Ваўжынец Путкамер (1794—1850)

Ваўжынец Станіслаў Ян Путкамер (польск.: Wawrzyniec Stanisław Puttkamer; 14 жніўня 1794, Бальценікі — 30 студзеня 1850, Вільня) — землеўласнік, грамадскі дзеяч, дзяржаўны службовец.

Ваўжынец Путкамер
маршалак шляхты Лідскага павета
20 верасня 1847 — 15 чэрвеня 1849
Папярэднік Рамуальд Кастравіцкі
Пераемнік Юзаф Марачэўскі
Нараджэнне 14 жніўня 1794(1794-08-14)[1]
Смерць 30 студзеня 1850(1850-01-30)[1] (55 гадоў)
Месца пахавання
Род Путкамеры[d]
Бацька Ежы Аляксандр Путкамер[d]
Маці Караліна са Стрыенскіх[d]
Жонка Марыля Верашчака
Дзеці Станіслаў Ян Путкамер[d]

Біяграфія правіць

Паходзіў са шляхецкага роду Путкамераў. Нарадзіўся 14 жніўня 1794 года ў сям’і каралеўскага шамбяляна Ежы Аляксандра Путкамера і Караліны са Стрыеўскіх, дачкі палкоўніка войскаў ВКЛ. Ахрышчаны 26 жніўня ў Бальценіках[2].

Нарадзіўся ў разгар паўстання 1794 года, калі ў краіне гаспадарылі рускія войскі. У дзень нараджэння Ваўжынца ў маёнтку з’явіліся казакі, што выклікала паніку сярод дамачадцаў. Бацька малога Ваўжынца прасіў рускага афіцэра не парушаць спакой сям’і ў такі дзень. Казацкі афіцэр гэта паабяцаў і нават узяў дзіцятка на рукі і благаславіў яго. Маладая маці хутка памерла, што разам з стратай незалежнасці радзімы прывяло бацьку да працяглай меланхоліі і страты ўсякай цікавасці да жыцця. Таму малы Ваўжынец гадаваўся не толькі без маці, але і без бацькі[3][2].

Выхаваннем унука заняўся дзед Ваўжынец Путкамер, былы генерал-ад’ютант польнага гетмана літоўскага Міхала Юзафа Масальскага, і старая нянька Грындова. Дзед быў чалавекам гарачай веры, кожны дзень у яго маёнтку адбываліся богаслужэнні, у якіх удзельнічалі ўсе дамачадцы. У старога была любімая прымаўка: «Насамрэч хай лепей нас усявышні крыўдзіць, абы мы нікога не крыўдзілі»[2].

Ва ўзросце 13 гадоў Ваўжынец быў аддадзены вучыцца ў Слуцкую пратэстанцкую школу, пад апеку рэктара школы, пастара Міхала Ваноўскага. Ваноўскі вучыў яшчэ бацьку Ваўжынца, і адносіны паміж Ваноўскім і Путкамерамі былі амаль што радзіннымі. Даследчыкі адзначаюць, што пратэстанцкая школа дала яму значна лепшую падрыхтоўку для атрымання вышэйшай адукацыі, чым, напрыклад, падрыхтоўка ў навагрудскіх дамініканцаў, якую меў Адам Міцкевіч[4][2].

У 1809 г. памёр дзед Ваўжынец Путкамер. З 1810 года ўнук пачаў вучыцца на філасофска-матэматычным факультэце Віленскага ўніверсітэта і ў 1812 годзе атрымаў ступень кандыдата філасофіі[2].

Вайна 1812 года правіць

Калі пачалася вайна 1812 года і Напалеон паабяцаў аднавіць Вялікае Княства Літоўскае, як большасць сяброў, запісаўся шарагоўцам у новастворанае літоўскае войска, у гвардзейскі кавалерыйскі полк генерала Канопкі, а потым у полк лёгкай кавалерыі імператарскай гвардыі Вінцэнта Красінскага. Ваўжынец быў з войскам Напалеона ў Маскве, выжыў у катастрофе на Бярэзіне. Адступаючы з войскам каля Вільні, заехаў дахаты і тут захварэў на тыф. Калі вылечыўся, то вайна ўжо ішла далёка на захад ад дома. Праз тылы расійскіх войскаў, абмінуўшы казацкія патрулі, ён прабраўся ў Мерач, дзе ў люты мароз перайшоў Нёман. Час ад часу злазіў з каня і, каб сагрэцца, бег побач. Нарэшце ён сустрэў інспектара дывізіі кавалерыі, які ехаў у Варшаву ў полк Красінскага. Афіцэр падабраў задубелага маладзёна і давёз яго ў полк[2].

Малады вайсковец ваяваў усю кампанію 1813 года, трапіў у прускі палон і пасля амністыі, у 1814 годзе вярнуўся дахаты ў чыне паручніка[2].

Напалеон застаўся кумірам Ваўжынца Путкамера да канца жыцця, потым ён часта расказваў:

  Вы маладыя, не разумееце, што з намі адбывалася… у нас ускіпела кроў і мы былі здольныя на ўсе, калі вялікі чалавек… у шэрым сурдуце галапіраваў перад фронтам нашага палка і, паказваючы на непрыяцеля, казаў: «Mes braves et fideles Polonais, en avant!»  

Паражэнне пад Ватэрлоа прывяло Путкамера да гарачкі, а калі ён пачуў пра вяртанне імператара, то прыгатаваў свой уланскі мундзір і быў гатовы ехаць у Францыю. Нават будучы ў сталым веку, ніколі не мог спакойна расказваць пра тыя часы і пра імператара Напалеона[5]. А ў 1840 г., калі рэшткі імператара ўрачыста перавозіліся з вострава Святой Алёны ў касцёл Інвалідаў у Парыжы, толькі адсутнасць грошаў прымусіла графа ўстрымацца ад паездкі ў Францыю[6][2].

Гаспадарчая дзейнасць правіць

Пасля заканчэння вайны малады Ваўжынец Путкамер пачаў гаспадарыць на зямлі. З 1816 г. малады граф жыў у невялікім маёнтку Уніхава недалёка ад Карэлічаў. Ён лічыў неабходным палепшыць жыццё простага народа, даць сялянам асабістую волю і стварыць сістэму народнай адукацыі. У той час расійскі імператар Аляксандр I даў дазвол памешчыкам даваць асабістую свабоду прыгонным сялянам і пераводзіць іх на грашовы аброк. Як дэлегат ад Навагрудскага павета на Гродненскім губернскім сходзе, ён прапанаваў так зрабіць усім памешчыкам і прыняць супольную заяву. Калі б гэтая прапанова была прынята і сяляне атрымалі асабістую волю амаль на палову стагоддзя раней, гісторыя нашага края магла б скласціся інакш. Толькі некалькі маладых памешчыкаў падтрымала Путкамера, большасць шляхты абурылася і назвала яго анархістам і якабінцам[2].

У 1817 г. цар Аляксандр I дазволіў ушанаваць памяць памерлага Касцюшкі, па ўсёй Беларусі і Польшчы праходзілі зборы шляхты з урачыстасцямі, прысвечанымі смерці героя, і богаслужэнні ў касцёлах. Прайшло ўшанаванне памяці героя і 13 снежня 1817 г. у Навагрудскім касцёле. Касцёл быў упрыгожаны партрэтамі Касцюшкі, Рэйтана, Корсака, Багушэвіча, Радзішэўскага, якія годна паводзілі сябе падчас падзелаў і баранілі Радзіму[7]. Падчас урачыстасцей пасля прамовы маршалка шляхты Юзафа Вайніловіча пратэстант Ваўжынец Путкамер прачытаў элегію «На смерць Тадэвуша Касцюшкі», якую напісаў сам, але ёсць меркаванне, што гэта элегія магла належаць пяру Адама Міцкевіча[8][2].

 
Марыля Верашчака

Уніхава знаходзілася недалёка ад Туганавічаў, дзе 26-гадовы граф пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыляй Верашчакай. Ён сябраваў з братамі Марылі, і, як запісана ў дзённіку дзяўчыны, сваю прапанову «рукі і сэрца» зрабіў 14 ліпеня 1819 г. у форме чатырохрадкоўя. Даследчыкі адзначаюць, што, акрамя графа Путкамера, не вядома ніводнага сапраўднага канкурэнта на руку Марылі.

Марыля была добра выхавана і адукавана. Яна мела дзвюх гувернантак, францужанку і немку, музыцы яе вучылі французы-эмігранты Манарэ і Фроке, спевам — італьянец Бранеці, класічную адукацыю яна атрымала ў ксяндзоў-езуітаў Вішнеўскага і Дзівурдзевіча. Дзяўчына валодала французскай, нямецкай і італьянскай мовамі, шмат чытала, пела, музіцыравала[9]. Яна з цікавасцю прымала знакі кахання ад Адама Міцкевіча, але выбрала былога афіцэра. Путкамер і Міцкевіч па-сяброўску зразумелі адзін аднаго, і пасля сур’ёзнай размовы сапернік згадзіўся добраахвотна «пакінуць поле бітвы». Міцкевіч і потым добра адносіўся да мужа Марылі, заставаўся сябрам іх абодвух[10][2].

Марыя Верашчака і Ваўжынец Путкамер пабраліся шлюбам 2 лютага 1821 г. у Туганавічах. Верагодна, цырымонію вёў каталіцкі ксёндз. Адразу пасля шлюбу маладыя жылі ва Уніхаве, але Ваўжынец хутка атрымаў маёнтак Бальценікі з Бражэльцамі (200 мужскіх душ)[11] і яны пераехалі ў Бальценікі[2].

Праўнучка Яніна з Путкамераў Жалтоўская пісала пра сваіх прадзедаў[12][2]:

  Прадзед Ваўжынец любіў паляваць і гасцяваць па суседзях і не любіў праводзіць час у сваім доме. Яго жонка, істота сапраўды паэтычная, хадзіла ў белай сукні і вялікім саламяным капелюшы, не цікавілася практычнымі справамі, але, седзячы на галінцы квітнеючай яблыні, чытала Байрана.  

Рэлігійная дзейнасць правіць

Больш за дзесяць гадоў Ваўжынец Путкамер быў сябрам Евангеліцка-Рэфарматарскага сінода на Літве. За гэты час ён унёс праект аб надзяленні зямлёй сялян, якія належалі пратэстанцкім зборам, але праект таксама не дайшоў да выканання. У 1822 г. ён улагодзіў справы з радзівілаўскімі ўкладамі для слуцкай школы. А ў 1823 г. стары граф Аляксандр Путкамер прапанаваў Сіноду праект свайго сына аб адкрыцці ў Вільні друкарні, якая разам з паперняй павінна была служыць развіццю культуры ў былым ВКЛ. Дакумент складаўся з дзвюх частках: першая датычылася мэты справы (там з’яўляюцца такія радкі: «…сцвярджаю, што чым больш клас сялян адукаваны, тым у большай ступені ведае ён пра неабходнасць паляпшэння свайго быту і паляпшае яго»), другая датычылася шляхоў рэалізацыі[2].

 
Будынак Слуцкай гімназіі на малюнку Напалеона Орды

Аўтар паклапаціўся пра ўсе падрабязнасці, але перыяд лібералізму скончыўся працэсам філаматаў, і праект не быў рэалізаваны[13]. У 1824 г. была зачынена гімназія ў Кейданах і супраць школы ў Слуцку былі высунуты цяжкія абвінавачанні. Таму віленскі сінод даручыў свайму куратару вырашыць з рэктарам віленскага ўніверсітэта Пеліканам пытанне аб школе ў Слуцку і магчымасці пераўтварэння яе ў гімназію. Атрымаўшы дазвол ад рэктара і ад урада, у 1829 г. ён пачаў будаваць новы корпус гімназіі. Пры закладцы ганаровага каменю Путкамер сказаў запамінальную прамову[14].

Ваўжынец Путкамер кіраваў пасяджэннямі Сінода ў якасці дырэктара ў 1821, 1822, 1829 гг.[15][2].

Прамысловая дзейнасць правіць

Путкамер бачыў бурнае развіццё прамысловасці ў Еўропе і разумеў значэнне, якое маюць розныя прамысловыя і сельскагаспадарчыя таварыствы. У 1828 г. ён залажыў першую на Літве фабрыку паперы, далей планаваў пабудаваць у сябе цукроўню, гарбарню і фабрыку сукна. Брак капіталу не дазволіў давесці гэтыя праекты да рэалізацыі. Таму граф задумаў стварыць першае на Літве прамысловае таварыства. Плануючы стварыць цукроўню як акцыянернае прадпрыемства, ён вёў перамовы з маршалкам губернскай шляхты Жабам і з прамыслоўцам Міхалам Макрыцкім. 15 чэрвеня 1838 г. граф атрымаў Найвышэйшы ўказ, які дазваляў стварыць кампанію. Путкамер вывучаў справу цукраварства на працуючых фабрыках, агітаваў багатых людзей, а сялянам Віленшчыны раздаваў насенне цукровых буракоў і гарантаваў закуп ураджаю. Але сабраць неабходную колькасць акцыянераў і грошай не ўдалося, шляхта не верыла ў перспектывы прамысловага таварыства[14][2].

Пасля паўстання 1830—1831 гадоў правіць

Пасля паўстання 1830—1831 гадоў, у чэрвені 1833 г. Ваўжынец і Марыля Путкамеры за дапамогу эмісару Марцэлю Шыманскаму былі арыштаваны. Яны спачатку знаходзіліся пад вартай у Вільні, а са жніўня па лістапад 1833 г. — у Гродзенскім астрозе. Марылю абвінавачвалі, спасылаючыся на сведчанні Шыманскага, але яна не прызнавала сябе вінаватай. Толькі зімой 1833 г. Путкамеры змаглі вярнуцца ў Бальценікі[16][2].

Адам Міцкевіч у выгнанні з цікавасцю паглынаў усе звесткі з радзімы. На пачатку 1846 г. ён даведаўся, што Путкамерова з Верашчакаў, сястра яго сябра Міхала, выдала старэйшую дачку Зоф’ю за нейкага Каліноўскага, інспектара з Вільні, а ў Бальценіках даведаліся з пісьма Тамаша Зана, што Міцкевіч стаў халодным і нават «суровым і здольным прынізіць»[17][2].

Чэслаў Малеўскі піша, што Ваўжынец Станіслаў Ян граф Путкамер з Версовічаў — Сякерка з 20 верасня 1847 г. па 15 чэрвеня 1849 г. быў маршалкам шляхты Лідскага павета[18]. Маршалак быў прызначаны сябрам статыстычнага камітэта пры губернатары Допельмаеры і адзінаасобна склаў статыстыку Лідскага павета. У тыя часы праводзілася так званая інвентарызацыя панскіх маёнткаў. Гэта быў адзін з першых крокаў у бок урэгулявання стасункаў паміж прыгоннымі і прыгоннікамі, бо інвентар павінен быў вызначыць межы панскай улады і памеры сялянскіх падаткаў. Гэты крок улады вызваў занепакоенасць шляхты. Маршалак рупліва заняўся складаннем інвентару, тлумачачы сялянам, якія павіннасці яны будуць адпрацоўваць, а якія паны не маюць права ад іх патрабаваць. Пры гэтым пільнаваў за тым, каб памешчыкі не патрабавалі ад сялян выконваць павіннасці, не прадугледжаныя законам. Путкамер часта быў пасярэднікам у спрэчках паміж сялянамі і памешчыкамі павета. І шляхта казала пра яго: «Пане дабрадзею, маршалак сялян, а не шляхты» («Panie Dobrodzieju, to marszałek chłopów a nie szlachty»). Даведаўшыся пра такія адозвы, Ваўжынец публічна выказаўся, што шляхта дала яму лепшую з магчымых мянушак[19][2].

На сваёй асабістай гаспадарцы граф меў грашовыя клопаты, не ўсё ў яго было добра, што бачна з ліставання з яго сябрам і суседам, вядомым гісторыкам Міхалам Балінскім, фрагменты яго прыводзіць у сваёй кнізе Караль Эстрэйхер. Напрыклад, адзін з выкапаных у Бальценіках ставаў прыйшлося закапаць з-за ўзнікшых праблем. Путкамер піша, што ўзяў падрад на будаўніцтва лідскага казначэйства, і просіць Балінскага дамовіцца з нейкім панам Аншлам, каб ён не патрабаваў ад графа даваць сваіх парабкаў для працы і г. д. У лістах да Балінскага ён часта пісаў пра сына Стася, але ніколі не пісаў пра жонку, пэўна, меў нейкія праблемы ў адносінах з ёй[2].

 
Магіла Ваўжынца Путкамера на Евангелічных могілках. Малюнак Уладзіслава Загорскага, 1925

Памёр граф Ваўжынец Путкамер 30 студзеня 1850 г. ў Вільні. Быў пахаваны там жа, на Евангелічных могілках пры вуліцы Малой Пагулянцы на Боўфалавай гары[20][2]. «Мужыцкі маршалак» пасля сваёй смерці пакінуў вялікія даўгі[2]. Могілкі не зберагліся.

У памяці сучаснікаў правіць

Пасля смерці бацькі сын Станіслаў напісаў пра яго[21][2]:

  Дадам яшчэ некалькі слоў з маёй памяці. Кожны сябар і знаёмы майго бацькі памятае яго шляхетную паставу, яго лагоднае аблічча, якое адлюстроўвала высокія думкі, і сэрца, якое білася дзеля грамадскага дабра.  

Антоній Адынец пасля яго смерці напісаў[17][2]:

  Чачот сапраўды заўседы мне гаварыў, што гэта самы сумленны, самы прыемны чалавек і што ўсе яго ўчынкі, на думку Адама [Міцкевіча], характарызаваліся выключнай шляхетнасцю, якую сам Адам прызнаваў. Аднак ніколі ён не мог бы з чужых слоў дапусціць, калі б не пазнаёміўся асабіста, што той „перахопнік Марылі“ быў сапраўды такі вельмі ідэальны.  

Міхал Балінскі пісаў пра Ваўжынца Путкамера[22][2]:

  Самым паважаным суседам Яна Снядэцкага быў Ваўжынец Путкамер, які жыў у 3 мілях ад Яшун у Бальценіках. Калісьці… прыгожы ўлан… зусім не арыстакрат, не толькі не багаты, а нават вельмі бедны, бо атрымаў спустошаныя бацькаўскія маёнткі… ён рабіў першыя крокі ў стварэнні прамысловасці нашага края. Акрамя таго, меў надзвычайныя якасці сэрца і розуму, якія не толькі ў Літве, але і ва ўсім свеце рэдка сустракаюцца. Працавіты, адукаваны чалавек, ён жадаў даць волю сельскаму люду і таму быў паважаны сваімі сялянамі… верны сябар… прытым, нягледзячы на жыццёвыя праблемы, заўжды вясёлы, вельмі дасціпны, хадзячы скарбец вусных анекдотаў, аматар кніг і палявання…  

Праўнучка Яніна Жалтоўская пісала ў сваіх мемуарах[23][2]:

  Мой прадзед Ваўжынец Путкамер ніколі не меў вялікую фартуну. Пасля смерці прадзеда маёнтак Бальцэнікі — Бражльцы, уласнасць роду з 1723 г.…, быў зменшаны эксдывізіяй, Уніхаў — навагрудскі маёнтак быў страчаны, праўдападобна, таксама праз эксдывізію.  

Сям’я правіць

У шлюбе з Марыляй з Верашчакаў меў дзяцей[24]:

  • Соф’я (1825—1897), у шлюбе з Андрэем Каліноўскім (1805—1878).
  • Станіслаў (1828—1904), у шлюбе з Феліцыяй з Кеневічаў (1832—1899).
  • Караліна (1839—1921), у шлюбе з Янам Рыхлевічам (1835—1890).

Крыніцы правіць

  1. а б https://pawet.net/files/putkamer.pdf
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э Лаўрэш Леанід. Род Путкамераў // Асоба і час. Беларускі біяграфічны альманах. Вып. 5.2013. С. 302—313.
  3. Karol Estreicher. Wawrzyniec Puttkamer (1794—1850). Lwow. 1880. S. 4
  4. Косман М. Праўда і легенда пра саперніка паэта. Ваўжынец Путкамер і Адам Міцкевіч // Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры. Мінск, 1998. С. 148.
  5. Estreicher Karol. Wawrzyniec Puttkamer (1794—1850). Lwow. 1880. S. 6.
  6. Косман М. Праўда і легенда пра саперніка паэта. Ваўжынец Путкамер і Адам Міцкевіч // Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры. Мінск, 1998. С. 149.
  7. Estreicher Karol. Wawrzyniec Puttkamer (1794—1850). Lwow. 1880. S. 7.
  8. Estreicher Karol. Wawrzyniec Puttkamer (1794—1850). Lwow. 1880. S. 8
  9. Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейшчины. Минск, 2006. С. 300—301.
  10. Косман М. Праўда і легенда пра саперніка паэта. Ваўжынец Путкамер і Адам Міцкевіч // Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры. Мінск, 1998. С. 150.
  11. Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейшчины. Минск, 2006. С. 301.
  12. Janina z Puttkamerów Zółtowska. Inne czasy, inni ludzie. Londyn, 1998. S. 113.
  13. Косман М. Праўда і легенда пра саперніка паэта. Ваўжынец Путкамер і Адам Міцкевіч // Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры. Мінск, 1998. С. 152
  14. а б Estreicher Karol. Wawrzyniec Puttkamer (1794—1850). Lwow. 1880. S. 13.
  15. Косман М. Праўда і легенда пра саперніка паэта. Ваўжынец Путкамер і Адам Міцкевіч // Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры. Мінск, 1998. С. 153
  16. Gulczyński E. Sprawa Marcelego Szymańskiego emisariusza wyprawy Zaliwskiego. Wilno, 1933. S. 328.
  17. а б Косман М. Праўда і легенда пра саперніка паэта. Ваўжынец Путкамер і Адам Міцкевіч // Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры. Мінск, 1998. С. 153.
  18. Rody i herby szlacheckie na Litwie (XVIII) // NG 4 (537)
  19. Estreicher Karol. Wawrzyniec Puttkamer (1794—1850). Lwow. 1880. S. 14.
  20. 6 Rody i herby szlacheckie na Litwie (XVIII) // NG 4 (537)
  21. Estreicher Karol. Wawrzyniec Puttkamer (1794—1850). Lwow. 1880. S. 14
  22. Bałiński M. Pamiętniki o Janie Śniadeckim. Wilno, 1865. T. 1. S. 890—891.
  23. Janina z Puttkamerów Zółtowska. Inne czasy, inni ludzie. Londyn, 1998. S. 6
  24. Ваўжынец Путкамер (1794—1850) у генеалагічнай базе даных Sejm-Wielki.pl

Спасылкі правіць