Адкрыць галоўнае меню

Атон Ігнатавіч Горват (польск.: Otton Horwatt, руск.: Оттон Игнатьевич Горват; 1809, Рэчыцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя1894, Мінск, Мінская губерня, Расійская імперыя) — грамадскі дзеяч, буйны землеўласнік на Беларусі, мінскі губернскі маршалак (1847—1853).

Атон Ігнатавіч Горват
Otton Horwatt.jpg
Herb Pobog barokowy.svg
Герб «Побаг»
Мінскі губернскі маршалак
1847 — 1853
Папярэднік: Леў Францавіч Оштарп
Пераемнік: Людвік Антонавіч Слатвінскі
 
Адукацыя:
Веравызнанне: каталік
Нараджэнне: 1809(1809)
Смерць: 1894(1894)
Пахаванне:
Род: Горваты
Бацька: Ігнат Тадэвушавіч Горват (1764—каля 1826), дэпутат ад Рэчыцкага павета ў Мінскі дваранскі дэпутацкі сход (1798—1802), старшыня рэчыцкага павятовага суда (1814—1817)
Маці: Юзэфа Феліцыянаўна Рудніцкая
Жонка: 1) Людвіка Львоўна Оштарп (8 чэрвеня 1807—?), 2) Міхаліна Адамаўна Вайніловіч (1848—1941)
Дзеці: нашчадкаў не пакінуў
 
Узнагароды:

ордэн Святой Ганны 2 ступені

Паходжанне і сям'яПравіць

Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Горватаў гербу «Побаг».

Нарадзіўся ў Рэчыцкім павеце ў каталіцкай шляхецкай сям'і Ігната Тадэвушавіча Горвата і яго жонкі Юзэфы Феліцыянаўны Рудніцкай, дачкі Феліцыяна Рудніцкага і Францішкі Багушэвіч. Яго поўнае імя, дадзенае пры хросце, было Юзаф-Ізідор-Атон, з якіх ён звычайна карыстаўся толькі імем «Атон» (альбо «Отан», «Ота»).

Бацька Ігнат Тадэвушавіч Горват змог дабіцца значных кар'ерных поспехаў у Мазырскім павеце ВКЛ — служыў на высокіх земскіх пасадах мазырскага гродскага суддзі (1782—1795) і паралельна мазырскага цывільна-вайсковага камісара (1790—1793), а пазней (пасля падзелаў Рэчы Паспалітай) у Рэчыцкім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі — служыў па выбару дваран на пасадзе вывадовага дэпутата ад Рэчыцкага павета ў мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе (1798—1802) і старшыні рэчыцкага павятовага гранічнага (межавага) суда (1814—1817). Аднак, галоўнае, што Ігнат Горват за сваё жыццё да родавага маёнтка Ліпаў (Ліпава) здолеў набыць (асабліва ў 18101820-ыя) і захаваць за сабой значныя зямельныя валоданні ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні (Нароўля, Барбароў, Галоўчыцы, Ліцвіновічы і інш.), дзе ў 1826 агульна налічвалася 2 958 рэвізскіх душ, чым вывеў свой род са стану малазаможнай шляхты ў багацеяў. Гэта стала першай прыступкай для ўзвышэння роду Ігната Горвата, а нашчадкі пана не толькі не выпусцілі багацце з рук, а значна яго павялічылі, чым цвёрда ўвайшлі ў склад рэгіянальнай эліты Мінскай губерні і краіны.

Атон Ігнатавіч Горват быў двойчы жанаты — з Людвікай Львоўнай Оштарп (8 чэрвеня 1807—?), дачкой мінскага губернскага маршалка (1823—1847) Льва Францавіча Оштарпа (1785—1851) ад яго жонкі Гелены Кунцэвіч; і з Міхалінай Адамаўнай Вайніловіч (1848—1941), сястрой вядомага Эдварда Вайніловіча, віцэ-старшыні (з 1907 і старшыні) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, фундатара касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску, дэпутата (1906—1909) Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні. Міхаліна была дачкой Адама Антонавіча Вайніловіча (1806—1874) ад яго жонкі Ганны Эдвардаўны Ваньковіч. Ад абодвух шлюбаў Атон Горват дзяцей не меў.

МаладосцьПравіць

ВыхаваннеПравіць

Атон разам з братам Даніэлем быў выхаваны ў Жалібору (паўночна-заходнім раёне Варшавы), дзе пазнаёміўся з многімі прадстаўнікамі мясцовай арыстакратыі і вядомымі людзьмі эпохі. Даніэля Горвата князь Адам-Ежы Чартарыйскі (1770—1861) ведаў асабіста[1]. Адукацыю атрымаў у мінскай губернскай гімназіі.

Пачатак службовай дзейнасціПравіць

Пасля сканчэння курса навук у мінскай гімназіі Атон Горват паступіў 17 чэрвеня 1830 у Рэчыцы на службу ў канцылярыю рэчыцкага павятовага маршалка графа Міхала Рафалавіча Ракіцкага з залічэннем службы ад 13 лютага 1829, дзе Атон Горват працаваў да 18 ліпеня 1838.

Атон Горват, як іншыя яго тры браты (Аляксандр, Станіслаў і Даніэль), не прымаў удзелу ў Лістападаўскім паўстанні 1830—1831. Аднак Атон і Даніэль Горваты вызначаліся вялікім патрыятызмам і з ахвотай пайшлі б у шэрагі паўстанцаў. У сям'і Ігната Горвата толькі Аляксандр Ігнатавіч Горват (каля 1796—1888) лічыўся вялікім эгаістам і найменшым патрыётам. Але Рэчыцкі павет знаходзіўся вельмі далёка ад асноўных цэнтраў паўстання і там яно разгарнулася слаба. Вядома толькі, што ў 1831 блізкі сваяк Горватаў і кіраўнік паўстання ў Мазырскім павеце Фелікс Антонавіч Кеневіч (1802—1863), брат якога Геранім Антонавіч Кеневіч (1796/7—1884) быў жанаты з Кацярынай Ігнатаўнай Горват (1807—1891), са сваім паўстанцкім атрадам толькі рэкрутаваў сялян у Нароўлі і Барбарове, маёнтках адпаведна Аляксандра і Даніэля Горватаў[1]. Гэта выратавала Горватаў ад смерці ці эміграцыі і дазволіла застацца ў краі і ацалець будучай мясцовай эліце.

У верасні 1835 у Мінску адбыліся чарговыя дваранскія выбары па Мінскай губерні, на якіх павятовымі дваранамі на пасаду мазырскага павятовага маршалка завочна быў выбраны Казімір Юзафавіч Яленскі (1778/1780—1860), а службіт канцылярыі рэчыцкага павятовага маршалка Атон Горват — першым «кандыдатам» (намеснікам) на тую пасаду. Атон Горват валодаў маёнткам у Мазырскім павеце, таму мог выбірацца на дваранскія пасады ў Мазырскім павеце. Аднак Яленскі на пасаду маршалка доўга не заступаў, а абавязкі маршалка ў той час выконваў мазырскі павятовы суддзя Ян Лянкевіч. Сваім лістом ад 23 студзеня 1836 Казімір Яленскі паведаміў мінскаму губернскаму маршалку (1823—1847) Льву Францавічу Оштарпу (1785—1851), што, на жаль, не можа прыняць пасаду мазырскага маршалка па прычыне старасці і паслабленага здароўя, з-за чаго пераехаў са свайго спадчыннага маёнтка Камаровічы ў Мазырскім павеце ў свой родавы маёнтак Глінцішкі каля Вільні, і не можа аддаляцца ад Вільні, бо толькі віленскія лекары могуць зрабіць яму належную дапамогу. Яленскі падаў прашэнне мінскаму губернатару (1835—1838) Сяргею Іванавічу Давыдаву аб вызваленні ад абавязкаў павятовага маршалка і дадаў лекарскае сведчанне аб слабасці свайго здароўя.

 
Барочны касцёл і кляштар бернардзінцаў у Мазыры, ХІХ ст.

20 лютага 1836 мінскі губернскі маршалак Леў Оштарп сваім зваротам да мінскага губернатара паведаміў, што, калі звальняецца ад абавязкаў Яленскі, на пасаду павінен быць прызначаны першы кандыдат на пасаду — Атон Горват, які паводле ўказу Сената Расійскай імперыі ад 8 лістапада 1835 атрымаў чын калежскага рэгістратара са старшынствам (з адлікам з 31 снежня 1831), таму з гэтай увагі можа быць зацверджаны на пасаду. 8 чэрвеня 1836 мінскі губернатар афіцыйным зваротам паведаміў мінскаму губернскаму маршалку, што віленскі ваенны генерал-губернатар (1831—1840) князь Мікалай Андрэевіч Далгарукаў (1792—1847) даў згоду на звальненне Яленскага ад пасады мазырскага маршалка, а кандыдата Атона Горвата не зацвердзіў на пасадзе мазырскага павятовага маршалка, бо Горват не злучае ў сабе патрабуемых імператарскім указам ад 12 кастрычніка 1835 умоў. Указам расійскага імператара Мікалая І ад 12 кастрычніка 1835 у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Валынскай, Падольскай губернях і Беластоцкай вобласці права быць выбраным на дваранскую пасаду ў час дваранскіх выбараў надавалася толькі тым маянткоўцам, якія не менш 10 год знаходзіліся на дзяржаўнай (ваеннай ці грамадзянскай) службе ў Расійскай імперыі. Дазвалялася быць выбраным таксама тым дваранам, якія на кароннай ваеннай ці грамадзянскай службе не былі, але праслужылі два тэрміны (г.зн. два трохгоддзі) на дваранскай службе па выбарам. На вакантныя дваранскія пасады прызначаліся асобы па распараджэнні міністра ўнутраных спраў Расійскай імперыі. Неабходнасць такога кроку так тлумачылася ўрадам: «большая частка пасад даручаецца дваранствам асобам, якія не былі на дзяржаўнай службе. Такім чынам, прывілей, справядліва дараваны вялікарасійскаму дваранству за вернасць і высакароднае ахвяраванне жыццём, ператвараецца тут толькі ў магчымасць карыстацца гэтым прывілеем без усялякіх заслуг і для запаўнення месцаў унутранай службы людзьмі часта нядобранадзейнымі». Гэты ўказ моцна скарачаў колькасць дваран, што маглі ўдзельнічаць у выбарах як у якасці кандыдатаў на пасады. Аднак на практыцы выкананне ўказу сустракалася з цяжкасцямі — не хапала асоб, якія б адпавядалі патрабаванням указу. У 1842 указ быў удакладнены: дазвалялася быць выбраным на дваранскія пасад і тым дваранам, які праслужылі 10 год у агульнай колькасці на кароннай службе і службе па выбарам дваранства.

Віленскі ваенны генерал-губернатар запатрабаваў для разгляду фармулярны спіс аб службе адстаўнога паручніка Аляксандра Тадэвушавіча Замайскага, выбранага ў верасні 1835 на дваранскіх выбарах у Мінску другім кандыдатам (пасля Горвата) на пасаду мазырскага павятовага маршалка. 14 ліпеня 1836 мазырскі павятовы суддзя Ян Лянкевіч прыслаў Оштарпу фармулярны спіс аб службе Замайскага, а 22 ліпеня 1836 накіраваў адозву, у якой мовілася, што дваране Мазырскага павета, сабраныя ў Мазыры для выбрання іншага кандыдата на пасаду свайго маршалка, знайшлі, што Атон Горват можа быць выбраным павятовым маршалкам згодна з пунткам 3 таго ж імператарскага ўказу ад 12 кастрычніка 1835: хоць Горват і не праслужыў 10 год на вайсковай службе, падчас «вайны з мяцежнікамі» (мелася на ўвазе Лістападаўскае паўстанне 1830—1831) займаў пры рэчыцкім павятовым маршалку штацкую пасаду і быў увесь час верным расійскаму ўраду. З тым мазырскі павятовы суддзя Лянкевіч перадаў просьбу дваран Мазырскага павета наконт зацвярджэння Горвата маршалкам, якую мінскі губернскі маршалак Леў Оштарп перадаў 30 ліпеня 1836 мінскаму губернатару. 9 жніўня 1836 мінскі губернатар афіцыйна паведаміў мінскаму губернскаму маршалку, што ўжо прадставіў генерал-губернатару да зацвярджэння на пасаду мазырскага павятовага маршалка другога кандыдата — Аляксандра Тадэвушавіча Замайскага, хоць выказаўся, што Оштарп сам можа напрамкі звярнуцца да віленскага ваеннага генерал-губернатара Далгарукава. Аднак Оштарпу не хапіла часу звярнуцца, бо ўжо 31 ліпеня 1836 віленскі ваенны генерал-губернатар афіцыйна зацвердзіў Замайскага на пасадзе мазырскага маршалка, хоць яшчэ 21 мая 1836 віленскі ваенны генерал-губернатар выдаў указ, што імператарскім указам ад 12 кастрычніка 1835 часова дапускаюцца некаторыя выняткі ў правілах для заняцця пасады. Так Горвату не здарылася ў той час стаць мазырскім павятовым маршалкам. Толькі 2 студзеня 1837 адстаўны паручнік Аляксандр Замайскі прыбыў са Слуцка, дзе праходзіў лячэнне ў тамтэйшых лекараў, у Мазыр і выканаў прысягу, тым афіцыйна заступіўшы на пасаду мазырскага павятовага маршалка.

18 ліпеня 1838 Атон Горват па ўласным прашэнні звольніўся ад службы ў канцылярыі рэчыцкага павятовага маршалка графа Міхала Рафалавіча Ракіцкага. Аднак 17 кастрычніка 1838 паўторна заступіў на службу і быў прызначаны Мінскім губернскім праўленнем. 24 снежня 1840 атрымаў чын губернскага сакратара, а 7 студзеня 1841 зноў звольніўся ад службы па ўласным прашэнні.

Асоба першай жонкіПравіць

 
Палац Льва Оштарпа ў маёнтку Дукора. Малюнак Напалеона Орды, 1876

Да шлюбу першая жонка Атона — Людвіка Оштарп — жыла ў бацькоўскім маёнтку ў Дукоры Ігуменскага павета Мінскай губерні. Разам з сёстрамі Ганнай і Леакадзіяй яна наўчылася музыцы і перыядычна прыймала ўдзел у дабрачынных канцэртах у Мінску, граючы на фартэп'яна. Была фаварыткай даволі вядомай у тыя часы піяністкі Цэліны Шыманоўскай (1812—1855), якая часта давала канцэрты ў доме Оштарпаў у Дукоры і, як вядома, стала, жонкай паэта Адама Міцкевіча (1798—1855). Менавіта праз Шыманоўскую Людвіка Оштарп пазнаёмілася з Адамам. Суполенне з паэтам не перапынілася для Людвікі і тады, калі Людвіка пабралася шлюбам з Атонам Горватам, — яна мела перапіску з Міцкевічам. Выскародная пара прышлася Міцкевічу да спадобы. У іх коле паэт правёў не адну гадзіну, калі Горваты сустрэліся з ім за мяжой і перадавалі яму павевы той атмасферы, якую маладыя прывезлі з сабой з яго любімай «Літвы». Вядома таксама, што ў Людвікі і Адама быў агульны пратэжэ, імя якога ў іх перапісцы, на жаль, не ўпамінаецца.

У 1840 Атон і Людвіка былі ў Рыме, дзе сустрэліся і з графам Зыгмундам Красінскім (які лічыцца адным з трох вялікіх польскамоўных паэтаў-рамантыкаў — разам з Адамам Міцкевічам і Юліушам Славацкім), пасля чаго апошні напісаў паперу Адаму Станіслававічу Солтану (1792—1863): «Сёння аддаў пачку дакументаў ад Тарланога пану Горвату, які праз месяц будзе ў Вене і ўзяўся перадаць яе для цябе з найлепшым сэрцам, з той сапраўднай шляхецкай польскай пачцівасцю. Жонка яго, Аштарпоўна, сказала мне, што добра цябе ведае. Калі яны прыедуць у Вену, прымі іх з адкрытай душой і правядзі па славутым мясцінам горада». Акрамя таго вядома, што ў 1840 Міхал Чайкоўскі (агент князя Адама-Ежы Чартарыйскага, які пасля падаўлення Лістападаўскага паўстання 1830—1831 узначальваў «арыстакратычную» партыю польска-ліцвінскай эміграцыі ў Францыі, г.зв. «гатэль Ламбер») прызначыў знаходзіўшагася ў Рыме Атона Горвата ўпаўнаважаным князя Чартарыйскага ад яго палітычнай групоўкі на ўсю Мінскую губерню. Але да гэтага не аднёсся сур'ёзна ні Атон Горват, ні «гатэль Ламбер» у Парыжы[1]. Трошкі большай палітычнай актыўнасцю і сувязямі з канспірацыйнымі палітычнымі арганізацыямі польска-ліцвінскай эміграцыі вызначаўся ў маладосці брат Атона Даніэль.

Як кажа сямейная традыцыя, Атон Горват быў невыправімым рамантыкам, што, аднак, не перашкодзіла яму зрабіць грамадскую кар'еру. Людвіка, дачка Льва Францавіча Оштарпа, ні ў чым не саступала свайму мужу і карысталася грамадскім прызнаннем. Акрамя таго, знаёмства з выдатнымі людзьмі свайго часу рабілі яе ўплывовай асобай у грамадскай думцы губернскага дваранства і краіны.

Вяртанне на дваранскую службуПравіць

У верасні 1841 Горват не прыбыў у Мінск на чарговыя дваранскія выбары па Мінскай губерні, спаслаўшыся ў сваім лісце да свайго цесця, мінскага губернскага маршалка Льва Оштарпа, што не можа ўдзельнічаць у выбарах «з-за хваробы». А 21 верасня 1844 на чарговых дваранскіх выбарах у Мінску Атон Горват быў выбраны дваранствам членам Мінскага губернскага камітэта для разгляду і складання інвентароў памешчыцкіх маёнткаў, зацверджаны на гэтай пасадзе генерал-губернатарам і 10 сакавіка 1845 прыступіў да выканання гэтых абавязкаў. 26 снежня 1846 па прадстаўленні папячыцеля Беларускай навучальнай акругі і па прапанове міністра народнай асветы ад 26 лістапада 1846 «за ахвяраванні на карысць вучэбнай часткі і выхавання юнацтва» (адукацыі) аб'яўлена яму афіцыйная падзяка Міністэрства народнай асветы. 20 верасня 1846 за стараннасць і дзейнасць па Мінскаму губернскаму камітэту аб інветарах, які паспяхова скончыў гэту працу, Атон Горват паводле ўказу расійскага імператара Мікалая I атрымаў чын калежскага сакратара.

Служба на пасадзе мінскага губернскага маршалка (1847—1853)Правіць

Першае выбранне губернскім маршалкамПравіць

23 верасня 1847 Атон Горват быў выбраны дваранамі Мазырскага павета на дваранскіх выбарах у Мінску на пасаду мазырскага павятовага маршалка (прадвадзіцеля дваранства) на 3 гады і зацвержданы на гэтай пасадзе мінскім губернатарам (1844—1850) Аляксеем Васільевічам Сямёнавым (1799—1864). Паводле балаціроўкі калежскі сакратар Атон Горват атрымаў усе 24 абіральныя балы (галасы), а яго канкурэнты калежскі рэгістратар Антон Паўлавіч Яленскі (1818—1874) — 22 абіральныя балы і 2 неабіральныя, адстаўны паручнік Казімір Тадэвушавіч Замайскі — 19 абіральных і 5 неабіральных балаў (галасоў). Пасаду мазырскага павятовага маршалка Горват не займаў, бо быў выбраны дваранамі губерні на тых жа дваранскіх выбарах 27 верасня 1847 на пасаду мінскага губернскага маршалка (губернскага прадвадзіцеля) на трохгоддзе (1847—1850) і зацверджаны 30 верасня 1847 на гэтай пасадзе губернатарам. На вакансію мазырскага павятовага маршалка быў зацверджаны не Яленскі (не меў адпаведнай выслугі гадоў), а другі кандыдат на гэту пасаду (паводле выбару дваранства ад 23 верасня 1847) Казімір Тадэвушавіч Замайскі, які 24 красавіка 1848 (з-за разладжанага здароўя паводле ўласнага прашэння ад 3 студзеня 1848) быў звольнены з гэтай пасады. На адкрытую вакансію ніхто не быў прызначаны — абавязкі мазырскага павятовага маршалка выконваў у 18471850 мазырскі павятовы суддзя Лаўрэнцій Яўхімавіч Богуш. Немалую ролю ў выбранні Атона Горвата на пасаду мінскага губернскага маршалка адыграў яго шлюб з дачкой папярэдняга ўплывовага і доўгачасовага губернскага маршалка Льва Францавіча Оштарпа. За часы кіравання Оштарпам губернскім дваранствам Горват заўсёды трымаўся побач са сваім цесцем.

Зносіны з дваранаміПравіць

 
Саборная плошча («Высокі рынак») у Мінску сярэдзіны ХІХ ст., дзе знаходзіліся губернскія адміністрацыйныя ўстановы і дом Гейдукевіча (далёка ў цэнтры)

Па справах службы губернскім маршалкам Атон Горват пераехаў з жонкай Людвікай на сталае жыхарства ў Мінск, дзе пачаў жыць на вуглу вуліцы Койданаўскай і Саборнай плошчы («Высокага рынка»), у флігелі дома купца Леапольда Далпацага, званага мясцовымі жыхарамі па-простаму Леапольдам Дэлпешам. У суседнім будынку на Высокім рынку — у доме Гейдукевіча (у зале і верхнім паверху), арандаваным купцом Дэлпешам, — за часы кіраўніцтва Горватам губернскім дваранствам адбываліся дваранскія сходы і выбары (з-за адсутнасці тады ў Мінску дваранскага дому для сходаў), балы і ўрачыстыя сустрэчы, за што арандатару дома Дэлпешу ад дваранства плаціліся грошы. Загараднай рэзідэнцыяй маршалкоўства Горватаў сталі Прылукі, якія Горват атрымаў у пасаг за жонкай. Маршалкоўства Горватаў было гасціннымі гаспадарамі і, як патрабавала традыцыя і губернскае дваранства ад сваіх высокапастаўленых дваранскіх выбранцаў, трымала свой дом у Мінску і Прылуках адкрытым для дваран. У Мінску Горваты для губернскага дваранства давалі вечарыны кожны аўторак, на якіх заўсёды збіралася шмат гасцей. Вечарыны пачыналіся рана, каля 17.00, і скончваліся позна ноччу. Гаспадары вылучаліся вялікай сціпласцю ўбораў, чаго ўпарта патрабавала гаспадыня Людвіка. Баціставыя плацці павышалі жаданне і вясёласць забаў, не займаючы жаночыя галовы думкамі аб уборах, а галовы мужоў і бацькоў — аб кошце і выдатках. Дарагія ўборы з «аўторкаў» Горватаў былі цалкам выключаны. Калі аднойчы з'явіліся панны Прушынскія ў шаўковых плаццях, то яны выглядалі як аранжарэйныя кветкі сярод палявога букета, выклікаўшы незадаволенне гаспадыні[2].

Тыя «аўторкі» Горватаў, а таксама «чацвяргі» у доме мінскага павятовага маршалка Ігната Стэфанавіча Багдашэўскага і яго жонкі ў Мінску, былі мілымі ўспамінамі маладосці выхаванцаў мінскай губернскай гімназіі. Многія з іх прымалі ўдзел у тых забавах. Гімназійнае кіраўніцтва не вельмі было задаволена гэтаму, але адмаўляць дваранству не магло і высылала ў першы (горватаўскі) ці другі дом (багдашэўскі) найлепшых з ліку вучняў танцораў, сярод якіх былі Міхал Корсак, Апалінарый Свентаржэцкі, Вейсенгоф і іншыя [1].

Вядома, што мастак Ян Дамель, які маляваў у Мінску партрэты дваран, чыноўнікаў, святарства і ваенных Мінскай губерні, зрабіў і алейныя выявы губернскага маршалка Атона Горвата і яго жонкі Людвікі, а таксама і яго брата Даніэля Горвата (і яго жонкі Яўгеніі (Іфігеніі) Антонаўны Ратынскай)[3].

Будаўніцтва сямейнай капліцыПравіць

23 кастрычніка 1848 Атон Горват звярнуўся ў мінскае губернскае праўленне з прашэннем на імя расійскага імператара Мікалая І. У прашэнні ён паведамляў, што ў яго спадчынным маёнтку Карані Рэчыцкага павета пахаваны целы яго памерлых бацькоў, для якіх, жадаючы зрабіць незабыўную памяць, хоча пабудаваць у сваім маёнтку каталіцкую капліцу з падвалам для размяшчэння іх цел; і каб было дазволена ў капліцы рабіць набажэнствы за памерлых. Маючы на ўвазе, што будаўніцтва такой капліцы на падставе артыкула 216 Т. XII Будаўнічай уставы залежыць ад дазволу грамадзянскіх улад, Атон Горват прасіў, каб губернскае праўленне пасля збірання належных даведак хадайнічала перад вярхоўнай уладай аб дазволе маршалку пабудаваць капліцу са скляпеннем ва ўласным маёнтку. Прашэнне Атона Горвата напісаў канцылярыст яго маршалкоўскай канцылярыі, а падаў у праўленне, для вырашэння пытання расійскімі ўладамі, горватаўскі пленіпатэнт Ян Вінцэнтавіч Мерла. Мінскае губернскае праўленне пачало працэс збірання патрэбных даведак. 18 лістапада 1848 мінская рымска-каталіцкая кансісторыя (на запыт мінскага губернскага праўлення ад 30 кастрычніка 1848) афіцыйна пісьмова паведаміла, што не бачыць перашкод для будаўніцтва Атонам Горватам капліцы; а 2 снежня 1848 рэчыцкі земскі спраўнік (на запыт мінскага губернскага праўлення ад 30 кастрычніка 1848) афіцыйна пісьмова паведаміў, што з яго боку мясцовых перашкод на будаўніцтва капліцы таксама не маецца. 24 снежня 1848 мінская праваслаўная духоўная кансісторыя афіцыйна пісьмова паведаміла мінскаму духоўнаму праўленню (на запыты апошняга ад 30 кастрычніка і 4 снежня 1848, ці няма з боку праваслаўнага духавенства перашкод для будаўніцтва каталіцкай капліцы ў маёнтку Карані), што пакуль ад каранёўскага благачыннага Адама Фірсевіча ў кансісторыю не прышлі звесткі па справе аб будаўніцтве капліцы.

Толькі 30 красавіка 1849 мінская праваслаўная духоўная кансісторыя паведаміла губернскаму праўленню, што паводле звестак, дастаўленых благачынным Фірсевічам, бачна, што ў маёнтку Карані каталіцкіх вернікаў няма, акрамя самога пана, яго жонкі, пляменніка, панскага аканома і канторніка; што целы бацькоў губернскага маршалка сапраўды пахаваны ў Каранях, а найбліжэйшы касцёл знаходзіцца ў 50 вёрстах у горадзе Мазыр; што «ў Каранях зведзеных асоб у лацінства не маецца; капліцу ж з падваламі пан Горват жадае пабудаваць каменную, даўжынёй 18 і шырынёй 10 аршын; адлегласцю ад праваслаўнай каранёўскай царквы ў 189 ½ сажэняў». Дадавалася, што Горват у сваім звароце ад 9 красавіка 1849 да праваслаўнага мінскага і барысаўскага епіскапа (1848—1868) Міхаіла (Галубовіча) патлумачыў, што ў яго бацькоўскіх маёнтках у Рэчыцкім павеце створаны ім (Горватам) пры праваслаўных цэрквах прыходскія вучэльні для навучання сялянскіх дзяцей, а менавіта ў Ліпаве (дзе і пабудаваны ім для навучання будынак), Каранях і Еўтушкевічах (пры царкоўных прычтах). Горват адзначыў у звароце, што гэтыя вучэльні сапраўды могуць быць карысны пры навучанні сялянскіх дзяцей «рэлігіі, царкоўнаму чытанню, спевам, арыфметыцы і чыстапісанню, ад чаго ідзе плённы ўплыў на іх маральнасць, і дагэтуль дастаўляў магчымую дапамогу гэтым установам». Кансісторыя дадала ў сваім адказе ад 30 красавіка 1849 губернскаму праўленню, што каранёўскі благачынны Фірсевіч просіць аб прызначэнні Горватам на тыя вучэльні трывалай грашовай дапамогі. Праваслаўнай кансісторыяй адзначалася, што, калі Горват жадае пабудаваць каменную каталіцкую капліцу (у яго каранёўскім двары, паблізу свайго жылога дома ў саду, абкружаным плотам), дзе б адбываліся набажэнствы за спачын па каталіцкаму абраду ў гадавіну сканання бацькоў і дзе ў наступным маглі б быць пахаваны ён сам і іншыя члены яго сям'і, і калі будзе вярхоўнай уладай дазволена пабудаць капліцу, то хай возьме на сябе абавязак даваць штогадова на кожную з трох вучэльняў (у Ліпаве, Каранях і Еўтушковічах) дапамогу. У прыватнасці: на кожнае вучылішча па 15 рублёў срэбрам, па 2 чвэрці жыта, па 2 чвэрці яравога хлебу, г.зн. ячмяню ці грачыхі, а таксама ўтрымліваць вучэльныя будынкі ў належнай спраўнасці, клапаціцца аб іх ацяпленні і забеспячэнні вучняў кнігамі, паперай і іншым неабходным. Кансісторыя заключала ў сваім паведамленні губернскаму праўленню, што Горват ужо згадзіўся выканаць гэтыя ўмовы і 5 красавіка 1849 пісьмова абязаўся зрабіць фундуш для трох вясковых вучэльняў, а праваслаўны мінскі і бабруйскі епіскап Міхаіл, звяртаючы ўвагу на зробленае маршалкам ахвяраванне як на доказ добрага намеру ў адносінах да сваіх праваслаўных сялян, сваёй рэзалюцыяй ад 13 красавіка 1849 дазволіў пабудову Атонам Горватам каталіцкай капліцы ў сваім маёнтку. У канцы свайго паведамлення ад 30 красавіка 1849 Мінская праваслаўная духоўная кансісторыя таксама дадала і наступныя ўмовы, з якімі яна дазваляе Горвату пабудаваць капліцу. Капліца павінна быць пабудавана ў малым памеры як надтрунная капліца; у капліцы толькі двойчы на год (у гадавіну смерці бацькі і маці) будзе служыцца жалобная служба; у двары маянткоўца не будзе жыхарстваваць ксёндз, а толькі двойчы на год прыбываць для выканання адзначанага набажэнства.

І 9 лістапада 1849 дэпартамент духоўных спраў замежных вызнанняў міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі паведаміў мінскаму губернскаму праўленню, што афіцыйна дазволіў Атону Горвату пабудаваць такую каталіцкую капліцу, як было апісана кансісторыяй, і абязаў маршалка склаці фармальны акт на фундуш для трох вучэльняў пры праваслаўных цэрквах у сваіх маёнтках. Аб рашэнні праўленне паведаміла Горвату, мінскаму губернатару, мінскай гарадской паліцыі, мінскай духоўнай кансісторыі і рэчыцкаму земскаму суду.

Гуманітарная дзейнасцьПравіць

Імя Атона Горвата сустракаецца і сярод рэчаісных членаў папячыцельства Мінскага дзіцячага прытулка. Рэскрыптам расійскай імператрыцы Аляксандры Фёдараўны ад 9 кастрычніка 1848, дадзеным у Царскім Сяле на імя Старшыні Камітэта Галоўнага Папячыцельства дзіцячых прытулкаў графа Рыгора Аляксандравіча Строганава, Атон Горват, у ліку іншых чыноў і дабрачынцаў гэтых устаноў, атрымаў афіцыйную падзяку, якая яму была аб'яўлена 1 лістапада 1848.

Па дакладзе генерал-ад'ютанта графа Арлова Атон Горват быў зацверджаны расійскім імператарам 20 сакавіка 1850 у званні члена Мінскага турэмнага камітэта.

6 снежня 1850 Атон Горват за стараннасць на службе атрымаў чын калежскага асэсара.

Другое выбранне губернскім маршалкамПравіць

У снежні 1850 у Мінску адбыліся чарговыя дваранскія выбары па Мінскай губерні. У ходзе пасяджэнняў губернскага дваранства 11 снежня 1850 мінскі павятовы маршалак Ігнат Стэфанавіч Багдашэўскі, які ў той дзень выконваў абавязкі мінскага губернскага маршалка замест адсутнага Атона Ігнатавіча Горвата, у сваім звароце да мінскага губернатара (1850—1857) Фядота Мікалаевіча Шкларэвіча паведаміў аб ініцыятыве дваран Мінскай губерні, з якой яны звярнуліся да расійскіх улад: «Дваранства Мінскай губерні пры сённяшнім звычайным для выбараў сходзе 11 снежня 1850 года вызначыла наступнае: Дваранства Мінскай губерні, знаходзячыся ў пакорнай адднасці прастолу і выконваючы з усёй святасцю па ўсім часткам волю ўрада, адчуваючы, што заслужыла большы ў параўнанні з цяперашнім давер урада, найадданей просіць Найміласцівейшага гаспадара: 1) аддаць вечнаму забыццю існуючы над некаторымі асобамі надзор і, драваўшы ім іх віну, дазволіць ім удзельнічаць у балаціроўцы і быць выбранымі на пасады на дваранскіх выбарах; 2) дазволіць дваранству выбіраць сярод сябе чыноўнікаў як па міністэрству юстыцыі, так і міністэрству ўнутраных спраў, скараціўшчы дзесяцігадовы тэрмін службы, устаноўлены для губерні; 3) дваране, маючы патрэбнасць у прыватных зносінах з суседнімі губернямі па розным камерцыйным і эканамічным, а роўна і па сваяцкім сувязям, паводле распараджэння ўрада, не могуць адлучацца ў іншыя губерні без пашпарту начальніка губерні, для атрымання якога з-за значных адлегласцей некаторых мясцін ад губернскага горада патрабуецца шмат часу. Няхай дазволена будзе дваранам за білетамі павятовых маршалкаў дваранства ці земскіх судоў адлучацца ў суседнія губерні, тыя, прынамсі, якія знаходзяцца пад кіраўніцтвам спадара Віленскага ваеннага генерал-губернатара. Новыя міласці гэтыя Вялікадушнага манарха дадуць дваранству мажлівасць і сродкі даказаць шчырыя свае да гаспадара-імператара пачуцці адданасці і заслужыць спаўна Яго імператарскай вялікасці давер. Паведамляючы аб гэтым на вырашэнне Вашага правасхадзіцельства з суправаджэннем копіі, маю гонар найпакорней прасіць аб прыняцці з боку Вашага начальства хадайніцтва, спадзяючыся, што цяперашні ўрад не пакіне звярнуць увагу на выказаную просьбу дваран». Гэтая пастанова, мэтай якой было жаданне змякчэння існуючых абмежаванняў з боку расійскіх улад да «заходніх губерняў» пасля Лістападаўскага паўстання 1830—1831, была прынята на губернскім сходзе прысутнымі дваранамі аднагалосна і падпісана губернскім і павятовымі маршалкамі. Просьба дваран Мінскай губерні была задаволена толькі часткова. 18 студзеня 1851 мінскі губернатар Фядот Шкларэвіч сваім пісьмовым зваротам да мінскага губернскага маршалка (1847—1853) Атона Ігнатавіча Горвата паведаміў: «Гаспадар-імператар Найвысачэй зволіў падараваць міласці асобам у дазваленні ўдзельнічаць у дваранскіх выбарах. Атрымаўшы аб гэтым прапанову спадара Віленскага ваеннага і генерал-губернатара Гродзенскага, Мінскага і Ковенскага, я доўгам сваім лічу перадаць Вашаму правасхадзіцельству спіс памянутых маянткоўцаў, якім дазволена ўдзельнічаць у дваранскіх выбарах. Грамадзянскі губернатар Ф. Шкларэвіч». У тым спісе значыліся наступныя дваране-маянткоўцы, на якіх распаўсюджвалася імператарскае дараванне: Эміль Паўлавіч Аскерка (Мазырскі павет), граф Канстанцін Піевіч Тышкевіч (Барысаўскі павет), Даніэль Валіцкі (Барысаўскі павет), Сяптым Стэфанавіч Свіда (Барысаўскі павет), Караль Міхалавіч Кастравіцкі (Мінскі павет), Антон Вяржбоўскі (Навагрудскі павет). Такім чынам з пералічаных дваран было знята абмежаванне, калі яны не маглі быць выбранымі на выбарную дваранскую пасаду па міністэрству юстыцыі (павятовага суддзі, старшыні судовай палаты) ці па міністэрству ўнутраных спраў (павятовага маршалка, губернскага маршалка).

Падчас дваранскіх выбараў у Мінску 19 снежня 1850 Атон Горват другі раз быў выбраны дваранамі на пасаду мінскага губернскага губернскага маршалка (губернскага прадвадзіцеля дваранства) на новую кадэнцыю (1850—1853). Гэты выбар дваран быў ухвалены і пацверджаны расійскімі ўладамі афіцыйна, калі 21 лютага 1851 віленскі ваенны генерал-убернатар зацвердзіў Атона Горвата ў якасці мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства. А на вакантную з 1848 пасаду мазырскага павятовага маршалака на новую кадэнцыю (1850—1853) быў выбраны Антон Паўлавіч Яленскі (хоць і не зацверджаны на пасадзе віленскім ваенным генерал-губернатарам (1850—1855) Іллёй Гаўрылавічам Бібікавым). Дарэчы, Яленскі быў блізкім сваяком Горвата, бо яго сястра Ганна Паўлаўна Яленская стала жонкай Станіслава Ігнатавіча Горвата (1804—пасля 1876), рэчыцкага павятовага маршалка (1863—1872), роднага брата Атона.

Па прапанове віленскага ваеннага генерал-губернатара (1850—1855) Іллі Гаўрылавіча Бібікава ад 26 сакавіка 1851 да міністра ўнутраных спраў мінскі губернскі маршалак Атон Горват атрымаў афіцыйную падзяку ад расійскага імператара Мікалая I за зробленыя Горватам ахвяраванні на карысць гвардыі пры паходзе яе ў 1849 на заходнія межы Расійскай імперыі (падчас падзей рэвалюцыі ў Венгрыі ў 1848—1849) і назад, што маршалку і было аб'яўлена.

17 чэрвеня 1852 прапановай прэзідэнта Папячыцельнага таварыства аб турмах (Расійскай імперыі) мінскі губернскі маршалак Атон Горват перайменаваны са звання члена Папячыцельнага камітэта аб турмах у званне дырэктара. А таксама зацверджаны генерал-губернатарам у званні старшыні Мінскага дабрачыннага таварыства. Атрымаў ордэн Святой Ганны 2 ступені.

Дзейнасць пасля сканчэння службы губернскім маршалкамПравіць

Грамадская дзейнасцьПравіць

Аб аўтарытэце Атона Горвата не толькі сярод дваран Мінскай губерні, але і расійскіх улад, сведчыць наступны факт, які адбыўся пасля сканчэння паўнамоцтваў губернскага маршалка. Калі ў 1854 у Мінск раптоўна заехаў віленскі ваенны генерал-губернатар (1850—1855) Ілля Гаўрылавіч Бібікаў, то гэта прывяло ў пэўны рух многія губернскія ўстановы. У гімназіі былі перарваны экзамены, і ў парадных мундзірах чакалі візіта. Але Бібікаў, нікуды не наведваючыся, накіраваўся прама ў Прылукі, адкуль, пасля пэўных нарад з Атонам Горватам, вярнуўся ў Вільню [2]. Атон Горват, як і ўсе Горваты ў расійскія часы, вызначаўся лаялісцкімі адносінамі да расійскага панавання ў краіне.

Сваім лістом ад 4 кастрычніка 1856 Атон Горват, з'яўляючыся былым губернскім маршалкам, пісьмова прасіў мінскага губернскага маршалка (1853—1859) Людвіка Антонавіча Слатвінскага вызваліць яго з ліку кандыдатаў на пасаду мінскага губернскага маршалка на маючых адбыцца ў 1856 дваранскіх выбарах у Мінску і паведамляў, што не мае магчымасці прыехаць на выбары. Да канца жыцця стаў жыць ва ўласным маёнтку Ліпаў Рэчыцкага павета Мінскай губерні і займацца сельскай гаспадаркай, але на гэтым грамадская дзейнасць аўтарытэтнага маянткоўца яшчэ не скончылася.

 
Дом Гейдукевіча (у цэнтры) на Высокім рынку ў Мінску. Фота пачатку XX ст.

20 лістапада 1857 былі падпісаны першыя рэскрыпты расійскага імператара Аляксандра II на імя віленскага ваеннага генерал-губернатара (1855—1863) генерал-лейтэнанта Уладзіміра Іванавіча Назімава і Санкт-Пецярбургскага генерал-губернатара (1854—1864) Паўла Мікалаевіча Ігнацьева (1797—1879), дзе была напісана праграма расійскага ўрада аб адкрыцці губернскіх камітэтаў па сялянскай справе (камітэтаў па падрыхтоўцы дваранамі праектаў сялянскай рэформы), што дало пачатак працы па вызваленні сялян ад прыгону і паставіла дваранства Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў у авангард гэтага працэса. Пасля гэтага губернскія камітэты па сялянскай справе пачалі арганізоўвацца і ў іншых губернях. 30 жніўня 1858 быў створаны Мінскі губернскі камітэт па сялянскай справе, на чале якога стаў мінскі губернскі маршалак (1853—1859) Людвік Антонавіч Слатвінскі, а намеснікам — Атон Ігнатавіч Горват, былы губернскі маршалак. У камітэт уваходзілі члены ад кожнага павета губерні. Атон Горват таксама ўвайшоў у склад камітэта і як член ад Рэчыцкага павета (разам з Эдвардам Лашчам, Станіславам Ігнатавічам Горватам (братам Атона Горвата), Стэфанам Хрызастомавічам Кунцэвічам)[4]. Дваране літоўска-беларускіх губерняў выказваліся за вызваленне сялян без надання іх зямлёй. Губернскія камітэты падпарадкоўваліся Галоўнаму камітэту па сялянскай справе, які знаходзіўся ў сталіцы імперыі — у Санкт-Пецярбургу. Для разгляду праектаў, напісаных губернскімі камітэтамі, і распрацоўкі сялянскай рэформы ў сакавіку 1859 пры Галоўным камітэце былі створаны Рэдакцыйныя камісіі (фактычна існавала толькі адна камісія) на чале з Якавам Іванавічам Растоўцавым (1803—1860). Фактычна ж працай Рэдакцыйных камісій кіраваў Мікалай Аляксеевіч Мілюцін (1818—1872). Праект, складзены Рэдакцыйнымі камісіямі да жніўня 1859, адрозніўваўся ад прапанаванага губернскімі камітэтамі «заходніх губерняў»: было вырашана вызваляць сялян у літоўска-беларускіх губернях з зямельным надзелам.

 
«Расійскі імператар Павел І вызваляе Тадэуша Касцюшку з вязення», карціна Яна Дамеля

17 верасня 1858 у Мінску адбыўся баль прыёму расійскага імператара Аляксандра II, які праязджаў праз Мінск у Вільню. Дваране Мінскай губерні загадзя рыхтаваліся да гэтага прыёму. Баль адбыўся ў доме Гейдукевіча — у зале, дзе звычайна праходзілі сходы губернскага дваранства. Пры ўваходзе ў залу расійскага імператара сустракала Людвіка з Оштарпаў Горват, якая, падаўшы цару руку, правяла Аляксандра II праз шэраг пакояў да кабінету, дзе віселі два ўбраныя кветкамі партрэты (напэўна, пэндзля Яна Дамеля): адзін прадстаўляў сабой выяву расійскага імператара Паўла І, вызваляючага Тадэуша Касцюшку з вязення, а другі — расійскага імператара Аляксандра І, падпісваючага канстытуцыю Царства Польскага. Гэтым жэстам Людвіка хацела паказаць Аляксандру II, што ад новага імператара мясцовыя дваране чакаюць такога ж ліберальнага стаўлення да «заходніх губерняў» і стварэння шматразова абяцанай аўтаноміі (альбо ўвогуле аднаўлення дзяржаўнасці), пра што заяўлялі расійскія імператары Павел I і Аляксандр І. Карціны былі прывезены Прозарамі са свайго маёнтка Астрагляды Рэчыцкага павета[5]. На балі прысутнічаў са сваёй жонкай і Геранім Антонавіч Кеневіч (1796—1884), уласнік маёнтка Дарашэвічы Мазырскага павета. На бале імператар быў вясёлы, размоўны з дамамі, да якіх звяртаўся выключна па-французску. Даволі доўга імператар размаўляў з Кацярынай Ігнатаўнай з Горватаў Кеневіч (1807—1891), жонкай Гераніма Антонавіча Кеневіча і роднай сястрой Атона Горвата, і пратацаваў з ёй адну фігуру контрданса, захапляўся яе балевым туалетам[6].

Асоба другой жонкіПравіць

Другой жонкай Атона Горвата стала Міхаліна Вайніловіч, дачка пана Адама Антонавіча Вайніловіча (1806—1874), уласніка маёнтка Савічы ў Слуцкім павеце, і Ганны Эдвардаўны Ваньковіч, якая паходзіла са шляхты Мінскага павета. Розніца ва ўзросце паміж мужам і яго маладой жонкай складала 39 год. У адрозненні ад Людвікі, Міхаліна вяла «местачковы» лад жыцця правінцыйнай дваранкі, таму, акрамя звестак аб яе прысутнасці на святах сваякоў, інфармацыі аб яе жыцці захавалася няшмат. Вядома, што яна прымала чынны ўдзел у камерцыйных праектах Горватаў.

У красавіку 1869 Атон Горват звярнуўся да мінскага павятовага спраўніка хадайнічаць перад мінскім губернатарам аб выдачы яму замежнага пашпарту для паездкі па сямейных справах у Аўстрыю, Прусію і Францыю тэрмінам на 6 месяцаў, што ў хуткім часе Горват і атрымаў. У красавіку 1869 аб замежным пашпарце хадайнічалі і іншыя прадстаўнікі роду Горватаў — брат Станіслаў і пляменнік Аляксандр.

Вынікі жыццяПравіць

З'яўляючыся буйным уласнікам, займаючы высокую пасаду губернскага маршалка і звязаўшыся сваяцкімі сувязямі (у тым ліку праз сваіх братоў) з самымі значнымі і ўплывовымі сем'ямі Мінскай губерні ў першай палове ХІХ ст. (Валадковічамі, Ваньковічамі, Оштарпамі, Гечэвічамі, Тышкевічамі і інш.), сваёй дзейнасцю Атон Горват замацаваў за Горватамі статус уплывовай сям'і Мінскай губерні і краіны, што пратрывала да 1917.

Смерць і пахаваннеПравіць

Памёр у прыхільным узросце ў 1894 у Мінску (Мінская губерня), і быў апошнім з пакалення сыноў Ігната Горвата. Сваякі вырашылі пахаваць яго ў Каранях (Рэчыцкі павет Мінскай губерні), дзе былі пахаваны целы яго бацькі Ігната і дзеда Тадэуша. У вёсках і мястэчках Горватаў, па якіх праходзіла пахавальная працэсія, дарога перад павозкай засцілалася дыванамі, а мясцовае насельніцтва атрымлівала ад сваякоў памерлага прылічную порцыю гарэлкі.

МаёнткіПравіць

Пасля смерці бацькі (Ігната Тадэвушавіча Горвата), які за жыццё да родавага маёнтка Ліпаў набыў значныя зямельныя валоданні ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні (Нароўля, Барбароў, Галоўчыцы, Ліцвіновічы і інш.), дзе агульна налічвалася 2 958 рэвізскіх душ у 1826, яго чацвёра сыноў і чацвёра дачок падзялілі спадчыну. Атон Ігнатавіч Горват стаў уласнікам маёнтка Ліпаў (Ліпаў, Еўтушковічы, Карані і інш.) у Рэчыцкім павеце, дзе ў 1841 налічвалася 808 рэвізскіх душ (15 820 дзесяцін зямлі, вінакурня, 2 конныя млыны і 2 карчмы), у 1853 — 924 душы, а ў 1862 — 871 рэвізская душа былых прыгонных і 19 632 дзесяціны зямлі. У 1850 Атон Горват заклаў у Ліпаве вялікі сад і парк. Месца для парка выбраў там, дзе пачыналася рэчка Ведрыч. У тым жа 1850 на тэрыторыі парка Атон Горват пачаў будаўніцтва палаца ў стылі класіцызм (цяпер гэта адміністрацыйны корпус эксперыментальнай базы «Ліпава»). З'яўляўся апантанным аграномам у сваіх маёнтках, выпісваў з-за мяжы лепшыя агранамічныя часопісы.

 
Палац у псеўдагатычным стылі ў маёнтку Прылукі. Малюнак Напалеона Орды, 10 ліпеня 1876

За першай жонкай (Людвікай Львоўнай Оштарп) Атон Горват атрымаў маёнтак Прылукі і Валчковічы ў Мінскім павеце — у 1853 там разам лічылася 427 рэвізскіх душ. Людвіка ў Прылуках пабудавала двухпавярховы палац у стылі псеўдаготыкі, фланкіраваны чатырма гранёнымі вежачкамі з крэмальерамі, з рызалітамі са стрэльчатымі аркадамі і вонкавымі сходамі; з правага боку вежа з галерэяй і стрэлкавымі праёмамі, пастаўленая на высокую тэрасу. Людвіка з Оштарпаў Горват заўзята ператварала палац у Прылуках у адну з найлепшых рамантычных сядзіб Мінскай губерні. У 1868 палац у Прылуках амаль поўнасцю згарэў, але быў адноўлены новым уласнікам — графам Эмерыкам Каралевічам Чапскім (1828—1896), вядомым калекцыянерам і нумізматам, які купіў у 1872 Прылукі разам з палацам у Горвата. Палац захаваўся да нашых дзён.

 
Рака Прыпяць каля Мазыра

Валодаючы паасобку адносна сярэднімі маёнткамі ў Мазырскім і Рэчыцкім паветах, Горваты мелі цесныя і прыязныя сямейныя сувязі, у грамадскіх і гаспадарчых справах заўсёды дзейнічалі супольна, а ва ўмовах бяздзетнасці сваіх прадстаўнікоў запісвалі маёнткі сваякам, што сукупна рабіла іх латыфундыстамі, бо купляемыя Горватамі маёнткі размяшчаліся па-суседстве, кампактна — у Мазырскім і Рэчыцкім паветах — уздоўж ніжняга цячэння Прыпяці (Нароўля, Галоўчыцы, Барбароў, Ломачы, Цешкаў, Жары, Хабна, Ліпаў, Ельск з цэлай плоймай навакольных дробных вёсак), па якой Горваты вялі шырокі гандль на Украіну прадукцыяй сваіх маёнткаў (лес, смала, гарэлка, жывёла, скуры і інш). Да таго ж значнасць маёнтка вызначалася не памерам, а прыбытковасцю. У 1851 за сынамі Ігната Тадэвушавіча Горвата (Атон, Аляксандр, Даніэль і Станіслаў) сукупна налічвалася 4 513 рэвізскія душы ў Рэчыцкім павеце, а ў 1862 — 4 052 рэвізскія душы былых прыгонных сялян і 170 172 дзесяціны зямлі (заселенай і незаселенай) у Рэчыцкім павеце.

Па стану на 1888 у валоданні Атона Горвата знаходзіліся маёнткі Ліпаў, Атолін, Прудзішча, Карані і Еўтушкевічы (Еўтушковічы) — паўночная частка Рэчыцкага павета Мінскай губерні, што разам складала 16 018 дзесяцін зямлі.

Пасля смерці Атона Горвата яго другая жонка здала маёнткі ў арэнду на 12 гадоў пану Гваздзецкаму, а сама пераехала жыць да пляменніка Аляксандра Горвата (1832—1879) у яго маёнтак Хабна ў Кіеўскай губерні. Калі скончыўся тэрмін арэнды, маёнткі бяздзетнага Атона Горвата перайшлі па спадчыне да сына Аляксандра Аляксандравіча Горвата (1832—1879), кіеўскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1860—1866), — Станіслава Аляксандравіча Горвата (1866—1930), дэпутата І Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі ад Кіеўскай губерні, ажэненага з Сафіяй Антоніеўнай Наркевіч-Ёдкай (1867—1944). Станіслаў Горват у Ліпаве не стаў жыць, а даручыў кіраванне маёнткам аканому Дабравольскаму, бо займаўся сваімі справамі ў Хабне, Кіеве і Санкт-Пецярбургу.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Kieniewicz, S. Dereszewicze… С. 28.
  2. Kowalewska, Z. Obrazki mińskie... С. 27.
  3. Карповіч, Т. А. Культурнае жыццё Мінска… С. 46.
  4. Kieniewicz, S. Dereszewicze… С. 82—83.
  5. Wojniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 54—55.
  6. Kieniewicz, S. Dereszewicze… С. 82.

ЛітаратураПравіць

  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław – Warszawa – Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.
  • Boniecki, А. Herbarz polski. T.VII. — W-wa. 1905.
  • Kieniewicz, S. Dereszewicze. 1863 / S. Kieniewicz. — Wroclaw-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Lodź : Ossolineum, 1986. — 192 s.
  • Kowalewska, Z. Obrazki mińskie. 1850–1963 / Z. Kowalewska. – Wilno : Józef Zawadzki, 1912. – 128 s.
  • Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe / А. Rostworowski. — Warszawa : Czytelnik, 2001. — 504 s.
  • Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie / J. Żołtowska. — Londyn, 1959.
  • Wojniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Wojniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.
  • Горват, А. Усадьба Горваттов. Имение Липово / А. Горват // Radzima.org [Электронны рэсурс]. — [3].
  • Карповіч, Т. А. Культурнае жыццё Мінска І-й паловы ХІХ стагоддзя / Т. А. Карповіч. — Мінск : Рыфтур, 2007. — 64 с.
  • Федорук, А. Т. Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук. — Минск : Полифакт, 2000. — 416 с.
  • Список землевладельцев Минской губернии за 1876 год / Изд. Минск. губернск. статист. комитета. — Минск: Тип. губ. правления, 1877. — 187 с.