Францішак Геранім Малеўскі
Францішак Геранім Малеўскі (польск.: Franciszek Hieronim Malewski; 21 жніўня 1800, Вільня — 10 красавіка 1870, Санкт-Пецярбург) — журналіст, публіцыст, мемуарыст; сябра Таварыства філаматаў, знаўца заходнееўрапейскай літаратуры і прававых помнікаў Вялікага Княства Літоўскага. Сябар Адама Міцкевіча і Аляксандра Пушкіна
Францішак Геранім Малеўскі | |
---|---|
Фр. Малеўскі на малюнку Валенція Ваньковіча | |
Род дзейнасці | журналіст, публіцыст, мемуарыст, філамат, праўнік |
Дата нараджэння | 1800[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1870[1][2][…] |
Месца смерці | |
Грамадзянства | Расійская імперыя |
Бацька | Сымон Малеўскі |
Жонка | Алена Шыманоўская |
Дзеці | Адам, Марыя, Юзаф і Ян |
Альма-матар | |
Узнагароды і прэміі |
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў Вільні ў сям’і рэктара Віленскага ўніверсыстэта Сымона Малеўскага. Ужо ў маладым узросце дасканала авалодаў многімі еўрапейскімі мовамі — французскай, нямецкай, англійскай, італьянскай, лацінскай і польскай[3].
Віленскі ўніверсітэт
правіцьУ 1815 годзе скончыў Віленскую гімназію і паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсыстэта. 4 лістапада 1817 года з ініцыятывы Адама Міцкевіча быў прыняты ў Таварыства філаматаў[4], дзе становіцца сурэдактарам «Філямацкіх статутаў» і аўтар праектаў рэформ таварыства. З 7 верасня 1818 года — генеральны сакратар таварыства[4].
Быў членам Таварыства сяброў, у якім арганізаваў Статыстычны камітэт па збору геаграфічных і этнаграфічных матэрыялаў акругі Віленскага ўніверсітэта, для якога разам з Міхалам Рукевічам падрыхтаваў інструкцыю «Геаграфічнае апісанне, альбо інструкцыя ў збіранні звестак для вывучэння парафій», што ўтрымлівала праграму па вывучэнні літоўскага краю, яго прыроды, геаграфіі, складу насельніцтва, мовы розных станаў грамадства і чужаземных на яе ўплываў[5]. За нелегальнае распаўсюджванне брашуры яе тыраж быў цалкам канфіскаваны царскімі ўладамі.
Удзельнічаў у стварэнні Таварыства філарэтаў, для якога распрацаваў статут і неўзабаве быў абраны віцэ-прэзідэнтам арганізацыі[5]. Таксама спрабаваў стварыць Саюз літоўскай моладзі і Саюз маладых адвакатаў.
У жніўні 1821 года пры падтрымцы графа Адама Храптовіча заснаваў ў Шчорсах школу з ланкастэрскай сістэмай навучання, якую пазней спрабаваў пашырыць на ўсе літоўскія губерні[5]. Заклікаў пераймаць досвед шчорсаўскай школы на старонках віленскага друку.
Па заканчэнні Віленскага ўніверсітэта пакінуты для падрыхтоўкі на званне прафесара. Дзеля гэтага яго накіроўваюць за мяжу, дзе ён з лістапада 1821 па сакавік 1822 знаходзіўся ў Варшаве, пасля выехаў у Берлін, дзе слухаў лекцыі вядомых нямецкіх вучоных[6]. У 1822 годзе наведаў Вену, Лейпцыг, Дрэздэн і Прагу.
Арышт
правіцьУ сувязі з працэсам над філарэтамі 20 снежня 1823 года быў арыштаваны ў Берліне па патрабаванні вялікага князя Канстанціна[4]. 1 лютага 1824 года выданы расійскім уладам і дастаўлены спачатку ў Варшаву, дзе яго дапытвае сам вялікі князь. Міжвольна становіцца прычынай раскрыцця Таварыства філаматаў[6]. У красавіку 1824 года прывезены ў Вільню. Тагачасныя падзеі апісвае ў сваім «Турэмным дзённіку». 14 жніўня 1824 года прыгавораны да дэпартацыі ў глыб Расіі. Выехаў з Вільні 25 кастрычніка 1824 года; па дарозе сустрэўся з Адамам Міцкевічам і разам з ім паехаў спачатку ў Санкт-Пецярбург, у Міністэрства асветы, а пасля ў Адэсу, дзе яго было даручана выкарыстаць як выкладчыка тамтэйшай гімназіі[4]. 19 верасня 1825 быў накіраваны ў Маскву, дзе яго разам з Адамам Міцкевічам залічылі на службу ў канцылярыю маскоўскага генерал-губернатара князя Д. В. Галіцына[6]. У 1827 годзе яны разам спрабавалі арганізаваць выданне часопіса «Iris», але не атрымалі згоды ўладаў. У снежні 1827 Францішак Малеўскі перабраўся ў Санкт-Пецярбург[4].
Санкт-Пецярбург
правіцьЗ 1829 года працаваў пры 3-м дэпартаменце Сената ў аддзяленні Метрыкі ВКЛ; з чэрвеня 1834 года метрыкант; пазней стаў дырэктарам аддзела Метрыкі ВКЛ і тайным саветнікам[4]. У 1830 годзе разам з былым настаўнікам Віленскага ўніверсітэта Ігнатам Даніловічам і Аляксандрам Каравіцкім працаваў над кадыфікацыяй права для губерняў на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Сабраныя Малеўскім, Даніловічам і Каравіцкім матэрыялы ўвайшлі ў «Полное собрание законов Российской империи» ў 45 тамох, выдадзенае ў 1830 годзе, а таксама ў «Свод законов Российской империи» ў 15 тамох (1832—1839). Па заканчэнні працы Францішак Малеўскі быў узнагароджаны ордэнам Святой Ганны і атрымаў прэмію 10 тысяч рублёў срэбрам. Таксама яму прызначалі пажыццёвую пенсію ў 3 тысячы рублёў штогод[7]. За заслугі ў складанні збору быў вылучаны на пасаду сенатара, аднак яе не прыняў[4].
Францішак Малеўскі быў знаёмы з прадстаўнікамі перадавой расійскай інтэлегенцыі і дзекабрыстамі Аляксандрам Бястужавым і Кандратам Рылеевым. Доўгі час сябраваў з Аляксандрам Пушкіным[8]. Пра сустрэчы расійскай інтэлегенцыі ў доме Марыі Шыманоўскай яе дачка Алена пазней ўзгадавала:
Перад палуднем прыйшлі да нас п. Малеўскі, кн. Вяземскі і п. Пушкін. П. Пушкін прынёс альбом, у якім зрабіў запіс. Разам з гэтымі панамі мы паехалі на Васільеўскі востраў, дзе жыве мастак Ваньковіч. Там мы глядзелі партрэты Міцкевіча і Пушкіна, што прызначаліся для выставы ў Варшаве. Абодва вельмі падобныя. Адтуль мы паехалі да мастака Арлоўскага...[9] |
У студзені 1832 года адбываецца вяселле Францішка Малеўскага з Аленай Шыманоўскай. Праз колькі часу яе сястру — Цэліну ўзяў замуж Адам Міцкевіч, такім чынам філаматы сталі швагерамі. Пазней у Малеўскіх нарадзіліся дзеці: Адам, Марыя (пазней стала жонкай міцкевічавага сына Уладзіслава), Юзаф і Ян.
Памёр Францішак Малеўскі 10 красавіка 1870 года ў Санкт-Пецярбургу.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ а б Franciszek Hieronim Malewski
- ↑ а б Franciszek Malewski // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Францішак Малеўскі // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі,. — Мн., 1998. — С. 249. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
- ↑ а б в г д е ё Малеўскі Францішак Геранім // Шаблон:Крыніцы/Даведнік Маракова
- ↑ а б в Францішак Малеўскі // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі,. — Мн., 1998. — С. 250. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
- ↑ а б в Францішак Малеўскі // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі,. — Мн., 1998. — С. 251. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
- ↑ Францішак Малеўскі // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі,. — Мн., 1998. — С. 252. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
- ↑ Пра сустрэчы і сяброўства Францішка Малеўскага з Аляксандрам Пушкіным глядзіце: Черейский Л. А. Пушкин и его окружение / АН СССР. Отд. лит. и яз. Пушкин. комис. Отв. ред. В. Э. Вацуро. — 2-е изд., доп. и перераб. — Л.: Наука. Ленингр. отд-ние, 1989. — С. 248—249 і 58 том «Литературного наследства» (С. 263—268)
- ↑ Францішак Малеўскі // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі,. — Мн., 1998. — С. 253. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).