 ліпеня па 5 снежня 1834 года праводзіў геагнастычныя даследаванні кіргізскага стэпу, у выніку якіх ён выявіў у наносах рэк Адырлы, Таўкарагайлы-Аят, Сарымсаклы і іншых дзесяць золатаўтрымальных прыіскаў, а таксама паклады меднай руды на поўдні ад Троіцкай крэпасці.

За гэта Тамаш Зан быў прыстаўлены да грашовай узнагароды ў 1500 рублёў і быў узведзены ў X клас паводле «Табелю аб рангах»[26] (атрымаў чын калежскага сакратара).

Падарожнічаў па Башкірыі, пабываў у Екацярынбургу (пісаў пра цяжкія ўмовы работы ў Саймонаўскіх капальнях золата і малахіту). Цікавіўся фальклорнымі традыцыямі башкіраў. Адным з першых вывучаў народную паэзію і норавы казахаў, татар, башкір і пакінуў запіс адной цюрскай песні[27]. Пад уражаннем сваіх падарожжаў па Прыўраллю і аповядаў відавочцаў у 1833 годзе выказаў намер напісаць трылогію пра гэты край у часе Пугачоўскага паўстання  (руск.), аднак планаванага не здзейсніў.

У высылцы Тамаш Зан вёў дзённік.

Улічваючы нямалыя заслугі Тамаша Зана ў вывучэнні прыроды Урала і выяўленні пакладаў золата, 3 мая 1837 года, паэту паведамілі, што:

  Государь император всемилостивейше соизволил разрешить Зану оставить, буде пожелает, службу в Оренбургском крае, с правом продолжить оную в других губерниях или возвратиться на родину[28]  

Пасля ад’езду Тамаша Зана створаны ім Арэнбургскі музей перайшоў у рукі былога інспектара Гарадзенскай гімназіі Міхаіла Фадзеевіча Зялёнкі, які за ўдзел у паўстанні знаходзіўся ў ссылцы ў Арэнбургу[26].

Санкт-Пецярбург: 1837—1841

правіць
 
Тамаш Зан у сталым веку. Паводле малюнка Ю. І. Крашэўскага

У кастрычніку 1837 года Тамаш прыязджае ў Санкт-Пецярбург, дзе ён, уладкаваўшыся бібліятэкарам у Горным інстытуце, заняўся выданнем «Геагнастычных назіранняў» — вынікам сямігадовых даследаванняў прыродных багаццяў Урала агульным аб’ёмам у сто друкаваных аркушаў. Аднак апублікаваць кнігу Зану не ўдалося, а месцазнаходжанне гэтага рукапісу невядома дагэтуль[11]. Таксама склаў карту Прыўральскага краю[29]. У 1839 годзе здае экзамены на атрыманне кваліфікацыі горнага інжынера. Двойчы запрашаецца для выступлення з дакладамі ў Імператарскае Рускае геаграфічнае таварыства[30].

Неўзабаве пасля прыезду Тамаша выклікаюць у канцылярыю III аддзялення імператарскага ведамства. Даведаўшыся аб яго ўдзеле ў арэнбургскай змове 1833 года, яго вырашаюць вярнуць назад у Арэнбург у суправаджэнні жандара[13]. На дапамогу паэту прыходзяць яго віленскія сябры, аселыя ў Пецярбургу, і найперш Францішак Малеўскі. Аднак справа аб удзеле ў планаваным бунце даходзіць да самога шэфа жандараў, галоўнага начальніка III аддзялення графа Бенкендорфа[11]. У гэты момант за Тамаша Зана заступаецца арэнбургскі генерал-губернатар Васіль Аляксеевіч Пятроўскі, які высока цаніў высыльнага за яго геалагічныя адкрыцці і шырыню ведаў[13][31].

Вяртанне

правіць

Пасля сямнаццацігадовай высылкі ў 1841 годзе Тамаш Зан вяртаецца на радзіму. Пасля Горадні і Вільні некаторы час разам з Янам Чачотам жыў у Далматаўшчыне каля Карэліч, у маёнтку філамата Антонія Вяржбоўскага[31]. Працаваў у Віленскім корпусе горных інжынераў, а праз чатыры гады — інспектарам дзяржаўных маёнткаў на Аршаншчыне і з 1844 года на Лепельшчыне. Тут сышоўся з сям’ёй Кусцінскіх. Міхаіл Кусцінскі, студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта, а пазней вядомы археолаг, успамінаў, што Зан быў душой кожнага таварыскага сходу. Сачыняў музыку, песні, у тым ліку і на словы Я. Чачота[32]. У 1845 годзе выходзіць у адстаўку[30].

Як адзначае Тамашовы паплечнік і блізкі сябра Ігнат Дамейка: «Тамаш Зан прыехаў здаровы і вясёлы, як і раней — сардэчны, разумны. Здавалася, ён збярог у сабе ўсю маладую сілу і кемлівасць». Але праз некалькі месяцаў Зан захварэў: «гэта быў пачатак вар’яцтва, якое прыйшло не адразу, нягледзячы на лекі, што даваў яму брат»[32].

Па вяртанні паэта адразу акружаюць сябры і асабліва Марыля Путкамер, якая забірае яго да сябе ў маёнтак Бальценікі, дзе Тамаша кранае Марыліна дачка Зося, якая спявае яму, граючы на фартэпіяна, песні Яна Чачота[13]. Разам з Марыляй і малодшым братам Ігнасем наведвае сям’ю Бялінскіх у Янушах, Марыліных братоў Юзафа ў Смольчыцах і Міхала ў Дварцы, дзе яго прымаюць з вялікаю радасцю[13]. Варта адзначыць, што будучы героем міцкевічавых «Дзядоў», Тамаш Зан стаў жывой легендай у вачах сваіх сучаснікаў[13].

У вёсцы Аборак на Маладзечаншчыне ў сям’і добрых знаёмых Дэдэркаў Тамаш Зан сустракае маладую Брыгіду Свентарэцкую з недалёкай Маліноўшчыны, якая зачытвалася рамантычнаю літаратурай і захаплялася творчасцю свайго сучасніка Адама Міцкевіча. Неўзабаве Брыгіда захалася ў Тамаша і той адказаў узаемнасцю. Пазней у лісце Марылі Путкамер ён прызнаваўся:

  Я ўбачыў у ёй самую Літву, якая вітае свайго сына з выгнання, убачыў у ёй анёла, які нагадвае мне маю маладосць, боства, якое прадракае мне шчаслівую будучыню[33]  
 
Брыгіда Зан (народжаная Свентарэцкая) з сынамі. Сядзіць — Абдон, стаяць (злева направа) — гувернёр, Віктарын і Клемент.
 
Магіла Тамаша Зана на акварэлі Н. Орды, 2-я пал. XIX стагоддзя

29 кастрычніка 1846 года ў мястэчку Лебедзева пад Маладзечнам яны пабраліся шлюбам[13]. Вяселле было мнагалюднае і апрача радні прыехалі яго найбліжэйшыя сябры Марыля і Ваўжынец Путкамеры, браты Верашчакі — Юзаф і Міхал[13].

Апошнія дзевяць гадоў жыцця вёў актыўную краязнаўчую і літаратурную работу[34]. Нейкі час жыў у Беніцы, займаўся геалагічнымі даследаваннямі і геалагічнай працай. У беніцкіх сваякоў жонкі ў старасвецкім будынку бачыў галерэю і мемарыяльную залу, у якой суткі правёў Напалеон у снежні 1812 года[26]. Пасля Беніцы разам з сям’ёй пераехаў у Аборак, дзе пражыў тры гады. Пад канец жыцця пры дапамозе Марылінага мужа Ваўжынца Путкамера за грошы, атрыманыя як пасаг, Зан набыў маёнтак Кахачын (цяпер в. Какоўчына). У набыцці маёнтку яму таксама дапамог А. Дабравольскі, які паставіў своеасаблівую ўмову: «новаспечаны памешчык» мусіў «аддзякаваць» яго, напісаўшы тут аўтабіяграфію, аднак задума засталася няздзейсненай[32]. Адам Міцкевіч з Парыжа паведамляў ў Чылі Ігнату Дамейку: «У Зана вёсачка ў Беларусі»[35].

Спачатку неспрактыкаванаму ў гаспадарцы паэту маёнтак Кахачын прынёс толькі турботы. У лісце да Кусцінскіх Зан скардзіўся: «За два прайшоўшых гады вычарпаў у мяне гэты маёнтак усе зберажэнні». Пазней Марылі Путкамер ён напіша:

  Вязень над Віліяй, хворы над Нёманам, чыноўнік над Дзвіной, не прытуліла мяне сяброўства на Літве, горная справа на Жмудзі, сваяцтва і вучоная сябрына на Чорнай, грамадзянства і набожнасьць над Дняпром і на Белай Русі. Няўжо ж, пакуль жыву, буду вечным выгнаннікам і пілігрымам?[36]  

Толькі праз некалькі гадоў, калі Заны пабудавалі дом, займелі гаспадарку, жыццё пайшло належным парадкам. У Тамаша і Брыгіды Занаў нарадзіліся чатыры сыны: Віктарын (1848), Абдон (1849), Клемент (1852) і Станіслаў (1854)[37].

Памёр тут жа 7 ліпеня 1855 года ад менінгіту. Пахаваны на каталіцкіх могілках у мястэчку Смаляны. Жонка Брыгіда памерла 23 жніўня 1900 года ва ўзросце 81 года. Яе пахавалі побач з мужам[38]. У эпітафіі на мемарыяльнай пліце, усталяванай кс. Уладзіславам Любамірскім, што ляжыць перад помнікамі, гаворыцца:

  Мілы Богу і людзям Тамаш Зан, памяць пра якога блаславенна. Жыў шэсьцьдзесят гадоў. Памёр 7 ліпеня 1855 года ў Кахачыне. Са Свентаржэцкіх Брыгіда Зан пахаваная побач з сваім мужам 23 жніўня 1900 года ва ўзросце 81 год. Сын іх немаўля Стась памёр у 1854 годзе.  

Постаць

правіць

Блізкі сябра Тамаша Зана Ігнат Дамейка наступным чынам апісваў знешнасць свайго таварыша:

  Быў Тамаш Зан... чалавекам з шырокімі схільнасцямі: грунтоўна ведаў прыродазнаўчыя і эксперыментальныя навукі, слыў добрым матэматыкам і паэтам, ведаў літаратуру і нашу гісторыю, старажытныя мовы; быў вялікім аматарам мастацтваў, у першую чаргу музыкі, якую добра ведаў; выдатна спяваў. Сярэдняга росту, смуглаватага твару, з малымі агністымі вачыма і цёмнымі кучаравымі валасамі, з высокім ілбом, які трохі звужаўся ўверсе. Калі ён спяваў, імправізаваў, тады ад яго, казалі, ад чала і вачэй нібы сыходзіла праменне, якім проста паланяў сэрцы ўсіх, хто яго слухаў. Нездарма Зан атрымаў ганаровую мянушку «архіпрамяністы»[14]  

Творчая спадчына

правіць

З 1816 года пісаў элегіі, балады, трыялеты, паэмы, сатырычныя творы, сярод якіх найбольш вядомая іраікамічная паэма «Смерць табакеркі» («Zgon tabakiery»).

Тамаш Зан таксама аўтар заснаваных на беларускім фальклоры паэтычных твораў на польскай мове. У камедыі «Грэчаскія піражкі» (1817, пастаўлена ў Арэнбургу 11 лютага 1830[39]) выкарыстаў беларускі фальклор, у паэме «Табакерка» (1818) апісаў беларускае вяселле, свята Купалле, звычаі і абрады беларусаў. Ім напісаны балады і паэмы «Цыганка», «Свіцязь-возера» (абедзве 1820), «Твардоўскі», «Бекеш» і лірычныя вершы, у прыватнасці, верш «Мінчук» (1836) і «Сабіраемся з-над Урала на Літву» (1838)[40]. Тамаш Зан адыграў значную ролю ў развіцці новага літаратурнага кірунку — рэвалюцыйнага рамантызму[5].

Ва ўральскім дзённіку «З выгнання» паэт выказаў намер пісаць на беларускай мове, аднак ніводзін з яго беларускіх твораў не захаваўся[3].

У 1833 годзе Тамаш Зан адзначыў у дзённіку, што «напісаў па-руску дзіцячую камедыю „Русалки и леший“, накшталт „Грэчаскіх піражкоў“»[39]. Не вядома ці ставілася яна на сцэне ў Арэнбургу.

  • Tryolety i wiersze miłosne. — Warszawa, 1922;
  • Z wygnania. — Wilno, 1929.
  • Ballady. — Warszawa, 1932.

Беларускія пераклады

правіць
  • Філаматы і філарэты: Зборнік. — Мн., 1998.

Ушанаванне памяці

правіць

Нашчадкі Тамаша Зана

правіць

Унучка Тамаша Зана — польская паэтэса Казімера Ілаковіч  (руск.), праўнукі — грамадскі дзеяч, аўтар успамінаў і вершаў Алена Станкевіч  (польск.) і польскі ваенны дзеяч Тамаш Зан.

Крыніцы

правіць
  1. а б Deutsche Nationalbibliothek Record #102354931X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 3 мая 2014.
  2. а б Bibliothèque nationale de France Tomasz Zan // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
  3. а б в Кастусь Цвірка. Зан Тамаш // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 404.
  4. 21 снежня — 210 год з дня нараджэння Т. Зана (1796—1855), паэта-рамантыка, даследчыка прыроды, удзельніка вызваленчага руху Архівавана 3 снежня 2016. // Нацыянальная бібліятэка Беларусі
  5. а б в Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл. / Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Барыс Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 434—435. — 671 с.
  6. Станкевіч, С. Тамаш Зан // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 16. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6.
  7. а б Паэт, навуковец, грамадзянін: да 225-годдзя з дня нараджэння Томаша Зана Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.
  8. а б в Czernicki, Gustaw. Żywot i korespondencye Tomasza Zana. Kraków : Drukarnia "Czasu", 1863.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2022. Праверана 19 лютага 2022.
  9. Зміцер Юркевіч. Таямніцы роду Занаў, герба «Ястрабец» // Культура. № 51 (1491) 19.12.2020 — 25.12.2020 г.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 лютага 2022. Праверана 16 лютага 2022.
  10. а б Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі,. — Мн., 1998. — С. 383. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  11. а б в г д е Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі,. — Мн., 1998. — С. 197. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  12. Z filareckiego świata: zbiór wspomnień z lat 1816-1824. Wydae Henryk Mościcki. — Warszawa, 1924. — S. 196.
  13. а б в г д е ё ж з і к л м Цвірка, К. Вечны выгнаннік і пілігрым. Жыццё і творчасць Тамаша Зана. — 1994. — № 2. — С. 17—24.
  14. а б в Лютынскі В. П. Тамаш Зан на Аршаншчыне // Аршанскі краязнаўчы зборнік. — Орша: Аршанская друкарня, 1997. — № 2. — С. 24. — ISBN 985-6133-40-8.
  15. а б Цішук, Г. Архіпрамяністы // Беларусь. — 2003. — № 6. — С. 40.
  16. Зан Тамаш // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
  17. Уладзімір Арлоў. Імёны Свабоды: Тамаш Зан 21.12.1796, в. Мясата (цяпер Маладзечанскі раён) — 19.7.1855, маёнтак Кухачын паблізу Оршы. Пахаваны ў в. Смаляны, Аршанскі раён. Радыё Свабода (4 жніўня 2011).
  18. а б Кастусь Цвірка. Паданне пра філаматаў, або Доля аднаго пакалення // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі,. — Мн., 1998. — С. 19. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор). Архівавана 5 сакавіка 2016.
  19. Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 113. — 303 с.
  20. Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 108. — 303 с.
  21. Цішук, Г. Архіпрамяністы // Беларусь. — 2003. — № 6. — С. 41.
  22. а б Модестов Николай. Магистр философии Фома Карлович Зан в Оренбурге // Труды Оренбургской Ученой Архивной Комиссии. — Вып. XXXV. — Оренбург, 1917.
  23. Гужаловский А. А. Зан Тамаш // Российская музейная энциклопедия: в 2 т. — Москва, 2001. — Т. 1. — С. 15-19.
  24. Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 121. — 303 с.
  25. Шкерин В. А. Ян Виткевич и оренбургский военный губернатор Василий Перовский // Уральский исторический вестник. № 2 (35). Сс. 131—137.[1]
  26. а б в Каханоўскі, Г. «Самае ўдзячнае пачуццё» // Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. — Мн.: Маст. літ., 1984. — С. 61. — 199 с.
  27. Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 126. — 303 с.
  28. Грицкевич, В. От Немана к берегам Тихого океана. — Мн., 1986. — С. 128.
  29. Мароз У. Філамат Тамаш Зан // За брамай забытых мелодый: эсэ, вершы, мініяцюры / Уладзімір Мароз; маст. А. А. глекаў, У. В. Мароз. — Мн.: Маст. літ., 2004. — С. 96. — 254 с.
  30. а б в Зубовіч, С. Ф. Імёны на картах планеты Зямля / С. Ф. Зубовіч // Беларускае Асветніцтва : вопыт тысячагоддзя : матэрыялы II Міжнароднага кангрэса, 17-19 мая 2000 года : [у 3 кн.] / [рэдакцыйная калегія : А. І. Лугоўскі (галоўны рэдактар) і інш.]. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 102—107.
  31. а б Мароз У. Філамат Тамаш Зан // За брамай забытых мелодый: эсэ, вершы, мініяцюры / Уладзімір Мароз; маст. А. А. глекаў, У. В. Мароз. — Мн.: Маст. літ., 2004. — С. 97. — 254 с.
  32. а б в Лютынскі В. П. Тамаш Зан на Аршаншчыне // Аршанскі краязнаўчы зборнік. — Орша: Аршанская друкарня, 1997. — № 2. — С. 25. — ISBN 985-6133-40-8.
  33. Wawrzykowska-Wieciochowa D. Adam i Maryla. — Warszawa, 1990. — С. 214.
  34. Зубовіч, С. Ф. Тамаш Зан — барацьбіт і краязнаўца / Зубовіч С. Ф. // Вілейскі краязнаўчы зборнік / складальнік В. Коласава. Мінск, 2001. С. 54-56.
  35. Цішук, Г. Архіпрамяністы // Беларусь. — 2003. — № 6. — С. 42.
  36. Wawrzykowska-Wieciochowa D.  (польск.). Adam i Maryla. — Warszawa, 1990. — С. 242.
  37. Лютынскі В. П. Тамаш Зан на Аршаншчыне // Аршанскі краязнаўчы зборнік. — Орша: Аршанская друкарня, 1997. — № 2. — С. 26. — ISBN 985-6133-40-8.
  38. Марціновіч А. А. Пакутнік за свабоду — «архіпрамяністы» Тамаш Зан // У часе прасветленыя твары: Гіст. эсэ, нарысы. — Мн.: Полымя, 1999. — С. 307. — ISBN 985-07-0297-4.
  39. а б Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 112—113. — 303 с.
  40. Станкевіч, С. Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 26. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6.

Літаратура

правіць
  • Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
  • Dunajówna M. Dzieciństwo i lata szkolne Tomasza Zana. — Wilno, 1932;
  • Gawalewicz M. Poeta promienisty. — Warszawa, 1911;
  • Калинкович Н. «Дело № 26» // Нёман. 1990, № 4;
  • Кандрацюк Г. Тамаш Зан, вечны пілігрым Архівавана 30 верасня 2007. // Ніва № 14 (2447). 2003, 6 крас.
  • Тамаш Зан, 1796—1855 // Літаратура Беларусі : першая палова XIX стагоддзя : хрэстаматыя / [укладанне, прадмова, біяграфічныя даведкі і каментарыі К. Цвіркі]. — Мінск, 2000. — С. 52—67. Змест : [Біяграфічная даведка] / [К. А. Цвірка]. [Выбраныя творы] / Тамаш Зан.
  • Тамаш Зан, 1796—1855 // Філаматы і філарэты : зборнік / [укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі Кастуся Цвіркі]. Мінск, 1998. С. 197—230. Змест: [Біяграфічная даведка] / [К. Цвірка]. Творы ; Пісьмы / Тамаш Зан.
  • Зан Тамаш // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 525—526. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
  • Зан Тамаш // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Зан Тамаш // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 321. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Зан Тамаш // Асветнікі зямлі Беларускай, X — пачатак XX ст. : энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 2001. — С. 176—177.
  • Зан Тамаш // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. — Мінск, 1985. — Т. 2. — С. 484.
  • Зан Тамаш // Памяць : Карэліцкі раён / [рэдакцыйная калегія : В. К. Кунашка і інш.]. — Мінск, 2000. — С. 78.
  • Станкевіч, С. Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі / Станіслаў Станкевіч; пераклад Міколы Хаўстовіча // Спадчына. 1998. № 5. С. 100—139. Са зместу: Тамаш Зан. С. 109—136.
  • Мароз, У. В. Філамат Тамаш Зан / Уладзімір Мароз // За брамай забытых мелодый : эсэ. Вершы. Мініяцюры / Уладзімір Мароз. — Мінск, 2004. — С. 90—97.
  • Цвірка, К. Дарогамі Тамаша Зана / Кастусь Цвірка // Камяні тых сядзібаў : шляхі паэтаў XIX стагоддзя / Кастусь Цвірка. — Мінск, 2004. — С. 82—125.
  • Тое ж // Лісце забытых алеяў : эсэ / Кастусь Цвірка. — Мінск, 1993. — С. 99-177.
  • Тое ж // Полымя. 1992. № 5. С. 159—172 ; № 6. С. 148—165.
  • Марціновіч, А. Пакутнік за свабоду — «архіпрамяністы» : Тамаш Зан / Алесь Марціновіч // У часе прасветленыя твары : гістарычныя эсэ, нарысы / Алесь Марціновіч. — Мінск, 1999. — С. 290—308.
  • Цішук, Г. Архіпрамяністы / Глеб Цішук // Беларусь. 2003. № 6. С. 40—42.
  • Лютынскі, В. Таямніца маёнтка Кахачын / Віктар Лютынскі // Беларуская Мінуўшчына. 1997. № 1. С. 28—31. (Постаці).
  • Пра лёс Т. Зана, яго грамадскую дзейнасць і маёнтак, дзе ён правёў апошнія гады жыцця.
  • Цвірка, К. Вечны выгнаннік і пілігрым : жыццё і творчасць Тамаша Зана / Кастусь Цвірка // Роднае слова. 1994. № 2. — С. 17—24.
  • Мохнач, Н. Н. Общественно-политическая и этическая мысль Белоруссии начала XIX в. / Н. Н. Мохнач; под редакцией А. С. Майхровича. — Минск : Наука и техника, 1985. — 94 с.
  • Также об этических воззрениях и деятельности Т. Зана.
  • Каханоўскі, Г. «Самае ўдзячнае пачуццё» / Генадзь Каханоўскі // Адчыніся, таямніца часу : гісторыка-літаратурныя нарысы / Генадзь Каханоўскі. — Мінск, 1984. — С. 58—61.
  • Жыццёвы шлях Т. Зана.
  • Лютынскі, В. П. Тамаш Зан на Аршаншчыне / Лютынскі В. П. // Аршанскі краязнаўчы зборнік № 2 / укладальнік В. Лютынскі. [Орша], 1997. — С. 24—27.
  • Грицкевич, В. П. Ташкараган ищет золото / В. П. Грицкевич // От Немана к берегам Тихого океана / В. П. Грицкевич. — Минск, 1986. — С. 92—131.
  • Об участии Т. Зана в освоении Урала.
  • Ермоленко, В. А. Зан Томаш Карлович / В. А. Ермоленко // Вестник Белорусского государственного университета. Серия 2, Химия. Биология. География. 1997. № 1. С. 72—73.
  • О Т. Зане как естествоиспытателе и его вкладе в мировую науку о Земле.
  • Зубовіч, С. Ф. Тамаш Зан — барацьбіт і краязнаўца / Зубовіч С. Ф. // Вілейскі краязнаўчы зборнік / складальнік В. Коласава. — Мінск, 2001. — С. 54—56.
  • Гужалоўскі, А. Тамаш Зан — аўтар першага беларускага музейнага праекта / Аляксандр Гужалоўскі // Беларускі гістарычны часопіс. 1999. № 3. — С. 60—62.
  • Зубовіч, С. Ф. Імёны на картах планеты Зямля / С. Ф. Зубовіч // Беларускае Асветніцтва : вопыт тысячагоддзя : матэрыялы II Міжнароднага кангрэса, 17—19 мая 2000 года : [у 3 кн.] / [рэдакцыйная калегія : А. І. Лугоўскі (галоўны рэдактар) і інш.]. — Мінск, 2001. — Кн. 2. — С. 102—107.
  • Лютынскі, В. Прыцягальны вобраз / Віктар Лютынскі // Голас Радзімы. 2002. 9 студз. (№ 3). С. 4.
  • Ф. Вержболовский. К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодёжи в 1819—1823 гг. — Варшава, 1898.
  • Н. Модестов. Магистр философии Фома Карлович Зан в Оренбурге // Труды Оренбургской Ученой Архивной Комиссии. Вып. XXXV. — Оренбург, 1917.
  • Н. С. Кутейников  (руск.). Мицкевич и виленские филареты // Исторический вестник, 1884. Т. XVIII.