Кеневічы
Кеневічы (польск.: Kieniewiczowie, руск.: Кеневичи) — каталіцкі маянтковы шляхецкі, дваранскі род гербу «Равіч» у Вялікім Княстве Літоўскім, Расійскай імперыі і міжваеннай Польшчы (1921—1939).
Кеневічы | |
---|---|
![]() «Равіч» | |
Перыяд | з канца XV ст. па сярэдзіну XX ст. |
Родапачынальнік: | татарын-мусульманін Кень (ці Кенька) ва ўланскай харугве ВКЛ у час праўлення вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка |
Радзіма | Новагародскае ваяводства, Вялікае Княства Літоўскае |
Падданства |
Вялікае Княства Літоўскае; Расійская імперыя; Польская Рэспубліка (1918—1939) |
Маёнткі | маёнтак Дараў (Дарава) у Новагародскім ваяводстве; маёнткі Малыя Арлы, Вялікія Арлы, Вугалец, Дубай, Дубенец у Пінскім павеце Мінскай губерні; маёнтак Снядзін (Снядзін, Мардзвін), маёнтак Дарашэвічы (Дарашэвічы, Лобча, Паўлінаў, Судзібар, Засоп'е, Капцэвічы), маёнтак Брынёў (Брынёў, Ляскавічы і інш.) у Мазырскім павеце Мінскай губерні; маёнтак Жамыслаўль у Ашмянскім павеце Віленскай губерні |
Палацы | Сядзіба Кеневічаў у маёнтку Жамыслаўль; Сядзіба Кеневічаў у маёнтку Брынёў; Сядзіба Кеневічаў у маёнтку Дарашэвічы; Сядзіба Кеневічаў у Мазыры |
Грамадзянская дзейнасць | вайсковая справа, дзяржаўна-адміністрацыйная дзейнасць, прадпрымальніцтва |
Рэлігійная дзейнасць | мусульмане, католікі |
Гісторыя родуПравіць
Паходжанне вядуць ад заволжскіх татар. Першым вядомым прадстаўніком роду быў татарын-мусульманін Кень (ці Кенька), які лічыўся ва ўланскай харугве ВКЛ у час праўлення вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка (1427—1492). Яго сыны Товыш, Цемеш і Ісак Кенкевічы атрымалі ва ўладанне ў 1514 г. незаселеную зямлю (пустку) у Новагародскім ваяводстве, якая пазней атрымала назву Кенеўшчына (Кенеўшчызна), і належалі да татарскай шляхты ВКЛ. З сыноў Кеня Ісак Кенкевіч выступаў у 1515 г. у якасці суддзі па адной са спраў паміж татарамі Новагародскага ваяводства. Верагодна, яго сынам быў Цемеш Кенкевіч, які ў 1559 г. валодаў Кенеўшчынай, а ўнукамі — Ахмет Цемешавіч Кенкевіч і Шчэнсны Цемешавіч Кенкевіч, згаданыя ў 1565—1567 гг. у воінскіх попісах ВКЛ. З гэтага часу сям'я Кенкевічаў у люстрацыі (попісах) татарскай шляхты ВКЛ не значыцца, бо, верагодна, Кенкевічы (Кеневічы, Кіневічы) прынялі каталіцтва ў канцы XVI ст. і пачалі фіксавацца ў попісах каталіцкай шляхты Новагародскага ваяводства ВКЛ у XVII—XVIII стст.
Казімір Юзафавіч Кеневіч у 1747 г. набыў фальварак Дараў (Дарава) у Новагародскім ваяводстве і меў ад сваёй жонкі Марыянны Вярыгі[1] пяць сыноў (Павел, Міхал, жыжморскі плябан Ян, Габрыэль і Андрэй)[2]. Шляхціцы Павел Казіміравіч Кеневіч, пасол шляхты ад Новагародскага ваяводства на сойм Рэчы Паспалітай і ўласнік маёнтка Дараў (Дарава), і Міхал Казіміравіч Кеневіч падпісалі разам з іншымі прадстаўнікамі Новагародскага ваяводства ў 1764 г. акт элекцыі караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста[3]. Андрэй Казіміравіч Кеневіч валодаў маёнткам Дараў (Дарава) у Новагародскім ваяводстве і маёнткамі ў Пінскім павеце (Малыя Арлы, Вялікія Арлы, Вугалец), быў пінскім ротмістрам і ў 1789 г. дэпутатам Галоўнага Трыбунала ВКЛ.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і ўключэння зямель ВКЛ у склад Расійскай імперыі, Кеневічы 31 снежня 1798 г. (11 студзеня 1799 г.) былі афіцыйна прызнаны ў дваранстве Расійскай імперыі[4].
Менавіта з сына Андрэя Казіміравіча Кеневіча — Антона Нестара Кеневіча (1775—1822) — пачынаецца ўзвышэнне гэтай галіны роду Кеневічаў са стану малазаможнай маянтковай шляхты ў буйных землеўласнікаў беларускага Палесся[5]. Новагародскі падкаморы Антон Нестар Кеневіч (1775—1822), уласнік вёскі Вугалец (150 рэвізскіх душ)[6] і трымальнік застаўнога маёнтка Юркевічы (134 душы) ад князя Радзівіла[7], у 1806 г. купіў у Юзафа Шчыта маёнтак Жамыслаўль у Ашмянскім павеце Віленскай губерні, але ўжо ў 1807 г. прадаў яго Якубу Геранімавічу Умястоўскаму (?—1809). У 1807 г. Антон Нестар Кеневіч і Казімір Рудзяеўскі купілі за 333 тыс. польскіх злотых у графіні Гелены Патоцкай (з роду Масальскіх) буйны маёнтак Снядынь (Снядзін)[8], які ў 1808 г. набыўцы падзялілі паміж сабой: мазырскі падсудак Казімір Рудзяеўскі атрымаў маёнткі Махнавічы і Асавец (вёскі Асавец, Балажэвічы, Глініца, Мастовічы, Вялаўск, Майсеевічы, Манчыцы, Замошша і Рудні Астражанская і Скалодзінская)[9], а Антон Нестар Кеневіч атрымаў маёнтак Лобча (Лобча, Макарычы, Турок, Вышалаў), маёнтак Снядзін (Снядзін, Мардзвін) і маёнтак Дарашэвічы (Дарашэвічы, Галубіца, Капцэвічы). Сямейнай сядзібай Антона Нестара Кеневіча стала вёска Лобча[10].
Сын Антона Нестара Геранім Антонавіч Кеневіч (1796—1884), уласнік маёнтка Лобча, купіў у 1837 г. у графа Аляксандра Францішка Хадкевіча (1776—1838) маёнтак Брынёў (Брынёў, Ляскавічы і інш.) — 614 рэвізскіх душ[11]. Маёнткі Дарашэвічы, Брынёў, Снядзін, Лобча і іншыя дробныя вёскі склалі аснову буйных зямельных валоданняў Кеневічаў у Мазырскім павеце Мінскай губерні, там былі пабудаваны прыгожыя сядзібы, дзе меліся прыватныя зборы мастацтва і бібліятэкі.
Другі сын Андрэя Казіміравіча Кеневіча — мазырскі павятовы падкаморы Францішак Андрэевіч Кеневіч (к.1764—пасля 1817) — валодаў маёнткамі Малыя Арлы, Дубай, Дубенец у Пінскім павеце Мінскай губерні. Яго сын Юліян Францішкавіч Кеневіч (нар. каля 1794) быў выбраны на пасаду мазырскага павятовага маршалка (1844—1847)[12], а ўнук Францішак Юліянавіч Кеневіч (каля 1840—пасля 1880) стаў уласнікам маёнтка Дубой і ўдзельнікам Студзеньскага паўстання (1863—1864)[13]. Яшчэ адным мазырскім павятовым маршалкам (1861—1862, 1863—1872) быў Геранім Геранімавіч Кеневіч (1830—1911).
Калі ў XVIII ст. у ВКЛ Кеневічы звычайна займалі невысокія земскія пасады ў Новагародскім ваяводстве (галоўным чынам, пасаду ротмістра), то ў Расійскай імперыі нашчадкі Андрэя Казіміравіча Кеневіча ўжо займалі выбарныя дваранскія пасады ў Мазырскім павеце Мінскай губерні (павятовага маршалка, падкаморага, харунжага, суддзі, вывадовага дэпутата) і былі цесна параднёны з мясцовымі ўплывовымі дваранскімі сем'ямі (Горватамі, Яленскімі, Прыборамі, Ордамі і інш.).
У час Лістападаўскага паўстання (1830—1831) Фелікс Антонавіч Кеневіч (1802—1863), уласнік маёнтка Дарашэвічы, узначаліў паўстанцаў у Мазырскім павеце і са сваім атрадам (у якім быў і Ян Казіміравіч Рудзяеўскі[14], сын Казіміра Рудзяеўскага, з якім Антон Нестар Кеневіч супольна купілі маёнтак Снядзін) спрабаваў заняць Мазыр, а пасля зрабіў рэйд з Мазыра на Міхалкі, Ельск, Нароўлю і Мухаеды. Яго сын Геранім Уладзіслаў Кеневіч (1834—1864), інжынер-будаўнік, прыняў прыкметны ўдзел ў Студзеньскім паўстанні (1863—1864). Калі напярэдадні паўстання ў 1862 г. у Мінску ў знак салідарнасці праходзілі паніхіды па загінулым у Варшаве маніфестантам і мінскія гараджане (у тым ліку Каміла Марцінкевіч — дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча) спявалі ў мінскіх касцёлах патрыятычныя гімны, то дваранка Мазырскага павета Кеневіч, якую мінскія афіцыйныя ўлады хацелі прыцягнуць да адказнасці за спяванне гімну, напісала, паводле афіцыйных чыноўнікаў, у палітычны суд «з’едлівую насмешку на скажонай беларускай мове»[15].
У 1879 г. Іпаліт Іпалітавіч Кеневіч і Зыгмунт Іпалітавіч Кеневіч прадалі свой маёнтак Снядзін графу Юзафу Юзафавічу Тышкевічу (1835—1891).
Ад малазаможных прадстаўнікоў роду Кеневічаў паходзіць Баляслаў Альбінавіч Кеневіч (1907—1969), савецкі і польскі военачальнік, генерал дывізіі (1945) Войска Польскага, генерал-лейтэнант (1946) Савецкай арміі, прадзед якога Феліцыян Кеневіч валодаў невялікім маёнткам у Мазырскім павеце і па выбару дваран Мазырскага павета быў засядацелем у Мазырскім ніжнім земскім суддзе.
У канцы XIX — пачатку XX ст. Геранім (1867—1925) і Антон Геранімавічы Кеневічы (1877—1960) у сваіх маёнтках разам з вядзеннем на высокім узроўні традыцыйнай сельскагаспадарчай вытворчасці (земляробства, жывёлагадоўля, паравыя млыны), броварствам (выган гарэлкі і спірту), пілаваннем, сплавам па мясцовым рачным каналам і продажам лесу стварылі ў маёнтках Дарашэвічы і Брынёў прадпрыемствы па вытворчасці фанеры і дошак, якія прадаваліся пераважна ў Англію[16]. Кеневічы правялі тэлефонныя лініі, якія злучалі палацы ў Брынёве і Дарашэвічах з усімі сваімі фабрыкамі, фальваркамі, большасцю леснічовак і гаёвак[17]. З'яўляліся членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расійскай імперыі (1917) быў ліквідаваны падзел грамадства на саслоўі, таму Кеневічы перасталі быць дваранамі, а сталі толькі землеўласнікамі. Пасля прыходу ў 1917 г. бальшавікоў да ўлады ў Маскве і Петраградзе, выдання бальшавіцкага Дэкрэта аб зямлі і распальвання грамадзянскай вайны на тэрыторыі былой Расійскай імперыі ў 1917—1921 гг., зямельная ўласнасць Кеневічаў у Мінскай губерні апынулася пад пагрозай нацыяналізацыі савецкай уладай без кампенсацыі Кеневічам. У 1917 г. палацы былі разрабаваны і разгромлены.
Геранім Геранімавіч Кеневіч (1867—1925) разам з іншымі членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі шчыра падтрымліваў ідэю палітычнай суб'ектнасці Беларусі, уваходзіў у склад т.зв. «групы Эдварда Вайніловіча», якая 16 чэрвеня 1918 г. у Мінску падпісала і звярнулася з Дэкларацыяй да камандзіра 10-й нямецкай арміі нямецкага генерала Эрыха фон Фалькенгайна, у якой прасіла паспрыяць прызнанню незалежнасці Беларускай дзяржавы: «Агульны сход Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, які складаецца з верных сыноў і грамадзян гэтай краіны, выказвае гарачае пажаданне, што багатая гістарычнымі, дзяржаўнымі традыцыямі і этнаграфічнай адметнасцю Беларусь, краіна з уласнай культурай з дапамогай магутнага Германскага Рэйха будзе прызнана незалежнай дзяржавай па прыкладу Літвы і Украіны і расквітнее ў саюзе з Цэнтральна-еўрапейскімі дзяржавамі»[18]. У ліпені 1918 г. кіраўнік Прадстаўніцтва Рэгенцыйнай Рады Каралеўства Польскага ў Берліне граф Адам Ронікер атрымаў распараджэнне з дапамогай друку пазнаёміць грамадства Германскай Імперыі і Аўстра-Венгерскай імперыі з гэтым дакументам. У суправаджальным лісце да распаражэння ўказвалася, што мінскія землеўласнікі падтрымліваюць незалежнасць Беларусі, абвешчаную Радай БНР, і іх пазіцыя не звязана з польскім нацыянальным рухам[19].
Фактычна ў 1920 г. Кеневічы страцілі ўсе свае маёнткі, прадпрыемствы і палацы, якія апынуліся на савецкім баку пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921), і пераехалі на сталае жыхарства ў Польшчу, дзе грамадскага поспеху і прызнання атрымалі гісторыкі Стэфан Кеневіч (1907—1992), яго сын Ян Кеневіч (нар. 1938) і ўнук Лешак Кеневіч (нар. 1959). У канцы свайго жыцця ў Польшчы Антон Геранімавіч Кеневіч (1877—1960) напісаў успаміны аб жыцці Кеневічаў і суседзяў у маёнтках на Беларускім Палессі да 1918 г., якія апрацаваў, дадаў фатаграфіі і апублікаваў яго сын Стэфан Кеневіч (1907—1992) пад назвай «Над Прыпяццю, даўным-даўно...» (1989). Стэфан Кеневіч на аснове сямейных дакументаў таксама напісаў і апублікаваў кнігу «Дарашэвічы. 1863» (1986) з выявамі сядзібы і партрэтамі продкаў.
Польскі гісторык Лешак Кеневіч (нар. 1959) быў першым з членаў сям'і Кеневічаў за 89 год адсутнасці Кеневічаў у Дарашэвічах і Брынёве, які прыехаў з Польшчы і наведаў летам 2009 г. у Беларусі мясціны, звязаныя з гісторыяй яго продкаў (Дарашэвічы і Брынёў), а таксама Прыпяцкі нацыянальны парк, Мазыр, Юравічы (касцёл і калегіум езуітаў), Нароўлю, Слуцк, Бабруйск, Гомель, Быхаў, Магілёў і Мсціслаў[20]. У Лешака Кеневіча (нар. 1959) ад яго жонкі Агаты Млынарскай-Кеневіч (нар. 1969), вядомай польскай журналісткі, з якой ён развёўся, нарадзілася два сыны Станіслаў Кеневіч (нар. 1989), польскі дзяржаўны дзеяч і псіхолаг[21][22], і Тадэвуш Кеневіч (нар. 1989), польскі фатограф, кінааператар, дакументаліст, кінарэжысёр, кліпмэйкер, кампазітар[23]. Са сваёй жонкай Сільвіяй Тадэвуш Кеневіч (нар. 1989) пераехаў у Лос-Анджэлес (ЗША), дзе спрабуе зрабіць кар'еру ў кінаіндустрыі[24].
Кеневічы перадалі ў Музей гісторыі горада Мінска копію фотапартрэта Ядвігі Геранімаўны Кеневіч (жонкі Яўстаха Любанскага — перадапошняга ўласніка Лошыцкай сядзібы)[25]. Фотапартрэты Ядвігі Кеневіч і Яўстаха Любанскага ёсць і ў музейнай Лошыцкай сядзібе[26].
Рэзідэнцыі, храмы, капліцы і прадпрыемствыПравіць
Сядзіба Кеневічаў у маёнтку Жамыслаўль, малюнак 1812 г. Мастак Альбрэхт Адам
Лесапільна-фанерны завод Гераніма Геранімавіча Кеневіча (1867—1925) і Антона Геранімавіча Кеневіча (1877—1960) у маёнтку Капцэвічы, заснаваны ў 1904 г. Фота пачатку XX ст.
Вядомыя прадстаўнікіПравіць
- Павел Казіміравіч Кеневіч, пасол на сойм (1764), новагародскі ротмістр (упам. 1765), валкавыскі ротмістр (упам. 1772—1774)
- Юзаф Паўлавіч Кеневіч, новагародскі ротмістр (упам.1764—1781)
- Ян Кеневіч, пінскі ротмістр (упам. 1785), новагародскі ротмістр (упам. 1788)
- Міхал Казіміравіч Кеневіч, новагародскі ротмістр, новагародскі земскі пісар (упам. 1793)
- Андрэй Казіміравіч Кеневіч, пінскі ротмістр (упам. 1778—1783), дэпутат (1789) Галоўнага Трыбуналу ВКЛ
- Антон Нестар Кеневіч (1775—1822), мазырскі павятовы суддзя
- Францішак Андрэевіч Кеневіч (каля 1764—пасля 1817), мазырскі павятовы падкаморы
- Юліян Францішкавіч Кеневіч (нар. каля 1794), мазырскі павятовы маршалак (1844—1847)[27]
- Геранім Антонавіч Кеневіч (1796—1884), мазырскі павятовы харунжы, буйны землеўласнік
- Іпаліт Антонавіч Кеневіч (каля 1791—1857), мазырскі павятовы харунжы
- Фелікс Антонавіч Кеневіч (1802—1863), удзельнік Лістападаўскага паўстання (1830—1831)
- Геранім Геранімавіч Кеневіч (1830—1911), мазырскі павятовы маршалак (1861—1862, 1863—1872), прадпрымальнік
- Геранім Уладзіслаў Кеневіч (Геранім Феліксавіч Кеневіч) (1834—1864), інжынер-будаўнік, удзельнік Студзеньскага паўстання (1863—1864)
- Францішак Юліянавіч Кеневіч (каля 1840—пасля 1880), удзельнік Студзеньскага паўстання (1863—1864)
- Геранім Геранімавіч Кеневіч (1867—1925), прадпрымальнік, палітычны дзеяч
- Антон Геранімавіч Кеневіч (1877—1960), старшыня кіраўніцтва Варшаўскага таварыства дабрачыннасці (1930—1942)
- Баляслаў Альбінавіч Кеневіч (1907—1969), савецкі і польскі военачальнік, генерал дывізіі (1945) Войска Польскага, генерал-лейтэнант (1946) Савецкай арміі
- Стэфан Кеневіч (1907—1992), польскі гісторык
- Ян Кеневіч / Ян Оскар Кеневіч (нар. 1938), польскі гісторык
- Лешак Кеневіч (нар. 1959), польскі гісторык
- Тадэвуш Кеневіч (нар. 1989), польскі фатограф, кінарэжысёр, кліпмэйкер, кампазітар
Геранім Антонавіч Кеневіч (1796—1884), мазырскі павятовы харунжы. Мастак Ядвіга Кеневіч
Фелікс Антонавіч Кеневіч (1802—1863), алейны партрэт. Мастак Ядвіга Кеневіч
Геранім Уладзіслаў Кеневіч (1834—1864)
Геранім Уладзіслаў Кеневіч (1834—1864)
Геранім Уладзіслаў Кеневіч (справа) і Напалеон Феліксавіч Яленскі (1810—1883), маянткоўцы Мазырскага павета
Геранім Геранімавіч Кеневіч (1830—1911). Мастак Ё. Шрам
Геранім Геранімавіч Кеневіч (1830—1911)
Геранім Геранімавіч Кеневіч (1830—1911) са сваёй жонкай Ядвігай з роду Горватаў у сядзібным доме ў Дарашэвічах
Геранім Кеневіч (1867—1925) стаіць другім справа з жонкай Адэляй; Антон Кеневіч (1877—1960) сядзіць першым справа, за ім жонка Магдалена Грабоўская; Геранім Кеневіч (1830—1911) сядзіць трэцім справа — па правую руку жонка Ядвіга Горват; Ваўрынец Путкамер (1859—1923) стаіць другім злева, перад ім сядзіць жонка Сафія Кеневіч. Сядзіба Дарашэвічы, 14 лістапада 1907 г.
Геранім Геранімавіч Кеневіч (1867—1925). Фота каля 1917 г.
Сафія Геранімаўна Кеневіч, жонка Ваўрынца Путкамера (1859—1923)
Ядвіга Геранімаўна Кеневіч, жонка Яўстаха Любанскага (1859—пасля 1913)
Баляслаў Альбінавіч Кеневіч (1907—1969), савецкі і польскі военачальнік, генерал-лейтэнант Савецкай арміі, генерал дывізіі Войска Польскага
Стэфан Кеневіч (1907—1992), польскі гісторык
Ян Кеневіч (нар. 1938), польскі гісторык
Зноскі
- ↑ Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… – Wrocław, 1989. — С. 29.
- ↑ Малы гербоўнік наваградзкай шляхты. — Мінск, 1997. — С. 62.
- ↑ Boniecki, А. Herbarz polski. T.X. — W-wa. 1907.
- ↑ Малы гербоўнік наваградзкай шляхты. — Мінск, 1997. — С. 62.
- ↑ Kieniewicz, S. Dereszewicze. 1863. — Wroclaw-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Lodź, 1986. — С. 11.
- ↑ Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… – Wrocław, 1989. — С. 29.
- ↑ Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… – Wrocław, 1989. — С. 29.
- ↑ Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… – Wrocław, 1989. — С. 29.
- ↑ Хроніка Убарцкага Палесся / аўтар-уклад. А. І. Атнагулаў. — Мінск : Тэхналогія, 2001. — 495 с.
- ↑ Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… – Wrocław, 1989. — С. 30.
- ↑ Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… – Wrocław, 1989. — С. 32.
- ↑ Раюк, А.Р. Вакантнасць пасады маршалка Мазырскага павета Мінскай губерні ў першай палове XIX ст. // Европа: актуальные проблемы этнокультуры. — Минск, 2013. — С. 194—196.
- ↑ Матвейчык, Д.Ч. Удзельнікі паўстання 1863―1864 гадоў: біяграфічны слоўнік. — Мінск, 2016. — С. 327.
- ↑ Луговцова, С.Л. Судьба арестованного по делу Ш. Конарского: Ян Рудзиевский / С.Л. Луговцова // Европа: актуальные проблемы этнокультуры. — Минск, 2013. — С. 188—190.
- ↑ Раюк, А.Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863—1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі... С. 84.
- ↑ Urbański, A. Memento kresowe. — Warszawa, 1929. — С. 92.
- ↑ Urbański, A. Memento kresowe. — Warszawa, 1929. — С. 92.
- ↑ Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.451—452.
- ↑ Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.452.
- ↑ Wspomnienia z podróży sentymentalnej Leszka Kieniewicza // Echa Polesia. — 2014. — №2. — С. 24—26.
- ↑ Stanisław Kieniewicz przez wiele lat związany był z polityką
- ↑ Stanisław Kieniewicz
- ↑ Tadeusz Kieniewicz
- ↑ Syn Agaty Młynarskiej robi karierę za oceanem
- ↑ Редкое фото Ядвиги Любанской – знаменитого лошицкого привидения Архівавана 17 студзеня 2020.
- ↑ Легенды Лошицкой усадьбы: «Если она приближается к вам, значит, ваша любовь искренняя и стоит как можно быстрее пожениться»(недаступная спасылка)
- ↑ Раюк, А.Р. Вакантнасць пасады маршалка Мазырскага павета Мінскай губерні ў першай палове XIX ст. // Европа: актуальные проблемы этнокультуры. — Минск, 2013. — С. 194—196.
ЛітаратураПравіць
- Анішчанка, Я.К. Збор твораў : у 6 т. / Я.К. Анішчанка. — Мінск : Выд. В. Хурсік, 2004–2010. — Т. 4: Ураднікі беларускіх земляў ВКЛ пры Станіславе Панятоўскім: спісы на рус. мове. — 2008. — 532 с.
- Луговцова, С.Л. Судьба арестованного по делу Ш. Конарского: Ян Рудзиевский / С.Л. Луговцова // Европа: актуальные проблемы этнокультуры : материалы IV Междунар. науч.-теорет. конф., Минск, 22 апр. 2013 г. / Бел. гос. пед. ун-т им. М. Танка ; редкол. В.В. Тугай (отв. ред.) [и др.]. — Минск : БГПУ, 2013. — С. 188—190.
- Малы гербоўнік наваградзкай шляхты / Склад. С.А. Рыбчонак. — Мінск : БелНДІДАС, 1997. — 161 с.
- Матвейчык, Д.Ч. Удзельнікі паўстання 1863―1864 гадоў: біяграфічны слоўнік: (паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі) / Д.Ч. Матвейчык. — Мінск : Беларусь, 2016. — 734 с.
- Раюк, А.Р. Вакантнасць пасады маршалка Мазырскага павета Мінскай губерні ў першай палове XIX ст. / А.Р. Раюк // Европа: актуальные проблемы этнокультуры : материалы IV Междунар. науч.-теорет. конф., Минск, 22 апр. 2013 г. / Бел. гос. пед. ун-т им. М. Танка ; редкол. В.В. Тугай (отв. ред.) [и др.]. — Минск : БГПУ, 2013. — С. 194—196.
- Раюк, А.Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863–1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі / А.Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. артыкулаў. — Мінск : Бел. навука, 2022. — Вып. 1. — С. 79—89.
- Смалянчук, А. Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 700 с.
- Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины (руск.) / А. Т. Федорук; ред. Т. Г. Мартыненко. — 2-е изд. — Мн.: БелЭн, 2006. — 576 с: ил. — 1 500 экз. — ISBN 985-11-0383-7.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s.
- Boniecki, А. Herbarz polski. T.X. — W-wa. 1907.
- Kieniewicz, S. Dereszewicze. 1863 / S. Kieniewicz. — Wroclaw-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Lodź : Ossolineum, 1986. — 192 s.
- Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… Wspomnienia zamierzchłej przeszłości / A. Kieniewicz. – Wrocław etc. : Ossolineum, 1989. — 558 s.
- Szpoper, D. Pomiędzy caratem a snem o Rzeczypospolitej: Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich w guberniach zachodnich Cesarstwa Rosyjskiego w latach 1855–1862 / D. Szpoper. – Gdańsk : Wyd-wo Uniwersytetu Gdańskiego, 2003. — 624 s.
- Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
- Urbański, A. Memento kresowe / A. Urbański. — Warszawa : Drukarnia St. Niemiry syn i S-ka, 1929. — 156 s.
- Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie / J. Żołtowska. — Londyn, 1959.
СпасылкіПравіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кеневічы
- Легенды Лошицкой усадьбы: «Если она приближается к вам, значит, ваша любовь искренняя и стоит как можно быстрее пожениться»(недаступная спасылка)
- Редкое фото Ядвиги Любанской – знаменитого лошицкого привидения Архівавана 17 студзеня 2020.
- Kieniewicz h. Rawicz // sejm-wielki.pl
- Wspomnienia z podróży sentymentalnej Leszka Kieniewicza // Echa Polesia. — 2014. — №2. — С. 24—26.