Горваты
Горваты (польск.: Horwattowie, руск.: Горватты) — каталіцкі маянтковы шляхецкі, дваранскі род герба «Побуг» у Вялікім Княстве Літоўскім, Расійскай імперыі і міжваеннай Польшчы (1921—1939). Сваё паходжанне вялі ад вайскоўца Яна Нікшыча (упам. з сяр. XVII ст.), выходніка з Венгерскага каралеўства — а дакладней, з зямель, верагодна, сучаснай Харватыі (у складзе Венгерскага каралеўства Габсбургскай манархіі), які натуралізаваўся ў Вялікім Княстве Літоўскім, набыўшы маёнтак Залессе ў Менскім ваяводстве. У часы Вялікага Княства Літоўскага адносіліся да сярэднезаможнай маянтковай шляхты. З 1820-х гг. па 1917 г. адносіліся да латыфундыстаў Расійскай імперыі: валодалі буйнымі маёнткамі ў Рэчыцкім, Мазырскім, Мінскім паветах Мінскай губерні, а таксама маёнткамі Прыборск і Хабна Радамысльскага павета Кіеўскай губерні. Горваты займалі пасады суддзяў, прадвадзіцеляў дваранства (маршалкаў), членаў камітэтаў, дэпутатаў і да т.п., будавалі прыватныя рэзідэнцыі, засноўвалі прадпрыемствы, калекцыянавалі прадметы мастацтва.
Горваты | |
---|---|
Перыяд | з сярэдзіны XVII ст. па сярэдзіну XX ст. |
Родапачынальнік: | вайсковец-харват Ян Нікшыч (упам. з сяр. XVII ст.) натуралізаваўся ў Менскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага, набыўшы маёнтак Залессе ў Менскім ваяводстве з усімі прыналежнасцямі (палі, лясы, азёры і г.д.). |
Радзіма | верагодна, землі Харватыі (у складзе Венгерскага каралеўства Габсбургскай манархіі) |
Падданства |
Вялікае Княства Літоўскае; Расійская імперыя; Польская Рэспубліка (1918—1939) |
Маёнткі | Ліпаў, Карані, Нароўля, Галоўчыцы, Барбароў, Ельск (Каралін), Дудзічы, Яўтушкавічы, Белая Сарока, Гарбавічы, Жары, Хабна, Прыборск |
Грамадзянская дзейнасць | вайсковая справа, дзяржаўна-адміністрацыйная дзейнасць, прадпрымальніцтва |
Рэлігійная дзейнасць | католікі |
Паходжанне і натуралізацыя
правіцьСваё паходжанне Горваты вялі ад вайскоўца-афіцэра Яна Нікшыча (упам. з сяр. XVII ст.), выходніка з Венгерскага каралеўства — а дакладней, з зямель, верагодна, сучаснай Харватыі (у складзе Венгерскага каралеўства Габсбургскай манархіі), які прыбыў у Вялікае Княства Літоўскае па запрашэнні князя Багуслава Радзівіла (1620—1669) для навучэння свайго прыдворнага магнацкага войска еўрапейскай тактыцы[1]. Адзначыўся ў паспалітым рушэнні, за што 27 ліпеня 1651 г. ад князя Багуслава Радзівіла атрымаў вызваленне ад гарадскіх падаткаў[2]. Пасля смерці пратэктара афіцэр Ян Нікшыч пакінуў прыдворную вайсковую службу ў князёў Радзівілаў і натуралізаваўся ў Вялікім Княстве Літоўскім, набыўшы маёнтак Залессе ў Менскім ваяводстве[1], дзе асеў і пачаў карыстацца шляхецкім гербам «Побуг». Дакументы з тых часоў захоўваліся ў сямейным архіве Горватаў XIX ст.[1]
Паводле свайго тэстамента ад 27 студзеня 1680 г., Ян Нікшыч свайму сыну (Гілярыю-Ваўрынцу Нікшычу-Горвату) запавятаў свой маёнтак Залессе ў Менскім ваяводстве з усімі прыналежнасцямі: палі, лясы, азёры і г.д.[1] (Беларускі гісторык Я. Глінскі лічыць звесткі аб набыцці маёнтка Залессе і дароўным запісе ад 1680 г. сумнеўнымі[3]). Сам Гілярый (упам. 1704) атрымаў у заставу ад князёў Радзівілаў маёнтак Смолкава (Смольгава) у Менскім ваяводстве[2]. Сын Гілярыя ўжо пісаўся ў дакументах у 1736 г. як Сільвестр Горват (Sylwester Horwatt). Так, тапонім «харват» (horwatt) стаў прозвішчам ва ўнука Яна Нікшыча. З таго часу яго нашчадкі пісаліся толькі як «Горваты».
Сільвестр Горват (упам. у 1709—1736 гг.), чарнігаўскі падстолі, атрымаў у заставу ад князёў Радзівілаў вёску Юшкевічы (10 сялян)[2] у Слуцкай ардынацыі — за ваенныя паслугі Горватаў князям Радзівілам, што зафіксавана ў распараджальным дакуменце князя Карла III Філіпа Пфальцкага (спадчынніка князя Багуслава Радзівіла) да адміністратара Слуцкай ардынацыі пана Незабітоўскага[1]. (Беларускі гісторык Я. Глінскі лічыць звесткі аб продажы Сільверстам маёнтка Залессе ў 1736 г. сумнеўнымі[3]). Сільвестр Горват набыў маёнтак Карані (Каранёўка)[2] ў Мазырскім павеце, ажаніўся з Рэгінай Дзертка[2], пакінуў двух сыноў (Шымана і Базыля), ад якіх пайшлі дзве галіны роду Горватаў, з якіх моцна разбагацелі і ўзвысіліся нашчадкі Базыля Горвата. Сын Базыля мазырскі ротмістр Тадэвуш Горват (хрышчаны ў 1737 г. у мазырскім касцёле[4]) набыў у Мазырскім павеце Вялікага Княства Літоўскага маёнтак Ліпаў, які на дзесяцігоддзі стаў галоўнай сядзібай яго нашчадкаў.
Узвышэнне роду
правіцьУзвышэнне роду звязана з дзейнасцю сына мазырскага ротмістра Тадэвуша Базылевіча Горвата — Ігната Тадэвушавіча Горвата (1764—к.1826), які змог дабіцца значных кар’ерных поспехаў у Мазырскім павеце Вялікага Княства Літоўскага — служыў на высокіх земскіх пасадах мазырскага гродскага суддзі (1782—1795) і паралельна мазырскага цывільна-вайсковага камісара (1790—1793), а пазней (пасля падзелаў Рэчы Паспалітай) у Рэчыцкім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі — служыў па выбару дваран на пасадзе вывадовага дэпутата (дэпутата дваранства) ад Рэчыцкага павета ў мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе (1795—1801) і старшыні рэчыцкага павятовага гранічнага (межавага) суда (1814—1817)[5]. Ён не ўдзельнічаў у бураломных падзеях беларускай гісторыі канца XVIII — пачатку XIX ст., звязаных з паўстаннем 1794 года і падзеламі Рэчы Паспалітай, і яго маёнткі не былі секвестраваны расійскімі ўладамі. Наадварот, Ігнату Горвату напярэдадні сваёй смерці ўдалося набыць у 1826 г. у нашчадкаў Андрэя фон Гольста буйны маёнтак Барбароў (Барбароў, Нароўля, Галоўчыцы з навакольнымі вёскамі) у Рэчыцкім павеце Мінскай губерні — землі, якія ў 1793 г. былі секвестраваны расійскай уладай у паўстанца Яна Мікалая Аскеркі (1735—1796)[5].
Пасля смерці Ігнат Горват пакінуў сваім чатыром сынам (Аляксандру, Станіславу, Атону і Даніэлю) і чатыром дачкам значную зямельную латыфундыю, дзе ў 1826 г. агульна налічвалася 2 958 рэвізскіх душ[5], чым вывеў свой род са стану сярэднезаможнай шляхты ў багацеяў. Сыны Ігната Горвата не толькі не выпусцілі багацце з рук, а значна яго павялічылі і ўвайшлі ў склад эліты як Мінскай губерні, так і ўсяго беларуска-літоўскага края ў XIX ст.[5] У 1826 г. яны падзялілі бацькаву спадчыну і валодалі паасобку значнымі маёнткамі ў Мазырскім, Рэчыцкім і Радамысльскім паветах, але мелі прыязныя сямейныя адносіны і ў гаспадарчых справах заўсёды дзейнічалі згодна[6]. Аляксандр Ігнатавіч Горват (к.1800—1888) пры падзеле фамільнай спадчыны атрымаў маёнтак Барбароў (з навакольнымі вёскамі), Станіслаў Ігнатавіч Горват (1804—1884) — маёнтак Галоўчыцы (з навакольнымі вёскамі), Атон Ігнатавіч Горват (1809—1894) — маёнткі Ліпаў, Карані і Яўтушкавічы (з навакольнымі вёскамі), Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868) — маёнтак Нароўля (з навакольнымі вёскамі), а іх сёстры (Марыя, Францішка, Філіпіна і Кацярына) атрымалі грашовыя фундушы.
Рэчыцкі павет знаходзіўся вельмі далёка ад галоўных цэнтраў Лістападаўскага паўстання (1830—1831) і там яно разгарнулася слаба. Дачка Ігната Горвата Кацярына была замужам за маянткоўцам Геранімам Антонавічам Кеневічам (1796—1884), брат якога Фелікс Антонавіч Кеневіч (1802—1863) стаў кіраўніком паўстання ў Мазырскім павеце і са сваім паўстанцкім атрадам прыйшоў у Рэчыцкі павет, дзе рэкрутаваў прыгонных сялян у атрад у маёнтках Нароўля і Барбароў, якія належалі адпаведна Даніэлю і Аляксандру Ігнатавічам Горватам[7]. Пасля падаўлення паўстання браты Аляксандр, Даніэль і Станіслаў Горваты зрабілі добраахвотную яўку да расійскіх улад з павіннай і каяннем, таму ім удалося пазбегнуць пакарання і захаваць маёнткі[7].
Жонка Аляксандра Скірмунта (1799—1870) Канстанцыя (1808—1845), з роду Сулістроўскіх, у 1841 г. прадала свой спадчынны ад бацькі маёнтак Каралін (Ельск) з прыналежнымі вёскамі (цалкам 21 977 дзесяцін) у Мазырскім павеце Даніэлю Ігнатавічу Горвату (1810—1868). Даніэль Горват таксама купіў маёнтак Прыборск (Прыборск, Сукачы, Русакі, Даманаўка) у Радамысльскім павеце Кіеўскай губерні і маёнтак Арцюхі ў Мінскім павеце. Аляксандр Ігнатавіч Горват (к.1800—1888) купіў у нашчадкаў рускага графа Рыгора Рыгоравіча Арлова (1734—1783) маёнтак Белая Сарока (Рэчыцкі павет)[8], у 1834 г. купіў маёнтак Жары (Верхнія Жары і Ніжнія Жары ў Рэчыцкім павеце), а ў 1850 г. купіў у князя Вільгельма ІІ Трайдэна Радзівіла маёнтак Хабна ў Кіеўскай губерні, які належаў Горватам да 1917 г. Станіслаў Ігнатавіч Горват (1804—1884) купіў маёнткі Дудзічы і Гарбавічы. У 1841 г. за чатырма сынамі Ігната Тадэвушавіча Горвата (Аляксандрам, Станіславам, Атонам і Даніэлем) сукупна ўжо налічвалася 4 632 рэвізскія душы ў Рэчыцкім павеце, у 1851 г. — 4 513 рэвізскіх душ, а ў 1862 г. — 4 031 рэвізская душа былых прыгонных сялян і 170 172 дзесяціны зямлі (заселенай і незаселенай)[6]. Маёнткі братоў Горватаў размяшчаліся кампактна і па-суседстве ўздоўж ніжняга цячэння Прыпяці (Нароўля, Барбароў, Ельск (Каралін), Галоўчыцы, Цешкаў, Ламачы, Жары, Хабна, Ліпаў, Дудзічы і інш. — з цэлай процьмай прыналежных вёсак), па якой Горваты адпраўлялі сваю прадукцыю (гарэлка, лес, смала, дзёгаць, паташ, скуры, жыта, сала і інш.) на Украіну (да Крамянчуга і Адэсы), а таксама гналі дарогамі сваю жывёлу на поўнач у Санкт-Пецярбург на продаж[6][9].
Напрыклад, у нараўлянскім маёнтку ў першай палове XIX ст. меліся дробныя прадпрыемствы і добра развіваліся рамёствы: у вёсцы Нараўлянская Гута працаваў завод па вырабе шкла, у вёсцы Завайць меўся значны завод па вырабу паташу, у вёсках Смалегаўская Рудня і Мальцы выраблялася жалеза для мясцовых патрэб, а ў вёсцы Дзямідаў — значная рудаплавільная мануфактура, вядомая па ўсім Палессі[9]. У маёнтку Барбароў існавала значная смалакурная вытворчасць, вінакурны завод, фабрыка па вырабу ваўняных тканін, аранжарэя. У фальварку даўно меліся кузня, млын, крупарушка, жывёльны двор. Грузы сплаўлялі па Прыпяці на Украіну з прыватнай барбароўскай прыстані.
У 1850 г. у Нароўлі Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868) пабудаваў сабе новы мураваны і велічны палац у стылі позняга класіцызму, які стаў самай шыкоўнай і вялікай па памерам рэзідэнцыяй Горватаў, на атыку галоўнага фасада якой ляпнінай быў зроблены заўважны надпіс «DIH», а на франтоне «R. 1850» (абазначалі дату пабудовы 1850 г. і імёны ўладальнікаў Даніэля (D) і Іфігеніі (I) Горватаў (H)), чым па сутнасці прадэманстраваў і падрэсліў сваё багацце і значнасць. У палацы меліся каштоўная мэбля, багатая бібліятэка і еўрапейскага значэння прадметы мастацтва. Перад палацам быў створаны фантан, што было рэдкасцю ў беларускіх дваранскіх сядзібах, а сам палац абкружаны прыгожым паркам. Рэзідэнцыя стала адной з самых шыкоўных і значных ва ўсёй Мінскай губерні.
У ходзе сялянскай рэформы (1861) у Расійскай імперыі Горваты павінны былі выдзяліць частку сваёй зямлі вызваленым ад прыгоннай залежнасці сялянам. Таму ў 1876 г. за Горватамі разам у Мінскай губерні мелася 107 249 дзесяцін зямлі[6]. Гэта ўсё роўна выводзіла іх у шэраг першаразрадных латыфундыстаў і было падставай таго, што ў другой палове XIX ст. Горваты ўжо знаходзіліся ў сваяцтве з такімі ўплывовымі дваранскімі родамі Мінскай губерні і беларуска-літоўскага края як Валадковічы, Ваньковічы, Оштарпы, Гечэвічы, Хамінскія, графы Красіцкія і графы Тышкевічы[6].
23 верасня 1847 г. у Мінску Атон Ігнатавіч Горват (1809—1894) быў выбраны дваранамі Мазырскага павета на пасаду мазырскага павятовага маршалка на 3 гады і зацвержданы на гэтай пасадзе мінскім губернатарам. Атон Горват нават паспеў падпісацца ў дакументах як «мазырскі павятовы маршалак»[7], аднак на тых жа выбарах 27 верасня ён быў выбраны на пасаду мінскага губернскага маршалка, у 1850 г. пераабраны дваранамі яшчэ на 3 гады, займаўшы тую пасаду да 1853 г.[7] Вялікую ролю ў выбранні Атона Горвата на пасаду мінскага губернскага маршалка мелі яго сваяцкія сувязі — у першую чаргу яго шлюб з Людвікай, дачкой папярэдняга ўплывовага мінскага губернскага маршалка (1823—1847) Льва Оштарпа (1786—1851)[10]. Губернскія маршалкі беларуска-літоўскіх губерняў у канцы XVIII — першай палове ХІХ ст. знаходзіліся ў блізкім сваяцтве паміж сабой і з многімі павятовымі маршалкамі губерні, былі згуртавальнымі асобамі губернскага дваранства, мелі аўтарытэт і з’яўляліся нефармальнай рэгіянальнай элітай, якая складалася звычайна з 7-8 самых уплывовых дваранскіх сямей губерні[10][11][12]. Калі Леў Оштарп кіраваў губернскім дваранствам, Атон Горват заўсёды трымаўся побач са сваім цесцем[10].
Менавіта ў кадэнцыю мінскага губернскага маршалка (1847—1853) Атона Горвата (1809—1894) у Мінску ў 1852 г. для мясцовых дваран адбылася такая знакавая ў беларускай гісторыі падзея як прэм’ера «Ідыліі» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Станіслава Манюшкі. А даверанай асобай (пленіпатэнтам) Атона Горвата шмат разоў быў Люцыян Неслухоўскі (1816—1880), які быў вельмі вядомым у Мінску адвакатам, пасрэднікам і бацькам беларускага паэта Яна Неслухоўскага (Янкі Лучыны)[10]. Пасля заўчаснай смерці Людвікі Атон Горват пабраўся шлюбам з сярэднезаможнай дваранкай Міхалінай Вайніловіч, якая была маладзей за мужа на 39 год. На думку гісторыка А. Р. Раюка, такі шлюб больш паспрыяў яе брату — Эдварду Вайніловічу (1847—1928), сярэднезаможнаму маянткоўцу, які хутка набіраў аўтарытэт у Мінскай губерні, быў лідарам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, а ў канцы XIX — пачатку XX ст. увогуле стаў лідарам маянтковых дваран-кансерватараў беларускіх губерняў[10]. Такім чынам Атон Горват паспрыяў сацыяльнаму ўзвышэнню Эдварда Вайніловіча[6].
Атон Горват атрымаў ад сваёй жонкі Людвікі Оштарп пажыццёвыя правы на маёнтак Прылукі (пад Мінскам), якім раней валодаў маршалак Леў Оштарп. Аднак у 1872 г. граф Эмерык Чапскі (1828—1896) купіў маёнтак Прылукі, дзе перабудаваў прылуцкі палац у псеўдагатычным стылі[13]. Ад Эмерыка Чапскага маёнтак Прылукі атрымаў у спадчыну яго сын граф Ежы Чапскі (1861—1930), які стаў апошнім мінскім губернскім маршалкам (1918—1920) у драматычныя для Беларусі часы дзяржаўнага самавызначэння, разам з іншымі дваранамі падтрымаў абвяшчэнне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 г. і ўзначаліў восенню дэлегацыю (дзе быў і лідар беларускіх краёўцаў-кансерватараў Эдвард Вайніловіч), каб перадаць у Мінску нямецкаму генералу Эрыху фон Фалькенгайну афіцыйны зварот аб жаданні мясцовых дваран-кансерватараў стварыць уласную канстытуцыйна-манархічную дзяржаву «Вялікае Княства Літоўска-Беларускае». Факт валодання палацам і маёнткам Прылукі трыма мінскімі губернскімі маршалкамі (Оштарпам, Горватам і Чапскім) — прыкметнымі ў беларускай гісторыі асобамі — зрабіў псеўдагатычны палац у Прылуках вельмі сімвалічным, статусным і знакавым месцам для сучаснай беларускай дзяржаўнасці і культуры[13].
У ліку іншых асоб Атон Горват ахвяраваў свае грошы на будынак гарадскога тэатра ў Мінску. Праз пэўны час пасля смерці Атона Горвата яго другая жонка Міхаліна (з-за адсутнасці супольных дзяцей) перадала спадчынныя маёнткі мужа ў Рэчыцкім павеце (Ліпаў, Атолін, Прудзішча, Карані і Яўтушкавічы — разам 16 018 дзесяцін зямлі[6]) яго законным спадчыннікам — Горватам. Станіслаў Аляксандравіч Горват (1866—1930) як адзін са спадчыннікаў узяў тыя землі сабе, а астатнім спадчыннікам-Горватам выплаціў грашыма іх долі, бо хацеў, каб Ліпаў пазней стаў спадчынай яго сына — Станіслава Станіслававіча Горвата (1895—1939)[14].
Дачка Аляксандра Ігнатавіча Горвата (к.1800—1888) Сафія Аляксандраўна Горват (1839—1919) цікавілася беларускім фальклорам і рабіла фальклорныя запісы ў сваім штамбуху (датаваным 1849—1855 гг.), з якога пазней Рамуальд Зямкевіч перапісаў мелодыю і тэкст беларускамоўнай песні «Ой, у полі жыла» з-пад Мазыра[10]. У 1860 г. Сафія выйшла замуж за аднаго з самых уплывовых і самых багатых дваран у беларуска-літоўскіх губернях — графа Юзафа Юзафавіча Тышкевіча (1835—1891), уласніка маёнткаў Ландвараў, Крацінга і Паланга. Юзаф і яго брат граф Ян Юзафавіч Тышкевіч (1831—1892), віленскі павятовы маршалак (1859—1862), узначалілі патрыятычныя маніфестацыі мясцовых дваран і мяшчан (у тым ліку жанчын) у Вільні, Віленскай і Ковенскай губернях напярэдадні Студзеньскага паўстання (1863—1864), з-за чаго Ян Тышкевіч у 1862 г. быў адсунуты расійскай уладай з пасады павятовага маршалка. Паводле мемуарысткі Яніны Жалтоўскай, Сафія Тышкевіч (1839—1919) значна дапамагала свайму мужу ў вядзенні гаспадаркі: «Вясёлая, жыццярадасная, роўнага нораву і вялікай сілы волі, яна праславілася практычнымі талентамі, дзякуючы якім павялічыла такое вялікае Тышкевіцкае багацце. Здавалася б, яна падпарадкоўвалася розным загадам або капрызам мужа, але пераўзыходзіла яго ўпартасцю, і, калі яму стала сумна, працягвала мець зносіны з адвакатамі і аканомамі»[15].
Яшчэ ў ходзе падаўлення Студзеньскага паўстання (1863—1864) у заходніх губернях Расійскай імперыі былі забаронены дваранскія выбары і на выбарныя дваранскія пасады, у тым ліку павятовых і губернскіх маршалкаў (прадвадзіцеляў дваранства), з 1863 г. асоб пачалі прызначаць паводле ўказанняў расійскіх улад. Станіслаў Ігнатавіч Горват (1804—1884), уласнік маёнткаў Галоўчыцы, Дудзічы і Гарбавічы, быў першым у Рэчыцкім павеце Мінскай губерні нявыбарным павятовым прадвадзіцелем дваранства (маршалкам) у 1863—1872 гг. і апошнім з ліку дваран мясцовага паходжання на гэтай пасадзе.
А Аляксандр Аляксандравіч Горват (1831—1879), уласнік маёнтка Барбароў (Рэчыцкі павет Мінскай губерні) і маёнтка Хабна (Радамысльскі павет Кіеўскай губерні), спачатку быў кіеўскім губернскім маршалкам па выбару дваран у 1860—1863 гг. У 1862 г. ён узначаліў кіеўскі камітэт палітычнай групоўкі «белых» і перадаваў грошы камітэта ў цэнтр групоўкі «белых» у Парыжы (т.зв. «атэль Ламбер»), але быў праціўнікам паўстання і ў паўстанні не ўдзельнічаў. У 1863 г. Аляксандр Горват быў прызначаны на тую ж пасаду кіеўскага губернскага маршалка (прадвадзіцеля) рашэннем расійскай улады — па 1866 г. Пры сыходзе з пасады адмовіўся ад прапанаваных яму расійскай уладай адзнак і рэгалій, хоць для выканання абавязкаў маршалка яму прышлося прадаць адзін са сваіх фальваркаў[16]. Пасля таго Горваты пасад прадвадзіцеляў дваранства (маршалкаў) не займалі, бо расійская ўлада спыніла практыку прызначаць мясцовых дваран-католікаў на такія пасады. Толькі аўтарытэтны Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) быў прызначаны на пасаду дэпутата дваранства (вывадовага дэпутата) Мазырскага павета (1897—1901), а пазней дэпутата дваранства (вывадовага дэпутата) Рэчыцкага павета (1901—1917).
Пасля Студзеньскага паўстання (1863—1864) расійскі ўрад Палажэннем 10 снежня 1865 года забараніў дваранам-католікам («асобам польскага паходжання») набываць маёнткі ў Заходнім краі і ўвёў штогадовы кантрыбуцыйны грашовы збор з маёнткаў, якія належалі дваранам-католікам у Заходнім краі. Таму Горваты спынілі куплю маёнткаў, а некаторыя з іх нават прадавалі часткі зямлі ў канцы XIX — пачатку XX ст., аднак усё роўна заставаліся латыфундыстамі. Напрыклад, маёнтак Нароўля, які належаў Эдварду Артуравічу Горвату (1866—1935), у 1914 г. налічваў 28 тыс. дзесяцін зямлі.
Горваты браліся за ўсе камерцыйныя праекты, якія абяцалі добры прыбытак: прадавалі ў вялікіх аб’ёмах драўніну, спірт, гарэлку, прасаванае сена (для патрэб расійскай арміі), жывёлу. А іх галоўныя сядзібы (Нароўля, Галоўчыцы, Барбароў, Хабна) даўно былі мясцовымі эканамічнымі цэнтрамі. У 1887 г. у Нароўлі было ўжо 3 вінакурныя заводы (першы працаваў з 1855 г., другі — з 1861 г.), а ў Галоўчыцах у 1893 г. ужо пачалі будаваць другі — рэктыфікацыйны завод[17]. З 1890-х гг. лесанарыхтоўка і апрацоўка драўніны занялі вядучае месца ў прамысловасці Рэчыцкага павета. У 1909 г. Станіслаў Маўрыцавіч Горват (1877—1935), уласнік маёнтка Галоўчыцы, атрымаў дазвол і адкрыў у маёнтку Лінаў яшчэ адзін лесапільны завод, а таксама бандарны завод[18].
У маёнтку Нароўля Эдварда Горвата выраблялі гарэлку, каўбасы, сыры, рыхтавалі вяндліну[18]; меліся Міхнаўскі сенапрасавальны завод, конезавод, завод па вырабу паташу, дзёгцю, цэглы, шклозавод, малатарня, млынарня, валоўня, прадпрыемства па вырабу сокаў і варэння[19]. Напрыклад, у 1910 г. Эдвард Горват па запрашэнні Адэскага інтэнданцкага ўпраўлення прымаў чарговы ўдзел у таргах на пастаўку прасаванага сена для Адэскай ваеннай акругі[18]. Яшчэ ў 1902 г. Артур Горват у нараўлянскім маёнтку ўстанавіў тэлефон[19].
У 1913 г. на тэрыторыі сваёй нараўлянскай сядзібы Эдвард Горват (1866—1935) пабудаваў буйную і прыбытковую кандытарскую фабрыку, асноўнай прадукцыяй якой сталі мармелад, карамель, пасціла, павідла, джэм і сочыва, што пастаўлялася ў сталіцы Расійскай імперыі (Санкт-Пецярбург і Маскву), Кіеў і г.д. Сыравіна (садавіна і гародніна) для кандытарскай прадукцыі бралася з вялікіх садоў і плантацый нараўлянскага маёнтка Эдварда Горвата. Кацельная фабрыкі працавала на торфе, які дастаўляўся з торфазавода па прыватнай вузкакалейцы (каля 10 км)[19]. У 1914 г. у Расійскай імперыі была зарэгістравана гандлёвая марка «Горват»[19]. У савецкія часы фабрыка ў Нароўлі была нацыяналізавана ўладамі без кампенсацыі Горватам, атрымала назву «Чырвоны Мазыранін» і займаецца выпускам кандытарскай прадукцыі дагэтуль, у тым ліку вядомых цукерак «Кароўка», зефіру, мармеладу і г.д.
Як і многія іншыя маянткоўцы, Горваты з'яўляліся членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.
Увядзенне ў 1905 г. у Расійскай імперыі заканадаўчай Дзяржаўнай Думы (ніжняй палаты парламента) і змяненне функцый Дзяржаўнага Савета (верхняй палаты) дазволіла ўласніку маёнткаў Ліпаў (Мінская губерня) і Хабна (Кіеўская губерня), «краёўцу» Станіславу Аляксандравічу Горвату (1866—1930) быць абраным у дэпутаты I Дзяржаўнай думы (1906) ад Кіеўскай губерні і стаць членам дэпутацкага «Краёвага кола Літвы і Русі», а таксама быць абраным дваранамі на пасаду дэпутата (1910—1913) Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Кіеўскай губерні і займацца вялікай палітыкай у сталіцы імперыі Санкт-Пецярбургу.
Палац Эдварда Горвата ў Нароўлі, паводле здагадкі мемуарыста Андрэя Раствароўскага (1899—1980), быў месцам, дзе неўзабаве пасля расійскай рэвалюцыі (1905) адбыўся перадвыбарчы з’езд каля 60 землеўласнікаў Рэчыцкага павета, для выбрання ўпаўнаважаных для выбараў у парламент Расійскай імперыі[20].
У пачатку XX ст. у нараўлянскім палацы пражываў[21] выдавец беларускамоўнага буквара-катэхізіса «Элементаж для добрых дзетак-каталікоў» (1862), адзін з лідараў Студзеньскага паўстання (1863—1864), паўстанцкі начальнік Вільні (1863), сібірскі катаржанін, а таму вельмі аўтарытэтная сярод каталіцкага маянтковага дваранства беларуска-літоўскіх губерняў асоба — Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка (1830—1911), дачка якога Ядвіга была жонкай Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935), уласніка Нароўлі. Хоць Аляксандр Аскерка быў пахаваны ў 1911 г. у Вільні на могілках Росі, Эдвардам Горватам у горватаўскай фамільнай каталіцкай капліцы, якая знаходзілася ў сядзібным парку вакол нараўлянскага палаца Горватаў, быў створаны кенатаф з надпісам «Grobowiec Aleksandra Oskierki» як напамін аб асобе[22].
Нацыяналізацыя зямельнай уласнасці і заняпад магутнасці
правіцьПасля прыходу ў 1917 г. бальшавікоў да ўлады ў Маскве і Петраградзе, выдання бальшавіцкага Дэкрэта аб зямлі і распальвання грамадзянскай вайны на тэрыторыі былой Расійскай імперыі ў 1917—1921 гг., зямельная ўласнасць Горватаў у Мінскай і Кіеўскай губернях апынулася пад пагрозай нацыяналізацыі савецкай уладай без кампенсацыі. Фактычна ў 1920 г. Горваты страцілі ўсе свае маёнткі, прадпрыемствы і палацы. Пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) зямельныя валоданні, палацы і прадпрыемствы Горватаў афіцыйна апынуліся на савецкім баку — у складзе тэрыторыі БССР і УССР, а іх былыя ўласнікі вымушаны былі пераехаць на сталае месца жыхарства ў міжваенную Польшчу. Некаторыя з іх уключыліся ў дзейнасць кансерватыўных арганізацый землеўласнікаў і польскіх палітычных партый.
Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) да сваёй смерці кіраваў сваім маёнткам Гожычкі (Gorzyczki) у Пазнаньскім ваяводстве (Польшча), які ён атрымаў па спадчыне ад сваёй маці графіні Караліны Патвароўскай (1839—1921)[23]. У 1923 г. ён ажыццявіў рамонт і пэўную перабудову неарэнесансавага палаца ў Гожычках, які (разам з зямельнай уласнасцю) перайшоў па спадчыне да яго дачкі Аляксандры (1895—1943) і яе мужа — сенатара Польшчы Станіслава Станіслававіча Ваньковіча (1883—1943)[24].
У час Другой сусветнай вайны 24 мая 1943 г. у польскім горадзе Збыднёве на вяселлі Івона Мержаеўскага з Тэрэзай Ваньковіч (1925—1974) немцамі-эсэсаўцамі былі забіты бацькі маладой — Станіслаў Ваньковіч (1883—1943) і Аляксандра Ваньковіч (1895—1943) з роду Горватаў, а таксама многа іншых гасцей, у тым ліку немка Эльфрыда Горват (мачаха Аляксандры Эдвардаўны Ваньковіч — другая жонка Эдварда Горвата)[25][26]. У цяперашні час будынак неарэнесансавага палацу ў Гожычках знаходзіцца ў валоданні Сельскагаспадарчай карпарацыі скарбу Польшчы (Korporacja Rolna Skarbu Państwa)[24].
Вядомыя прадстаўнікі
правіць- Ігнат Тадэвушавіч Горват (1764—к.1826), буйны землеўласнік Расійскай імперыі, пачынальнік узвышэння роду Горватаў, мазырскі гродскі суддзя (1782—1795), дэпутат дваранства (вывадовы дэпутат) Рэчыцкага павета (1795—1801)
- Аляксандр Ігнатавіч Горват (к.1800—1888), буйны землеўласнік Расійскай імперыі, рэчыцкі павятовы харунжы (1820—1826)
- Станіслаў Ігнатавіч Горват (1804—1884), буйны землеўласнік Расійскай імперыі, рэчыцкі павятовы маршалак (1863—1872)
- Атон Ігнатавіч Горват (1809—1894), буйны землеўласнік Расійскай імперыі, мінскі губернскі маршалак (1847—1853)
- Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868), буйны землеўласнік Расійскай імперыі
- Аляксандр Аляксандравіч Горват (1831—1879), буйны землеўласнік Расійскай імперыі, кіеўскі губернскі маршалак (1860—1866)
- Артур Даніэлевіч Горват (1831—1903), буйны землеўласнік Расійскай імперыі, грамадскі дзеяч
- Маўрыцый Даніэлевіч Горват (1838—1903), буйны землеўласнік Расійскай, прадпрымальнік
- Аляксандр Аляксандравіч Горват (1860—пасля 1918), буйны землеўласнік Расійскай імперыі, прадпрымальнік
- Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935), буйны землеўласнік Расійскай імперыі, прамысловец, фабрыкант, дэпутат дваранства (вывадовы дэпутат) Мазырскага павета (1897—1901), дэпутат дваранства (вывадовы дэпутат) Рэчыцкага павета (1901—1917)
- Станіслаў Аляксандравіч Горват (1866—1930), буйны землеўласнік Расійскай імперыі, «краёвец», дэпутат I Дзяржаўнай думы ад Кіеўскай губерні (1906) і член дэпутацкага «Краёвага кола Літвы і Русі», дэпутат (1910—1913) Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Кіеўскай губерні
- Станіслаў Маўрыцавіч Горват (1877—1935), буйны землеўласнік Расійскай імперыі, прадпрымальнік
- Станіслаў Станіслававіч Горват (1895—1939), палкоўнік польскіх войск
-
Кацярына Ігнатаўна Горват (1807—1891), жонка Гераніма Антонавіча Кеневіча (1796—1884). Мастак Ядвіга Кеневіч
-
Атон Ігнатавіч Горват (1809—1894)
-
Аляксандр Аляксандравіч Горват (1860—пасля 1918)
-
Станіслаў Аляксандравіч Горват (1866—1930)
-
Пётр Зыгмунтавіч Ваньковіч (1866—1936) і яго жонка Габрыэла Артураўна Ваньковіч (1868—1955) з роду Горватаў, уласнікі маёнтка Вялікая Сляпянка. Фота раней 1900 г.
-
(злева — направа) Аляксандра Эдвардаўна Горват (1895—1943), Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935), Станіслаў Станіслававіч Ваньковіч (1885—1943) на балконе палаца ў Нароўлі падчас вяселля ў 1916 г.
-
Геранім Кеневіч (1830—1911) са сваёй жонкай Ядвігай, дачкой Аляксандра Ігнатавіча Горвата (к.1800—1888)
-
графіня Марыя Даніэлеўна Хлапоўская (1844/1846—1906) — дачка Даніэля Ігнатавіча Горвата (1810—1868)
Рэзідэнцыі Горватаў
правіць-
Сядзіба Горватаў у маёнтку Ліпаў. Фота пачатку ХХ ст.
-
Сядзіба Горватаў у маёнтку Барбароў. Фота пачатку ХХ ст.
-
Сядзіба Горватаў у маёнтку Галоўчыцы. Фота пачатку ХХ ст.
-
Сядзіба Горватаў у маёнтку Нароўля. Фота пачатку ХХ ст.
-
Палац у псеўдагатычным стылі ў маёнтку Прылукі. Малюнак Напалеона Орды, 10 ліпеня 1876 г.
Антрапалагічныя асаблівасці
правіцьМногія прадстаўнікі роду Горватаў вызначаліся мангалоіднымі рысамі, бо мелі, напэўна, і «татарскія» гены[5]. Верагодна, Юзэфа Рудніцкая (жонка Ігната Горвата) была прадстаўніцай беларускай шляхты татарскага паходжання. Мемуарыстка Яніна Жалтоўская на свой густ так апісала знешні выгляд нашчадкаў Ігната Тадэвушавіча Горвата (1764—к.1826): «Не мелі ні расы, ні прыгажосці, акрамя пана харунжага (Аляксандра Ігнатавіча Горвата, — заўв.), а мелі мангольскі тып: выступаючыя скулы, плоскія насы, жоўты колер скуры, шырокія тоўстыя вусны і млявыя сілуэты»[7].
Напрыклад, прыкметныя мангалоідныя рысы знешнасці былі ў Атона Ігнатавіча Горвата (1809—1894), Аляксандра Аляксандравіча Горвата (1860—пасля 1918), Станіслава Маўрыцавіча Горвата (1877—1935), Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935), графіні Сафіі Аляксандраўны Тышкевіч (1839—1919) — дачкі Аляксандра Ігнатавіча Горвата (к.1800—1888). Усё тая ж Яніна Жалтоўская на свой густ акрэсліла Станіслава Маўрыцавіча Горвата (1877—1935), уласніка Галоўчыц, нават так: «Непаваротлівы, меў негрыцянскі выгляд і быў жывым абвяржэннем усялякай мажнасці пароды»[27].
-
Атон Ігнатавіч Горват (1809—1894)
-
Аляксандр Аляксандравіч Горват (1860—пасля 1918) з жонкай Ядвігай і дачкой Марыяй. Фота раней 1917 г.
-
Станіслаў Маўрыцавіч Горват (1877—1935). Фота раней 1917 г.
-
Графіня Сафія Аляксандраўна Тышкевіч (1839—1919). Фота пачатку XX ст.
-
Графіня Сафія Аляксандраўна Тышкевіч (1839—1919). Фота пачатку XX ст.
Ацэнка дзейнасці
правіцьБеларускі гісторык А. Р. Раюк заключыў, што Горваты былі перш за ўсё дбайнымі гаспадарамі, якія ўмелі ствараць эфектыўныя буйныя прыватныя гаспадаркі, і пагадзіўся з меркаваннем мемуарысткі Яніны Жалтоўскай аб Горватах XIX ст.: «Горваты не мелі нічога агульнага са шляхецкай традыцыяй XVIII стагоддзя і належалі да тыпу новых і ў тагачасным разуменні „сучасных людзей“. Гандлявалі гарэлкай і валамі, цана гарэлкі цікавіла іх вельмі. Па вопратцы і поглядах яны нагадвалі персанажаў Бальзака і розных „несімпатычных“ герояў з рамана Крашэўскага. „Les Contes Drolatiques“ былі бліжэй да іх розуму і, магчыма, нораваў, чым „Пан Тадэвуш“. Адносілі іх, натуральна, да „рэалістаў“. <…> Талент да бізнесу яны спалучалі з таварыскай ганарыстасцю і разважлівасцю, пазбаўленай палёту. Яны праіснавалі пяць пакаленняў, тэрмін, прызначаны сацыёлагамі для сямей, якія жывуць у сучасным дастатку, і ў мужчынскай лініі выгаслі даволі хутка пасля знішчэння іх маёнткаў і сядзіб бальшавікамі»[6].
Пісьменнік Андрэй Горват
правіцьЗвяртаючы ўвагу на сугучнасць прозвішчаў, беларускі пісьменнік і журналіст Андрэй Іванавіч Горват (нар. у 1983 г.) з юнацкіх гадоў пачаў вывучаць гісторыю шляхецкага роду Горватаў і гісторыю родавых сядзіб, каб даведацца пра патэнцыйныя сваяцкія адносіны. Сам Андрэй Горват паходзіць з прыгонных сялян вёскі Прудок (Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць, Беларусь) і лічыць, што яго продкі, паводле ўласных генеалагічных даследаванняў, могуць паходзіць ад шляхціца Кандрата Горвата (сына Гілярыя-Ваўрынца Нікшыча-Горвата)[28], нашчадкі якога збяднелі і перайшлі ў стан сялян.
Андрэй Горват таксама з 2006 г. хадзіў з думкай, каб набыць занядбаны і струхлелы будынак былога палаца Горватаў у Нароўлі, каб папярэдзіць яго поўны заняпад і знішчэнне і захаваць напамін аб слаўным родзе Горватаў[29]. У занядбаным будынку абваліўся дах, многа дзе адсутнічалі падлога і вокны.
12 лістапада 2020 г. Андрэй Горват, бізнесмены Пётр Кузняцоў (Гомель) і Аляксандр Баранаў (Мазыр) разам набылі на аўкцыёне руіны былога палацу Горватаў у Нароўлі, пад вельмі абмежавальныя ўмовы на 5 гадоў — кансервацыі, рэстаўрацыі і пераводу ў камерцыйнае выкарыстанне[30]. Калі ўмовы не будуць выкананы за 5 гадоў, то руіны будынка палаца павінны быць вернуты ва ўласнасць беларускай дзяржавы. Андрэй Горват узяў кіраванне па частковай кансервацыі і антыаварыйным работам з дапамогай валанцёраў і краўдфандзінгу. Сам Горват выказваўся, што хацеў бы зрабіць з палаца Горватаў у Нароўлі музейны комплекс з функцыямі гатэля і рэстарана[31][32][33].
Горват-Бажычка
правіцьУ Мінскі дваранскі дэпутацкі сход падаваў прашэнне непісьменны Афанасій Іванавіч Горват-Бажычка (руск. Горватт-Божичко), які жыў ва ўрочышчы Праспой-Лес Бабруйскага павета Мінскай губерні, каб яго прылічылі да дваранскага роду Горватаў. Указам Сената Расійскай імперыі ад 12 жніўня 1896 г. ён быў не прылічаны да дваранскага роду Горватаў[3].
Архіўны фонд Горватаў
правіцьУ 1951 годзе архіўны фонд «Нараўлянскі маянтковец Горват» (галоўным чынам, дакументы з прадпрыемстваў і прыватнага архіва нараўлянскіх Горватаў за тры пакаленні — 216 спраў за 1853—1915 гады) з Дзяржаўнага архіва Палескай вобласці быў пераведзены ў Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, а ў 1964 годзе — у Цэнтральны дзяржаўны архіў БССР у Мінску. Цяпер гэтыя нараўлянскія дакументы ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі маюць назву «фонд 986. Горваты, маянткоўцы. 1836—1915 гг.» (218 спраў)[34].
Крыніцы
правіць- ↑ а б в г д Wilczyński, J.K. Herbarz starodawnej szlachty podług heraldyków Polskich z dopełnieniem do czasów obecnych. — Paryż, 1861.
- ↑ а б в г д Гербоўнік беларускай шляхты. — Т. 4. — Мінск, 2016. — С. 480.
- ↑ а б в Гербоўнік беларускай шляхты. — Т. 4. — Мінск, 2016. — С. 483.
- ↑ Гербоўнік беларускай шляхты. — Т. 4. — Мінск, 2016. — С. 481.
- ↑ а б в г д Раюк 2021, с. 24.
- ↑ а б в г д е ё ж Раюк 2021, с. 27.
- ↑ а б в г д Раюк 2021, с. 25.
- ↑ Памяць: Нараўлянскі раён 1998, с. 51.
- ↑ а б Памяць: Нараўлянскі раён 1998, с. 49.
- ↑ а б в г д е Раюк 2021, с. 26.
- ↑ Раюк 2020.
- ↑ Раюк 2008.
- ↑ а б Раюк 2019.
- ↑ Усадьба Горваттов. Имение Липово
- ↑ Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie / J. Żołtowska. — Londyn, 1959. — s. 31—32.
- ↑ Horwatt Aleksander (1831—1879) // Polski Słownik Biograficzny. — T. 10. — S. 18.
- ↑ Памяць: Нараўлянскі раён 1998, с. 52.
- ↑ а б в Памяць: Нараўлянскі раён 1998, с. 55.
- ↑ а б в г Тугай, У. В. «Чырвоны Мазыранін»: ля вытокаў прадпрыемства
- ↑ Rostworowski 2001, S. 26.
- ↑ Rostworowski 2001, S. 67.
- ↑ Rostworowski 2001, S. 20.
- ↑ Rostworowski 2001, S. 30.
- ↑ а б Pałac w Gorzyczkach(недаступная спасылка)
- ↑ Ваньковичи 2012, с. 153.
- ↑ Rostworowski 2001, S. 81.
- ↑ Андрэй Горват. Палацава-паркавы ансамбль Горватаў у Галоўчыцах
- ↑ «Я — дзясятае, юбілейнае пакаленне Горватаў у Прудку»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 снежня 2022. Праверана 19 чэрвеня 2022.
- ↑ «Главное — спасти его от разрушения». Писатель Андрей Горват вместе с друзьями купил дворец Горваттов в Наровле
- ↑ Стало известно, кто купил наровлянский дворец Горватов. Это писатель Андрей Горват
- ↑ Спыніць час. Нароўля, палац Горватаў
- ↑ Нароўля. Знаёмства з Гомельшчынай
- ↑ Как Андрей Горват с волонтерами восстанавливает дворец в Наровле
- ↑ Гл. вопіс фонда: Национальный исторический архив Беларуси в г. Минске. — Фонд 986.
Літаратура
правіцьГорваты на Вікісховішчы |
- Ваньковичи / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др.]; сост.: Н. А. Голубева, Н. М. Усова, Л. В. Языкович; под научной редакцией В. И. Прокопцова. — Минск : БелЭн, 2012. — 442 с.
- Гербоўнік беларускай шляхты. — Т. 4. Г. — Мн.: Беларусь, 2016. — 959 с.
- Карповіч, Т. А. Культурнае жыццё Мінска І-й паловы ХІХ стагоддзя / Т. А. Карповіч. — Мінск : Рыфтур, 2007. — 64 с.
- Кахновіч, В. А. ТЭНДЭНЦЫІ ГАСПАДАРЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ Ў ПАРЭФОРМЕННЫМ МАЁНТКУ НА ПАЛЕССІ Архівавана 5 кастрычніка 2022.
- Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства, 1793—1917: биографический справочник / сост. Ю. Н. Снапковский; редкол.: В. И. Адамушко [и др.]. — Минск : Беларусь, 2016. — 396 с.
- Памяць: Нараўлянскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад.: П. П. Рабянок, К. Ф. Ярмоленка. — Мінск : БЕЛТА, 1998. — 445 с.
- Раюк, А. Р. Атон Ігнатавіч Горват (1809—1894): адміністратар і гаспадар / А. Р. Раюк // Веснік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Сер. А. Гуманіт. навукі (гісторыя, філасофія, філалогія). — 2021. — Вып. 2. — С. 24—28.
- Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Мінскай губерні ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Гісторыя і грамадазнаўства. — 2020. — № 1. — С. 58—63.
- Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж губернскім дваранствам у Беларусі ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фалькларыстыкі / Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нац. акад. навук Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2008. — Вып. 4. — С. 406—412.
- Раюк, А. Р. Роля Оштарпаў і Горватаў у станаўленні прылуцкай сядзібы / А. Р. Раюк // Гістарычна-археалагічны зборнік / Інстытут гісторыі НАН Беларусі; гал. рэд.: А. А. Каваленя. — Вып. 34. — 2019. — С. 101—106.
- Список землевладельцев Минской губернии за 1876 год / Изд. Минск. губернск. статист. комитета. — Минск: Тип. губ. правления, 1877. — 187 с.
- Список членов Минского общества сельского хозяйства .... ... на 1 декабря 1914 года. — Минск : Тип. Я. А. Гринблата, [1914?]. — 40 с.
- Тугай, У. В. Чырвоны Мазыранін / У. В. Тугай. — Мінск: Бел. навука, 2022. — 187 с.
- Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук ; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО "Полифакт" : ООО "Лекция", 2000. — 415 с. — (Старинные усадьбы Беларуси). — 500 экз. — ISBN 985-6107-24-5.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.
- Boniecki, А. Herbarz polski. T.VII. — W-wa. 1905.
- Kieniewicz, S. Dereszewicze. 1863 / S. Kieniewicz. — Wroclaw-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Lodź : Ossolineum, 1986. — 192 s.
- Kowalewska, Z. Obrazki mińskie. 1850—1963 / Z. Kowalewska. — Wilno : Józef Zawadzki, 1912. — 128 s.
- Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe / А. Rostworowski. — Warszawa : Czytelnik, 2001. — 504 s.
- Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
- Urbański, A. Podzwonne na zgliszczach Litwy i Rusi / A. Urbański. — Warszawa : St. Niemiry Syn, 1928. — 161 s.
- Wilczyński, J.K. Herbarz starodawnej szlachty podług heraldyków Polskich z dopełnieniem do czasów obecnych. — Paryż, 1861.
- Wojniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Wojniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.
- Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie / J. Żołtowska. — Londyn, 1959.
Спасылкі
правіць- Горват, А. Усадьба Горваттов. Имение Липово // Radzima.org
- Горват, А. Палацава-паркавы ансамбль Горватаў. Галоўчыцы // Radzima.org
- «Я — дзясятае, юбілейнае пакаленне Горватаў у Прудку» Архівавана 6 снежня 2022.
- Историю семьи Горватт нужно сохранить
- АРХІВНА УКРАЇНІКА В БІЛОРУСІ. Київ. 2010 Архівавана 18 мая 2021.