Дукора

аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці Беларусі

Дуко́ра[2] (трансліт.: Dukora, руск.: Дукора) — аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Дукорскага сельсавета. Насельніцтва 1588 чал. (1993).

Аграгарадок
Дукора
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Вышыня цэнтра
174 м[1]
Водныя аб’екты
Насельніцтва
  • 1 304 чал. (2010)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1713
Паштовыя індэксы
222840
Аўтамабільны код
5
Дукора на карце Беларусі ±
Дукора (Беларусь)
Дукора
Дукора (Мінская вобласць)
Дукора

Назва правіць

Корань Duk- у балцка-літоўскіх антрапонімах тыпу Dukas, з якім звязаныя адыменныя тапонімы Дукойні, Дукелі. У Літоўскай Метрыцы у XV стагоддзі фіксуецца адпісанне ўладання "Дукурну Ятевичу"[3].

Побач з Дукорай — Людвінава (цяпер не існуе, было каля Выжараў), Камейкі, Смілавічы, якія ад балцка-літоўскіх антрапонімаў Liudvinas, Kameikis, Smilys.

Геаграфія правіць

Знаходзіцца за 27 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, на скрыжаванні аўтамабільных дарог Мінск — Бабруйск і Рудзенск — Смілавічы, на рацэ Свіслач. 13 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск на лініі Мінск — Асіповічы.

Гісторыя правіць

Вялікае Княства Літоўскае правіць

У XVI стагоддзі Дукора знаходзілася ў складзе маёнтка Бакшты і належала Кезгайлам, з 1554 года — ва ўладанні іх нашчадкаў паводле жаночай лініі: Завішаў і Шэметаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства. Першы пісьмовы ўспамін пра Дукору як уласнасць непаўналетніх дзяцей Я. Завішы, маці якіх другім шлюбам выйшла за князя А. Вішнявецкага, датуецца 1582 годам. Тады ж згадваецца тутэйшы сельскі старац Еська Юр’евіч. Паводле юрыдычных актаў 1592 года сяло. Пад 1592 і 1595 гадамі ў якасці ўладальнікаў паселішча значацца Ян і Вацлаў Шэметы, старца — С. Мазоўка.

З 1606 года Дукора знаходзілася ў супольным валоданні ўдоў А. Завішы і В. Шэмета, старац — Ц. Мазоўчыч. У 1615 годзе сяло аддалі ў заклад К. Слушку, у гэты час тут былі 84 двары сялян-кунічнікаў. Пазней уласнікамі маёнтка сталі Агінскія. Апошнім уладальнікам Дукоры і ўсяго Бакштанскага графства з роду Агінскіх быў гетман Міхал Казімір.

У 1708 годзе ў час Паўночнай вайны шведскія войскі караля Карла XII знаходзіліся ў Дукоры.

У 1791 годзе мястэчка перашло да Оштарпаў.

Пад уладай Расійскай імперыі правіць

 
Партрэт Лявона Оштарпа

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Дукора апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. З канца 1790-х гадоў мясцовасць перайшла да Францішка Оштарпа — сына аселага на Літве шведскага жаўнера арміі Карла XII. У 1800 годзе Дукора складалася з сядзібы, невялікага мястэчка, сяла; мела ўніяцкую Узвіжанскую царкву, яўрэйскую школу, будаваўся мураваны касцёл; рэгулярна праводзіліся 4 кірмашы. У першай палове XIX стагоддзя сын Францішка Леў Оштарп (1786—1851) пабудаваў мураваны палац, завёў у маёнтку цырк з замежнымі акцёрамі, аркестр, бібліятэку.

У 1845 годзе пабудавана царква ў імя святых Пятра і Паўла.

З 1861 года цэнтр воласці.

Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1864 годзе расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату.

У 1863 годзе адкрыта мужчынскае, у 1865 годзе жаночае народнае вучылішча.

У 1874 годзе маёнтак перайшоў да галандца Канстанціна Гарцінга (памёр у 1891), сям’я якога ўсталявалася на Міншчыне ў пачатку XIX стагоддзя. У 1876 годзе ў Дукоры існаваў вадзяны млын і 3 карчмы. У 1881 годзе мястэчка злілося з сялом; у гэты час тут было 2 царквы, шпіталь.

У 1886 годзе ў народных вучылішчах займаліся 80 хлопчыкаў і 35 дзяўчынак. Настаўнікамі працавалі Леанід і Надзея Астапені.

У 1897 годзе дзейнічала валасное праўленне, 2 народных вучылішчы, царкоўнапрыхадская школа, пітны дом, 2 праваслаўныя царквы, 2 хлебазапасныя магазіны, 14 дробных лавак, капліца, сінагога, вадзяны млын.

На 1900 год у 2 вучылішчах налічваўся 131 вучань, у тым ліку 52 дзяўчынкі.

У 1901 годзе дзейнічаў сыраварны завод.

У мястэчку заўсёды бытавалі промыслы і рамёства: ткацкія, бандарныя, кавальскія, ганчарныя, шорныя, гарбарныя, кравецкія, шавецкія, пчалярскія, збор ягад, грыбоў, лекавых траў, лоўля рыбы і ракаў у Свіслачы. У жыцці насельніцтва важнае месца займалі земляробства і жывёлагалоўля, агародніцтва, дробны гандаль. Па нядзелях, святочных днях адбываліся таржкі і базары. Прадметамі гандлю былі: бандарныя вырабы (бочкі, вёдры, цэбры, бойкі і іншыя), дугі, збруя, мёд, воўна, сукно, аўчына, жывёла, дары прыроды і іншае. Частка вырабаў вывозілася для продыжу на фурманках па паштовым тракце ў Мінск.

Падчас рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Дукорскай воласці адбываліся масавыя хваляванні.

Найноўшы час правіць

 
У цэнтры вёскі

У канцы лютага 1918 года Дукора акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў мястэчка знаходзілася пад польскай уладай, Дукора была цэнтрам гміны. Дзейнічаў партызанскі атрад пад кіраўніцтвам А. А. Блажко і М. І. Рудовіча.

З 31 ліпеня 1920 года Дукора ўвайшла ў склад БССР, дзе 20 жніўня 1924 года зрабілася цэнтрам сельсавета. У 1926 годзе дзейнічала сямігадовая школа з сельскагаспадарчым ухілам, у якой працавала 11 настаўнікаў. У школе вучыліся не толькі дзеці з Дукоры, але і з навакольных вёсак. У 1926 годзе У. Лабанок скончыў школу. Пры Дукорскай школе былі створаны: бібліятэка, якая налічвала 1000 кніг (1926), пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. Працаваў клуб, чытальня. У 1920-х гадах асаблівай папулярнасцю сярод насельніцтва карыстаўся Дукорскі драматычны гурток, удзельнікам яго з’яўляліся будучы пісьменік В. Гарбацэвіч і актрыса Т. Бандарчык.

У пачатку 1930-х гадоў арганізаваны саўгас «Дукора», працавала цыркулярка, майстэрня па рамонту сельскагаспадарчых машын, кузня, валяльная майстэрня. У 1938 годзе статус паселішча панізілі з мястэчка ў вёску.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 4 ліпеня 1944 года акупаваная нацысцкай Германіяй.

28 верасня 1967 года да Дукоры былі далучаны в. Дукоркі і в. Харэвічы. Харэвічы цяпер вуліца Блажко. У лютым 1974 года ў Дукоры адкрыты раённы краязнаўчы музей (у 1993 годзе пераведзены ў в. Блонь).

У 2000-я гады паселішча атрымала афіцыйны статус аграгарадка.

Насельніцтва правіць

Дэмаграфічныя дадзеныя правіць

XIX стагоддзе:

  • 1861 год — 225 чал. у мястэчку Дукора і 133 чал. у сяле Дукора;
  • 1881 год — 842 чал.
  • 1886 год — 41 двор, 537 жыхароў.
  • 1897 год — 189 двароў, 1079 жыхароў.

XX стагоддзе:

  • 1901 год — 102 чал. у маёнтку Дукора і 1444 чал. у мястэчку Дукора;
  • 1970 год — 797 двароў, 2258 чал.;
  • 1993 год — 652 двароў, 1588 чал.[4]
  • 1997 год — 1429 чал.[5];
  • 1999 год — 1331 чал.

XXI стагоддзе:

  • 1 студзеня 2002 года — 571 двор, 1307 жыхароў.
  • 2010 год — 1304 чал.

Яўрэі правіць

Па не вельмі дакладных дадзеных яўрэі пасяліліся ў 1850-х гадах, да гэтага было шмат татар. Яўрэі займаліся гандлем і рамяством. Была цырульня, шаўцы, кавалі, краўцы. Была сінагога. Яўрэйская школа адкрылася пад канец XIX стагоддзя. Перад вайной была пачатковая яўрэйская школа, а з пятага класа — агульная. Падчас вайны, калі прыйшлі немцы, у першыя ж дні ўсіх яўрэяў сагналі разам, абгарадзілі плотам хаты. На расстрэл прыехалі чатыры грузавыя машыны з салдатамі, сярод якіх быў літоўскі атрад з Мінска. Колькі ўсяго загінула дакладна невядома. Прыкладна 400 чалавек. Спісы ніхто не складаў. На месцы расстрэлу ў 1956 годзе ўсталяваны помнік[6][7].

Рэлігія правіць

  • Царква Святога Ільі (у 1800 годзе ўніяцкая, з 1831 года касцёл, з 1864 года праваслаўная).
  • Капліца ў гонар Перамянення Пана[8].

Эканоміка правіць

  • Пошта.
  • Механічная майстэрні.
  • Аддзяленне сувязі.
  • Аўтаматычная тэлефонная станцыя.
  • Сталовая.
  • Ашчадная каса.
  • Некалькі крам.
  • Дом быта.

Турыстычная інфармацыя правіць

У Дукоре знаходзіцца Музейны комплекс Дукорскі маёнтак.

Сацыяльная сфера правіць

Адукацыя правіць

Медыцына правіць

  • Медыцынскія паслугі надае вясковая Амбулаторыя. Бальніца была збудавана ў 1988 годзе. Колькасць абслугоўваных пацыентаў складае — 100 чалавек у змену.[9]

Сімвалы правіць

 
Герб Дукоры

У якасці неафіцыйнага геральдычнага знака Дукоры выкарыстоўваецца частка герба Кезгайлаў «Задора», якім карысталіся колішнія ўладальнікі мястэчка Кезгайлы.

Апісанне: у блакітным полі іспанскай тарчы сярэбраная галава льва, з пашчы якога шугае полымя[10].

Аўтар ідэі: Паўлюк Шапецька. Дата стварэння: 18 кастрычнiка 2012 года[11].

Культура і грамадства правіць

  • Дом культуры.
  • Бібліятэка.

Славутасці правіць

Страчаная спадчына правіць

  • Капліца (1897 г. — ?)
  • Царква ў імя святых Пятра і Паўла (1845 г. — ?).
  • Палац Оштарпаў (XVIII ст.) Узарваны савецкімі партызанамі пад час Другой сусветнай вайны. Ваеннай патрэбы знішчэння палаца не было (каля 10 ахоўнікаў-паліцаяў адразу разбегліся пасля нападу партызан i супраціву не аказалі).
  • Сінагога (XIX ст.)
  • Царква Узвышэння Святога Крыжа (XVIII ст.; грэка-каталіцкая)

Галерэя правіць

Вядомыя асобы правіць

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  3. Lietuvos Metrika. Kn. 3 (1440—1498). Vilnius, 1998. С. 22.
  4. Вячаслаў Насевіч. Дукора // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 313.
  5. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. С. 256.
  6. http://shtetle.com/shtetls_minsk/dukora/dukora.html
  7. https://by-mohilki.livejournal.com/46313.html
  8. https://krynica.info/be/2018/10/01/arcybiskup-kandrusevich-asvyaciu-kascjol-u-rudzensku-i-kaplicu-u-dukory/(недаступная спасылка)
  9. http://mgorka-crb.by/o-bolnice/
  10. Гербы. puchavickirajon.info/
  11. https://puchavickirajon.info/%D0%B3%D0%B5%D1%80%D0%B1%D1%8B/
  12. http://www.gorka.by/wp-content/uploads/2013/04/P4190044.jpg(недаступная спасылка)
  13. буцэвiч Ванда Антонаўна

Літаратура правіць

Спасылкі правіць