Таварыства філаматаў
Таварыства філаматаў — тайнае таварыства ў навучальных установах Віленскай вучэбнай акругі. Створана ў 1817 годзе ініцыятывай групы студэнтаў Віленскага ўніверсітэта (А. Міцкевіча, Т. Зана, Я. Чачота, Ю. Яжоўскага і інш.) гурток філаматаў ператварыўся ў даволі буйную арганізацыю са шматлікімі філіяламі ў розных раёнах Беларусі.
Погляды філаматаў фарміраваліся пад уплывам ідэй перадавога польскага мысліцеля прафесара Віленскага ўніверсітэта Іахіма Лелявеля. Некаторыя з іх, выступаючы за аднаўленне Рэчы Паспалітай, адстойвалі таксама ідэю барацьбы супраць феадальнага прыгнёту. Змены ў грамадскім жыцці, на іх думку, былі магчымы толькі ў выніку дзеннасці перадавых людзей. Філаматы выкарыстоўвалі для прапаганды сваіх ідэй сярод насельніцтва ланкастэрскія школы, якія ствараліся ў беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх губернях, што ўваходзілі ў склад Віленскай вучэбнай акругі, таму многія філаматы ўдзельнічалі ў заснаванні школ і арганізацыі ў іх навучання па ланкастэрскай сістэме.
У 1823 годзе найслыннейшыя філаматы і філарэты былі арыштаваныя і знаходзіліся ў зняволенні ў былых віленскіх кляштарах, пакуль цягнулася шматмесячнае следства, распачатае Мікалаем Навасільцавым. Частка філаматаў утрымлівалася ў зняволенні ў былым кляштары місіянераў, частка — у былым базыльянскім кляштары Святой Троіцы (цяпер на будынку маецца мемарыяльная табліца на літоўскай і польскай мовах, якая абвяшчае, што тут з 23 кастрычніка 1823 года па 21 красавіка 1824 года быў заключаны Адам Міцкевіч разам з іншымі філаматамі і разгортваецца дзеянне трэцяй часткі «Дзядоў»).
Суду было аддана 108 удзельнікаў студэнцкіх арганізацый (найбуйнейшы студэнцкі палітычны працэс у Еўропе таго часу). Дваццаць з іх увосень 1824 года былі альбо прысуджаныя да турэмных тэрмінаў з наступнай высылкай (Тамаш Зан, Адам Сузін, Ян Чачот), альбо высланыя ў глыб Расіі (Адам Міцкевіч, Восіп Кавалеўскі).
Літаратура
правіць- Цвірка, К. А. Зорка філаматаў: нарысы, эсэ / Кастусь Цвірка. – Мінск : Беларуская навука, 2017. – 548 с. ISBN 978-985-08-2215-4
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16), стар. 384.